Калектыўны дагавор — гэта закон
Калектыўны дагавор — гэта закон
Работнiку з працяглым стажам прапанавалi працягнуць кантракт на год. Сiтуацыя нiбыта звычайная. Калi б не адна акалiчнасць: у калектыўным дагаворы арганiзацыi запiсана, што кантракты з работнiкамi, якiя добрасумленна выконваюць свае абавязкi, не парушаюць працоўную i выканальнiцкую дысцыплiну, а таксама маюць вялiкi стаж, павiнны падпiсвацца на тры, а з высокаквалiфiкаванымi работнiкамi — увогуле на пяць гадоў... Такiм чынам, што тут рабiць, пагаджацца цi не на прапанову кiраўнiцтва? Зрэшты, сiтуацыя тут адназначная. Не падпiсаць кантракт на год — значыць, застацца ўвогуле без працы. І ў той жа час гарантыi калектыўнага дагавора з’яўляюцца для арганiзацыi законам, прычым работнiк можа дамагацца iх поўнага выканання праз суд. Iншымi словамi, адстаяць права як мiнiмум на трохгадовую працоўную дамову — цалкам рэальна. Адно, што звярнуцца ў суд неабходна не пазней чым праз тры месяцы пасля заключэння "спрэчнага" кантракта. Мiж тым, калi могуць перавесцi на работу ў няпоўным рэжыме, якiя варыянты ёсць у выпадку, калi выпускнiка навучальнай установы размяркоўваюць не па спецыяльнасцi i цi могуць звольнiць 59-гадовага мужчыну, калi ён атрымлiвае "вайсковую" пенсiю? Усе гэтыя пытаннi давялося пачуць падчас "выязной прыёмнай" Дэпар-тамента дзяржаўнай iнспекцыi працы Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны, што была наладжана днямi для жыхароў Шчучынскага i Мастоўскага раёнаў Гродзеншчыны. Памылка — яшчэ не падстава Працягваць кантракт або не пасля заканчэння тэрмiну яго дзеяння — права наймальнiка. Прычым той жа наймальнiк можа пакiнуць на ранейшым месцы супрацоўнiка-пенсiянера i развiтацца з работнiкам у працаздольным узросце. Нiякiх парушэнняў у такiм выпадку не будзе. Аднак часцяком жаданне скасаваць кантракт з’яўляецца i ў работнiка. Прычым раз-пораз тут узнiкаюць даволi заблытаныя сiтуацыi. З гандляркай заключылi тэрмiновы працоўны дагавор на год, потым працягнулi яшчэ на пяць. Супярэчанне з заканадаўствам нiбыта вiдавочнае — працягнуць кантракт можна толькi ў межах 5-гадовага тэрмiну, у нашым выпадку гэта было магчыма зрабiць не больш чым на чатыры гады. Цi можна скарыстацца гэтай памылкай наймальнiка, каб звольнiцца датэрмiнова? — Насамрэч, наймальнiк парушыў заканадаўства, — заўважае намеснiк начальнiка ўпраўлення прававога забеспячэння i кантролю Дэпартамента дзяржiнспекцыi працы Вадзiм Браташ. — Але ў той жа час сцвярджаць, што гэты кантракт несапраўдны, нельга. Ён будзе дзейнiчаць у межах 5-гадовага тэрмiну, словам, яшчэ чатыры гады. I толькi праз чатыры гады кантракт пераўтворыцца ў працоўны дагавор на няпэўны тэрмiн, а скасаваць такi дагавор прасцей — дастаткова напiсаць заяву i адпрацаваць максiмум месяц. Кожны выбiрае сам Не сакрэт, што апошнiм часам многiя беларускiя прадпрыемствы, зарыентаваныя на экспарт, сталi адчуваць рэзкае змяншэнне замежных заказаў. I знiжаць аб’ёмы вытворчасцi. Цi могуць у такiм разе работнiкi пераводзiцца на няпоўны рэжым i, калi так, то пры якiх умовах? — Перавод на няпоўны рэжым работы заўсёды павiнен мець эканамiчныя, вытворчыя цi арганiзацыйныя прычыны. I калi яны ёсць, кiраўнiцтва сапраўды можа прыняць адпаведнае рашэнне, — кажа Вадзiм Браташ. — Але тут iснуюць пэўныя правiлы. Калi адмiнiстрацыя мае намер увесцi няпоўны рэжым, то аб гэтым трэба папярэдзiць работнiка не пазней чым за месяц. А далей сам работнiк павiнен зрабiць выбар: пагаджацца або не пагаджацца. Прычым варта заўважыць, што ў выпадку нязгоды можа адбыцца звальненне паводле 5 пункта 35 артыкула Працоўнага кодэкса — за адмову ад працягу работы ў сувязi з iстотным змяненнем умоў. Праўда, таксама нялiшне нагадаць i тое, што работнiк мае поўнае права аспрэчыць мэтазгоднасць пераводу на няпоўны рэжым у судзе. Калi нельга ў IП... Лiшнiх грошай не бывае, прычым жаданне мець дадатковую крынiцу даходаў можна толькi вiтаць. Аднак пошук варыянтаў падзарабiць — часам таксама праблема. У прыватнасцi, цi можа быць такiм варыянтам для