21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Радыенукліды ў накаўце? Як паглядзець...

26.08.2009 10:38 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Радыенукліды ў накаўце? Як паглядзець...

Насуперак Чарнобылю

 

У Гомельскай i Магiлёўскай абласцях, якiя найбольш пацярпелi ад катастрофы на ЧАЭС, згодна з даручэннямi кiраўнiка краiны, былi распрацаваны праграмы пераспецыялiзацыi з мэтай атрымання на радыяцыйна забруджаных землях нарматыўна чыстай прадукцыi. Як яны рэалiзуюцца? Гэтае пытанне абмяркоўвалася на выязным пасяджэннi калегii Дэпартамента па лiквiдацыi вынiкаў на Чарнобыльскай АЭС Мiнiстэрства па надзвычайных сiтуацыях.

 

Наступ

Ёсць у Нараўлянскiм раёне сельскагаспадарчае прадпрыемства "Уладзiмiраўскi—Галоўчыцы". Асноўны накiрунак — малочна-мясны. Яно займаецца таксама вытворчасцю збожжа, кармоў, бульбы, рапсу, гароднiны. Радыенуклiды ў выглядзе цэзiю-137 да пяцi кюры на квадратны кiламетр заселi тут на 171, ад 5 да 10 — на 1937, ад 10 да 15 — на 2040 i ад 15 да 30 — на 639 гектарах. Да катастрофы гэта была моцная гаспадарка, але "мiрны" атам зрабiў сваю справу. Лепшыя кадры перасялiлiся ў iншыя рэгiёны, тэхнiка знасiлася, тэхналогiя састарэла i г.д.

Дайшло да таго, што ўраджайнасць збожжавых упала да 16 цэнтнераў з гектара, надоi — да 2400 лiтраў у год, прывагi буйной рагатай жывёлы — да 370 грамаў у суткi. Адны страты, а не прыбытак ад такой, прабачце, дзейнасцi. Кiраўнiкi гаспадаркi ды i раёна бачылi сумную перспектыву: развал, бездань. І раптам вось такiя метамарфозы: за мiнулы год чысты прыбытак гаспадаркi склаў 603 мiльёны рублёў, а рэнтабельнасць — 36,1 працэнта. Гаспадарка плануе закончыць паспяхова i сёлетнi год. Дык што ж адбылося?

Сiтуацыю карэнным чынам змянiла пераспецыялiзацыя гаспадаркi, — расказвае яе кiраўнiк Уладзiмiр Хлапок. — Яна была распрацавана калектывам Iнстытута радыялогii.

Мы ўпершыню за пасляаварыйны перыяд адчулi дапамогу i клопат з боку дзяржавы, бо раней лiчылася, што ў зоне адсялення (дарэчы, дзе людзi засталiся жыць) немэтазгодна займацца будаўнiцтвам, рэканструкцыяй жывёлагадоўчых i iншых збудаванняў...

Праграма пераспецыялiзацыi гаспадаркi была распрацавана ў 2005 годзе, i ў раслiнаводстве яна змяняла структуру пасяўных плошчаў з тым, каб вырашаць праблему атрымання "чыстай" прадукцыi. А ў жывёлагадоўлi было рэкамендавана ўвесь малочны статак кароў перавесцi на беспрывязнае ўтрыманне, даенне — у спецыяльных залах, круглагадовае аднатыпнае кармленне жывёлы i г.д.

Дарэчы, была закуплена жывёла больш прадуктыўная, з’явiлiся кадры спецыялiстаў, пачалася рэканструкцыя кароўнiкаў. Статак у 160 галоў замест 14 чалавек цяпер абслугоўваюць чатыры. Рэканструкцыя таго кароўнiка абышлася ў 200 мiльёнаў рублёў. А затым з’явiлася задума пабудаваць новы кароўнiк на 180 галоў з самай сучаснай тэхналогiяй даення i ўтрымання жывёлы. Яна абышлася ў паўмiльярда рублёў, 75 мiльёнаў з якiх было выдзелена па праграме пераспецыялiзацыi.

