Новая эканомiка — новыя падыходы
Новая эканомiка — новыя падыходы
Незалежная экспертыза Леаніда Заiкi
Аб асаблiвасцях развiцця эканомiкi краiны ў 2009 годзе i першачарговых захадах, на якiх сёлета прыйдзецца засяродзiцца, каб пераадолець уздзеянне глабальнага крызiсу, наш карэспандэнт гутарыць з незалежным беларускiм эканамiстам, кiраўнiком аналiтычнага цэнтра "Стратэгiя" Л.Ф. Заiкам. — Стыхiю эканамiчнага крызiсу мы яшчэ не адчулi на сабе ў поўнай меры i вельмi хочацца спадзявацца, што ён закране нас па мiнiмуму. Аднак яго верагодныя наступствы сёння i самая актуальная, i самая абмяркоўваемая ў грамадстве тэма. Дык што, Леанiд Фёдаравiч, давайце i мы працягнем яе абмеркаванне. — Размовы аб пераадоленнi крызiсу — гэта добра. Вельмi правiльна, што не маўчым. Сёння мы павiнны як нiколi быць згуртаванымi i аб’яднанымi, каб паспяхова перажыць даволi складаны перыяд пад назвай сусветны крызiс. Цяпер важна быць аптымiстам. У маiм разуменнi гэта не той, хто проста верыць у лепшае, спадзяецца на ўдалы збег абставiнаў, а той, хто справай наблiжае гэта лепшае. Каб эфектыўна супрацьстаяць крызiсу, неабходна аб’яднанне усiх магчымасцяў i рэсурсаў краiны: матэрыяльных, фiнансавых, iнтэлектуальных. Сiтуацыя складваецца такiм чынам, што Беларусi сёлета давядзецца адказваць на вялiкае кола выклiкаў цi прасцей кажучы, вырашаць складаныя праблемы, у тым лiку i тыя, якiя нечакана прыйшлi звонку. Іх разам з хатнiмi праблемамi назбiралася даволi шмат. I тут, на мой погляд, не трэба хапацца за ўсё адразу, а вычленiць тыя, якiя з’яўляюцца галоўнымi, сiстэмнымi. Iх комплекснае вырашэнне i было б тым канструктыўным адказам на наспелыя сацыяльныя i эканамiчныя праблемы. — Дык што, 2009 год нам рыхтуе i якi ўвогуле прагноз развiцця эканомiкi планеты на найблiжэйшую перспектыву? — Сусветная эканомiка знаходзiцца цяпер у складаным становiшчы. Многiя развiтыя краiны ў рэцэсii або ўжо ўступiлi нават у стадыю стагнацыi. Нагадаю, у цэнтры крызiсу амерыканская фiнансавая сiстэма. Непрадуманыя, рызыкоўныя i нават авантурна-злачынныя iнавацыi ў iпатэцы (у першую чаргу нiзкiя працэнтныя стаўкi для ўсiх, хто пажадае) зрабiлi танныя крэдыты на жыллё вельмi прывабнымi i лёгка дасягальнымi для насельнiцтва ЗША. Але летась велiзарны крэдытны "пупыр" на сотнi мiльярдаў долараў лопнуў, выбухнула iпатэчная катастрофа. Фiнансавы крызiс пачаўся ў будаўнiцтве, бо галiну перасталi крэдытаваць банкi, а далей эканомiка ЗША паехала ўнiз. Увогуле прагноз развiцця сусветнай эканомiкi на 2009 год несуцяшальны. Мiжнародны валютны фонд (МВФ) прадказвае запаволенне эканомiкi ў развiтых краiнах. Рост эканомiкi ў еўразоне таксама знiзiцца як мiнiмум на 0,5 працэнта. Прагназуецца знiжэнне тэмпаў эканамiчнага росту i ў развiтых азiяцкiх краiнах. МВФ таксама рэзка пагоршыў прагноз стану амерыканскай эканомiкi на 2009 год. Яе рост знiзiцца амаль да нуля. Хоць усё можа быць яшчэ i горш. — I якiя, на ваш погляд, для Беларусi аптымальныя шляхi выхаду з цяперашняй складанай сiтуацыi? — Галоўнае для нас — паспець за развiццём эканомiкi свету, каб з часам не апынуцца ў вымушанай самаiзаляцыi. Невыпадкова дзяржаўная машына i бiзнэс ужо не першы месяц працуюць з новым паскарэннем i ў новым рэжыме. I не дзiўна. Крызiс прымушае нас хутчэй думаць i прымаць канкрэтныя крокi па мадэрнiзацыi эканомiкi, ствараць новыя ўзоры тэхнiчнага абсталявання, машын, электронiкi, новыя тавары i паслугi. Рэальна нашы прадпрыемствы i галiновыя мiнiстэрствы яшчэ не сутыкнулiся па-сапраўднаму з мiжнароднай канкурэнцыяй. Гэта чакае нас наперадзе. — Не сутыкалiся, бо ў пэўным