Дама ў пальчатках
Дама ў пальчатках
"Балюча?"— спагадлiва спыталася ў хлопца, вышэйшага за яе на дзве галавы, невялiкая стройная дзяўчынка. І зноў спрытна ўдарыла яго нагой па твары два разы запар. Ён спрабаваў закрыцца, але не паспяваў за ўдарамi, якiя спасцiгалi то з аднаго, то з другога боку. Усё гэта нагадвала баявiк, у якiм хутка мiльгалi ногi i раздавалiся смачныя аплявухi. Звычайная трэнiроўка сярэбранага прызёра чэмпiянату свету па тайландскiм боксе Вольгi Прыбыльскай працягвалася. Ёй толькi 22 гады i яна не вельмi засмуцiлася, што "золата" ў яе вагавай катэгорыi да 48 кiлаграмаў дасталася расiянцы. Вядома ж, вельмi рада за каманду Беларусi па тайландскiм боксе, якая заняла першае месца ў агульнакамандным залiку на чэмпiянаце свету ў Карэi. Цiха, але ўпэўнена гаворыць: у мяне ўсё наперадзе. Сёння гамяльчанка — Вольга Прыбыльская — майстар спорту па кiкбоксiнгу, а пяць гадоў таму была цяжкiм падлеткам. Менавiта пра яе гаварылi: па табе мiлiцыя плача. Плакала i мама, якая не ведала, як выратаваць дзiця ад дрэннага асяроддзя. — У пераходным узросце былi стасункi з такiмi кампанiямi... Не ведаю, цi трэба пра гэта казаць?.. Скiнхеды, футбольныя фанаты... Выезды куды-небудзь у другi горад i бойкi, бойкi, бойкi... Алкаголь. У мяне было тры такiя жудасныя гады, калi мама вельмi баялася, каб дзiця не прапала. Прыводы ў мiлiцыю, нават крымiнальны вышук... Ну а потым ёкнула: трэба заняцца чым-небудзь баявым. Спачатку пайшла на дзюдо, пасля трэнiровак прыходзiла ў тую ж кампанiю, але нiчога ўжо не хацелася — хутчэй дадому, спаць. Потым пабачыла афiшу — кiкбоксiнг. Калi прыйшла, трэнер Мiхаiл Уладзiмiравiч Мяшкоў кажа: "Ну паглядзiм, цi доўга будзеш хадзiць". Гэта было пяць гадоў таму. Ну вось i трэнiруюся дагэтуль. У мяне ўсё хутка атрымлiвалася, але спачатку не было спаборнiцтваў, каб зразумець свае сiлы. Трэнiравалася: бiла-бiла-бiла грушу, — расказвае Вольга. — У чым кайф — прыйсцi ў спартыўную залу i дзве гадзiны бiць па грушы? — Я калi чым займаюся, уся ў гэтым. Для мяне складана дзень пражыць без трэнiроўкi — я не знаходжу сабе месца. Мама нават кажа: усё, iдзi ў залу. У мяне накоплiваецца энергiя i яе трэба куды-небудзь падзець. Ну вось я прыходжу сюды i выплёскваю. Першыя свае абласныя спаборнiцтвы я лёгка выйграла. Думала: прыеду на рэспублiку, усiх паб’ю. Але ж тут мяне спусцiлi з нябёсаў. Дзяўчынкi моцныя былi, якiя ездзiлi на чэмпiянаты свету. Але ж не накаўтам, а па ачках я тады прайграла. — Што ты зразумела для сябе за гэтыя пяць гадоў? — Навучылася настройвацца на бой. Некаторыя любяць, каб iх не чапалi — я наадварот люблю, каб мяне адцягвалi, распытвалi — на розныя тэмы. Але ж перад самым боем мне трэба ўявiць нешта, каб добра раззлавацца. Вось на чэмпiянаце свету мяне вельмi раззлавала ўрач. У мяне на воку ўскочыў "ячмень", але ж спачатку не вялiзны. Я падышла да ўрача i сказала, што вока