У гаспадарцы iдуць далей, нацэлiўшыся на наступны аб’ект — рэканструкцыю адкормачнiка пад кароўнiк, якi аказаўся, на жаль, даўгабудам з-за недахопу грошай. На заканчэнне работ патрэбна 2,5 мiльярда рублёў. Частка iх выдзелена з абласнога бюджэту, але гэтага мала, i трэба шукаць дадатковыя крынiцы. Калi аб’ект уступiць у строй, пагалоўе кароў павялiчыцца ўдвая, i будзе дасягнуты значны прырост валавой прадукцыi, умацуецца эканомiка гаспадаркi.

Сёлета ўраджайнасць збожжавых склала 30 цэнтнераў з гектара, бульбы — 250, агароднiны — 300 цэнтнераў. Трэцi год запар надоi дасягаюць 5 тысяч лiтраў у год ад каровы. Сутачныя прывагi буйной рагатай жывёлы — 700 грамаў, свiней — 400. У гэтым годзе стварылi двухгадовы запас кармоў, пачалi гарантавана атрымлiваць нарматыўна чыстую прадукцыю, i, што вельмi важна, настрой у людзей катэгарычна змянiўся. Яны вераць у будучыню, бачаць перспектыву.

Як адзначыў на пасяджэннi калегii намеснiк начальнiка Дэпартамента Мiкалай Цыбулька, складанасць вырашэння праблемы атрымання нарматыўна чыстай прадукцыi ў гэтай групе крытычных гаспадарак патрабавала куды большых фiнансавых выдаткаў у параўнаннi з тымi сельгасарганiзацыямi, дзе прымяняюцца традыцыйныя ахоўныя меры. На аграхiмiчныя i агратэхнiчныя, напрыклад, мерапрыемствы адной гаспадаркi, дзе ажыццяўляецца пераспецыялiзацыя, за пяць апошнiх гадоў было выдзелена 2,2 мiльярда рублёў — у тры разы больш, чым вышэйпамянёным КСУПам i СВК. Пры гэтым характэрная заканамернасць: удзельная вага затрат на рэалiзацыю праграм пастаянна ўзрастае. Калi ў першыя гады на пераспецыялiзацыю выдзялялася прыблiзна 13—17 працэнтаў ад усiх сродкаў, што накiроўвалiся на ахоўныя мерапрыемствы, то ў апошнiя — каля 40 працэнтаў.

На сёння на рэалiзацыю праграм выдзелена 101,3 мiльярда рублёў (Гомельшчыне — 75,8, Магiлёўшчыне — 25,5 млрд). Праблемныя гаспадаркi атрымалi 1313 адзiнак тэхнiкi, 3647 галоў буйной рагатай жывёлы, 320 пародзiстых свiней, заяўленую колькасць гербiцыдаў i элiтнага насення. Была забяспечана рэканструкцыя 76 жывёлагадоўчых фермаў i iншых аб’ектаў. Адным словам, заданнi праграм 2002—2007 гадоў па фiнансаваннi i пастаўцы матэрыяльна-тэхнiчных рэсурсаў былi выкананы.

Так, укладзеныя ў перапрафiляванне iнвестыцыi даюць свой вынiк: пераспецыялiзацыя стварыла ўмовы для ўстойлiвага знiжэння ўтрымання радыенуклiдаў у сельскагаспадарчай прадукцыi. Вось канкрэтныя факты. Калi ў 2001—2002 гадах на Гомельшчыне i Магiлёўшчыне надойвалася малака з перавышэннем дапушчальнага ўзроўню па радыяцэзiю ў колькасцi 1170—1190 тон, дык у 2007-м — 145. У восем разоў меней! I яшчэ. У пераспецыялiзаваных гаспадарках усё атрыманае летась малако адпавядала нарматыўным патрабаванням, у той час як у 2005-м так званага бруднага яго было атрымана 232 тоны. Дапушчальным узроўням утрымання цэзiю-137 i стронцыю-90 адпавядалi мяса i бульба.

