Што памятае гродзенская каланча?
Што памятае гродзенская каланча?
На вуліцы Замкавай можна сустрэцца з клiкуном i камiнарам "Наведвальнiку музея гiсторыi пажарнай службы ў Гродне за мужнасць i вынослiвасць, праяўленыя пры пераадоленнi 120 прыступак да самага верху пажарнай вежы", — спецыяльны сертыфiкат з такiм тэкстам, iлюстрацыяй знакамiтай каланчы па вулiцы Замкавай, 19 i за подпiсам начальнiка Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС Анатоля Бабiя неўзабаве будзе выдавацца кожнаму экскурсанту, якi пройдзе гэтым шляхам. На ўрачыстай цырымонii адкрыцця пасля рэканструкцыi пажарнай аварыйна-выратавальнай часцi № 1 г. Гродна мiнiстр па надзвычайных сiтуацыях Энвер Барыеў перадаў яе калектыву падарунак ад мiнiстэрства — новую аўтацыстэрну. А на другiм паверсе гэтага будынка, дзе размясцiўся музей гiсторыi пажарнай службы Гродзеншчыны, можна ўбачыць iнструментарый, якiм карысталiся нашы продкi. Гiсторыя i сучаснасць — побач. Прычым, аказваецца, у агняборцаў розных эпох шмат агульнага. Старшы iнспектар цэнтра прапаганды i навучання Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС, арганiзатар музейнай экспазiцыi Ірына Качан знаёмiць з экспанатамi. Вось, напрыклад, бочка пажарная, якая дакладна называецца так: двухколая мазолiстай вупражы. А гэта — багры рознай даўжынi, пры дапамозе якiх не толькi расцягвалi завалы з бярвення, але i падавалi ваду ў вёдрах на дах дома. Побач — вёдры: адно, абручнае — для пераносу пяску, а другое, скураное, з гродзенскiм гербам аленя святога Губерта, падчас тушэння пажараў перадавалася з вадой па ланцужку. Пачынаючы з XVIII стагоддзя дзейнiчала, скажам так, дырэктыва, што ў кожным дзясятым доме павiнен быў захоўвацца багор i абавязкова напагатове быць вёдры. Да таго ж, горад падзяляўся на кварталы, у кожнага з якiх быў начальнiк, а ў яго — памочнiкi для нагляду за парадкам, у тым лiку што датычыцца пажараў. I калi здаралася бяда, горад гарэў, то адзiн з iх бег да ратушы, дзе, як правiла, захоўваўся пажарны iнструментарый. Дрэўка багра, да прыкладу, дасягала дванаццацi метраў i з iм маглi абыходзiцца не менш за дзесяць чалавек. У ратушы пачыналi даваць сiгнал трывогi, пасля чаго на барацьбу з агнём заклiкалi званы ўсiх цэркваў i касцёлаў. Над уваходам у музей — арыгiнальны пажарны звон, якi знаходзiўся ў Лiдскiм пажарным дэпо (дарэчы, беспрычынна бiць у яго спрадвеку забаранялася i парушальнiк гэтай традыцыi строга караўся). А побач — копiя фрагмента сцяны Каложскай царквы. Ёсць звесткi, што тут, на Замкавай, яшчэ з XI—XII стагоддзяў iснавала так званая Малая царква, а значыць, гэтае месца, дзе асталявалася пажарная служба горада над Нёманам, асвечанае. I, зразумела, музейная экспазiцыя не магла абысцiся без абраза "Неапальная купiна", якi ўпершыню быў завезены ў Маскву з Сiная i з моманту ўзнiкнення першых добраахвотных, а затым i прафесiйных пажарных камандаў заўсёды быў у iх пакойчыках. З гэтым абразам звязана шмат не толькi легендаў, але i рэальных з’яў: кварталы дамоў, якiя з iм абходзiлi, не гарэлi. — А гэта што за спецыялiст? — цiкаўлюся ў Iрыны Качан. Аказваецца, манекен у цывiльным адзеннi з калатушкай у руках — гэта правобраз чалавека, якi сачыў за станам пячнога ацяплення ў дамах яшчэ да ўзнiкнення пажарных камандаў i называўся клiкуном. Праблема вельмi актуальная i сёння. З 1 кастрычнiка на Гродзеншчыне праводзiцца месячнiк пажарнай бяспекi, падчас якога работнiкi МНС дапамогуць людзям убачыць слабыя месцы ў сваiх дамах. У кожным раёне ёсць спецыялiсты па рамонце печаў, прычым састарэлым, малазабяспечаным грамадзянам гэта робiцца за бюджэтныя сродкi. А тады... Асноўная небяспека заключалася менавiта ў няправiльна складзеных печах, калi комiны не былi на патрэбным узроўнi над дахамi дамоў. I ад iскры — узгаранне, пажар. Таму было ўстаноўлена, што вышыня комiна павiнна складаць локаць, а то i два над дахам. Вось чаму i хадзiў па горадзе клiкун, нагадваючы жыхарам аб iснуючых правiлах, а кагосьцi, мажлiва, i выхоўваючы з дапамогай сваёй калатушкi. Акрамя таго, ён нагадваў, калi трэба патушыць агонь у печы, каб не адбылося ўзгарання. — А вось гэта — камiнар, — Iрына Качан паказвае на манекена ў форменным адзеннi са слядамi сажы на твары i ёршыкам з грузам у руцэ. У 1924 годзе пры Гродзенскiм пажарным дэпо iснаваў аддзел камiнароў з чатырох чалавек i ўсiм неабходным абсталяваннем для чысткi комiнаў, якiя па заяўках насельнiцтва выконвалi гэту