І канваяванне грузу на мяжу, i парадак на плошчы Цырыманiялаў
І канваяванне грузу на мяжу, i парадак на плошчы Цырыманiялаў
Пра буднi i святы службы i яе людзей сённяшняя размова з начальнiкам Брэсцкага абласнога упраўлення Дэпартамента аховы МУС Беларусi Аркадзем Касцючыкам. — Аркадзь Сцяпанавiч, зайшоўшы ў памяшканне ўпраўлення, адразу звярнула ўвагу, што стэнд са спартыўнымi i iншымi ўзнагародамi распасцiраецца на ўсю сцяну. Выходзiць, шмат спартсменаў, артыстаў са зброяй у руках нясуць вахту па ахове асабiстай, калектыўнай, дзяржаўнай уласнасцi i грамадскага парадку... — Узнагароды сведчаць яшчэ аб перамогах на конкурсах прафесiйнага майстэрства. Сёлета, напрыклад, наша каманда стала першай на 8-м мiжнародным конкурсе прафесiйнага майстэрства сярод дзесяцi камандаў. I ў мастацкай самадзейнасцi мы выглядаем не горш. Летась з рэспублiканскага агляду прывезлi першы прыз, а сёлета — другi. Але, сапраўды, найбольш узнагарод — вось гэтых прыгожых кубкаў, прывозяць са спаборнiцтваў супрацоўнiкi "Аховы", якiя займаюцца спортам на аматарскай або паўпрафесiйнай аснове. У нас служаць майстры спорту мiжнароднага класа, чэмпiёны па рукапашным боi, па лёгкай атлетыцы, ёсць нават удзельнiкi Алiмпiйскiх гульняў. Першыя, што прыходзяць на памяць прозвiшчы — Сафановiч, Троцкi, Федзюкоў, Байдук, Чырук, Слядкоў, Цямчык, — i гэта далёка не поўны пералiк нашых найлепшых спартсменаў. Вядома, мы ганарымся сваiмi калегамi, усебакова развiтымi людзьмi, якiя i заспяваць хораша ўмеюць, i спартыўны рэкорд паставiць. У абласным упраўленнi мы не толькi збiраем прыгожыя ўзнагароды, вядзём статыстыку перамог на конкурсах i спаборнiцтвах, але i робiм многае для таго самага ўсебаковага развiцця, прафесiйнай адукацыi, фiзiчнага ўдасканалення. У памяшканнi абласной службы ёсць сучасныя спартыўная i трэнажорная залы, калi патрэбна, арандуем басейн. Такiя ж умовы стараемся ствараць у падраздзяленнях. Сiстэма прафесiйнага навучання i падрыхтоўкi даўно адпрацаваная, i як бачна, дае свае вынiкi. Лiчу, што дасягнутыя поспехi ў нейкай ступенi i заканамерныя, i лагiчныя. — Як i поспехi ў службе? — Сапраўды так. Вiдаць, поспехам можна лiчыць i той факт, што нi сёлета, нi летась з 16 тысяч аб’ектаў, якiя мы ахоўваем, не здзейснена нiводнага крадзяжу. Ужо з пачатку гэтага года было ажыццёўлена 114 спробаў пажывiцца, але супрацоўнiкi аховы крадзяжы папярэдзiлi. У 75 выпадках зламыснiкi затрыманы, яны адкажуць у адпаведнасцi з законам. I ўсё болей людзей прыходзiць да высновы, што карыстацца нашымi паслугамi ў справе захавання сваёй маёмасцi, выгадна. Гэта датычыцца i ўласнага жылля. Цяпер абаненцкая плата за ахову кватэры ў агульным шэрагу камунальных i iншых плацяжоў выглядае даволi сцiпла. А чалавек заўсёды можа быць спакойны, нават калi трэба ад’ехаць у iншы горад. Эфектыўна працуе старая добрая "Алеся", распрацаваная, дарэчы, упершыню брэсцкiмi спецыялiстамi. Названая аўтаматычная сiстэма ахоўнай сiгналiзацыi цяпер надзейна служыць ва ўсiх абласцях краiны i ў блiзкiм замежжы. А наша тэхнiчнае падраздзяленне распрацоўвае асобныя элементы ўдакладнення сiстэмы. — Ахову якiх аб’ектаў вы назвалi б асаблiвай цi спецыфiчнай? — Апошнiя паняццi крыху адрознiваюцца памiж сабой. Асаблiвай можна назваць ахову тых устаноў, якiя афiцыйна прызнаныя асаблiва важнымi. Гэта найперш банкi, аб’екты забеспячэння электраэнергiяй, газам, вадой, выбухова- i пажаранебяспечныя аб’екты, установы з вялiкiмi каштоўнасцямi, такiя, як, скажам, музеi. Зразумела, што на iх вядзецца ўзмоцненая ахова. А