Сёння на Магiлёўшчыне ўсё вырашчанае збожжа прыдатнае па ўтрыманнi стронцыю для харчовых мэтаў. На Гомельшчыне для вырашэння ўказанай праблемы выбрана тэхналогiя перапрацоўкi збожжа на спiрт.

Кантрасты

А што ж з вытворча-эканамiчнай дзейнасцю гаспадарак, дзе робiцца пераспецыялiзацыя? На Магiлёўшчыне ў цэлым да 2005 года значна павялiчылiся ўраджайнасць i валавая вытворчасць збожжавых культур. Гэты поспех быў забяспечаны i ў 2007—2008 гадах. Тое ж самае i ў жывёлагадоўлi. У чатырох з пяцi гаспадарак, дзе маецца малочны статак, надоi перавысiлi 4000 кiлаграмаў. У сярэднiм на 24,6 працэнта ва ўсiх гаспадарках назiраецца прырост прываг маладняку буйной рагатай жывёлы, i яны сталi ўстойлiва рэнтабельнымi.

Вынiкi на Гомельшчыне больш сцiплыя, бо не ўсюды выдзеленыя дзяржавай рэсурсы былi падмацаваныя вынiкамi. Напрыклад, толькi ў 8 з 13 пераспецыялiзаваных у 2002—2005 гадах гаспадарак былi атрыманы надоi, якiя адпавядалi праграмам. У 2007 годзе з 10 гаспадарак Брагiнскага раёна толькi ў шасцi павялiчылiся прывагi буйной рагатай жывёлы. I гэтак далей.

Летась мясакамбiнаты вярнулi Веткаўскаму аграсэрвiсу, РСУП "Дружба" таго ж раёна, КСУП "Чырвонае" i СВК "Брагiнка" 35, 28, 22 i 20 галоў буйной рагатай жывёлы адпаведна, па той прычыне, што ў ёй было зафiксавана перавышэнне дапушчальнага ўзроўню па радыецэзiю. "Вызначылiся" КСУП "Судкова" Хойнiцкага i СВК "Брагiнка" Брагiнскага раёнаў, у 112,5 i 32 тонах малака якiх "купаўся" той самы цэзiй-137. Летась 320 тон бульбы гаспадарак вобласцi не адпавядалi РДУ-99 (рэспублiканскiм дапушчальным узроўням), хоць тры папярэднiя гады ўся выкапаная бульба была нарматыўна чыстай. Калi ў 2001—2004 гадах у вобласцi збiралася 25—30 тысяч тон забруджанага збожжа, дык пасля — 43—50 тысяч тон. I гэта пры той умове, што шэраг гаспадарак Брагiнскага, Нараўлянскага i Хойнiцкага раёнаў былi пераспецыялiзаваныя на вытворчасць рапсу, бульбы i насенняводства збожжавых культур i шматгадовых траў, пад што былi адпушчаны неабходныя фiнансавыя сродкi.

Асаблiвую ж трывогу выклiкае сiтуацыя ў КСУП "Чырвоны баец" Нараўлянскага раёна. Калi ў 2003—2005 гадах пагалоўе свiней вырасла з 1600 да 5000, дык летась замест таго, каб мець iх згодна з праграмай — 6000, колькасць пагалоўя знiзiлася да 3045. I гэта пры тым, што гаспадарка ўзбуйнiлася. Нiзкi ўзровень па рэканструкцыi i ўводзе ў дзеянне спiртзавода ў КСУП "Стралiчава" Хойнiцкага раёна, дзе ўстаноўлена абсталяванне, не забяспечвае яго належную работу i тым самым — прыбытак.

