Марафонец
Марафонец
Юбiлеi
Пра здольнасць Ігара Дабралюбава хадзiць марафонскiя дыстанцыi ўзгадвалi на вечарыне ў Музеi беларускага кiно, якая адбылася з нагоды юбiлею выдатнага беларускага кiнарэжысёра. Сапраўды, заняткi спортам некалi загартавалi яго, навучылi размяркоўваць свае сiлы на доўгую дыстанцыю ў 50 кiламетраў i змагацца да апошняга за перамогу. Ён робiць гэта i цяпер, толькi дыстанцыя ўжо вымяраецца не кiламетрамi, а гадамi, днямi i хвiлiнамi барацьбы за перамогу над самiм сабой. Яе Iгар Мiхайлавiч вядзе штодня, знаходзячы сiлы на жыццё пасля другога iнсульту, якi здарыўся на пачатку года. Але ён загартаваны змагар — за столькi гадоў не раз выходзiў з самых складаных сiтуацый, сцвярджаючы сваё права на творчасць у часы савецкай цэнзуры. Былi моманты, калi не вытрымлiвала сэрца з-за няспраўджаных надзей, але пра перажытыя iнфаркты забывалася, калi iшла гаворка пра магчымасць працы над новым фiльмам, кожны з якiх папаўняў скарбонку беларускага кiно. Волат-Дабралюбаў (дарэчы, сiбiрак па паходжаннi) яшчэ дзiцем апынуўшыся ў разбуранай Беларусi, здолеў адчуць яе боль, разгадаць яе лёс i паверыць у будучыню. Можа таму героi яго фiльмаў — цiкавыя асобы, кожны з якiх па-свойму спасцiгае таямнiцы жыцця, пачынаючы з маленства: цi то вы пазнаёмiцеся з прыгодамi Дзянiса Караблёва, цi будзеце захапляцца мужным хлопчыкам Iванам Макаравiчам, цi то ўбачыце таленавiтых дзяцей з фiльма "Расклад на паслязаўтра"... Дабралюбаў рабiў свае "Крокi па зямлi", для сябе зразумеў, што значыць "Шчаслiвы чалавек" i быў шчырым, калi рабiў сваю справу, прызнаўшыся у назве аднаго фiльма: "Таму што люблю" ... Фiльмы часта мелi сiмвалiчныя назвы, па iх можна прасачыць этапы творчасцi рэжысёра: усяго ён стварыў 17 выдатных карцiн. Сярод iх былi i тыя, праз якiя можна адчуць душу Беларусi — праз "Плач перапёлкi" цi "Белыя росы", якая ў свой час стала "камедыяй года" i ўжо ў 1997 годзе ўвайшла ў "залатую серыю" ГРТ. Беларусь ганарыцца гэтымi фiльмамi — па iх можна зразумець, што значыць лепшае айчыннае кiно, пра якое сёння застаецца марыць. Яны заўсёды застануцца фiльмамi Дабралюбава, чалавека, якi iх ствараў часта насуперак: вырашальную ролю ў iх з’яўленнi зрабiла яго воля, яго настойлiвасць i яго погляд. Як бы сёння нi сцвярджалi, што аўтар у Савецкiм Саюзе не меў правоў на свой прадукт, у цiтрах заўсёды будзе пазначана: рэжысёр Iгар Дабралюбаў. I выкраслiць гэтае iмя з гiсторыi беларускага кiно немагчыма. Як немагчыма пазбавiць гэтага чалавека павагi шматлiкiх гледачоў. Узгадаць пра 75-ы дзень нараджэння аднаго з найбольш аўтарытэтных айчынных рэжысёраў змогуць усе: 22 кастрычнiка тэлеканал "Лад" пакажа дакументальны фiльм "Дабралюбаў сярод сяброў". — Мы жывём i трымаемся дзякуючы аптымiзму, таму што адчуваем падтрымку сяброў, нам тэлефануюць, дапамагаюць сем’i дзяцей, — распавядае жонка кiнарэжысёра Нэлi Iванаўна. — Былi ў нас розныя часы, але ўсё перажывалася. Iгар Мiхайлавiч — моцны чалавек, сапраўды марафонец, як пра яго казалi на юбiлейнай вечарыне. Як бы нi было цяжка i балюча, ён набiраўся цярплiвасцi i пераадольваў усё, што неспадзявана магло выбiць з жыцця. Зараз у нас складаная сiтуацыя ў сувязi з тым, што мы павiнны выплацiць 2 мiльёны па судовых выдатках, з-за таго, што не адстаялi аўтарскiя правы перад кiнастудыяй. Але сын дабiўся растэрмiноўкi, i ўжо будзе лягчэй. Спадзяёмся, што ўсё будзе пакрысе наладжвацца, таму што мой муж нiколi не губляў надзеi. Пасля першага iнсульту, якi здарыўся паўтара года таму, яму спатрэбiлася паўгода, каб аднавiцца. Гэты iнсульт больш цяжкi, ён пазбавiў магчымасцi рухацца i размаўляць. Але я бачу ў яго вачах волю да жыцця. Iгар Мiхайлавiч усё разумее, чытае газеты, глядзiць тэлевiзар, цiкавiцца ўсiмi падзеямi. Ён валявы чалавек, я адчуваю, наколькi ў яго моцны характар. Ларыса ЦIМОШЫК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пра здольнасць Ігара Дабралюбава хадзiць марафонскiя дыстанцыi ўзгадвалi на вечарыне ў Музеi беларускага кiно, якая адбылася з нагоды юбiлею выдатнага
|
|