апухла. А яна мне: я табе казала нiчога экзатычнага не есцi! — не паверыла — i я так раззлавалася! Увогуле я не трымаю злосцi, проста запальчывая бываю часам. А калi закрануць за жывое — уцякай мае браты! — А трэнер грае на гэтых струнах? Ад яго ж так многа залежыць у лёсе спартсмена. — Не, у яго не атрымлiваецца мяне раззлаваць. Мiхаiл Уладзiмiравiч мне як бацька. Я яго паважаю, таму i слухаю. Я з iм раюся, расказваю ўсё, нават пра асабiстае жыццё. А ўлiчваючы тое, што я без бацькi жыву — у майго бацькi цяпер другая сям’я, трэнер для мяне значыць вельмi шмат. Ён часта мне кажа: галоўнае, каб у цябе "зорная хвароба" не пачалася. — А што, можа такое здарыцца? Ужо ёсць асаблiвыя патрабаваннi ў спартыўнай зоркi? — Мне галоўнае, каб кармiлi нармальна. Што яшчэ трэба? Каб можна было адпачыць у спакойнай абстаноўцы, i каб было дзе патрэнiравацца. Хацелася б, каб дыван быў большы у спартыўнай зале i каб усе нармальна памяшчалiся, не таўклiся локцямi. Каб снарады пастаянна вiселi — мне самой складана павесiць "грушу". — Зараз у цябе той этап, якi называюць спортам высокiх дасягненняў. Гавораць, што з iм звязаны магчымыя траўмы — тым больш што вiд спорту вельмi жорсткi... — Пакуль што моцных не было. Палец на назе зламала — прапусцiла спаборнiцтвы. Але як толькi стала магчыма, зняла гiпс i зноў на трэнiроўку. Здараецца, што нос разбiваюць, але на рынгу не адчуваеш болю, гэта ўсё потым прыходзiць. Бывае вельмi цяжка. Мне пахудзенне перад чэмпiянатам так далося! Шасцi кiлаграмаў трэба было пазбавiцца, каб увайсцi ў вагавую катэгорыю да 48 кiлаграмаў. Даводзiлася цярпець — значна менш есцi i пiць. Пасля шасцi гадзiн вечара — увогуле нiчога. Ну, на ноч лiмончык можна — ён сушыць арганiзм добра. А так хацелася паесцi... У Мiнску зборы былi — дзве трэнiроўкi ў дзень. Прачынаешся — на трэнiроўку, прыходзiш з трэнiроўкi — кладзешся спаць, прачынаешся — вячэрняя трэнiроўка, прыходзiш дадому — зноў спаць. Усё. Калi ў Карэю ляцелi, нас у самалёце чатыры разы кармiлi. Я не вытрымала i паела. Мы прыляцелi ў дзве гадзiны ночы, у восем — узважванне. У мяне — два кiлаграмы лiшнiя. Я бегала па вулiцах ўсю ноч, нават заблыталася. Дзве гадзiны паспала. Прачнулася — 900 грамаў лiшнiя. Я зноў на сябе "згонку": шапку, некалькi штаноў, маек, i трэнiравацца на скакалачку. Вага на месцы. Паўгадзiны да ўзважвання — я на "лапы" i давай працаваць. Сышло. Тым не менш я рада, што выступала ў такой вагавай катэгорыi — лёгка! А вось за дарогу назад набрала вагу i ўжо 53 важу... Цяпер буду зноў худзець — для сябе больш, чым для спаборнiцтваў. Але ж трэба гэта рабiць больш павольна, каб для здароў’я дрэнна не было. Таму што за тры тыднi вельмi складана. Прынамсi, у Карэi мясцовыя стравы — жах. Усё вострае, засмажанае, салёнае. У магазiнах можна купiць сабе нейкi фаст-фуд, тут жа залiць кiпенем, або ў мiкрахвалёўку. Не было майго любiмага кефiру