Вадзiцелям — цiшэй, пешаходам — ярчэй. ДАІ нагадвае пра флiкеры i асцярожнасць
Вадзiцелям — цiшэй, пешаходам — ярчэй. ДАІ нагадвае пра флiкеры i асцярожнасць
Бяспечная дарога
Шэрыя восеньскiя днi, дажджы i туманы, раннiя прыцемкi, кароткi светлавы дзень, замаразкi... Гэта не метэаралагiчная зводка, а папярэджанне Дзяржаўтаiнспекцыi. Надышоў час для вадзiцеляў быць максiмальна асцярожнымi на слiзкiм дарожным пакрыццi, а для пешаходаў — абавязкова абазначыць сябе ў цемры флiкерамi. Пра гэта нагадвае чытачам "Звязды" начальнiк УДАI УУС Магiлёўскага аблвыканкама Вiктар Волкаў. — Вiктар Васiльевiч, а вы пераканалi сваякоў насiць флiкеры? — Жонка носiць прывязанае да сумкi святлоадбiвальнае сардэчка. I не трэба было пераконваць. Аднойчы, гады тры таму, я выехаў на дарожна-транспартнае здарэнне ў Бялынiцкi раён, i падчас разбору i афармлення мяне ледзь не збiлi на дарозе. Таму я хутка дастаў з кiшэнi флiкеры i апрануў павязкi адразу на дзве рукi. Гэты выпадак навучыў на ўсё жыццё. А на жаль, здаралася, што i збiвалi iнспектараў ДАI ў падобных сiтуацыях. У Кiраўскiм раёне былi параненыя 4 работнiкi мiлiцыi: яны разбiралiся з ДТЗ i iх размятаў па дарозе аўтамабiль. Таму святлоадбiвальныя элементы цяпер ёсць у кожнага нашага супрацоўнiка, i мы актыўна ў гэтым кiрунку працуем з насельнiцтвам. — А ў гэтай кампанii ўсеагульнай флiкерызацыi ёсць вынiкi? — Амаль на 40 працэнтаў зменшылася колькасць наездаў на пешаходаў. Праўда, я адразу хачу сказаць: флiкер не з’яўляецца абсалютным гарантам таго, што вы не трапiце ў аварыю. Аднак трэба зрабiць усё, што залежыць ад вас, каб абазначыць сябе на дарозе i адвесцi небяспеку. На жаль, ёсць такiя прыклады, калi не дапамагалi нi флiкер, нi нават спецыяльная камiзэлька для веласiпедыста. Напрыклад, 18 верасня на ўскраiне Магiлёва аўтамабiль збiў 40-гадовую веласiпедыстку. Жанчына была абазначаная належным чынам, але загiнула. Вадзiель з месца здарэння збег: ён быў пазбаўлены вадзiцелськiх правоў, але ўзяў машыну сябра i сеў за руль. — Аднак выпадкаў, калi загiнулi пешаходы, не абазначаныя на дарозе, значна болей. — Можа гэта i груба, але падобныя прыклады — лепшая прафiлактыка. Напрыклад, у Круглянскiм раёне чалавека збiў аўтамабiль, ён загiнуў. Калi сталi разбiрацца, то ў яго хаце знайшлi на цвiку тры флiкеры. Калi хоць бы адзiн быў на iм, то трагедыi, можа, i не здарылася б. Затое цяпер уся вёска, дзе жыў той чалавек, ведае, што флiкеры — жыццёва неабходная рэч. Ну чаму нашы людзi заўсёды думаюць мяркуюць, што непрыемнасць здарыцца з кiм заўгодна, але толькi не з iмi? — Можа, чалавеку проста хочацца верыць у лепшае. — Разумны чалавек павiнен перш за ўсё паклапацiцца пра сваю бяспеку, хвалявацца за дзяцей i бацькоў. Зрабiць усё, каб абаранiць жыццё i здароўе. I мне крыўдна, што многiя вадзiцелi ставяць сваё аўто на стаянку i iдуць у цёмны час без анiякiх флiкераў. Не паважаюць сваiх калег... — ...