Лён
Лён
Сёлета я падзiвiўся: напроцi ганка вырас i нават расцвiў лён. Проста памiж бетанаванай дарожкай i плотам, ля якога прымасцiлiся вiшнi, на вузкай палосцы зямлi падняўся, потым засвяцiлiся яго галоўкi. Няшмат, калiў некалькi дзясяткаў. Але адкуль узялiся яны тут? Адказ знайшоўся. Мацi для прыгатавання лекаў запарвае льняное насенне. Вось i трапiла некалькi дробненькiх зярнятак выпадкова на зямлю. А далей ужо жыццёвая сiла iх уздымала. Лён займаў раней у жыццi селянiна-беларуса надзвычай важнае месца. Ён не толькi даваў матэрыял для пашыву адзення, iншых гаспадарчых патрэбаў, але з насення яго цiснулi алей, бо не было тады ва ўжытку нi сланечнiкавага, нi — тым больш — алiўкавага. А кастра пасля апрацоўкi лёну iшла на будаўнiчыя патрэбы, на ацяпленне. Яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя лён у Беларусi сеялi паўсюдна. Але асаблiва вызначалiся Вiцебшчына i Смаленшчына, дзе яго высявалi не толькi для сваiх патрэбаў, але i значную частку на продаж. Па статыстыцы ў Беларусi лён у севазвароце на 1000 десяцiн (дзесяцiна — крыху больш гектара) высяваўся ў 40 разоў больш, чым у суседняй Прусii з падобным клiматам. Лён вельмi спустошвае зямлю, але ж i без яго не абысцiся. Таму ў народнай паэзii яму аддаецца належная данiна. З народнага: Ой, зялён мой лён, зялён, Ды пры мяжы стоячы, Ды пры мяжы стоячы, Галоўкамi звонячы. — Не дадуць даспялiцi, Галоўкамi пазванiцi. — Ой, бяда мая, бяда, Што я ў мамачкi адна. Не дадуць дасядзецi, Касiцы дарасцiцi, Касiцы дарасцiцi, Кубялца налажыцi. Не вельмi вясёлая песня. Дзяўчына параўноўвае свой лёс ранняй выданнiцы з лёнам, якi не даспеў пры мяжы. Дарэчы, а ў куфар будучая маладая накладвала пасаг з чаго? Ды з таго ж лёну. Iснуе i старадаўнi карагод "Лянок". У карагодзе, стаўшы кругам, iмiтавалi рухi пры сяўбе, уборцы, апрацоўцы лёну. Салiстка спявала, а астатнiя падпявалi. На Вiцебшчыне, напрыклад, спявалася: Ох, я сеяла, сеяла лён. Я сеяла, прагаворвала, Чобатамi прыкалачывала: Ты ўдайся, удайся мой лён, Ты ўдайся мой беленькi... У савецкiя часы Беларусь стала сапраўды льнаводчай рэспублiкай, займала ў гэтай галiне перадавыя пазiцыi. Адпаведна i беларускiя лiтаратары, асаблiва паэты, апявалi лён, працу на льняных палетках. У Янкi Купалы, у яго "Ляўкоўскiм цыкле" ёсць вялiкi верш "Лён". Гэта ўжо пра калгасную вёску. Дзяўчына падрабязна расказвае аб працы з гэтай культурай. Каб не было так тэхналагiчна-сумнавата, паэт уводзiць у верш i калгаснага брыгадзiра, якi закаханы ў дзяўчыну. Завяршаецца верш iдылiчна: Змяла ў мяльнiцы я лён, Атрапала лён траплом, - Засвяцiў, як цудны сон, Лён шаўковым валакном. Промень ясны загуляў Па страсе i па сцяне... Хату новую стаўляў Брыгадзiр мой для мяне. Ой, лянок, лянок мой чысты, Валакнiсты, залацiсты! А ў Пiмена Панчанкi паэтычна: Я iду... Рассцiлаюць дзяўчаты iльны — Нiбы гацi пракладваюць простыя. У свеце iснуе вельмi шмат вiдаў дзiкарослага лёну. Для чалавека, безумоўна, значэнне мае культурны лён — Linum usitаtissimum. Мы, беларусы, прызвычаiлiся называць лён даўгунцом. Iльняное валакно iдзе на выраб палатна, брызенту, парусiны. Яно мацнейшае за баваўнянае i шарсцяное валакно, устойлiвае да гнiення. Увогуле ж iльняное валакно дзелiцца на вiды. Кудзеля, або кужаль, падрыхтаваная для прадзення, вызначаецца даўжынёй, якасцю апрацоўкi. Другi вiд, пакулле — грубае, кароткае валакно, непрыдатнае для апрацоўкi на палатно. З яго робяць вяроўкi, шпагат. Раней алей з iльну выкарыстоўвалi выключна для ежы, сёння — на тэхнiчныя мэты. А макуха — жамерыны з насення — каштоўны корм для жывёлы. Кастра, або кастрыца, iдзе на выраб паперы, кастраплiт, тэрмаiзаляцыйных матэрыялаў. Цяпер пры будаўнiцтве жылля, iншых памяшканняў нават прыватныя, як цяпер мы кажам, фiзiчныя асобы выкарыстоўваюць сучасныя тэхналогii, пра матэрыялы ўжо i гаварыць не трэба. А яшчэ трыццаць гадоў назад, будуючы з бацькам