Расiйскi рынак недаравальна страчваць нi ў якiм разе
Расiйскi рынак недаравальна страчваць нi ў якiм разе
Незалежная экспертыза Леаніда Заiкi
Пра тое, як складваюцца эканамiчныя адносiны нашай краiны з "вялiкiм усходнiм суседам" у кантэксце глабальнага крызiсу, наш карэспандэнт гутарыць з вядомым беларускiм эканамiстам, кiраўнiком аналiтычнага цэнтра "Стратэгiя" Л.Ф. Заiкам. — Леанiд Фёдаравiч, спачатку ну вельмi банальнае пытанне: што значыць Расiя для беларускай эканомiкi? — Вялiзарныя крынiцы самай разнастайнай сыравiны, запасы энерганосьбiтаў i практычна неабсяжны рынак збыту гатовай прадукцыi для нашых вытворцаў знаходзяцца на ўсходзе ад Беларусi. Думаю, усё проста i зразумела. — I як у святле апошнiх падзей у сусветнай эканомiцы складваюцца адносiны з галоўным партнёрам? — Калi меркаваць па дынамiцы знешнегандлёвых сувязяў 2009 года з Расiяй, то цяжка пазбавiцца ад уражання, што мы пачалi паступова страчваць яе рынак. Гэтага нельга дапусцiць нi ў якiм разе. Сiтуацыя пакуль развiваецца не на карысць Беларусi. Расiя раней за яе адчула i пацярпела ад глабальнага крызiсу, там сёння загрузка вытворчых магутнасцяў усяго 51%. З пачатку года там аб’ём прамысловай вытворчасцi ўпаў на 24 %. Гэта значыць, што расiяне прыкладна на 15-20 % (а можа i больш, крызiс яшчэ не дасягнуў дна) мусяць сёлета менш набыць iмпартных тавараў, у тым лiку нашых камплектавых частак, тэхнiкi, трактароў, грузавiкоў i г. д. Трэба ясна ўсвядомiць, што ўвогуле спажывецкiя рынкi многiх краiн, i асаблiва Расii, значна скарацiлiся, там ужо няма былога попыту на тавары, якiя раней разыходзiлiся "на ўра". Гэта аб’ектыўная рэальнасць, з якой нельга не лiчыцца. — Тады нас усiх павiнна цiкавiць i турбаваць, што будзе з Расiяй, яе эканомiкай i грамадствам у найблiжэйшы час i нават наступнае дзесяцiгоддзе? — А чаму i не найблiжэйшае стагоддзе? З Расiяй мы настолькi моцна звязаны лiтаральна ва ўсiх сферах, што пытанне аб тым, якiмi будуць траекторыi i вектары развiцця гэтай вялiзарнай краiны, як i якiм чынам яны будуць уздзейнiчаць на Беларусь, можна перавесцi ў разрад вечных. Бо тое, што адбываецца ў Расii, заўсёды мела, мае i, вiдаць, яшчэ доўга будзе для нас мець вялiкi i асаблiвы сэнс. Хаця там многае рабiлася i робiцца сёння, па-руску кажучы, "без задней мысли". Гэта выклiкае шмат пытанняў. Напрыклад, палiтыка прэзiдэнта Мядзведзева — гэта працяг "новага курсу" былога прэзiдэнта Пуцiна? Хто дасць дакладны адказ? Я, напрыклад, не ведаю. А як разабрацца ў кадравай палiтыцы дзяржавы, калi прэзiдэнт становiцца прэм’ерам, а новым прэзiдэнтам — былы ўнiверсiтэцкi старшы выкладчык права, якi як палiтык i дзяржаўны дзеяч вырас i сфармiраваўся ў крамлёўскiх вежах. Гэта што, новы палiтычны мадэрн Расii, так бы мовiць, канкрэтнае ўвасабленне палiтыкi двухгаловага арла? — Ведаеце, ёсць палiтыка i ёсць эканомiка. Давайце засяродзiмся на апошняй, яна зараз куды, на мой погляд, больш актуальная. Ды i крызiс — эканамiчны, а Расiя наш дзелавы партнёр нумар адзiн. — Думаю, што тут размовы на тэму чыстай эканомiкi не атрымаецца. Бо ў Расii нярэдка адно падмяняе другое, што значна ўскладняе ёй вырашэнне злабадзённых праблем. Пакуль краiна "купалася" ў нафтадоларавых плынях, то паглыбленыя заняткi тэорыяй i практыкай эканомiкi там былi не ў пашане, знаходзiлiся нiбы на другiм плане. Мне ўвогуле здаецца, што ў дакрызiснай Расii былi не запатрабаваныя людзi-асобы, таленавiтыя i няўрымслiвыя эканамiсты, сацыёлагi, даследчыкi, менеджэры, чыноўнiкi. Лiчу хаця б па адносна нядаўнiм няўдалым, на мой погляд, назначэннi двух жанчын на ключавыя мiнiстэрскiя пасады замест вядомых Грэфа i Зурабава. Яны, нягледзячы на iх недахопы i пралiкi, усё ж дазвалялi сабе "мець пункт погляду", што, мiж iншым, таксама паскорыла iх адстаўку. Тым не менш гэтыя экс-мiнiстры потым няблага ўладкавалiся: першы — кiраўнiком Ашчаднага банка, другi — дарадцам у Крамлi. Расiя... Але гэта да слова. Многiя нашы дзелавыя людзi неаднойчы пераконвалiся на ўласным вопыце, што ва ўрадавых расiйскiх колах пануе карпаратыўны лабiзм. Там да нядаўняга часу ўсё было падзелена: сегменты рынку, зоны адказнасцi, сферы ўплыву i г. д. Яшчэ нядаўна навiчкоў i блiзка не дапускалi да "грашовых пытанняў". Склалася заганная практыка, калi чыноўнiкi, якiя праштрафiлiся, са сваiх утульных кабiнетаў хуценька перамяшчалiся на "хлебныя" пасады кiраўнiкоў у легальны бiзнэс. Схема небяспечная для любой краiны. Гэтыя "дробязi" расiйскай палiтыкi, у тым лiку i эканамiчнай, абавязкова карысна мець на ўвазе для лепшага разумення паводзiнаў, учынкаў i намераў усходняга суседа. — Аднак як бы часам не складана было весцi справы з расiйскiм чыноўнiцтвам i не заўсёды прадказальным бiзнэсам, а гандляваць з Расiяй мы навучылiся няблага. Сёння толькi марыць застаецца аб вынiках мiнулага года. Цi так? — Так, але не зусiм. Паказчык гандлёвага абароту ўвогуле вельмi цiкавы сам па сабе, бо ён адлюстроўвае агульны малюнак руху тавараў i паслуг з краiны ў краiну. Але яшчэ больш важны i гандлёвы баланс, яго структура — колькi i чаго туды прадалi i колькi i чаго адтуль завезлi. Сапраўды, два-тры апошнiя гады былi вельмi паспяховымi для Беларусi ў гандлi з Расiяй. У 2007 годзе тавараабарот вырас на 30,7 % i склаў крыху больш $26 млрд. Аднак 66 % гэтай сумы прыпала на расiйскi iмпарт. Тэмпы яго росту iстотна перабольшылi тэмпы росту экспарту: 29,8% супраць 19,8%. Тады быў пастаўлены новы рэкорд па адмоўным сальда гандлёвага балансу — $8,3 млрд, што было на 32,7% больш, чым у 2006 годзе. Сярод рэгiёнаў у абсалютныя лiдары па росце тавараабароту з Беларуссю выйшла Цюменская вобласць — з ёй мы нагандлявалi на $8,6 млрд. Гэта больш, чым з Галандыяй i Украiнай, якiя на той час займалi 2 i 3 месцы ў рэйтынгу нашых гандлёвых партнёраў. Нам бы заключыць мытны саюз з асобна ўзятай Цюменскай вобласцю — праблема забеспячэння нафтай была б вырашана. I адпала б патрэба ў падпiсаннi канстытуцыйнага акта i ўвядзення адзiнай валюты. У 2008 годзе Расiя захавала пазiцыi асноўнага гандлёвага партнёра Беларусi. Летась былi дасягнуты два новыя чарговыя рэкорды: гандлёвы абарот дасягнуў $34,2 млрд i ў параўнаннi з 2007 годам павялiчыўся на 31,1 % або на $8,1 млрд. Праўда, таксама вырасла i адмоўнае сальда — да $13 млрд. Лiчба каласальная. Калi яе раскiнуць на ўвесь мiнулы год, то выходзiць, што кожны месяц гандлёвы дысбаланс павялiчваўся больш чым на адзiн мiльярд долараў. Узнiкае пытанне: чаму тыя, хто адказвае за знешнi гандаль, назiралi за яго адмоўным ростам i не прымалi рашучых i эфектыўных мер? — I сапраўды, чаму i як ўтварылiся гэтыя мiнус $13 млрд? Толькi з-за высокiх леташнiх цэнаў на нафту i газ? — Не толькi, хаця iх унёсак адчувальны. Расiяне, як сумна гэта для нас нi гучыць, пастаўлялi нам больш канкурэнтаздольную прадукцыю, у тым лiку i iнвестыцыйныя тавары — тое, што выкарыстоўваецца як капiталаўкладаннi: станкi, абсталяванне, машыны, пракатныя станы i г. д. — Цяпер з рэзкiм падзеннем сусветных цэнаў на нафту нам будзе лягчэй разабрацца з адмоўным сальда? — Сутнасць нават не ў лiчбе гандлёвага дысбалансу. Напрыклад, адмоўнае сальда ЗША ўвогуле складае астранамiчную лiчбу, якую нават цяжка ўявiць: $880 млрд! Гэта ў 200 разоў больш чым у Беларусi ($4,4 млрд). I нiчога, жывуць амерыканцы. Праблему адмоўнага сальда яны вырашаюць проста: як могуць, абмяжоўваюць iмпарт, напрыклад, збiраюцца ўводзiць нават iмпартныя сертыфiкаты, робяць iншыя захады. Прэзiдэнт ЗША Абама цяпер заклапочаны якраз тым, каб пераканаць суайчыннiкаў менш набываць замежнай вопраткi, аўтамабiляў, прадуктаў харчавання i адначасова ажывiць нацыянальны бiзнэс. Па гэтым шляху варта iсцi i нам, калi мы хочам без асаблiвых страт перажыць крызiс. А рэзервы эканомii ў нас вялiкiя. Скажам, навошта з года ў год закупляць на многiя дзесяткi мiльёнаў долараў яблыкi за мяжой, iншыя прадукты, якiя можам самi вырабляць? Хочам мы цi не хочам, жыццё прымусiць нас перайсцi на рэжым жорсткай эканомii. Не магу зразумець, чаму мы ў вялiкiх аб’ёмах набываем па iмпарце шмат чаго лiшняга? Па гэтай прычыне i вялiкi попыт на замежную валюту (прыкладна ў тры разы большы за яе прапанову) з боку нашых прадпрыемстваў. Яны па iнерцыi яшчэ арыентуюцца на аб’ёмныя паказчыкi вытворчасцi, хаця гэта ўжо не адпавядае задачам бягучага моманту. Калi на Украiне, адным з важных нашых гандлёвых партнёраў, выпуск прадукцыi знiзiўся на 34 %, моцна дэвальвiравана нацыянальная валюта i рэзка знiзiўся попыт, калi таксама нешта падобнае назiраецца ў iншых блiзкiх i далёкiх суседзяў, то якi сэнс працаваць на склад? — Пад уздзеяннем магутных знешнiх выклiкаў i ўдараў эканамiчная палiтыка ў Расii мяняецца i адаптуецца да новых рэалiй. Наколькi хутка iдзе гэты працэс i да чаго нам трэба быць гатовымi? — На мой погляд, пакуль яшчэ марудна, гэта палiтыка па-ранейшаму мае патрэбу ў мностве карэктыў i ўдакладненняў. Пад прымусам абставiнаў ураду давялося адмовiцца ад велiчнага трохгадовага бюджэту краiны, у якi былi закладзены яшчэ не атрыманыя звышпрыбыткi ад продажу нафты i газу па высокiх цэнах. Не выйшаў гэты падзел скуры незабiтага мядзведзя. Цяпер даводзiцца карэктаваць дзяржбюджэт. Крызiс мiжволi прымушае расiян мадэрнiзаваць i развiваць уласную прамысловасць. Амерыканцаў i японцаў па якасцi прадукцыi iм хутка не дагнаць, а вось канкурыраваць з беларускiмi таварамi iм па сiлах. Хаця невядома, калi гэта можа здарыцца, але быць гатовым да абвастрэння канкурэнцыi з расiйскiмi вытворцамi нам трэба. Таксама хачу адзначыць, што новай расiйскай уладзе ўжо ўдалося зрабiць адну важную справу: збалансаваць палiтыку i эканомiку, адправiць у адстаўку шэраг чыноўнiкаў i губернатараў, што страцiлi пачуццё часу, паставiць на месца алiгархаў, распачаць маштабную барацьбу з карупцыяй. Задача пастаўлена надзвычай складаная: прыбраць паступова ўсiх, хто павязаны з карпаратыўнымi iнтарэсамi. Усiх не атрымаецца, а вось тых, хто "заеўся i зарваўся", — рэальна. Хто ведае, можа з гора карумпаваны расiйскi бiзнэс паспрабуе перабрацца на Кiпр цi астравы Вануату. А раптам у Беларусь? Гэта будзе цiкавае i практычнае для нас пытанне. Гутарыў Леанiд Лахманенка.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пра тое, як складваюцца эканамiчныя адносiны нашай краiны з "вялiкiм усходнiм суседам" у кантэксце глабальнага крызiсу, наш карэспандэнт гут
|
|