21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Прамень скрозь цемру

26.08.2009 12:10 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Прамень скрозь цемру

Завод, дзе большасць працаўнiкоў — iнвалiды, каторы раз сутыкаецца з праблемамi памяшкання

Прыватнае брэсцкае прадпрыемства "Вертэкс-Брэст", на першы погляд, звычайны завод. 145 працаўнiкоў у вытворчых цэхах вырабляюць свяцiльнiкi, паяльнiкi, падаўжальнiкi, выключальнiкi i электрапатроны, аўтамабiльныя электрапрыборы, а таксама шэраг iншых рэчаў. А незвычайны ён тым, што асноўная частка працаўнiкоў — iнвалiды па зроку i па iншых захворваннях. І прадпрыемства ў свой час было створана пад эгiдай грамадскага аб’яднання "Беларускага таварыства iнвалiдаў па зроку".

Пачыналася яно з невялiчкага кааператыва ў складзе 20 чалавек пад кiраўнiцтвам Юрыя Верасоцкага. Арандавалi куток на тэрыторыi электратэхнiчнага завода, выпускалi асобныя дэталi да электрапрыбораў. Паступова расла колькасць людзей. Стала пашырацца кола заказчыкаў, iмi ў розны час былi электралямпавы завод, "Газаапарат", iншыя малыя i вялiкiя заводы. Да сярэдзiны 90-х стала зразумела, што прадпрыемству патрабуецца асобнае памяшканне. Тады многiя прамысловыя гiганты згортвалi вытворчасць, вызвалялi дзясяткi квадратных метраў плошчаў. Знайшлiся вольныя карпусы ў электрамеханiчнага завода. "Вертэкс" захацеў выкупiць, але гаспадар замовiў мiльён рублёў. Па тым часе гэта былi вялiкiя грошы. Нi ў рэспублiканскага таварыства, нi ў прадпрыемства-пачаткоўца такой сумы быць не магло. Тагачасны кiраўнiк грамадскага аб’яднання "Белтiз" пайшоў на прыём да старшынi Саўмiна. На гэтай пасадзе працаваў тады Вячаслаў Кебiч. I праз некаторы час з’явiлася пастанова Урада аб бязвыплатнай перадачы памяшкання па вулiцы Маскоўскай прадпрыемству "Вертэкс". Праўда, у тым дакуменце не называлiся тэрмiны выканання. Гэтым i скарыстаўся гаспадар будынка. Бо менш чым праз год Урад памяняўся. БЭМЗ iзноў заўпарцiўся, хоць памяшканне яму не было патрэбнае, яно пачало пакрысе развальвацца. Але i на гэты раз Урад краiны пайшоў насустрач iнвалiдам. Новы прэм’ер-мiнiстр пацвердзiў рашэнне папярэднiка i прыбавiў патрабаванне выканаць пастанову ў вызначаны тэрмiн. Так у 1998 годзе невялiкi завод, што даў працу многiм iнвалiдам, пераехаў у першы свой уласны будынак.

Чаму так падрабязна расказваю пра гiсторыю памяшкання завода? Каб падкрэслiць, што ў нялёгкiя часы краiна ўсё ж знаходзiла магчымасць падтрымлiваць прадпрыемства, якое дае працу людзям з абмежаванымi магчымасцямi. Цяпер у прадпрыемства зноў узнiклi праблемы, не па яго, падкрэслю, прадпрыемства, вiне. Цi знойдзе ўлада, i ў яе асобе грамадства, сiлы падтрымаць спецыфiчнага вытворцу, пакуль застаецца пытаннем. Але пра гэта крыху пазней.

За дзесяцiгоддзе "Вертэкс-Брэст" асвоiў поўны вытворчы цыкл дзясяткаў вырабаў. Завод складаецца з механiчнага ўчастка, участка халоднай штампоўкi, лiцця i пластмас, гальванiчнай апрацоўкi, зваркi, iнструментальнай i рамонтнай службаў. Iх разеткi, шнуры, элетраўстановачныя вырабы, аўтамабiльныя лямпы замаўляюць такiя сур’ёзныя вытворцы, як МАЗ, "Гомсельмаш", "Газаапарат", прадпрыемства "Гефест-тэхнiка", шэраг рэзiдэнтаў свабоднай эканамiчнай зоны "Брэст". Свяцiльнiкi з мiлымi беларускiмi назвамi "Прамень", "Месяц" (у форме вясёлага нябеснага свяцiла для дзiцячых пакояў) з’явiлiся на прылаўках. Цяпер прадпрыемства асвоiла вытворчасць энергазберагальных свяцiльнiкаў для асвятлення жылых, бытавых, дапаможных памяшканняў, лесвiчных праёмаў, лiфтавых холаў. Iх яшчэ назвалi антывандальныя. Корпус прыбора зроблены са звыштрывалага матэрыялу. Адным словам, такi свяцiльнiк цяжка пабiць, папсаваць, а спецыяльныя вiнты не дазволяць пад’ездавым вандалам адкруцiць корпус i дастаць асноўныя элементы — лямпу, датчык, патрон. Што i казаць, вельмi актуальная для нашага часу тэма. Бо, як большая частка жыхароў шматпавярховiкаў змагла ўпэўнiцца, металiчныя дзверы з дамафонамi не ратуюць маёмасць ад хулiганаў усiх масцей.