Дыму без агню не бывае

Як бачна, з аднаго боку, пераспецыялiзацыя найбольш праблемных гаспадарак "чарнобыльскай зоны" з’явiлася для iх выратавальным кругам, якi дапамог iм выжыць. З другога ж, узнiкае законнае пытанне: калi i ў iнстытуце радыялогii, i ў Мiнсельгасхарчы, i ў Камчарнобылi, i ў Нацыянальнай акадэмii навук, i ў аблвыканкамах ухвалiлi праграму пераспецыялiзацыi, прызналi яе правiльным накiрункам у павышэннi эфектыўнасцi вытворчасцi сельгаспрадукцыi, дык адкуль жа бяруць каранi вышэйапiсаныя недахопы (дарэчы, яны ў гэтым артыкуле пералiчаны далёка не ўсе)? Чаму поспехi ў пераспецыялiзацыi ранейшых гадоў былi больш адчувальнымi, а ў наступныя з’явiлiся тармазы?

На калегii прычыны гэтыя былi дэталёва прааналiзаваныя. Адна з iх (бадай што самая галоўная) у незабяспечанасцi гаспадарак кадрамi неабходнай квалiфiкацыi. Недахоп iх адчуваецца востра i па сёння. Пры гэтым недастаткова выкарыстоўваецца i патэнцыял iнстытута радыялогii i яго фiлiяла для павышэння квалiфiкацыi тэхнолагаў сельскагаспадарчай вытворчасцi.

Дарэчы, дзе-нiдзе не выконваюцца рэкамендацыi яго супрацоўнiкаў i па ўнясеннi мiнеральных угнаенняў i арганiкi, i па збалансаванасцi кармоў для жывёлы, i па перазалужэннi пашавых угоддзяў, i па iншых патрабаваннях.

Значная колькасць гаспадарак пасля правядзення ў iх праграм пераспецыялiзацыi былi рэарганiзаваныя без кансультацый з распрацоўшчыкамi i iнвестарамi праграм, i тым самым былi створаны дадатковыя цяжкасцi. У пагонi за атрыманнем "хуткiх грошай" за здадзенае малако ў некаторых гаспадарках пайшлi на згортванне мясной жывёлагадоўлi, якая была вызначана праграмамi пераспецыялiзацыi, i гэта можа прывесцi (а дзе-нiдзе ўжо, напэўна, i прывяло) да атрымання малака з перавышэннем нарматываў.

Для канчатковага вырашэння пераспецыялiзацыi гаспадарак, гаварылася на калегii, выдзялялася недастаткова сродкаў. Намеснiк старшынi Нараўлянскага райвыканкама Мiкалай Сафроненка, напрыклад, пытаўся, цi магчыма зрабiць рэканструкцыю жывёлагадоўчага памяшкання за сто мiльёнаў рублёў? I чаму перспектыўны план развiцця СВК "Чырвоны баец", прапанаваны распрацоўшчыкамi ўкласцi ў яго 7,5 мiльярда рублёў, каб стварыць неабходную кармавую базу з перспектывай нарошчвання пагалоўя свiней да 12 тысяч, застаўся на паперы? Бо ў яго ў рамках пераспецыялiзацыi было ўкладзена толькi каля 3 млрд рублёў. Аб падобнай сiтуацыi гаварылi i першы намеснiк старшынi Быхаўскага райвыканкама Алег Грудаў, i iншыя выступоўцы.

Вельмi многае залежыць ад кiраўнiкоў гаспадарак. Многiя з iх не ўмеюць належным чынам распарадзiцца выдзеленымi сродкамi i рэсурсамi, размеркаваць iх з тым, каб атрымаць найбольшую аддачу, працаваць на перспектыву.

Уладзiмiр ПЕРНIКАЎ.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Гомельскай i Магiлёўскай абласцях, якiя найбольш пацярпелi ад катастрофы на ЧАЭС, згодна з даручэннямi кiраўнiка краiны, былi распрацаваны праграмы
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика