21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Пясок

26.08.2009 10:37 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Пясок

З камедыi "Аперацыя "Ы" i iншыя прыгоды Шурыка". Мiлiцыянер, акцёр Уладзiмiр Басаў, пастроiў шарэнгу "сутачнiкаў", арыштаваных грамадзян i абвяшчае разнарадку на папраўчую працу. Сярод пунктаў:

— Пясчаны кар’ер — тры чалавекi.

Шарэнга маўчыць...

Цяпер шмат гавораць пра культавае кiно. Прыгаданая мной камедыя адносiлася да такiх. Была для майго пакалення культавай i стужка "Генералы пясчаных кар’ераў". Сёння помнiцца яна больш па песнi адтуль — з цудоўнай мелодыяй i досыць наiўнымi словамi.

І яшчэ пра кар’еры. Далёкi ўспамiн з маленства. Мы, хлапчукi, маем летам вельмi прыемны занятак — гуляць "у вайну" ў вялiкiм пясчаным кар’еры ля вёскi. Пясочак чысценькi, жоўты, лёгкi, можна ў яго закапацца, як кажуць, па самыя вушы. Стомленыя, спэцканыя, iдзём купацца на рэчку. Гэта цяпер я разумею: адкуль ля маленькiх Касцянёў з’явiўся вялiзны пясчаны кар’ер. Якраз тады недзе за паўтара кiламетра ад нашай лясной вёскi вялося будаўнiцтва аднаго з аб’ектаў ракетнай дывiзii стратэгiчнага прызначэння. Iшла халодная вайна, краiне патрэбны былi ракеты з ядзернымi боегалоўкамi.

Але ж мы пра пясок.

Пясок — горная парода, якая складаецца з асобных, вельмi дробных часцiнак кварцу альбо iншых цвёрдых мiнералаў. Гаворыцца:

Пясок сыплецца з яго — пра старога, нядужага чалавека.

— пра старога, нядужага чалавека.

Прапясочыць — рэзка пакрытыкаваць каго-небудзь.

— рэзка пакрытыкаваць каго-небудзь.

Пабудаваць на пяску — тут маецца на ўвазе зрабiць нешта нерэальнае. Хоць насамрэч пясок, як i цэмент, — адна з асноў будаўнiцтва. Лiтаральна гэтай восенню мне нямала давялося дапамагаць сваяку ў будаўнiцтве дома. Зразумела, у якасцi падсобнага рабочага. Пясок i цэмент загружаецца ў бетонамяшалку, залiваецца вада. I вось вам аснова, на якой шмат дзесяцiгоддзяў i нават больш будзе трымацца пабудова.

— тут маецца на ўвазе зрабiць нешта нерэальнае. Хоць насамрэч пясок, як i цэмент, — адна з асноў будаўнiцтва. Лiтаральна гэтай восенню мне нямала давялося дапамагаць сваяку ў будаўнiцтве дома. Зразумела, у якасцi падсобнага рабочага. Пясок i цэмент загружаецца ў бетонамяшалку, залiваецца вада. I вось вам аснова, на якой шмат дзесяцiгоддзяў i нават больш будзе трымацца пабудова.

Я жыву ў Паазер’i, сама назва гэтага рэгiёна Беларусi гаворыць аб багаццi азёраў. Але гэта i марэнны край, край, якi апошнiм у нашай краiне адчуваў уздзеянне ледавiкоў. I вось тут патрэбна крыху геаграфii.

У свой час зямля перанесла шматлiкiя абледзяненнi, значныя пашырэннi мацерыковага лёду, якi прыпаўзаў з паўночных абласцей. Сляды такiх ледавiкоў знойдзены нават у Афрыцы. Беларуская ж зямля ў значна пазнейшыя часы паспытала iх шмат — варажскi, бярэзiнскi, дняпроўскi, маскоўскi, валдайскi. Ледавiк, рухаючыся на поўдзень, нясе на сабе шмат камення i адначасова ссоўвае перад сабою каменне, пясок, глiну. Пасля таго як ледавiк растае, па тых межах, дзе ён спынiўся, утвараюцца канцавыя марэны (цяперашнiя нашы беларускiя ўзвышшы), а далей на поўнач — донныя марэны. Каменне, прынесенае ледавiком, паступова рассыпалася ў жарству альбо жвiр, потым у глiну i пясок. Вось таму i глiна, i пясок адносяцца да горных пародаў.