намеснiка кiраўнiка дзяржаўнай установы... прадпрымальнiцкая дзейнасць? — Адназначна не, — падкрэслiвае Вадзiм Браташ. — Прынамсi, рэгiстрацыя намеснiка кiраўнiка дзяржаўнай установы ў якасцi iндывiдуальнага прадпрымальнiка супярэчыць заканадаўству аб карупцыi. За "нагрузку" плацяць Санiтарцы, якая працуе на палову стаўкi па 4 гадзiны ў дзень, прапануюць "паралельна" ацяпляць памяшканнi медустановы. Як быць у такiх выпадках? — Калi абавязкi апальшчыка не прадугледжаныя штатным раскладам цi службовай iнструкцыяй (а такога абавязку ў санiтаркi, безумоўна, не будзе), то, па-першае, санiтарка павiнна даць на ацяпленне сваю згоду, а, па-другое, за "лiшнюю нагрузку" ёй неабходна плацiць, — заўважае Вадзiм Браташ. — Зразумела, што адшукаць на гэта грошы бюджэтнай установе складана. Тым не менш варыянтам тут можа быць той жа дагавор падраду — з выплатай узнагароджання за дадатковую працу. Хiрург цi тэрапеўт? Як вядома, магчымасць выйсцi на датэрмiновую пенсiю даюць тры акалiчнасцi — асаблiвыя ўмовы працы, поўная занятасць у гэтых умовах плюс атэстацыя працоўнага месца. Тым часам, цi можа разлiчваць на пенсiйную "льготу"... стаматолаг-тэрапеўт? Здавалася б, пытанне простае. А вось адказ на яго — не зусiм. Так, у пастанову Савета Мiнiстраў "Аб зацвярджэннi пералiку ўстаноў, арганiзацый i пасад, што даюць права на пенсiю за выслугу гадоў асобным катэгорыям медыцынскiх i педагагiчных работнiкаў" ад 1 снежня 1992 года "патрапiлi" стаматолагi-хiрургi. А вось стаматолагi-тэрапеўты — не. Адпаведна, пры любой раскладцы магчымасцю скарыстацца пенсiйнай "льготай" апошнiя ўжо не змогуць. Зважай на агульны ўзрост Выйсцi на пенсiю як мага хутчэй iмкнецца далёка не кожны. I часцяком якраз тут узнiкае "несупадзенне iнтарэсаў". Скажам, кiраўнiцтва арганiзацыi адмаўляецца працягнуць кантракт з 59-гадовым мужчынам, якi атрымлiвае "вайсковую" пенсiю. У сваю ж чаргу работнiк лiчыць, што так рабiць нельга i што яму павiнны даць магчымасць заставацца на ранейшым месцы як мiнiмум да дасягнення агульнага пенсiйнага ўзросту — 60 гадоў. Хто тут мае рацыю? — У мужчын, якiм споўнiлася 58, i жанчын, якiм споўнiлася 53 гады, ёсць дадатковыя гарантыi, у прыватнасцi, наймальнiк абавязаны працягнуць з iмi кантракты як мiнiмум да дасягнення пенсiйнага ўзросту — адпаведна, да 60 i 55 гадоў, — нагадвае Вадзiм Браташ. — Прычым гаворка iдзе менавiта аб агульным пенсiйным узросце, i той факт, атрымлiвае чалавек "вайсковую" пенсiю або не, не мае значэння. Словам, у гэтым выпадку можна дамагацца працягу кантракта да 60-годдзя праз суд. Аднак звярнуцца туды неабходна на працягу месяца пасля звальнення. Заяўка ёсць. А месца — не Выпускнiку каледжа даюць размеркаванне па спецыяльнасцi слесар-механiк. Аднак ужо на месцы высвятляецца: прадпрыемства можа прыняць маладога спецыялiста толькi па рабочай прафесii слесар-рамонтнiк. Што рабiць у такой сiтуацыi i цi можна тут разлiчваць на атрыманне "свабоднага дыплома"? — Па-першае, трэба праверыць наяўнасць у навучальнай установе адпаведнай заяўкi, i, калi яна ёсць, то адмову наймальнiка ў працаўладкаваннi па спецыяльнасцi слесар-механiк можна абскардзiць у судзе — 16 артыкул Працоўнага кодэкса забараняе не прымаць работнiка, якi накiраваны па размеркаваннi, — падкрэслiвае Вадзiм Браташ. — У той жа час заканадаўства дапускае прыём на работу маладых спецыялiстаў па рабочых прафесiях, што звязаныя з атрыманай спецыяльнасцю. Але пры вельмi iстотнай умове — згодзе непасрэдна маладога спецыялiста. Калi ж такой згоды няма, неабходна звярнуцца ў камiсiю па размеркаваннi навучальнай установы з тым, каб там далi або iншае накiраванне, або "свабодны дыплом". Прычым у выпадку выдачы "свабоднага дыплома" праз камiсiю i самастойнага працаўладкавання кампенсаваць выдаткi на навучанне не давядзецца. Сяргей ГРЫБ. Шчучынскi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Работнiку з працяглым стажам прапанавалi працягнуць кантракт на год. Сiтуацыя нiбыта звычайная. Калi б не адна акалiчнасць: у калектыўным дагаворы арг
|
|