Бернд Штанге: "Халодныя лічбы пакуль не за нас"
Бернд Штанге: "Халодныя лічбы пакуль не за нас"
Перад апошнiм у гэтым сезоне матчам нацыянальнай зборнай, якi адбудзецца 19 лiстапада на Кiпры i будзе мець статус таварыскага, галоўны трэнер беларускай дружыны Бернд Штанге сустрэўся з журналiстамi. Падводзячы вынiк выступлення каманды на старце адборачнага цыкла, нямецкi спецыялiст адзначыў, што не ўдалося ўсяго таго, чаго хацелася. "Мы разлiчвалi на лепшы старт. Але Англiя — вельмi моцная каманда, якая выйграла дзве найскладанейшыя гульнi ў Харватыi i Мiнску. І ўсе спецыялiсты сыходзяцца ў меркаваннi, што яе цяпер не спынiць нiкому. Фабiа Капэла мае 2-3 наймацнейшыя склады". Бернд Штанге падкрэслiў, што беларускiя футбалiсты вытрымалi тэмп першых 45 хвiлiн, i гулялi адзiн тайм з англiчанамi на роўных. "Але гэтага недастаткова. Тым не менш, у нас застаецца шанц заняць другое месца ў групе, i мы будзем iмкнуцца яго выкарыстаць. Мы задаволены нашай гульнёй гэтай восенню, але не задаволены вынiкам. Вялiкая колькасць людзей звярнулася да футбола, усюды, дзе я з’яўляюся, гутарка адразу заходзiць пра гульню нумар адзiн, i гэта пазiтыў. Але халодныя лiчбы пакуль не за нас", — падкрэслiў галоўны трэнер, ацэньваючы выступленне нацыянальнай каманды на трэцяй адборачнай дыстанцыi. Наконт паядынку, якi пройдзе на Кiпры, Бернд Штанге растлумачыў, што беларуская зборная будзе iмкнуцца прадэманстраваць свой стыль, згуляе ў атакуючы i хуткi футбол. Магчыма, знойдзецца месца i для невялiкiх эксперыментаў — у склад вяртаецца Аляксандр Глеб, пасля працяглага перапынку ў ёй з’явiцца нападаючы "Сатурна" Леанiд Ковель. Галоўны трэнер зазначыў, што Ковель цалкам адпавядае яго патрабаванням, прычым нядаўна пачаў выходзiць у асноўным складзе свайго клуба. Гульцоў БАТЭ ў складзе, якi едзе на Кiпр, няма — трэнерскi штаб нацыянальнай дружыны пайшоў насустрач клубу-чэмпiёну i даў футбалiстам паўзу. У панядзелак, 17 лiстапада, на трэнiровачным полi Дома футбола адбудзецца адкрытая трэнiроўка гульцоў нацыянальнай зборнай, у аўторак яны адпраўляюцца на Кiпр. Наконт астатнiх спарынгаў нямецкi спецыялiст заўважыў, што пакуль вядуцца гутаркi з магчымымi кандыдатамi. У лютым, калi беларускiя футбалiсты толькi пачынаюць набiраць форму, мяркуецца, што сапернiк будзе не самы рэйтынгавы. У чэрвенi i далей плануецца атрымаць згоду моцных зборных. "Мы нiколi не пераацэньваем рэйтынг ФIФА. Калi б мы хацелi падняцца, то нельга было гуляць з такiмi моцнымi зборнымi, як Германiя, Аргенцiна i Турцыя, а выбраць кагосьцi больш слабага i набiраць ачкi. Мы i далей будзем шукаць моцных сапернiкаў, атрымлiваць вопыт i павышаць майстэрства. Пакуль мы не можам сказаць балельшчыкам, што згуляем з Бразiлiяй i Iталiяй, а потым гэтага не зрабiць. Зараз iдуць толькi перамовы". Прааналiзаваўшы гэты сезон у вышэйшай лiзе нацыянальнага чэмпiянату, нямецкi спецыялiст адзначыў, што ўзровень першынства вырас. "Поспех БАТЭ — гэта поспех усёй вышэйшай лiгi. Але шмат i негатыўных момантаў, якiя мы разам павiнны паляпшаць. Калi на поле выходзiць п’яны суддзя, твар нашага футбола дрэнны. Калi клуб зачыняе стадыён i не выходзiць на гульню — твар нашага футбола таксама дрэнны. Калi суддзя памыляецца, у гэтым няма нiчога страшнага, памылкi бываюць усюды. Але гiсторыi са Шмолiкам i "Дарыдай" — гэта негатыў нашай вышэйшай лiгi", — падкрэслiў Бернд Штанге. Пра будучы матч Лiгi чэмпiёнаў, дзе ў госцi да БАТЭ прыедзе мадрыдскi "Рэал", галоўны трэнер нацыянальнай дружыны сказаў наступнае: "Шанц ёсць заўсёды, але цяпер не вынiк галоўнае. Важна тое, што на працягу года ў Мiнску пабывалi вяршкi еўрапейскага футбола, пачынаючы са зборнай Галандыi i Турцыi. I выдатна, калi ў нашай краiне будзе выдатны футбольны настрой. Пры такiм эмацыянальным настроi, зразумела, хочацца добрага вынiку, але ад БАТЭ не трэба шмат патрабаваць. "Рэал" матываваны, улiчваючы турнiрную сiтуацыю, i гэта будзе складаная гульня. Але нас зноў чакае вялiкае свята футбола. I не пытайце ў мяне пра вынiк. Гэта сама па сабе падзея, якую людзi будуць доўга памятаць. А тыя, хто дасягнуў гэтага, для мяне — героi", — прызнаўся Бернд Штанге. Алена АЎЧЫННIКАВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Перад апошнiм у гэтым сезоне матчам нацыянальнай зборнай, якi адбудзецца 19 лiстапада на Кiпры i будзе мець статус таварыскага, галоўны трэнер беларус
|
|