Што варта ведаць пра рыбалоўства падчас веснавога нерасту?
Што варта ведаць пра рыбалоўства падчас веснавога нерасту?
Адказы на найбольш тыповыя пытаннi рыбаловаў-аматараў Як мы ўжо паведамлялi днямi, згодна з Правiламi вядзення рыбалоўнай гаспадаркi i рыбалоўства, з 1 красавiка па 30 мая ў краiне будзе ўведзена забарона на лоўлю рыбы падчас яе веснавога нерасту. Аднак у гэты ж перыяд дазваляецца аматарскае рыбалоўства — толькi ў светлы час сутак з берага адной вудай з адным кручком цi адным спiнiнгам са штучнай прынадай з адзiнарным, двайным цi трайным кручком памерам не больш за №10 па мiжнароднай класiфiкацыi. Адпаведна, многiя рыбаловы, ведаючы пра гэта, зараз рыхтуюцца распачаць чарговы "сезон". Але нават у дасведчаных часам узнiкаюць пытаннi, кампетэнтныя адказы на якiя могуць даць толькi спецыялiсты. Што i зрабiлi работнiкi Дзяржаўнай iнспекцыi аховы жывёльнага i раслiннага свету пры Прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь, падрыхтаваўшы каментарыi па сiтуацыях, якiя найчасцей цiкавяць рыбаловаў-аматараў.
— Цi можна ў перыяд забароны з 1 красавiка па 30 мая лавiць рыбу адной вудай з адным кручком з кладкi? — Лоўля рыбы ў гэты перыяд дазваляецца толькi з берага. Калi кладка ляжыць на iм, дык лавiць з яе вудай можна. У гэтым выпадку трэба правiльна разумець значэнне тэрмiна "бераг". Згодна з Правiламi, бераг — гэта частка сушы, што непасрэдна прымыкае да воднага аб’екта. Такiм чынам, з азначэння вынiкае, што ў момант знаходжання рыбалова на вадаёме берагам гэтага вадаёма будзе частка сушы, якая "кантактуе" з вадой. Вясной пры высокiх узроўнях вады бераг будзе ў адным месцы, у летнi ж перыяд, калi ўзровень падае, ён будзе знаходзiцца ў iншым месцы. Таму ў перыяд з 1 красавiка па 30 мая пры аматарскiм рыбалоўстве заходзiць у ваду i шукаць "летнi бераг" нельга. Гэтыя абмежаваннi адносяцца таксама да астравоў, размешчаных на акваторыi вадаёма, i не адносяцца да паўвостраваў, дзе не пакрытая водой частка сушы з’яўляецца берагам вадаёма. Дарэчы, выкарыстанне ў перыяд забароны любых iншых прыладаў цi спосабаў лоўлi з’яўляецца парушэннем Правiлаў i цягне накладанне на грамадзян штрафу ў памеры ад 10 да 50 базавых велiчынь. — Цi можна падчас рыбалкi выкарыстоўваць балотныя боты — пры змене месца лоўлi на вуду? — Заход у ваду з мэтай пераправiцца праз забалочаны ўчастак на сухi бераг не забаронены, аднак рыбалоўныя прылады, што ёсць у рыбалова, павiнны знаходзiцца ў чахле (быць складзенымi). Iнакш дзеяннi такога рыбалова могуць быць квалiфiкаваны як лоўля рыбы з заходам у ваду. Трэба разумець, што забаронена менавiта лоўля рыбы з заходам у ваду, а не заход у ваду. Такая абмежавальная мера прынята з мэтай змяншэння фактару турбавання рыбы падчас нерасту, а таксама выключэння гiбелi iкры i малечы рыбы ў вынiку расцiскання цi ўзбоўтвання вады. — У выпадку, калi лёд будзе трымацца на вадаёмах пасля 1 красавiка, цi можна будзе лавiць рыбу з яго пасля пазначанай даты? — Калi да пачатку забароны на аматарскае рыбалоўства ў перыяд веснавога нерасту рыбы ледзяное покрыва будзе захоўвацца на водных аб’ектах, пры гэтым пастановай Мiнiстэрства прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя тэрмiны забароны не зменены i застаюцца ранейшымi (з 1 красавiка