работу. Дарэчы, як цяпер у службы МНС ёсць пералiк платных паслуг, так i тады праца камiнара аплачвалася гаспадаром дома. Iрына Качан працягвае свой аповед аб гiсторыi пажарнай службы на Гродзеншчыне. Асаблiва ўражвае дыярама Гродна ў канцы XIX стагоддзя з гукавым i светлавым афармленнем, якая быццам робiць нас сведкамi жудаснага пажару ў 1885 годзе, калi большая частка горада стала папялiшчам. I зусiм невыпадкова побач з дыярамай — партрэт Элiзы Ажэшка. Знакамiтая пiсьменнiца пасля гэтай трагедыi праявiла лепшыя якасцi сапраўднага грамадскага дзеяча: шмат паклапацiлася аб тым, каб дапамагчы пагарэльцам, сабраць грошы на аднаўленне жылля. Дарэчы, наступствы катастрофы 1885 года ўзмацнiлiся тым, што дамы ў сваёй большасцi былi не застрахаваныя ад пажараў, i ўлады, карыстаючыся гэтым, па сутнасцi кiнулi людзей сам-насам з бядой. I ўжо пазней была вельмi сур’ёзна наладжана сiстэма страхавання. Хоць адпаведныя магчымасцi iснавалi i значна раней, пра што сведчыць адзiн з музейных экспанатаў — датаваная 1827 годам шыльда на доме, дзе размяшчалася страхавая процiпажарная кампанiя. Пажар у 1885 годзе, пэўна, паўплываў i на выбар месца для будаўнiцтва пажарнай вежы. Гэты раён па прычыне вельмi скучанай, драўлянай забудовы з’яўляўся асаблiва пажаранебяспечным i менавiта адсюль, з цэнтра горада, было добра бачна, дзе ўзнiкаюць пажары. I для таго каб трымаць сiтуацыю пад кантролем, хутка рэагаваць на вогненныя пагрозы, у 1902 годзе пабудавалi з цэглы пажарную вежу. Праўда, як сведчыць фота ў музейнай экспазiцыi, каланча ў гэтым месцы iснавала i раней, драўляная. З пажарнай каланчой звязаны адзiн з трагiчных i, разам з тым, аптымiстычных эпiзодаў Першай сусветнай вайны i адпаведныя дакументы ў музеi. У 1915 годзе, калi горад гарэў, пажарныя працягвалi рабiць сваю справу. Аднак немцы, убачыўшы на каланчы чалавека ў касцы, палiчылi, што ён перадае сiгналы расiйскiм войскам. Групу пажарных арыштавалi i павялi да Францысканскага касцёла на расстрэл. Аднак за iх уступiўся ксёндз Мельхiёр Фардон, пажарных вызвалiлi. I трэба ж так здарыцца, што ў гэты ж час у горадзе адбылося моцнае ўзгаранне. Каманду, якую ледзь не пазбавiлi жыцця, немцы накiравалi змагацца з агнём i яна вельмi хутка яго патушыла. Вось дзе прафесiяналы былi! Ды i сёння ў Гродзенскiм абласным упраўленнi МНС шмат выдатных спецыялiстаў. Маёр унутранай службы Дзмiтрый Шчаўлiк першым у беларускiм пажарна-выратавальным спорце ўдастоены звання заслужанага майстра спорту. Ён стаяў на п’едэсталах усiх чатырох чэмпiянатаў свету, тройчы першынстваваў у агульнакамандным залiку, нiхто хутчэй за Дзмiтрыя яшчэ не пераадольваў стометровую паласу з перашкодамi (15,48 секунды). А на рахунку капiтана ўнутранай службы Аляксандра Цiшкоўскага — "золата" сёлетняга чэмпiянату свету ў Балгарыi, новы сусветны рэкорд у пад’ёме па штурмавой лесвiцы ў акно чацвёртага паверха вучэбнай вежы (13,12 секунды). Зрэшты, не толькi прафесiйнае майстэрства яднае агняборцаў розных эпох, але i традыцыйна шырокiя культурныя сувязi са сваiм рэгiёнам. Цiкава, што менавiта ў пажарным дэпо па вулiцы Замкавай у 1924 годзе адкрылася першая выстаўка музея прыроды. Вялiкая ўвага надавалася i пажарнаму аркестру, на iнструменты грошай не шкадавалi. Старажылы расказвалi, што амаль кожную суботу пажарныя праходзiлi па горадзе маршам з аркестрам. А ў парку, якi цяпер носiць iмя яго заснавальнiка Жана Эмануэля Жылiбера, ладзiлiся тэатралiзаваныя паказы, даход ад якiх (прадавалiся бiлеты) iшоў на аснашчэнне пажарнай каманды. Тое, што сённяшнiя выратавальнiкi гэтыя традыцыi шануюць, пацвярджаецца не толькi ўдзелам аркестра Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС у самых розных iмпрэзах, але i зацiкаўленасцю да рэканструкцыi гiстарычнага будынка пажарнай часцi i каланчы, арганiзацыi музея. ...Пасля рэканструкцыi франтон будынка пажарнай часцi ўпрыгожыла дэкаратыўнае пано Уладзiмiра Качана з выявай агняборцаў розных эпох (на здымку: аўтар на фоне сваёй работы). А на агляднай пляцоўцы каланчы вас сустрэне вусаты манекен-пажарны ў старадаўнiм абмундзiраваннi, якi ўважлiва назiрае за наваколлем, а таксама ўстаноўлена магутная падзорная труба, каб з гэтай вышынi палюбавацца горадам. Барыс ПРАКОПЧЫК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На вуліцы Замкавай можна сустрэцца з клiкуном i камiнарам "Наведвальнiку музея гiсторыi пажарнай службы ў Гродне за мужнасць i вынослiвасць, пра
|
|