лазню, мы не маглi абысцiся без iльнозавода. Iмшыць сцены не сталi, ды i мху таго знайсцi няпроста, замест яго выкарысталi пакулле, якое тады на заводзе выпiсвалi. А на гарышча лазнi насыпалi кастры таксама з iльнозавода. Па сённяшнiх мерках пажаранебяспечна, патрэбны тут керамзiт. Але ў тыя гады такая практыка была нармальнай. Увогуле ж, пра лён маю нейкае ўнутранае права пiсаць, бо знаёмы з iм не толькi па натуральным адзеннi, пасцельнай бялiзне. Так атрымалася, што ўпершыню на ўборку лёну трапiў яшчэ пяцiкласнiкам. Тады яшчэ лён церабiлi (вырывалi) рукамi. Не такая i складаная гэта справа. Але фiзiчна цяжкая, асаблiва для школьнiка. Калi прыехалi на поле, брыгадзiрка аб’явiла, што за сотку выцерабленага i пасцеленага льну аплата — тры рублi. Мы, пацаны, што ўвязалiся за дарослымi, узрадавалiся: вось як! Што тую сотку 10 на 10 метраў вырваць. А тры рублi — грошы. Толькi не атрымалася нам вырваць у той дзень па сотцы. Спёка, трэба стаяць нагнуўшыся, захоплiваць калючыя сцёблы льну голай рукою, пальчатак тады не ведалi. А пасля заканчэння сярэдняй школы мы, некалькi аднакласнiкаў, пайшлi працаваць на Пастаўскi льнозавод. Спачатку, восенню, укладвалi льняныя снапы ў торпы. А ў зiмовы час з гэтых торп вазiлi снапы ў сыравiнны цэх прадпрыемства. Потым мне i яшчэ аднаму аднакласнiку быў аказаны давер перайсцi працаваць на прэсавальны агрэгат. Кудзелю прэсаваць нам не даверылi, а вось горшае валакно — пакулле — прэсавалi паспяхова. Завод тады працаваў у тры змены. Сыравiны не бракавала i была яна запатрабаваная, найперш на Аршанскiм льнокамбiнаце. Восем гадзiн пацягаць пакулле да прэса, а гатовыя цюкi на склад — хапала ж высiлкаў. Ды i пыл у гэтай вытворчасцi вельмi спецыфiчны, лезе ў горла, нос, вушы. Пасля змены без душавой не абысцiся. Малако нам за шкоднасць давалi недарэмна. А ўжо пасля армейскай службы, калi працаваў у раённай газеце, па разнарадцы, а то i па ўласным жаданнi, дзеля заробкаў, шмат давялося паездзiць у калгасы на ўборку лёну. Тады ўжо яго церабiлi i рассцiлалi па сцелiшчах машынамi. А вось узняць трасту са сцелiшчаў i паставiць у конусы для прасушкi, потым навязаць снапы, загрузiць у трактар, а на льнозаводзе разгрузiць — справа памочнiкаў з горада. Пачыналася такая праца, як толькi на полi шарэла, а заканчвалася на льнозаводзе часам i апоўначы. Але адпаведнымi, вельмi высокiмi былi i заробкi. Тады i напiсалася пра лён: Спачатку ён на сцелiшчы сцямнее, Дажджом набракне, шэраю расою. Спачатку ён пад мулкаю машынай Кастрой i пылам пыхкае ў людзей. I толькi потым з вышытай сарочкi Блакiтнаю валошкаю ўсмiхнецца. Мы ведаем пра ўсё, прагрэсу дзецi, А хочам знаць? Цi кветку, Цi кашулю... Сёння ўжо i ўздым трасты са сцелiшчаў механiзаваны, скручваюць яе ў вялiкiя рулоны, дастаўляюць на льнозавод, там механiзмы раскручваюць. Ды толькi менш сталi вырошчваць iльну на Пастаўшчыне, як i ўвогуле на Вiцебшчыне. Вялiкiя праблемы ў Аршанскага льнокамбiната. Увогуле, уся галiна льнаводства патрабуе больш увагi i рэформ. Трэба сказаць, што кужалем альбо льняным палатном людзi спакон веку гаiлi свае раны, лячылi хваробы. Тады проста не было антысэптыкаў цi бiнтоў у iх сучасным разуменнi. А нядаўна сябар выпрасiў апошнi скрутак яшчэ мацi сатканага, адбеленага палатна (палатно адбельвалi, сцелячы яго на траве, пад расу). Аказваецца, у нейкай вельмi разумнай кнiзе ён вычытаў эфектыўнае лячэнне ад некаторых хваробаў: намачыць такое палатно спецыяльнымi настоямi траў i абкруцiцца iм, накшталт егiпецкiх фараонаў у час iх мумiзацыi. Магчыма, i так, але ў дабрыню, цеплыню, натуральную мяккасць iльнянога палатна верылi i будзем верыць. Так што лён жыве. Алесь Касцень. г. Паставы.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёлета я падзiвiўся: напроцi ганка вырас i нават расцвiў лён. Проста памiж бетанаванай дарожкай i плотам, ля якога прымасцiлiся вiшнi, на вузкай палос
|
|