НЯВЕСТА ДЛЯ "БЫДЛА"
НЯВЕСТА ДЛЯ "БЫДЛА"
Транспартная філасофiя
Быдла i Ясенiн — Я ненавiджу п’яных мужыкоў! І чаму, калi я вяртаюся стомленая з работы, заўсёды чапляецца быдла ў аўтобусе! Я баюся iх, яны могуць што-небудзь зрабiць са мной, яны давядуць мяне! — калоцячыся ад страху i крыўды, дзялiлася са мной сяброўка. — А мне сёння п’яны мужчына ў тралейбусе Ясенiна чытаў. Прыгожа так чытаў. Як размаўляе — п’яны, а як вершы чытае — светлая галава. Мне ўжо выходзiць трэба, а ён усё прасiў: "Ну, яшчэ адзiн прыпынак, калi ласка... Я Вам Фета i Маякоўскага пачытаю..." Мой нечаканы адказ супакоiў сяброўку, але здзiвiў. — У цябе ёсць нейкi спецыяльны падыход да iх? — Не (усмiхаюся), проста я ведаю iх сакрэт... Чароўнае слова Назаўтра мы разам ехалi з працы. Як i прадказала сяброўка, з намi ехала "быдла". Брудныя, неахайныя, яны лаялiся матам, грубiянiлi пасажырам. Вырашылi выпiць пiва. Адкрыць бутэльку, безумоўна, трэба было аб ручку крэсла. Жанчына, якая сядзела ў тым крэсле, яшчэ не паспела адчуць, што яе чакае. А пасажырам надукучыла сварыцца з "быдлам". Нiхто не звяртаў на iх увагi. I бедная жанчына мусiла быць аблiтай хмелевым напоем, калi б не... — Асцярожна, вы зараз запэцкаеце даме палiто. Не адкрывайце так. Калi ласка, — спакойна i тактоўна прамовiла я, быццам бы звярнулася не да "быдла", а да роднага бацькi. Яны не адразу зразумелi, што гэта да iх. — Калi ласка, — я паўтарыла. Менавiта гэта слова, як я i разлiчвала, iх уразiла больш за ўсё. Далей пайшлi размовы, спробы знаёмства, пытаннi, камплiменты. Пiць пiва больш нiхто не збiраўся. Мне саступiлi месца. — А вы (яны ў адказ таксама гаварылi мне вы!) часам не веруючая? — запытаўся Сяргей. — Што вы маеце на ўвазе? — зразумеўшы падазрэнне, пытаннем на пытанне адказала я. — Ну, вы верыце ў Бога цi не? — Так, веру. — I ў царкву ходзiце? — Так, хаджу. — У баптысцкую, напэўна! — амаль што апраўдалiся яго падазрэннi. — У праваслаўную. — I што, анiякiх сектаў? — Анiякiх. — Дык вы iдэальна мне падыходзiце! Вось такую жонку я шукаў! Юра, дай хутчэй асадку. — Я не знаёмлюся ў аўтобусах: можаце не шукаць. — Глянь ты на яе: нумар не дае, iмя не дае, бутэльку адкрыць не дае! А такая выдатная! Зразумеўшы, што я ўпартая, мужчыны не сталi настойваць i псаваць адносiны. Мы працягвалi размову незнаёмых пасажыраў. — А мой дзед Брэсцкую крэпасць абараняў. У музеi вiсiць. Я сам бачыў, — з дзiцячым захапленнем расказваў Сяргей. — Герой быў. Толькi "Героя" яму чамусьцi не далi. Як хавалi, дык мы, унукi, медалi яго неслi. Я нёс цэлую падушку. I Светка несла. Шмат медалёў было. Ён у музеi вiсiць... Што iржэш, дурань (да Юркi)? Такiх, як мы з табой, там не вешаюць. Афганцы там не патрэбны, бо музей Вялiкай Айчыннай вайны... Ды i без музеяў мы нiкому не патрэбны. Бачыш, i дзяўчыне непатрэбны. — На асадку, — пашкадаваў сябра Юрка. — Ды навошта мне твая асадка! Дай лепш пiва!.. Сакрэт iнтэлiгентнасцi — Мой прыпынак. Прыемна было пагутарыць, — развiтваюся. Саступаючы дарогу, Сяргей прамовiў з апошняй надзеяй: — Ну, як вы не разумееце: гэта ж лёс! Ну, дайце тэлефончык! — Калi лёс, то абавязкова сустрэнемся яшчэ раз, — знайшлася я. — Ды ведаю, што не сустрэнемся... А маглi б ужыцца. Мне такая жонка патрэбна... Усю астатнюю дарогу мая сяброўка маўчала. А калi развiтвалiся, не вытрымала: — Чаму яны так з табой? — Як так? — Iнтэлiгентна, не так, як з iншымi? Пра якi сакрэт ты мне ўчора казала? — Мяне не палохае iх неахайны выгляд, брудныя рукi, непрыемны пах i брыдкаслоўе. Гэта абарончая рэакцыя. Проста я ведаю, што ў iх на гэта ёсць прычына. Застаецца толькi высветлiць, якая. Праз тыдзень сяброўка расказала мне, што ў парку пазнаёмiлася з бомжам, якi збiраў бутэлькi. — I ведаеш, у яго сапраўды была на гэта прычына. Ён аказаўся геолагам. Незапатрабаваная прафесiя, нерэалiзаванасць, немагчымасць зарабляць на жыццё, дэпрэсiя i страта ўсяго, што меў... Ён размаўляў са мной iнтэлiгентна. Цяпер i вы ведаеце сакрэт. Засталося знайсцi прычыну. Таццяна Салдаценка.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
— Я ненавiджу п’яных мужыкоў! І чаму, калi я вяртаюся стомленая з работы, заўсёды чапляецца быдла ў аўтобусе! Я баюся iх, яны могуць што-небудзь зрабi
|
|