i тваражкоў несалодкiх — яны не ядуць кiсламалочных прадуктаў. — Мне, калi назiрала за тваёй трэнiроўкай, здавалася, што хлопцы цябе шкадуюць... — Так, шкадуюць, адчуваюць, што я дзяўчына... Я са сваёй практыкi зразумела — хлопцы шкадуюць, а дзяўчаты — не, яны больш агрэсiўныя. Для iх няма паняцця "лёгкая трэнiроўка". Усе здзiўляюцца: як такая маленькая дзяўчынка здольная бiць нагой па твары. На шчасце, у жыццi бiць не даводзiлася. На дыскатэцы, здараецца, хлопцы пачынаюць прыставаць — я не б’ю, проста адпiхваю, раблю падсечку. Устае i на мяне з кулакамi, але ж яму пашанцавала — своечасова служба аховы падаспела, выратавалi яго ад магчымых высвятленняў узаемаадносiнаў. — А пры неабходнасцi магла б абаранiць сябе, блiзкiх? — Магла б, аднак пры мне звычайна не здараецца такiх сiтуацый. — Прафесiйны спорт — гэта ж не на ўсё жыццё. Чым збiраешся займацца пасля? — Усё, што б я нi рабiла, будзе звязана са спортам. Можна мець дзяцей i займацца спортам, ёсць прыклады, пакуль здароўя хапае. Я планую да трыццацi гадоў — не менш. А пакуль вучуся на трэцiм курсе гуманiтарна-эканамiчнага факультэта ў Гомельскiм унiверсiтэце iмя Сухога. Будучая спецыяльнасць — маркетынг у фiзiчнай культуры, спорце i турызме. Думаю арганiзаваць свой спартыўны цэнтр, дзе можна было б трэнiравацца i праводзiць турнiры. — Як ты любiш адпачываць? — У мяне бацька займаецца водным турызмам i сплаўляецца па горных рэчках. Мы з iм ходзiм у паходы — у Карэлiю. А музыку люблю розную. Ад року да класiкi. На кожны момант жыцця — свая. — Я бачыла афiшу на адным з дыска-клубаў: шоу — бой з тваiм удзелам. Як ты ставiшся да таго, што сёння ў нас становяцца папулярнымi вiдовiшчы з удзелам дзяўчат, якiя б’юцца памiж сабой? — Мне падабаецца, калi я ў цэнтры ўвагi. Тады я прайграла, твар вельмi апух. Але ж я засталася на дыскатэцы i да ранiцы танцавала ў акулярах. Люблю дыскатэкi, але рэдка сабе дазваляю. Не люблю, калi мяне шкадуюць — маленькая дзяўчынка, гавораць. Люблю адна быць у мужчынскай кампанii. — Пры тым, што, здаецца, ты зусiм не падобная на спартсменак, якiх увогуле цяжка дзяўчатамi назваць... — Так, люблю паходы па магазiнах. Асаблiва ў краiне, дзе нiколi не была. I хоць звычайна стыль адзення спартыўны, але ж апранаюся ў адпаведнасцi з настроем, абстаноўкай, сiтуацыяй. А вось на асабiстае жыццё часу застаецца мала. Вольга пераапранулася пасля трэнiроўкi i ператварылася ў прыгожую, вытанчаную, гарманiчна складзеную дзяўчыну ў чорнай аблягаючай сукенцы на высокiх абцасах. А развiтваючыся, прызналася, што сёння ў яе планах — сустрэча з юнаком, з якiм яна напярэдаднi пазнаёмiлася па iнтэрнэту. Цiкава — цi ведае ён, з кiм мае справу? Iрына Асташкевiч.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Балюча?"— спагадлiва спыталася ў хлопца, вышэйшага за яе на дзве галавы, невялiкая стройная дзяўчынка. І зноў спрытна ўдарыла яго нагой па
|
|