вось спецыфiчным аб’ектам я назваў бы Брэсцкую крэпасць. На тэрыторыi мемарыяльнага комплексу нашым супрацоўнiкам увесь час даводзiцца сутыкацца з нестандартнымi сiтуацыямi, зыходзячы з якiх прымаць рашэнне на месцы. Бывалi выпадкi, калi трэба было прымаць меры для бяспекi людзей, бо раптам аднекуль "вылазiлi" астаткi мiнулай вайны ў выглядзе снарадаў цi iншых боепрыпасаў. А затрымлiваць усялякага роду хулiганаў выпадае даволi часта. Не ўсе ж, на вялiкi жаль, едуць цi iдуць паглядзець на цытадэль як славутасць. Асобныя iндывiдуумы спрабуюць намаляваць на манументах i скульптурах свастыку. Былi аматары пасмажыць рыбу на Вечным агнi. Здараюцца i такiя агiдныя правапарушэннi, якiя на мове пратакола называюць хулiганскiмi дзеяннямi ў дачыненнi да старшакласнiкаў з Паста №1. Усiх гэтых аматараў "экстрэмальных" паводзiнаў на тэрыторыi мемарыяльнага комплексу затрымлiвалi нашы мiлiцыянеры. — Вiдаць, ёсць сэнс сказаць i пра асаблiвасцi службы, звязаныя з мяжой. — Мяжа для нас — гэта перш за ўсё канваяванне каштоўных грузаў. Сёлета, напрыклад, мы ажыццявiлi суправаджэнне 15 179 адзiнак транспарту з грузам. Гэта сотнi кiламетраў бяспекi тавараў на сотнi мiльёнаў долараў. З кожным годам усё болей перавозчыкаў аддаюць перавагу нашаму ваенiзаванаму ўзводу суправаджэння. Па жаданнi заказчыка мы вядзём яго ад мяжы, напрыклад, Расiйскай Федэрацыi да мяжы з Польшчай або Украiнай i наадварот. I перавозчыкi ацанiлi перавагi такой формы аховы перад грамадзянскай. — Буднi вашай службы — гэта не толькi ахова кватэр, прадпрыемстваў, устаноў, розных аб’ектаў, гэта ахова грамадскага парадку. — Так, у 17 падраздзяленнях абласнога ўпраўлення штодня заступае на службу больш за 70 груп затрымання. Гэтыя групы, па сутнасцi, адзiныя мiлiцэйскiя нарады, якiя вядуць патруляванне ў начны час. Населеныя пункты падзелены на зоны адказнасцi для названых груп. Яны на працягу некалькiх хвiлiн прыбываюць на месца па выклiку трывожнай кнопкi або супрацоўкi сiгналiзацыi. Група затрымання рэагуе таксама на любыя праяўленнi хулiганства, злачыннасцi або яўнага парушэння правапарадку. Тут мы працуем у поўным кантакце з органамi ўнутраных спраў гарадоў i раёнаў. — I ў сямейныя скандалы ўмешваецца група затрымання? — Сямейныя скандалы — гэта работа ўчастковага iнспектара. Але здараецца ўсялякае. I калi ў мiлiцыю, скажам, ноччу тэлефануюць, што п’яны дэбашыр крыўдзiць, б’е сваiх сямейнiкаў, то нарады, якiя знаходзяцца паблiзу, умешваюцца i парадак усталёўваюць. Часта ў зводках аператыўнай iнфармацыi можна прачытаць, да прыкладу: "Злодзей, што выхапiў сумачку з рук жанчыны, затрыманы па гарачых слядах". Часцей за ўсё гэта работа груп затрымання. Нярэдка яны дзейнiчаюць пры дапамозе службова-пошукавых сабак. — У сабачы гадавальнiк вашай службы, наколькi я ведаю, экскурсii водзяць. — Найбольш цiкавяцца сабакамi дзецi-школьнiкi. Ну мы i не адмаўляем, супрацоўнiкi гадавальнiка праводзяць экскурсii, расказваюць пра асаблiвасцi ўтрымання, дрэсiроўкi чатырохногiх памочнiкаў. Гадавальнiк па вулiцы Янкi Купалы служыць яшчэ метадычным, навучальным цэнтрам. Тут знаходзiцца паўтары сотнi сабак, з iмi працуюць вопытныя мiлiцыянеры-кiнолагi. I супрацоўнiкi з усiх раёнаў, усiх падраздзяленняў праходзяць стажыроўку па рабоце са службова-пошукавымi сабакамi ў абласным цэнтры. Святлана ЯСКЕВIЧ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пра буднi i святы службы i яе людзей сённяшняя размова з начальнiкам Брэсцкага абласнога упраўлення Дэпартамента аховы МУС Беларусi Аркадзем Касцючыка |
|