МАКСІМалiст Панiматчанка
МАКСІМалiст Панiматчанка
"Ён так смачна расказвае, што слiнкi набягаюць", — пачула аднойчы ад знаёмай, заўзятай аматаркi глядзець тэлевiзар... Гледзячы на падцягнутага, стройнага, рухавага Максiма Панiматчанку, неяк не ўяўляеш яго ў кулiнарнай праграме. Тым не менш ужо без малога год Максiм, мiж iншым, тэатральны акцёр i рэжысёр па адукацыi, прадстаўляе ў ранiшнiм эфiры АНТ рубрыку "Смаката". I мяркуючы па водгуках гледачоў — нават не такiх эмацыянальных, як мая сяброўка, — робiць гэта цiкава i ўмела. Смак да працы — Максiм, прызнавайцеся — як вы трапiлi ў тэлевiзар i дайшлi да такога жыцця? — уладкаваўшыся ў адной з грымёрак Тэатра беларускай драматургii, мы пачалi са "смачнай тэмы". — уладкаваўшыся ў адной з грымёрак Тэатра беларускай драматургii, мы пачалi са "смачнай тэмы".— Я не з’яўляюся аўтарам гэтай рубрыкi, проста пачуў аднойчы, што праводзiцца кастынг, i вырашыў паспрабаваць. Бо мне заўжды дастаўляла задавальненне гатаваць, яшчэ ў самым дзяцiнстве, калi выдумваў стравы з нейкiх простых рэчаў. Я ўвогуле вельмi рана ўзяў у рукi кулiнарную кнiгу. I ў школе, памятаю, калi мы з сябрам прагульвалi ўрокi, спрабавалi, напрыклад, спячы сабе нейкае печыва... Так што гатаваць я i насамрэч люблю. — А цi ёсць нейкая любiмая, каронная страва? Бо ў рубрыцы ўсё неяк несур’ёзна: ягадкi, арэшкi; толькi нядаўна звярнулiся да "сапраўднай мужчынскай ежы" — мяса. — Мы дайшлi да стэйку, нарэшце, чаму я вельмi рады, тым больш гэты выпуск мы здымалi ў адным з маiх любiмых рэстаранаў з добрай кухняй. Але i да iншых прадуктаў не варта ставiцца так паблажлiва — часам, праходзячы па рынку, мы нават i не задумваемся, якую карысць могуць прынесцi ўсе гэтыя "арэшкi-ягадкi". Мне самому вельмi цiкава адкрываць для сябе некаторыя рэчы, i хатнi рацыён, дарэчы, дзякуючы гэтай рубрыцы таксама мяняецца, робiцца больш разнастайным. Што да любiмай стравы... (на хвiлiнку задумваецца). Я люблю печань з вiнаградам. Калi печань ужо амаль гатовая, трэба не паленавацца ўзяць кiшмiш — менавiта яго, бо ён без костачак, — разрэзаць на палавiнкi i закiнуць на патэльню. А ўжо зверху можна дадаць сыр, або каму што больш падабаецца. Галоўнае, што вiнаград надае асаблiвую салодкасць. На гэтым моманце, прызнаюся, i я, хоць не была галоднай, адчула ў жываце падазронае бурчанне, таму скiравала ўвагу суразмоўцы ад разважанняў гурмана да больш празаiчнай тэмы: — Супрацоўнiцтва з тэлебачаннем пачалося не так даўно... — Так, рубрыка "Смаката" ўпершыню выйшла 14 студзеня гэтага года. — Надалей гэта ваша сяброўства працягнецца? Ходзяць чуткi, што вы ў навагоднiм мюзiкле АНТ "Батлейка" здымаецеся... — З АНТ я заўжды супрацоўнiчаў, гэта мой любiмы канал. Мне вельмi падабалася здымацца яшчэ ў рэкламных ролiках, якiя рабiў Сяргей Талыбаў — памятаеце, такiя стылiзаваныя пад чорна-белае ТБ, "як усё пачыналася", а