Аўтастопам на Марс!
Аўтастопам на Марс!
Цi ёсць жыццё на Марсе? Пытанне, на якое нiхто не можа даць адназначнага адказу. Здаецца, i ваду знайшлi, i чалавекападобны твар ручной работы выявiлi, а жывых iстотаў як не было, так i не намячаецца. А можа, гэта мы не там шукаем? У пошуках "чырвонай планеты" Я доўга не мог паверыць, што Марс знаходзiцца за сорак кiламетраў ад Мiнска. Але сур’ёзныя кнiжкi запэўнiлi мяне ў гэтым. Вёска з такой незвычайнай назвай размясцiлася непадалёк ад Дзяржынска. На жаль, нi на адной з картаў Беларусi "чырвоная планета" не пазначана. "За чатыры кiламетры ад раённага цэнтра" — адзiная iнфармацыя, якая паказвала на месцазнаходжанне вёскi. Вось з такiмi мiнiмальнымi ведамi я вырашыў адправiцца ў "касмiчную адысею". Спадарожная машына з Мiнска за 20 хвiлiн даставiла мяне ў Дзяржынск. Чатыры кiламетры — гэта гадзiна пехам, але не ведаючы напрамку, можна блукаць i цэлы дзень. Вырашыў спытаць дарогу на аўтазаправачнай станцыi. "Гэта розыгрыш? — усмiхаецца прадаўшчыца. — Планета ёсць такая. А пра вёску нiколi не чула". "Гэта табе да Станькава трэба ехаць", — пачуўся мужчынскi голас. — Я дакладна не скажу, але гэта там". Пакупнiк, якi стаяў за мной у чарзе, не ведаў, што я без машыны, а да Станькава адсюль дзесьцi кiламетраў восем. "Праз лес атрымаецца хутчэй", — падумаў я i рушыў. Праз сорак хвiлiн, па калена ў гразi, я выйшаў у чыстае поле. Нiякiх iншапланетных пейзажаў з карцiн Язэпа Драздовiча: звычайнае поле, як i ўсе астатнiя. Замест слядоў марсахода — сляды трактарных шын. Нiшто, акрамя абсалютнай адсутнасцi жывых iстотаў, не нагадвае аб планетным жыццi. Яшчэ два кiламетры — i на гарызонце паказалiся дахi дамоў! Як аказалася, звычайны мiраж: гарадская звалка. "Якi Марс? Тут ты яго не знойдзеш дакладна", — расчараваў мяне вартаўнiк металалому. Па дарозе на Станькава я зайшоў у адну з вёсак спытаць аб "чырвонай планеце". Карэнны жыхар Вiнаградаўкi змог прыкладна паказаць дарогу, пры гэтым аказалася, што iшоў я зусiм у iншы бок. Ногi ўжо стамiлiся, таму спынiў спадарожную машыну. "Дзесяць гадоў жыву, але нiколi не чуў пра такое дзiва", — падзялiўся са мной вадзiцель. Загадкавая вёска пачынала вабiць яшчэ больш. Вось яна зусiм побач за паваротам, а праз хвiлiну ўсе сляды раптам абрываюцца. Толькi жанчына, якуя сустрэў у Рабiнаўцы, дакладна ведала, што я шукаю. "Прама, налева, направа, праз Арэхаўку i зноў налева", — запiсаў я ў свой нататнiк, каб не згубiцца... Да Юпiцера рукой падаць Вось яна — Чырвоная планета! Першае, што кiнулася ў вочы — гэта шаша Брэст — Масква. Столькi часу згублена ў пошуках, а Марс размясцiўся каля самай ажыўленай трасы краiны! Нiякiх указальных знакаў i пад’ездаў у напрамку вёскi. Нават назва пазначана толькi з боку прасёлкавай дарогi, якая вядзе ў поле. Няма тут добрага пiяр-менеджара. "Чырвоная планета" магла б зарабляць добрыя грошы на сваiм выгадным транспартным становiшчы. Дастаткова пабудаваць кафэ, каб сотнi аўтамабiлiстаў потым расказвалi легенды аб Марсе, што прывяло б сюды яшчэ больш зявак. Але пакуль гэта застаецца па-за ўвагай прадпрымальнiкаў. Вёска сустрэла мяне правiнцыйнай цiшынёй. Прамая вулiца раздзяляе хаты i калгаснае поле. На вулiцы — нiводнай душы, як на самай сапраўднай планеце. Але вось дзесьцi далёка ў сваiм агародзе працуе марсiянка. Нiчым не адрознiваецца ад звычайных людзей. Яна — адзiны шанц даведацца пра тутэйшыя мясцiны. Я тут не жыву, прыязджаю толькi на выхадныя", — тлумачыць жанчына. Хатаў у вёсцы становiцца ўсё менш i менш. Карэннага насельнiцтва амаль не