Але нешта я не ў той бок. У Максiма Танка ёсць некалькi верлiбраў, прысвечаных пяску. Ды не, не пяску, а нечаму больш узвышанаму, што гаворыць аб маладой душы немаладога ўжо паэта. Мяркуйце самi:

Вы любiце пясок?

I я яго любiў

Перасыпаць, задуманы, мiж пальцаў,

Скруцiўшыся ракушкай, на iм грэцца,

Узводзiць гмахi i пiсаць тое iмя,

Якое ў голас паўтарыць баяўся.

Цi яшчэ:

Яна стаяла i не заўважала,

Што цень яе ляжаў побач са мною.

I я яго дакладна абрысаваў на пяску,

А потым пачаў упрыгожваць...

Зразумела, пра якi пясок iдзе тут размова. Пра пляжны. Гэта шчымлiвыя ўспамiны паэта, магчыма, аб перажытым, а, магчыма, аб толькi прымроеным.

Ёсць у мяне з пяском яшчэ адна асацыяцыя. Нiколi не адмаўляю людзям у просьбе, тым больш, калi просяць дапамагчы ў пахаваннi. За жыццё вельмi шмат разоў давялося быць капачом, так у нас называюць людзей, што капаюць магiлу нябожчыку. Цяпер ужо некалькi разоў у час хаўтур мяне прасiлi несцi крыж. Думаю, гледзячы на мае сiвыя галаву i бараду. Але я пра капанне магiлы. Ад прадзедаў перадалася нам звычка хаваць нябожчыкаў на высокiх грудках (марэны!), там, дзе заўсёды суха. Найчасцей, капаючы чалавеку апошнi прытулак, у нашых мясцiнах сустракаеш сухi, жоўты пясочак. Капачоў заўсёды чатыры. Выкiдаць магiлу, цi як раней казалi, капец хутка. Тут абавязковая чарачка-другая, больш не трэба, бо труну ж яшчэ трэба апускаць. Вось сядзiш на гэтым жоўтым пясочку, пакурваеш. Аб вечным думаецца. Аб тым, што ўсе мы некалi там будзем. Толькi жыццё ёсць жыццё, пакуль мы на гэтым свеце.

Ёсць у беларускай мове, вiдаць, некалькi забытае слова — выдма. Гэта наносны пясчаны пагорак. У Анатоля Вялюгiна:

Зноў i зноў на беражок

топкай выдмаю пясок

вольны вецер сцеле.

Зразумела ж, наша, беларуская, выдма толькi аддалена напамiнае тыя пясчаныя барханы, якiя надзьмувае вецер у паўднёвых частках нашага паўночнага паўшар’я. Непрыступныя раней былi гэтыя мясцiны, сёння, наколькi можна меркаваць па тэлепадарожжах, нават у нечым i прыгожыя. Сам я ў такiх падарожжах не бываў. Ды, пачакайце, у Пiмена ж Панчанкi ёсць вялiкi цыкл вершаў "Iранскi дзённiк". Напiсаны ён у 1944 годзе, але яўна падпраўлены, пераасэнсаваны паэтам значна пазней, i таму вельмi прыгожы, дзе экзотыка Усходу не засланяе ў паэта памяцi аб Радзiме. Але нехта можа спытацца: 44-ы год. Вайна. А паэт у далёкiм Iране. Пiмен Панчанка быў на вайне, працаваў у вайсковых газетах. Але разам з часткаю войскаў Чырвонай Армii апынуўся ў Iране. Памятаеце, што i славутая канферэнцыя кiраўнiкоў трох дзяржаў антыгiтлераўскай каалiцыi ў 1943-м адбывалася ў Тэгеране. Мела тагачаснае савецкае кiраўнiцтва свае iнтарэсы ў гэтым рэгiёне. Дык вось з "Iранскага дзённiка":

Толькi жоўты пясок

неабсяжнай пустынi

Нада мною галосiць

То працяжка, то сiпла.