потым "нам — 5 гадоў". Наконт далейшага супрацоўнiцтва — канкрэтных размоў пакуль няма, буду чакаць прапаноў. А пра мюзiкл — так, у адной з 10 баек (прыдуманых прадзюсарам АНТ Ягорам Хрусталёвым. — Аўт.) я буду прадстаўлены ў нечаканым, нават для сябе самога, амплуа. Ад вялiкага да смешнага. I наадварот Акцёрскую кар’еру Максiм Панiматчанка пачынаў у камiчным амплуа, гэткiм "забаўным хлапчуком". Гэта было першае, што прагучала ў яго выкананнi на тэатральных падмостках, яшчэ ў бытнасць студэнтам, калi Валерый Данiлавiч Анiсенка (мастацкi кiраўнiк тэатра i кiраўнiк курса ва Унiверсiтэце культуры) прыцягваў сваiх вучняў да ўдзелу ў "капуснiках". На пытанне, як жа яго мiнула чаша "Камедзi Клаб" ды iншых гумарыстычных праектаў, Максiм абяззбройвае ўсмешкай: "А я з iмi сябрую. Не працую, бо не бачу сябе там, але ў нерабочых пытаннях мы вельмi добра кантактуем". Дарэчы, быў перыяд, калi нашага беларускага акцёра многiя блыталi з маскоўскiм "гламурным падонкам" Пашам Волям. Летась на здымках "Паўлiнкi" адна дзяўчына доўга парывалася сфатаграфавацца разам, i вельмi здзiвiлася, калi Максiм сказаў: "Добра, толькi я не Паша"... У Максiма i цяпер ёсць забаўныя ролi i казачныя персанажы, але рэжысёры разгледзелi, а тэатралы ацанiлi ў iм i iншы патэнцыял — драматычны, якi праявiўся ў пастаноўках "Макбет" i "Кароль Лiр", "Чарнобыльская малiтва" i "Адвечная песня" i iншых. Цiкава, колькi яшчэ сюрпрызаў, як у скарбонцы з двайным дном, хаваецца ў гэтым акцёры? — Спектакль "Сталiца Эраўнд" з вашым удзелам пачынаецца... з моцнага слоўца. Па-за сцэнай, у жыццi вы можаце даць падобным чынам выхад эмоцыям? — Эмоцыi, натуральна, праяўляюцца, але я не хацеў бы iмi нiкога крыўдзiць i задзяваць. Трэба ж паважаць навакольных людзей. Я лiчу эмацыянальны рад — вельмi асабiстым, што не варта выносiць на публiку. Можна палаяцца хiба на самога сябе, калi нешта на кухнi "падпалiў". А калi на iншых — гэта прыкмета ўласнай слабасцi. Давайце лепш радавацца адзiн аднаму, паважаць i любiць. Што датычыцца спектакля — не проста так нарадзiлася першае моцнае слова, бо на працягу спектакля мой герой праходзiць складаны шлях ад гэтага "б**" да разумення, пераасэнсавання жыцця i сябе самога. — Вы не толькi запатрабаваны акцёр, але i рэжысёр. У якой iпастасi больш камфортна? — Апошнiм часам мне вельмi цiкавая рэжысура, прычым не толькi тэатральная, рознабаковая. З задавальненнем назiраю за работай у музычных клiпах, нават з тым невялiкiм вопытам, што ў мяне ёсць, хацелася б сябе паспрабаваць. Але ў першую чаргу, я лiчу, рэжысёр — гэта вопыт, у тым лiку жыццёвы, якi прыходзiць з узростам, калi ў чалавека атрымлiваецца больш дакладна i правiльна выявiць сябе. Адчуваю, што я такi вопыт, багаж паступова назапашваю, i гэта выльецца ў паўнацэнную работу. Некалькi гадоў, напрыклад, я выкладаў у тэатральнай школе сцэнiчны рух, i