Заробкi павялiчацца?
Заробкi павялiчацца?
Мiнфiн лiчыць захаванне ўзроўню даходаў у бюджэтным сектары адной з прыярытэтных задач Бюджэтны кодэкс уступiў у сiлу з першага дня новага года, так што беларусы ўжо амаль месяц жывуць ва ўмовах сучаснага этапа бюджэтнай палiтыкi. Дакумент прадугледжвае фармiраванне сярэднетэрмiновага фiнансавага прагнозу, праграмна-мэтавы метад бюджэтнага планавання, замацоўвае выразную сiстэму размеркавання даходаў памiж узроўнямi бюджэту, размежавання расходных абавязкаў усiх узроўняў бюджэту i даходных паўнамоцтваў. Адбудзецца i ўмацаванне кантролю за эфектыўным выкарыстаннем бюджэтных сродкаў. І як адзначыў падчас сустрэчы з журналiстамi Максiм Ермаловiч, начальнiк галоўнага ўпраўлення бюджэтнай палiтыкi Мiнiстэрства фiнансаў Беларусi, бюджэт 2010 года будзе фармiравацца ў адпаведнасцi з тымi падыходамi, якiя закладзены ў кодэксе. Леташнi ж бюджэт быў у нечым беспрэцэдэнтным. "Бюджэт 2009 года рэалiзаваў шэраг мер, накiраваных на знiжэнне падатковай нагрузкi. Знiжэнне беспрэцэдэнтнае, мы за ўсю папярэднюю гiсторыю на такую iстотную велiчыню — больш як адзiн працэнт ВУП — падатковую нагрузку не знiжалi", — падкрэслiў чыноўнiк. — "Знiжана стаўка збору ў фонд падтрымкi вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыi (з двух да аднаго працэнта). Актыўная частка асноўных вытворчых фондаў выведзена з абкладання падаткам на нерухомасць. Рэалiзаваны комплекс мерапрыемстваў па пераходзе на лiнейную адзiную шкалу падаходнага падатку ды iншыя меры, напрыклад, падатак на набыццё аўтатранспартных сродкаў знiжаны. Гэта сумарна дазваляе знiзiць больш чым на два трыльёны рублёў падатковую нагрузку — i на насельнiцтва, i на нашы прадпрыемствы, у цэлым на эканомiку. Акрамя таго, рэалiзаваны комплекс мерапрыемстваў па спрашчэннi падатковага заканадаўства. Гэтыя меры ў сённяшнiх эканамiчных умовах найбольш актуальныя. Мы ва ўмовах нарастання i развiцця сусветнага фiнансавага крызiсу не адмаўляемся ад падтрымкi сваiх прадпрыемстваў, а наадварот, яе нарошчваем i прымаем дадатковыя рашэннi для таго, каб падтрымаць эканомiку ў тых абставiнах, якiя складваюцца". У сувязi з прынятым рашэннем аб бездэфiцытнасцi сёлетняга бюджэту, ураду давядзецца яго перагледзець. Нагадаем, што ў зацверджаным дагэтуль законе быў закладзены дэфiцыт у 2,8 трлн рублёў. Бездэфiцытны бюджэт, як патлумачыў Максiм Ермаловiч, выклiканы неабходнасцю ўмацавання жорсткасцi бюджэтнай палiтыкi. "Ва ўмовах сусветнага фiнансавага крызiсу ўзмацняецца жорсткасць бюджэтнай палiтыкi ва ўсiх краiнах. Мы не выключэнне. А дэфiцыт бюджэту — гэта мяккая бюджэтная палiтыка", — патлумачыў спецыялiст. "Сёння мы пераглядаем бюджэт, урад рыхтуе прапановы па забеспячэннi збалансаванасцi рэспублiканскага бюджэту, з тым каб у 2009 годзе прафiнансаваць усе першачарговыя расходы рэспублiканскага бюджэту i аптымiзаваць iншыя расходы". Бюджэт, паводле слоў спецыялiста, будзе пераглядацца як па даходах, так i па расходах. Магчымыя вектары перамен ацанiць пакуль цяжка — вельмi шырокi