Стэрэатыпы за рулём
Стэрэатыпы за рулём
Упершыню за руль пасадзiў мяне тата. Мне было сем гадоў, вароты ў гараж былi шырокiя, а твар мацi — зусiм белым ад жаху. Росту мне хапала толькi на тое, каб разглядаць незлiчоную колькасць лiчбаў i стрэлачак на панэлi за рулём. Да педаляў i дарогi мне было далёка. Сёння я сур’ёзна задумваюся над тым, каб атрымаць вадзiцельскiя правы. Як лепш гэта зрабiць? З гэтым пытаннем я прыйшла да Валерыя Дзермана, намеснiка дырэктара па навучальна-выхаваўчай працы Цэнтральнага аўтамабiльнага навучальнага камбiната (ЦАНК). ЦАНК — адна з буйнейшых аўташкол Мiнска, кожны выпуск якой складае каля 1,5 тысячы вадзiцеляў. А Валерый Мiхайлавiч — вадзiцель з больш чым 20-гадовым стажам. — Жанчынам больш складана зразумець механiзм работы машыны, больш складана запомнiць усе неабходныя знакi i правiлы, бо па сваёй спецыфiцы жанчыны менш звязаныя з тэхнiкай. Таму, часцей за ўсё, жанчыне на разуменне i завучванне патрэбна больш часу. Аднак, па словах выкладчыка, у гэтым ёсць i свае "плюсы". Хлопцы i мужчыны, прыходзячы вучыцца, ужо лiчаць сябе вадзiцелямi, бо больш разбiраюцца ў аўтамабiлях, можа, нават за рулём сядзелi. Таму яны не такiя ўважлiвыя, часта адмахваюцца ад некаторых "дробязяў". А дзяўчаты, з-за сваёй няўпэўненасцi i, бывае, страху, на занятках больш уважлiвыя, ставяцца да вывучэння Правiлаў дарожнага руху больш адказна. — У жанчын адчуванне небяспекi абвострана, яны ўвесь час адчуваюць адказнасць за кожны рух. Таму так важна выпрацаваць першасныя маторныя навыкi, каб падчас руху не задумвацца, куды нацiснуць, што павярнуць i ў якiм парадку гэта зрабiць. Атрымлiваецца, што жанчыны за рулём паводзяць сябе больш свядома, менш парушаюць. І ў пытаннях тэхнiкi бяспекi, напрыклад, рамянёў бяспекi, жанчыны больш дысцыплiнаваныя. Аднак у крытычнай сiтуацыi мужчына зрэагуе першым. Гэта не толькi заслуга аўташколы — гэта i вадзiцельскi вопыт, i асаблiвасцi псiхалогii. Аўташкола дае толькi тэарэтычныя веды i самыя першыя навыкi кiравання. I тут жанчына можа "перамагчы" ўважлiвасцю, адказнасцю. Але часцей за ўсё ў сям’i, калi аўтамабiль адзiн, за руль жанчыну пускаюць нячаста. Таму i атрымлiваецца, што вопыту набрацца яна не можа. Мужчыны абвiнавачваюць асобаў жаночага полу ў несупынных размовах за рулём — а насамрэч часцей за ўсё гэта спроба схаваць хваляванне. Спробы ўпрыгожыць машыну тлумачацца як какецтва, а ў рэальнасцi — гэта прыроднае iмкненне стварыць утульнасць. Наогул, колькi гадоў таму жанчына за рулём лiчылася дрэнным прыкладам для iншых, нечым небяспечным i жахлiвым, якой бы прыгожай i самастойнай яна нi была. Сёння на дарогах вадзiцеляў мужчынскага полу наўрад цi больш. Як жартуюць мужчыны, жанчыны акупавалi не толькi штаны, але i машыны. Псiхолаг Любоў Мiцкевiч, дырэктар агенцтва "НЛС", ужо больш за 9 гадоў — вадзiцель. — Жанчыны не такiя ўпэўненыя, калi толькi пачынаюць кiраваць аўтамабiлем. Хлопцаў таты часта саджаюць за руль з малых гадоў. Таму яны лiчаць, што кiруюць ужо вельмi добра. Апынуўшыся на дарозе, пачынаюць лiхачыць. Асаблiва гэта датычыцца моладзi (18—20 гадоў). За рулём у мужчыны на першы план выходзiць пачуцце лiдара. Жанчына — дэманструе сваю самадастатковасць i самастойнасць. Акрамя таго, у мужчын кiраванне аўтамабiлем, асаблiва калi аўтамабiль дарагi, звязана з флiртам. Зняважлiвыя адносiны вадзiцеляў-мужчын упэўненасцi не дадаюць. Калi ў сям’i адзiн аўтамабiль, а кiраваць могуць i муж i жонка, апошняя за рулём апынацца будзе нячаста. Па словах Любовi Мiкалаеўны, стэрэатыпы, якiя iснуюць сёння, нi на чым не заснаваныя. — Тое, што жанчына размаўляе за рулём, нельга назваць "мiнусам", — прыводзiць прыклад псiхолаг. — Уявiце, салон аўтамабiля — i ўсе сядзяць моўчкi. Гэта ненармальна. Тым больш, калi ў салоне ёсць дзецi. Па словах псiхолага, жанчына выконвае больш сацыяльных роляў, чым мужчына. I таму даволi часта неабходна iх сумяшчаць. Мацi за рулём нiколi не пакiне сына цi дачку без рэменя бяспекi. I ехаць будзе мякка, спакойна. Ролю жонкi за рулём выконваць цяжэй: як правiла, муж пачынае даваць парады, злавацца. Тым больш цяжка быць гаспадыняй: машына — мужчынская тэрыторыя. Акрамя псiхалогii, ёсць яшчэ i фiзiялогiя. I тут таксама ёсць асаблiвасцi. Як правiла, праблемы ўзнiкаюць з адчуваннем прасторы. Жанчына не заўсёды можа ацанiць памер i адлегласць. Асаблiва калi гэтая жанчына невялiкага росту ў вялiзным аўтамабiлi. Таму важна выбiраць жалезнага каня не толькi з-за знешняга выгляду цi моды, але i з улiкам камфортнасцi для тых, хто iм будзе кiраваць. Дарэчы, калi казаць пра камфорт, трэба ўспомнiць пра абцасы. Абцасы перашкаджаюць адчуваць педаль, ногi стамляюцца хутчэй... Але i тут ёсць варыянты. — Жанчыны, якiя не ўяўляюць жыцця без абцасаў, маюць у машыне зменны абутак, — каментуе Любоў Мiцкевiч. — Акрамя таго, вытворцы сёння iдуць нам насустрач: ужо ёсць мадэлi машын, якiя маюць спецыяльныя прыстасаваннi для кiравання на абцасах. Атрымлiваецца, каб стаць добрым вадзiцелем, не трэба быць мужчынам, можна не змяняць звычкам i насiць абцасы! Але самае галоўнае — не баяцца i быць упэўненай у сваiх здольнасцях. Настасся КАРАЦЕЕВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Упершыню за руль пасадзiў мяне тата. Мне было сем гадоў, вароты ў гараж былi шырокiя, а твар мацi — зусiм белым ад жаху. Росту мне хапала толькi на то
|
|