па 30 мая), дык у гэтым выпадку лоўля рыбы з лёду забаронена. — Ёсць шмат мелiярацыйных каналаў, дзе можа быць рыба амаль усiх вiдаў. Цi распаўсюджваюцца забаронныя меры на лоўлю рыбы ў гэтых каналах? — Згодна з Правiламi, мелiярацыйныя каналы адносяцца да рыбалоўных угоддзяў i, адпаведна, на iх распаўсюджваюцца ўсе тыя абмежаваннi i забароны, што i на iншыя вадаёмы. — Цi можна лавiць шчупака пасля 1 красавiка? — У адпаведнасцi з Правiламi, у перыяд веснавой забароны на лоўлю рыбы дазваляецца лоўля ўсiх вiдаў рыбы, за выключэннем занесеных у Чырвоную Кнiгу Рэспублiкi Беларусь, у тым лiку i шчупака (да канца сакавiка дзейнiчае забарона на лоўлю звычайнага шчупака ў сувязi з яго веснавым нерастам — С.Р.). — Цi магчымы сплаў па рацэ на байдарках арганiзаванай турыстычнай групы падчас дзеяння веснавой забароны? — Згодна з пунктам 134.5 Правiлаў, забараняецца выкарыстанне грамадзянамi маламерных суднаў i суднаў з рухавiкамi ў рыбалоўных угоддзях у перыяд веснавой забароны на лоўлю рыбы, а менавiта з 1 красавiка па 30 мая. Такiм чынам сплаў грамадзян па рацэ на байдарках нават у выглядзе арганiзаванай групы ў гэты час праводзiцца не можа. Парушэнне вышэйназванага пункта можа пацягнуць накладанне папярэджання або штрафу ў памеры да 20 базавых велiчынь. — Патлумачце, калi ласка, цi магу я падчас дзеяння забароны пераправiцца на iншы бераг — каб потым там лавiць рыбу з яго — на лодцы пры дапамозе вёслаў, не выкарыстоўваючы матор? — Не, не можаце. Падчас дзеяння забароны грамадзяне не могуць выкарыстоўваць маламерныя судны, у тым лiку гумавыя лодкi i лодкi з вёсламi. Лоўля рыбы ў гэты перыяд, як ужо гаварылася, дазваляецца толькi з берага. Любыя збудаваннi, размешчаныя ў вадзе, над воднай паверхняй на адлегласцi ад берага з’яўляюцца месцамi, адкуль аматарскае рыбалоўства ў названы перыяд весцiся не можа. Гэтыя абмежаваннi адносяцца i да астравоў. Такiм чынам, лавiць рыбу з iншага берага можна пры ўмове, калi рыбаловам для знаходжання на iм не будуць выкарыстаны плавальныя сродкi. — Калi я падчаплю кручком цi блешняй пакiнутую кiмсьцi сетку, зразумела, паспрабую адчапiць. А для гэтага спатрэбiцца прыўзняць тую сетку. Цi не абвiнавацiць мяне ў гэты час iнспектар у тым, што гэта мая забароненая прылада рыбалоўства? — Калi вуда цi спiнiнг зачапiлiся за сетку, вызвалiць сваю прыладу рыбалоўства трэба або адчапiўшы кручок (але не выцягваючы сетку з вады), або абрэзаўшы лёску. Пра факт знаходкi сеткi трэба паведамiць па тэлефоне "гарачай лiнii" Дзяржiнспекцыi цi яе структурнага падраздзялення па месцы размяшчэння вадаёма. Работнiкi iнспекцыi выедуць на месца i здымуць сетку. — Цi будзе парушэннем, калi я, прыехаўшы ў перыяд веснавой забароны на рыбалку, буду мець у багажнiку пад’ёмнiк для лоўлi жывой прынады? — Падчас веснавой забароны такога грамадзянiна прыцягнуць да адмiнiстрацыйнай адказнасцi за парушэнне пункта 134.9 Правiлаў — за знаходжанне паблiзу вадаёма з забароненымi да выкарыстання прыладамi лоўлi, г.зн. любымi, акрамя вуды цi спiнiнга. Падрыхтаваў Сяргей РАСОЛЬКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адказы на найбольш тыповыя пытаннi рыбаловаў-аматараў Як мы ўжо паведамлялi днямi, згодна з Правiламi вядзення рыбалоўнай гаспадаркi i рыбалоўства, з
|
|