прагноз спецыялiстаў у дачыненнi да таго, як будзе развiвацца эканомiка. "Вялiкага аптымiзму пры фармiраваннi бюджэту мы не будзем закладваць у дачыненнi росту эканомiкi. Гэта распаўсюджаная практыка, калi бюджэт фармiруецца, зыходзячы з песiмiстычнага прагнозу росту", — падкрэслiў Максiм Ермаловiч. Ён дадаў, што змены курсу валют, безумоўна, паўплываюць на бюджэт. "Ёсць прамыя затраты бюджэту, звязаныя з абслугоўваннем дзяржаўнай пазыкi, з мiжнароднымi плацяжамi, i змяненне курсу долара ўвядзе адпаведна павелiчэнне гэтых расходаў". Пры гэтым Максiм Ермаловiч запэўнiў, што перагляд дзяржаўнага бюджэту не паўплывае на Саюзны бюджэт: "Мiнiстэрства фiнансаў з поўнай адказнасцю адносiцца да сваiх мiжнародных абавязкаў". А як наконт абавязкаў унутраных — дзе канкрэтна давядзецца "зацягнуць паясы"? Гэта вострае пытанне ўсё яшчэ застаецца адкрытым. "У сакавiку мы ўнясём праект указа на разгляд урада. Тады можна будзе больш прадметна i грунтоўна пагаварыць аб тым, што будзе скарачацца, а што не", — паведамiў спадар Ермаловiч i адразу ж супакоiў: "Адзiнае, скажу, што мы ўсё ж такi маем намер павялiчыць заробкi ў бюджэтнай сферы. Якое будзе павелiчэнне — гэта пытанне развiцця эканамiчных умоў. Тым не менш, Мiнiстэрства фiнансаў зыходзiць з неабходнасцi захавання ўзроўню даходаў у рэальным выражэннi ў бюджэтным сектары i лiчыць гэта адной з прыярытэтных задач. Акрамя таго, будзе захаваны сацыяльны блок расходаў. Калi спатрэбiцца, то мы павялiчым адрасную сацыяльную падтрымку насельнiцтва, з тым каб мiнiмiзаваць наступствы эканамiчнай сiтуацыi на найбольш неабароненыя слаi насельнiцтва. Гэта вельмi важна. Мы дэманстравалi ў апошнiя гады самы высокi ўзровень дзяржаўных iнвестыцый у параўнаннi з усiмi нашымi суседзямi i з дзяржавамi на такiм жа ўзроўнi эканамiчнага развiцця. Мы развiвалiся вельмi хуткiмi тэмпамi, эканомiка таксама расла высокiмi тэмпамi. Сёння дзяржаўныя iнвестыцыi, магчыма, павiнны быць перагледжаны, i мабыць, давядзецца зрабiць пэўную паўзу ў аб’ёмах дзяржаўных iнвестыцый. Гэта значыць, не нарошчваць iх тымi ж тэмпамi, як мы збiралiся ў папярэднiя гады, а захаваць iх на нейкiм дасягнутым узроўнi". Урад таксама праводзiць iнвентарызацыю дзяржаўных праграм. Паводле слоў спадара Ермаловiча, па нейкiх з iх давядзецца павялiчыць тэрмiны выканання, на пэўны час скарацiць выдаткi, а нейкiя, наадварот, узмацнiць — каб падтрымаць эканомiку. Пра магчымыя змены казаць пакуль дачасна, аднак сваiм меркаваннем Максiм Ермаловiч падзялiўся. Экспарт, жыллё i харчаванне ён назваў прыярытэтамi, якiя набываюць "узрастаючы iнтарэс i неабходнасць забеспячэння рэсурсамi". Чыноўнiк адзначыў таксама, што ў наяўных умовах кожная бюджэтная арганiзацыя павiнна максiмальна скарацiць свае расходы — "пачынаючы ад сашчэпкi i заканчваючы капiтальнымi расходамi". Ала МАЧАЛАВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мiнфiн лiчыць захаванне ўзроўню даходаў у бюджэтным сектары адной з прыярытэтных задач Бюджэтны кодэкс уступiў у сiлу з першага дня новага года, так
|
|