Крызiс абышоў Наваполацк
Крызiс абышоў Наваполацк
— Што датычыцца работы прамысловасцi Наваполацка, то па яўных паказчыках няма нi стагнацыi, нi рэцэсii, — расказвае "Звяздзе" галоўны спецыялiст аддзела эканомiкi наваполацкага гарвыканкама Таццяна ГЛАЗКІНА. — Такiм чынам, сусветны фiнансавы крызiс не паўплываў на аб’ём вытворчасцi. У прыватнасцi, у студзенi апошнi склаў 111,3 працэнта ў супастаўных цэнах пры заданнi 110,5 працэнта. Тэмп росту тлумачыцца наступнымi фактарамi: якасцю i абнаўленнем прадукцыi. Толькi за першыя два месяцы гэтага года доля новай прадукцыi ў агульным аб’ёме — 37,8 працэнта. Экспарт наваполацкiя прадпрыемствы ажыццяўляюць у 50 краiн свету. У студзенi — лютым рост прадукцыйнасцi працы склаў 9,5 працэнта. Безумоўна, вялiкая заслуга ў дасягненнi добрых паказчыкаў у знакамiтага прадпрыемства "Наф-тан" — найбуйнейшага прадпрыемства ў гэтай галiне ў Еўропе. Нагадаю, што летась "Нафтан", згодна з указам Прэзiдэнта, аб’ядналi з не менш вядомым "Палiмiрам". У вынiку ў аб’ёме вытворчасцi ўсяго Наваполацка на долю аб’яднанага прадпрыемства прыпадае 98,6 працэнта. Тут, на горадаўтваральным прадпрыемстве, працуюць больш за 12 тысяч чалавек. А ўсяго насельнiцтва горада — каля 107 тысяч чалавек. На "Нафтане" працягваецца рэканструкцыя, што дазволiць нават улiчваць перспектыўныя еўрапейскiя стандарты. Глыбiня перапрацоўкi нафты вельмi высокая. Калi сярэдняя зарплата ў горадзе ў цэлым па звестках на пачатак студзеня — 1 мiльён 250 тысяч рублёў, у прамысловасцi яшчэ больш — 1 мiльён 750 тысяч. Тут у апошнiя гады шмат надаецца ўвагi ўкараненню сучасных тэхналогiй. Клапоцяцца паралельна i пра захаванне экалогii. Наваполацк у аб’ёме вытворчасцi ўсяго Прыдзвiнскага краю вырабляе 71,8 працэнта прадукцыi. Кансалiдаваны бюджэт Вiцебскай вобласцi за кошт прадпрыемстваў Наваполацка папаўняецца ажно на 50,7 працэнта, а рэспублiкi — на 4,2 працэнта. Вельмi развiтыя ў Наваполацку палiўная галiна — у агульным аб’ёме — 98,6 працэнта, нафтахiмiчная. А яшчэ такiя галiны, як машынабудаванне, металаапрацоўка, харчовая прамысловасць. Мясцовы хлебазавод нават у Расiю ажыццяўляе пастаўкi, на 28,2 працэнта абнавiлi прадукцыю. Дзейнiчае ўнiкальнае ў Беларусi РУП "Наваполацкi завод БВК", дзе вырабляюць кармавы мiкрабiялагiчны бялок — правiд. Ёсць дасягненнi i ў прадпрыемстваў лёгкай прамысловасцi. Вельмi добрыя, у прыватнасцi, вынiкi ў рабоце сумесных беларуска-iтальянскiх прадпрыемстваў "Любава — люкс" i "Любава — iнвест". Яны адны з лiдараў па вырабе верхняга i нiжняга трыкатажу як для дзяцей, так i дарослых. Прадпрыемствы гэтыя працуюць пад вельмi паказальным дэвiзам: "Найлепшае павiнна быць даступным беларускiм спажыўцам!" Актыўна займаецца экспартам сумеснае беларуска-нiдэрландскае прадпрыемства, што вырабляе прысадкi для аўтамабiльных масел. Плённа дзейнiчае РУП "Наваполацкжалезабетон", дзе вырабляюць прадукцыю высокай якасцi — больш за 1,5 тысячы найменняў. Зборны жалезабетон у лiку iншага выкарыстоўваецца i для рэканструкцыi аб’яднанага "Нафтана", i для будаўнiцтва, рэканструкцыi гарадскiх забудоў, дамоў. Наваполацку, што па суседстве са старажытным Полацкам, летась споўнiлася 50 гадоў. Да свята пастаралiся прывесцi горад у парадак. Стварылi цэнтральную плошчу, адрамантавалi будынкi i дамы. Задаволены гараджане i тым, што ў мясцовых бальнiцы i палiклiнiках з’яўляецца новае абсталяванне. Адкрываюцца новыя крамы. Наваполацк — адзiн з нямногiх гарадоў, дзе ходзяць трамваi. Задумана, дарэчы, для зручнасцi пасажыраў працягнуць лiнiю. Наогул, цiкавых планаў па развiццi i ўпрыгожваннi горада ў мясцовых уладаў шмат. Аляксандр ПУКШАНСКI.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
— Што датычыцца работы прамысловасцi Наваполацка, то па яўных паказчыках няма нi стагнацыi, нi рэцэсii, — расказвае "Звяздзе" галоўны спецыя
|
|