Хоць, можа, яшчэ дзясятак хвiлiн таму лаялiся на пешаходаў, якiх не бачна ў цемры. — Трэба як можна больш казаць пра флiкеры i пераконваць людзей. Нашы супрацоўнiкi перш за ўсё iдуць па вёсках i ў працоўныя калектывы. Мы агiтуем каля сельскiх магазiнаў. Таму што 80 працэнтаў ахвяраў наездаў — гэта людзi, якiя злоўжываюць спiртнымi напоямi i не носяць флiкеры. Вось свежы прыклад: 21 верасня ў Чэрыкаўскiм раёне па цэнтры дарогi iшоў чалавек. Флiкера не было, затое ў заплечнiку ляжала пустая бутэлька з-пад таннага вiна. Мужчыну збiлi i ён памёр. Прычым вадзiцель з месца здарэння з’ехаў, схаваўся i нават iмiтаваў крадзеж аўтамабiля. Вадзiцеля затрымалi, але асоба ахвяры наезду яшчэ не ўстаноўлена: верагодна, што гэты чалавек не меў пэўнага месца жыхарства. — Любы вадзiцель са свайго вопыту скажа, што пешаходы на неасветленых вулiцах бачацца проста цёмнымi рухомымi ценямi. — У нас у Магiлёве амаль усе вулiцы асветленыя, ёсць тратуары i пешаходныя дарожкi. Аднак ёсць i ўскраiны, дзе гэтага зусiм няма — Дачны, Грабянёва... I там збiваюць людзей. Так што i гараджанам будзе зусiм не лiшнiм насiць флiкер. Ну што за цяжкасць? Вобразу вытанчанай жанчыны не пашкодзiць бiрулька на сумцы, мужчыну пасуюць павязкi на руках. А дзецi абавязкова павiнны свяцiцца ў цемры. — За парушэнне гэтых правiлаў iнспектары ДАI настроены строга штрафаваць? — Сёлета мы ўжо наклалi спагнанне на амаль 9 тысяч чалавек. Ведаеце, мы ў вёсках рабiлi падворныя абходы. I ў нашых спiсах ёсць такiя людзi, якiм па некалькi разоў давалi бясплатныя флiкеры, неаднойчы гутарылi, а яны зноў ходзяць па абочынах неабазначанымi ў цемры. Тады будзе штраф да паловы базавай велiчынi. Калi аштрафуюць некалькi разоў на месяц — вельмi адчувальна, асаблiва для вяскоўца. — Адчувальна для ўсiх. Лепей на гэтыя грошы набыць карысныя рэчы. Таму прасцей апрануць флiкер. — Тым больш, што ў вераснi на дарогах Магiлёўскай вобласцi рэзка абвастрылася абстаноўка. За няпоўны месяц адбылiся 73 дарожна-транспартныя здарэннi, у якiх 75 чалавек атрымалi раненнi i 23 загiнулi. Для параўнання: летась за такi ж перыяд загiнулi толькi 6 чалавек. — А з чым вы гэта звязваеце? — Вадзiцелi носяцца, перавышаюць хуткасць. Пешаходы за летнi сезон забылiся на флiкеры. Цямнее раней, i калi яшчэ пайшоў дождж, слiзка i дрэнная бачнасць — чакай аварый, у якiх пацерпяць людзi. Мы сёння размаўляем пра флiкеры, але i вадзiцелi павiнны стрымаць хуткасць. 20 верасня ў Асiповiцкiм раёне паблiзу вёскi Ясень адбылося здарэнне са смяротным вынiкам: 46-гадовы жыхар Асiповiчаў парушыў правiлы абгону, не справiўся з кiраваннем, з’ехаў у кювет i збiў 54-гадовую жыхарку Бабруйска, якая на абочыне шашы збiрала грыбы. А калi б ехаў цiшэй, не абганяў бяздумна — можа, i жанчына была б жывая. — Якiя вашы пажаданнi ўдзельнiкам дарожнага руху? — Усiм — i вадзiцелям, i пешаходам: будзьце ўважлiвыя на дарогах. Не за гарамi зiма, вадзiцелям варта падумаць аб замене колаў. Ды i цяпер ужо па начах з’яўляецца галалёд. Пешаходам раю ўлiчваць таксама стан дарожнага пакрыцця i памятаць, што аўтамабiль на галалёдзе спынiцца iмгненна проста не можа: перш чым пераходзiць дарогу, трэба ўпэўнiцца, што цябе прапускаюць. Патрэбна ўзаемная культура паводзiнаў — вадзiцеляў i пешаходаў. Гутарыла Iлона Iванова.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Шэрыя восеньскiя днi, дажджы i туманы, раннiя прыцемкi, кароткi светлавы дзень, замаразкi... Гэта не метэаралагiчная зводка, а папярэджанне Дзяржаўтаi
|
|