засталося. Толькi дачнiкi даюць жыццё гэтаму месцу. "Спытайце аб Марсе на Юпiцеры", — параiла мне гаспадыня. На Юпiцеры?! Жанчыну збянтэжыла маё здзiўленне. "Так, так, на Юпiцеры. Гэта наступны пасёлак. Там жыве той, каго вы шукаеце". Дзве "планеты" размясцiлiся зусiм побач. Марс плаўна пераходзiць у Юпiцер. У першым жа доме я сустрэўся з Галiнай Лапкоўскай, сапраўднай юпiрчанкай. Яна i распавяла мне пра незвычайныя назвы гэтых двух пасёлкаў. Справа ў тым, што зусiм побач раскiнулася вялiкая вёска Кукшэвiчы. Людзi сялiлiся цесна, i месца стала не хапаць. У 1914 годзе дзве вулiцы згарэлi дазвання. Да таго ж пачалася вайна. Пасля выгнання белапалякаў у 20-я гады становiшча змянiлася: пагарэльцы атрымалi лес на пабудову хат. Вось i пачалi вакол Кукшэвiчаў засноўвацца новыя пасяленнi. Спачатку яны называлiся проста па нумары: адзiн, два, тры... І вось знайшоўся калгаснiк з Койданава, якi пачаў даваць уласныя назвы. Так з’явiлiся вёскi Арэхаўка, Рабiнаўка, Малiнаўка... Калi калгаснiк заўважыў, што назвы падобныя адна да другой, вырашыў назваць два пасёлкi аналагiчна планетам сонечнай сiстэмы. Кажуць, што тым самым ён спрабаваў паказаць сваю адукаванасць сярод простых сялян... "Iншапланецяне" Галiну Паладзiеўну занесла ў Юпiцер у 1970-м. Дагэтуль яна адпрацавала настаўнiцай у розных кутках БССР. На той момант у калгасе iмя Дзяржынскага (цяпер "Крутагор’е-Петкавiчы") стварылi новую вакансiю дыспетчара, на якую згадзiлася цяперашняя юпiцярчанка. Вось i жыве тут дагэтуль з мужам, вядзе ўласную гаспадарку. На вясковае жыццё Галiна Паладзiеўна не скардзiцца. Хiба што на невялiкую пенсiю час ад часу. "Мяне заўсёды наведваюць дзве дачкi, адна працуе побач, у Дзяржынску. Няма часу сумаваць. Унукi прыязджаюць. У мяне iх пяцёра!" — ганарыцца юпiцярчанка. Сябраваць з вясковымi "iншапланецянамi" жанчына не вельмi жадае. Тыя, хто застаўся — спiваюцца, моладзi — не знайсцi, дачнiкi — "сезонныя" людзi. Таму даводзiцца шукаць сабе iншыя забавы. "Я часта бываю ў сталiцы. Гандлюю ўласным ураджаем. Не дзеля грошай гандлюю. Хобi гэта ў мяне такое. Мне гутарыць з людзьмi падабаецца. Усе заўсёднiкi мяне ведаюць. Нават па закупачнай цане агуркi прадаюць, а яшчэ з Днём мацi павiншавалi. Паважаюць". Праблем з харчаваннем у пасёлках няма: кожны мае сваю гаспадарку. Два разы на тыдзень заязджае аўтакрама. Я з Галiнай Паладзiеўнай гутарыў па дарозе ў грыбы. Да лесу добрыя кiламетры тры, але юпiцярчанка гаворыць, што для яе гэта сапраўдная асалода. Прайшлi тыя часы, калi сялян называлi "цёмнымi людзьмi". У хаце Галiны Паладзiеўны ёсць уласная бiблiятэка: якiя кнiжкi купляла сама, якiя ўнукi падарылi. Сваё захапленне тлумачыць проста: "Я чытаць люблю". Спрабуе таксама жанчына свае сiлы ў паэзii. У тэмах сябе не абмяжоўвае. Юпiцярчанка падзялiлася некаторымi вершамi са мной, падкрэслiўшы — не для друку! "Я ўсяго прывыкла дабiвацца сама. Мяне нават чыноўнiкi баяцца. Ведаюць, што напiсаць магу пра iх, — усмiхаецца жанчына. — Нядаўна тэлефон паставiлi, дык цяпер нават i хадзiць не трэба. Набраў нумар i ўсё зроблена". Марсiяне i юпiцярчане не лiчаць сябе адметнымi. Звычайныя вёскi са звычайнымi праблемамi. У цэнтры Марса на дрэве вiсяць дзiцячыя арэлi, але гушкацца на iх няма каму. Яшчэ некалькi гадоў, i яны застануцца нерухомымi назаўсёды. Цi знойдуць жыццё на Марсе? Уладзiслаў КУЗЬМIН.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Цi ёсць жыццё на Марсе? Пытанне, на якое нiхто не можа даць адназначнага адказу. Здаецца, i ваду знайшлi, i чалавекападобны твар ручной работы выявiлi
|
|