сэнсе мелi гарантаваныя рынкi збыту ў Расii. I сёлета многае для нас будзе залежаць ад гандлю з гэтай краiнай — адным з галоўных спажыўцоў беларускай прадукцыi. Добра, што газавае пытанне станоўча вырашылася. Аднак у цэлым прагнозы для расiйскай эканомiкi гучаць часам даволi сумныя, нават прадказваюць абвал рубля. Такое магчыма? — Не думаю, што расiйскi рубель звалiцца ў фiнансавую бездань. Рэзкай яго дэвальвацыi не здарыцца. А вось iнфляцыю наўрад цi ўдасца ўтрымаць ў запланаваных межах. Сёлета яе ўзровень можа дасягнуць 20 працэнтаў. Што датычыцца стану расiйскай эканомiкi, то тут далёка не ўсё адназначна. Яе рост у 2009 годзе пад вялiкiм пытаннем. Асабiста мяне непакоiць верагоднае банкруцтва прыватных сетак рознiчнага гандлю i будаўнiчай галiны Расii, якiя дагэтуль трымалiся i квiтнелi ў многiм дзякуючы танным крэдытам. Не дай Бог, калi гэта здарыцца, то многiм нашым прадпрыемствам, якiя паспяхова пастаўлялi на расiйскi рынак сваю прадукцыю, у тым лiку i будаўнiчыя матэрыялы, давядзецца нясоладка. Згодна з прагнозамi, цяжкiя часы чакаюць i расiйскi аграрны сектар. У вынiку сур’ёзных праблем, думаю, нашы вытворцы сельгаспрадукцыi дапамогуць расiянам. — Як дастойна падрыхтавацца да гэтай сустрэчы з мiжнароднай канкурэнцыяй, як кажуць, тварам да твару? Над чым ужо варта думаць у першую чаргу? — Натуральна, над вырашэннем найскладанейшай праблемы павышэння эканамiчнай эфектыўнасцi краiны. Гэты накiрунак сярод iншых прыярытэтаў я вылучыў бы як генеральны. Каб не займацца вынаходнiцтвам веласiпеда i не марнаваць час на пошук свайго шляху метадам памылак i спробаў, я раiў бы ўважлiва вывучыць вопыт Кiтая i некаторых iншых азiяцкiх краiн, якiя маюць бясспрэчная здабыткi ў развiццi канкурэнтаздольнасцi сваiх эканомiк. Мы можам узяць у iх у якасцi прыкладу некалькi пазiцый: максiмальная прагматызацыя эканамiчнага жыцця, хуткасць вырашэння "дробных праблем" прыватнага i дзяржаўнага бiзнэсу, знiжэнне ўзроўню ўмяшання дзяржавы ў эканомiку. — Iнакш кажучы, перад намi паўстае задача заняцца, умоўна кажучы, стварэннем новай эканомiкi? — Так. Удакладню: менавiта эканомiкi развiцця. Гэта будзе вельмi няпроста i запатрабуе шмат цярпення, бо яна павiнна iстотна адрознiвацца ад эканомiкi механiчнага прыросту вытворчых паказчыкаў. Адносна нядаўна было дастаткова па высокiх цэнах прадаць за мяжу нафтапрадукты, калiйныя ўгнаеннi i закрыць асноўныя кантрольныя лiчбы. I пры гэтым мы набывалi ў Кiтаi сотнi тысяч мяцёлак, быццам бы самi не можам вырабiць рыдлёўкi, iншыя элементарныя гаспадарчыя прылады i iнструменты. Гэты факт гаворыць аб вяласцi i безынiцыятыўнасцi нашага спажывецкага рынку. Эканомiка развiцця — гэта новыя праекты i новыя iнвестыцыi ў нетрадыцыйную для Беларусi вытворчасць i сферу паслуг. Скажам, праекты па фармiраваннi новай дарожнай iнфраструктуры на ўзроўнi лепшых сусветных стандартаў, у тым лiку i аўтабаны, спецыялiзаваныя "парталы" — цэнтры прыдарожнага гандлю, адпачынку i аўтасэрвiсу. Беларусь жа знаходзiцца на скрыжаваннi еўрапейскiх дарог, абавязкова трэба зарабляць на гэтым. Безумоўна, асаблiвае месца ў развiццi эканомiкi краiны зойме iнфармацыйны сектар як адзiн з самых перспектыўных у свеце. — Аднак гэты сектар як i, бадай, iншыя, запатрабуе iнтэлектуальнага напружання ўсёй нацыi? — Вiдавочна. Сёння ў свеце на выхадзе новая эканамiчная сiстэма — "эканомiка ведаў". Яе актыўна распрацоўваюць у развiтых краiнах Еўропы i iншых кантынентаў. Ужо iдзе тайнае спаборнiцтва за тое, хто хутчэй створыць платформу для "эканомiкi ведаў". Мушу заўважыць, што невялiкiя краiны накшталт Беларусi маюць лепшыя шанцы для стварэння такой эканомiкi. У нас больш магчымасцяў, чым у вялiкiх краiн быць дынамiчнымi, хутчэй прапрацоўваць новыя падыходы i варыянты рашэнняў у сферы адукацыi i ў цэлым развiцця нацыянальнага iнтэлекту. — Што канкрэтна нам дасць "эканомiка ведаў"? — Многае. Мы зможам не толькi паспяваць за новымi тэхналогiямi, але i быць у лiку iх стваральнiкаў. Паглядзiце, велiзарная колькасць нашых прадпрыемстваў з’яўляецца ўзорам старых тэхналагiчных працэсаў. А гэта стрымлiвае эканамiчнае развiццё краiны. А пераход у стадыю "эканомiкi ведаў" немагчымы без павышэння ўзроўню прафесiйнай адукацыi ад рабочых да чыноўнiкаў вертыкалi i членаў урада. Апошнiя павiнны будуць сесцi, вобразна кажучы, за парты i ўпарта вучыцца па такiх прадметах, як сусветная эканомiка, менеджмент, тэорыя i практыка прыняцця рашэнняў, макраэканомiка, сацыяльная палiтыка. — Ведаеце, але тут узнiкае пытанне: а настаўнiкi хто, у каго вучыцца? — Слушная заўвага. На мой погляд, сёння ў навучальных установах краiны прафесура ў асноўным занятая каментатарствам. Складваецца ўражанне, што яна пазбягае цi баiцца выказваць сваё, скажам так, небясспрэчнае меркаванне па вострых эканамiчных пытаннях. Гэта прыводзiць да масавага эфекту "вывучанай бездапаможнасцi", ну як у часы брэжнеўскага застою. На гэтым фоне для развiцця iнтэлектуальнай канкурэнцыi станоўчую ролю адыграла б i заахвочванне дзейнасцi недзяржаўных цэнтраў паслядыпломнай адукацыi, школ бiзнэсу, iншых сучасных структур павышэння эканамiчнай квалiфiкацыi. — А як можна дзяржаве ва ўмовах наблiжэння крызiсу рэальна падтрымаць малы бiзнэс? — Усяляк стымуляваць любыя карысныя iнiцыятывы дробных прадпрымальнiкаў. Напрыклад, пачаць з простага кроку насустрач: увесцi за правiла дзяржаўным арганiзацыям у абавязковым парадку набываць 15 працэнтаў тавараў i паслуг у малога бiзнэсу. Гэта не прывядзе да аўтаматычнага пераразмеркавання сродкаў дзяржаўнага бюджэту, затое для малога бiзнэсу будзе вялiкая падтрымка. Такi крок стаў бы сур’ёзнай падтрымкай, пачаткам новага эканамiчнага партнёрства. Увогуле змяншэнне ўмяшання дзяржавы, яе кантрольных органаў у эканомiку можна толькi вiтаць. — Тое, да чаго вы заклiкаеце, у пэўным сэнсе ўжо пачалося. Я маю на ўвазе эканамiчную дэмакратызацыю, якая, дарэчы, ужо крочыць па краiне. Гэта дасць свой эфект? — Безумоўна. Бо рэальная дэмакратыя пачынаецца не на вулiцы цi плошчы, а на працоўным месцы. Яе звышмэта: даць прасцяг для iнiцыятывы сотняў тысяч таленавiтых рабочых, iнжынераў, канструктараў, служачых, менеджараў. Наш дэмакратычны адказ на крызiс павiнен быць, паўтаруся, канструктыўным. Па гэтай прычыне не варта засяроджвацца на негатыве, што, магчыма, некалькi нязвыкла гучыць для барацьбiтоў за справу дэмакратычнай будучынi краiны. Аднак жыццё ў краiне змянiлася i трэба ўлiчваць апошнiя рэальныя выклiкi часу. Задача ў тым, каб грамадства здолела вызначыць для вырашэння самае важнае, эканамiчна i сацыяльна неабходнае. Такiм чынам, часу на выбар i прыняцце рашэнняў застаецца ўсё менш. Але нават правiльныя крокi не гарантуюць, што ўсё ў нас пойдзе як па масле. Эканамiчнае жыццё сёння так хутка мяняецца, што даводзiцца многае асэнсоўваць i адпаведна рэагаваць на выклiкi без прамаруджвання. Гэта значыць, што надыходзiць час высокiх прафесiяналаў у эканомiцы. Бо цяпер iдзе яе праверка на трываласць. Гутарыў Леанiд Лахманенка.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аб асаблiвасцях развiцця эканомiкi краiны ў 2009 годзе i першачарговых захадах, на якiх сёлета прыйдзецца засяродзiцца, каб пераадолець уздзеянне глаб
|
|