вельмi прыемна, што набыў педагагiчны вопыт практычнай працы з дзецьмi. Праца з дзецьмi — гэта ўвогуле асобны вiд мастацтва... У мяне ёсць самая любiмая казачная роля ў пастаноўцы "Айбалiт, Бармалей, пра жывёл i Брадвей" — вобраз галоднай мышы, якая пастаянна нешта грызе. Дагэтуль лiчу, што гэта адна з лепшых дзiцячых пастановак, можа i ва ўсёй рэспублiцы — дзякуй Сяргею Мiхайлавiчу Кавальчыку за яго iдэi i за вельмi добры музычны густ. — Калi ўзгадалi пра вясёлую казачную ролю — цi ёсць любiмыя сярод драматычных? — Так, у спектаклi "Кароль Лiр" — Эдмунд. Гэта была адна з вельмi сур’ёзных работ з добрым рэжысёрам. На жаль, па тэхнiчных прычынах спектакль зараз не iдзе, але ў будучым, магчыма, мы яго яшчэ сыграем. — У кiнаработах вам прыемна прыгадаць... — Вялiкiх работ у кiно пакуль што ў мяне няма, але ёсць пара роляў, якiя пакiнулi прыемныя ўражаннi. У "Выклiку", здаецца, чацвёртая частка серыяла здымалася нядаўна, было вельмi цiкава — на здымках давялося займацца крымiналiстычнай дзейнасцю, паглядзець, што знаходзiцца ў сапраўдных чамаданчыках экспертаў-крымiналiстаў... Таксама запомнiлася работа ў тэлесерыяле "Вольф Месiнг", сцэнарый да якога напiсаў вядомы драматург Эдуард Валадарскi, а рэжысёрам выступiў славуты Уладзiмiр Краснапольскi ("Ценi знiкаюць апоўднi"). Там адчувалася старая добрая школа — акцёрская, аператарская, рэжысёрская. — А роля-мара? — Яна ў мяне засталася са студэнцкiх часоў — Сiрано дэ Бержэрак. Вельмi падабаўся яго падыход да жыцця. Таксама падабаецца антычная драматургiя, звязаная з Рымам — вельмi прыемна было ўдзельнiчаць у спектаклi "Понцiй Пiлат". Гэта распаўсюджваецца i на фiльмы, асаблiва калi яны заснаваныя на рэальных падзеях — паказчык, што фiльм варта паглядзець. Швец, жнец... i далей па тэксце Выбарам прафесii ў свой час Максiм здзiвiў усiх блiзкiх: у адзiнаццатым — заўважым, эканамiчным — класе раптам, у сярэдзiне першай чвэрцi, сабраўся i перайшоў у 136-ю сталiчную школу, дзе былi класы з тэатральным накiрункам. Першага свайго педагога па сцэнiчным руху дагэтуль узгадвае з цеплынёй i падтрымлiвае сяброўскiя стасункi. А пра тое, што не стаў эканамiстам, мяркуючы па ўсiм не шкадуе. — Калi б не тэатр... То ўсё-ткi харэаграфiя? (Мацi Максiма — харэограф, брат — у мiнулым прафесiйны артыст балета, дый у самога акцёра вельмi добрая загартоўка розных танцавальных студый. — Аўт.) (Мацi Максiма — харэограф, брат — у мiнулым прафесiйны артыст балета, дый у самога акцёра вельмi добрая загартоўка розных танцавальных студый. — Аўт.)— Цалкам магчыма. Хоць, можа, не харэаграфiя ў чыстым выглядзе, бо прыйшоў такi жыццёвы этап, калi я зразумеў, што гэтага мне мала. Можна было б застацца i займацца толькi гэтым, але хочацца знайсцi як мага больш спосабаў мастацкага выяўлення сваiх думак, пачуццяў, перажыванняў. Ён увогуле быў, як кажуць, рознабаковым хлопчыкам — гуляў у вялiкi тэнiс, танцаваў, добра вучыўся. Праўда, алгебру i фiзiку не любiў — на практычных занятках замест рашэння задачак усё нешта маляваў, маляваў... Апошнiм не кiнуў займацца i цяпер. — Жывапiсныя здольнасцi дапамагаюць у працы? — Натуральна. Напрыклад, грым сабе я заўжды накладваю сам (Смяецца.) Пры стварэннi касцюмаў часта, калi штосьцi прыдумаеш — каб лепш запомнiць, замалёўваеш гэта. Ну i ўвогуле, думаю, для творчага чалавека карысна развiваць усякiя здольнасцi. Зусiм нядаўна я набыў сабе мальберт, фарбы, у Пецярбургу ў добрым кнiжным магазiне прыдбаў дапаможнiк для пачынаючых. Буду спрабаваць працаваць з фiгурамi, перадаваць прыгажосць чалавечага цела. — Тэатр, тэлебачанне, кiно, рэклама... Калi расставiць прыярытэты, то ў якiм парадку яны будуць iсцi? — Правакацыйнае пытанне. Уяўляеце, кожны з маiх дырэктараў будзе чытаць гэта па-свойму. Таму адкажу так: медыйнасць нiколi не пашкодзiць. У Расii гэта добра бачна, калi многiя тэлеканалы прыцягваюць да ўдзелу ў шоу папулярных людзей з iншых сфераў. I ў тым няма нiчога дрэннага, наадварот, цудоўна — палiтра герояў атрымлiваецца шырэйшая. Плюс ёсць момант заробку — у наш час гэта немалаважна... — Але першасны ўсё ж не заробак, а акцёр? — Акцёр. А як i ў чым ён праяўляецца ў кожнай сферы — справа густу кожнага з акцёраў. — Некаторыя з нашых акцёраў пераквалiфiкавалiся ў спевакi i пакрысе заваёўваюць шоу-бiзнэс. Ваша iмя ў гэтым спiсе з’явiцца? — Я спяваю ў запiсе да спектакля "Сталiца Эраўнд", у прынцыпе стараюся развiваць гэты накiрунак — гэта таксама адна з тых фарбаў, якiя могуць упрыгожыць i расквецiць акцёрскую работу. Але вельмi там ужо вялiкiм спеваком, шчыра кажучы, я сябе не бачу. Хоць... чым чорт не жартуе? Адкрыю сакрэт: мой добры сябар i калега Дзянiс Паршын рыхтуе канцэрт, у якiм я вельмi хачу паўдзельнiчаць. Абавязкова спяём нашу песню са спектакля. Дарэчы, яна становiцца ўжо своеасаблiвым хiтом, я нават аднойчы чуў, як яе выконваюць у падземным пераходзе... *** — Псiхолагi раяць раз на сем гадоў мяняць работу. Вы ў Рэспублiканскiм тэатры беларускай драматургii працуеце якраз сем гадоў... — Але ж я не стаю на адным месцы. Я знайшоў новыя шляхi i накiрункi, у якiх хачу развiвацца. Так што тэатр у маiм жыццi застанецца (паставiм тут тры клiчнiкi!!!). — Ёсць невясёлая тэндэнцыя: як толькi беларускага акцёра заўважаюць расiйскiя рэжысёры, ён рана цi позна перабiраецца ў Маскву... — Можна сказаць, я патрыёт сваёй краiны. Хацеў бы жыць тут. Але час ад часу выязджаць на працу i рабiць нейкiя праекты — дзе заўгодна. Дзякуючы тэатру мы гастралюем даволi часта, бачым, як там iдзе жыццё... I — вяртаемся дадому. Гутарыла Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Ён так смачна расказвае, што слiнкi набягаюць", — пачула аднойчы ад знаёмай, заўзятай аматаркi глядзець тэлевiзар... Гледзячы на падцягнут
|
|