Толькi жорсткi пясок

агнявая пустыня

Праз вачнiцы мае

усё сыпле i сыпле.

I яшчэ:

Чырвоным засыпаны пылам

Рамантыкi даўняй сляды.

Маскiтаў раi абляпiлi

Айвы залатыя плады.

Дазвольце яшчэ, дзе паэт крыху ўсмiхаецца:

Гартаная песня завязла ў вушах,

Ад пылу зрабiўся я мельнiкам.

Раве, нiбы дрэнны акцёр, мой iшак,

Здзекуецца з пiсьменнiка.

Расказвалi мне многiя "афганцы", удзельнiкi той непапулярнай вайны, што пясок, пыл былi для iх таксама ворагамi. Зразумела, не ў такой ступенi, але i я ў час сваёй тэрмiновай службы сербануў таго пылу на палiгонах былога СССР. I кашу елi, i чай сёрбалi мы з пясочкам.

Ад пяску мы перайшлi да пылу. Ды яны сваякi, толькi пыл — гэта найдрабнейшыя цвёрдыя часцiнкi, паднятыя з паверхнi зямлi ў паветра, асядаюць на паверхнi рэчаў, на чалавеку. У Антона Бялевiча яны i атаясамлiваюцца:

Дык жа снег растаў, — пясок

На шляху пылiцца.

Аж толькi пыл курыць — вельмi хутка пабегчы, пайсцi, паехаць. Думаецца, уцякаючы ад каго-небудзь, цi спяшаючыся куды-небудзь.

— вельмi хутка пабегчы, пайсцi, паехаць. Думаецца, уцякаючы ад каго-небудзь, цi спяшаючыся куды-небудзь.

Пусцiць пыл у вочы — падмануць, абвесцi вакол пальца, гэта робiцца найчасцей перад начальствам.

— падмануць, абвесцi вакол пальца, гэта робiцца найчасцей перад начальствам.

Касмiчны пыл — дробныя цвёрдыя часцiнкi мiжпланетнай i мiжзоркавай прасторы.

— дробныя цвёрдыя часцiнкi мiжпланетнай i мiжзоркавай прасторы.

А можна пра пыл сказаць i вельмi паэтычна. Неяк iндэферэнтна ставiўся да Мiхася Калачынскага. А ёсць жа i ў яго вобразы, якiя запамiнаюцца, адкладваюцца ў памяцi. Вось бачыш пчалу... i ягонае:

У пчалы на ножках

Дзьмухаўцовы пыл.

Узнялася з ношкай,

Ледзь хапiла сiл.

Яшчэ адна асацыяцыя з пылам. Стаяць гарачыя, летнiя днi. Дарожны пясок паступова ператварыўся ў пыл, мяккi, пульхны. Ступаеш па iм басанож — нага правальваецца, ахутваецца гарачынёй i незвычайнай прыязнасцю да твайго цела. Кажуць, як па персiдскiм дывану. Дзе там — тут нашмат прыемней, тут ты адчуваеш, што сама прырода аддае табе сваю дабрыню. Але вось надыходзiць хмара. Неба цямнее, пачынае кранаць твар свежы ветрык. I першыя кроплi дажджу падаюць у гэту пульхнасць. Яны нiбы ўзрываюцца, i тут жа гiнуць. Наступныя кроплi ўжо застаюцца на паверхнi пылу, толькi абвалакваюцца iмi, абдымаюцца. Але дождж гусцее, гусцее — i пыл пераможаны. Ён ператвараецца ў калатунец, гразь, па якой любiць бегаць толькi дзятва...

Ад слова пясок паходзiць i пясочнiца. У яго шмат значэнняў, але найбольш блiзкiм i дарагiм павiнна быць для нас тая скрынка з пяском у дварах, дзе гуляюць дзецi.

Алесь Касцень.

г. Паставы.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З камедыi "Аперацыя "Ы" i iншыя прыгоды Шурыка". Мiлiцыянер, акцёр Уладзiмiр Басаў, пастроiў шарэнгу "сутачнiкаў", арышт
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика