Матчына радасць
Матчына радасць
У Крычаве ў Палацы Пацёмкiна адкрыўся Музей Мацi. Гэта адбылося ў знамянальны дзень 14 кастрычнiка — на Пакроў Багародзiцы i Дзень мацi. У галоўным помнiку архiтэктуры Крычава месцiцца раённы аддзел ЗАГС, i цяпер праз Музей Мацi праходзяць маладыя, якiя бяруць шлюб. Жанiха i нявесту тут сустракае абраз Божай Мацi, праводзiць — беларускi ручнiк, якi яднае мiнулае i сучаснае. — Мы хочам паказаць у гэтым музеi ролю жанчыны-мацi ў гiсторыi i сучаснасцi, i гэта роля — самая галоўная, — лiчыць дырэктар Крычаўскага краязнаўчага музея Наталля Марозава. Адзiн з самых цiкавых гiстарычных экспанатаў — гэта асабiстыя рэчы савецкай лётчыцы Веры Фёдараўны Ламакi. Яна ў вайну камандавала мужчынскiм авiяцыйным палком i лятала на самалёце "Крычаўскi чыгуначнiк". Калi яна знаходзiлася ўжо ў Германii, то для крычаўскiх дзяцей, якiя выжывалi ў разбураным вайной горадзе, накiравала вялiкую колькасць адзення. У экспазiцыi Музея Мацi ёсць i сучасныя фотаздымкi — напрыклад, з дзiцячага дома сямейнага тыпу ў вёсцы Касцюшкавiчы. Валянцiна Мiкалаеўна Добрусева выхоўвае васьмярых дзяцей: дваiх сваiх i шасцярых прыёмных. Калiсьцi яна пры падтрымцы мужа вырашыла ўзяць прыёмнае дзiця: супругi паехалi за адным, а забралi чацвярых. — Таму што не маглi кiнуць братоў i сясцёр, якiя ляжалi ў бальнiцах, з часоткай i вошамi, — проста тлумачыць прыёмная мацi, якая прыехала на адкрыццё музея. — І мы з мужам пашкадавалi гэтых дзяцей. Яны нам кранулi душы. Малыя не ведалi, што такое кавун — i спачатку елi яго з лупiнай. Я працавала псiхолагам у школе i ведала, як прыходзiцца дзецям нядбайных бацькоў. Муж Сяргей вырас у праблемнай сям’i. I мы вырашылi: няхай хоць гэтыя дзецi будуць шчаслiвыя. Калi шчыра, то многiх знаёмых шакiравала такое рашэнне жанчыны, у якой ужо былi добрая сям’я, праца i дабрабыт. Але прайшлi гады i ўсе зразумелi, што сапраўднае прызначэнне Валянцiны Мiкалаеўны — гадаваць дзяцей, быць iм добрай мацi. Клопатаў у жыццi Добрусевай, зразумела, прыбавiлася. Гаспадарка сямейнага дзiцячага дома — як невялiкi калгас. Палеткi i жывёла. Тры каровы i шэсць свiней. Курэй, iндыкаў i трусоў не лiчаць. Усяго павiнна быць па максiмуму, каб вялiкая сям’я магла пракармiцца. Плюс яшчэ дзiцячы "статак" з катоў i сабак — дзецi рэгулярна падбiраюць на вясковых вулiцах бяздомных жывёл i прыносяць у дом. — Мне ўсё гэта не цяжка, — гаворыць мацi. — У мяне вельмi добрыя дзецi, яны добра вучацца i ва ўсiм мне дапамагаюць. Ведаеце, я нядаўна прыхварэла: ляжу на канапе, а дзецi селi на падлогу вакол мяне i так сядзелi. Мне балiць, а я шчаслiвая. Таму што яны не пайшлi гуляць у футбол цi чай пiць на кухню, а хвалявалiся за мяне. Я задаволеная сваiмi дзецьмi i жыццём. Калi б пачынаць усё наноў — зрабiла так жа сама. Усё ж такi дзецi — гэта самае галоўнае, радасць i шчасце наша. I мне вельмi прыемна бачыць у Музеi Мацi сваю сям’ю. Валянцiна Мiкалаеўна Добрусева разам са старшынёй Крычаўскага райвыканкама Iванам Пракопавым перарэзалi чырвоную стужку на знак адкрыцця Музея Мацi. У Палацы Пацёмкiна адбыўся традыцыйны ўрачысты прыём з нагоды Дня мацi. Iван Пракопаў асабiста павiншаваў са святам 41 мацi, для кожнай гаспадынi i працаўнiцы знайшлiся добрыя словы. — Музей Мацi — гэта данiна павагi ўсiм мацi Крычаўскага раёна, — сказаў кiраўнiк райвыканкама. Iлона Iванова.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Крычаве ў Палацы Пацёмкiна адкрыўся Музей Мацi. Гэта адбылося ў знамянальны дзень 14 кастрычнiка — на Пакроў Багародзiцы i Дзень мацi. У галоўным п
|
|