Прадпрыемства магло б далей развiвацца, асвойваць новыя вiды прадукцыi. I, што самае галоўнае, даваць работу тым людзям, якiм знайсцi прымяненне сваiх сiлаў вельмi складана. З iнжынерам па эксплуатацыi будынка Таццянай Iвановай абыходзiм цэхi: цесната адразу кiдаецца ў вочы. Працаўнiкi ў асобных падраздзяленнях, што называецца, дыхаюць адно аднаму ў патылiцу. Няма таго, што мусiць быць на кожным прадпрыемстве, а на гэтым быць абавязана: медыцынскага кабiнета, пакоя аховы працы, пакоя для харчавання, так званага пакоя адпачынку. Апошнiя ёсць амаль на кожнай ферме, пакой адпачынку з мяккай мэбляй даводзiлася бачыць нават на плывучым iнтэрнаце, так званай брандвахце "Днепра-Бугскага воднага шляху", а тут, дзе працуюць людзi з асаблiвасцямi здароўя, яго няма. Няма, таму што няма месца. У якiх толькi закутках нi абсталяваны распранальнi, куточкi для абедзеннага чаю i бутэрбродаў! Хоць усюды падтрымлiваецца чысцiня i парадак, многiя такiя памяшканнi не маюць акон, iх вельмi цяжка праветрываць. Санiтарныя службы стамiлiся пiсаць прадпiсаннi, але i яны разумеюць, што ўсё неабходнае не ствараюць не ад нежадання палепшыць умовы працы, а ад немагчымасцi гэта зрабiць.

Ды працаўнiкi не скардзяцца. Большасць з iх — вельмi добразычлiвыя людзi са станоўчым жыццёвым настроем. Старшыня прафкама, старшыня пярвiчнай арганiзацыi iнвалiдаў па зроку Ала Палянюк расказвае, што на прадпрыемстве цяпер працуе 59 iнвалiдаў па зроку i 25 iнвалiдаў па iншых захворваннях. Многiх гэтых людзей работа проста вырвала з палону чатырох сценаў i адзiноты. Са сваiмi, хай невялiкiмi, заробкамi яны змаглi адчуць сябе паўнавартаснымi людзьмi. Ала Мiкалаеўна расказала, што ў адным з цэхаў працуе былы настаўнiк. Чалавек, якi любiў сваю работу, быў любiмы калегамi i вучнямi, заўсёды знаходзiўся ў вiры жыцця, раптам страцiў зрок. Можна сабе ўявiць ступень дэпрэсii i адчаю. Але з прыходам на працу ў асяродак людзей з падобнымi праблемамi пацiху адаптаваўся да жыцця. Цяпер працуе, актыўна ўдзельнiчае ў грамадскiх пачынаннях калектыву. Грамадская работа на гэтым заводзе — гэта нешта адметнае ў адрозненне ад iншых працоўных калектываў. У звычайнай арганiзацыi часта да яе ставяцца як да нечага другаснага, няважнага, бо кожны спяшаецца хутчэй туды, дзе яго чакае тысяча iншых спраў. Тут жа для многiх — адзiнае месца, дзе можна сябе рэалiзаваць. Наталля Чарнякова, напрыклад, працавала звычайнай зборшчыцай. Таленавiтая дзяўчына была асноўнай салiсткай на ўсiх канцэртах, на ўсiх святах. Цяпер яе паставiлi культарганiзатарам "Вертэкса". Не пашкадавалi грошай на стаўку, а чалавек шчаслiвы, бо гэта яго месца, i iншыя задаволены, бо да сваiх абавязкаў яна заўсёды ставiцца з душой.

Апошнiм часам не сустракала кiраўнiка прамысловага цi сельскагаспадарчага прадпрыемства, якi б не скардзiўся на мароку з "абавязанымi" асобамi. Усiм даюць пакрысе такога кантынгенту ў якасцi працаўнiкоў. А праца iх — слёзы. Дырэктар Юрый Верасоцкi таксама прыводзiў прыклады, як некаторыя з iх наўмысна правакуюць парушэннi працоўнай дысцыплiны, прыходзяць на падпiтку, працуюць абы-як. Але бывае i цуд. Ёсць некалькi прыкладаў, што на гэтым прадпрыемстве гора-мацi пачалi прыкметна выпраўляцца. Яны паглядзелi, як годна паво- дзяць сябе, як даражаць працай хворыя людзi, i сумленне, у каго яно канчаткова не прапiта, загаварыла.

У дырэктара ж цяпер асноўны клопат — памяшканне. Знаходзiлi яны розныя варыянты, але пакуль згода з гарадскiмi ўладамi не дасягнута. Здавалася б, падарунак лёсу паказаўся на гарызонце, пераехалi ў новае памяшканне суседзi — РАУС Маскоўскага раёна Брэста. Вызвалiўся стары драўляны будынак. "Вертэкс" адразу паклаў вока, гатовыя былi правесцi рэканструкцыю, дабудаваць другi паверх. Але атрымалi адмову. Аказваецца, згодна з генеральным планам забудовы горада, гэты будынак будуць зносiць. Больш за тое, само прадпрыемства атрымала паведамленне, што i яго карпусы падлягаюць зносу ўсё па тым жа плане. Бо на гэтым месцы задумана элiтнае жыллё. Тыя казармы ў Паўднёвым мiкрараёне, што iм прапанавалi ўзамен, паўразваленыя, засталiся без кацельняў i камунiкацый. Адолець такую будоўлю невялiкаму прадпрыемству проста не пад сiлу. Калi строга падысцi да выканання распараджэння, то прадпрыемства давядзецца закрыць, а людзей распусцiць. Iншая справа, што пра канкрэтныя тэрмiны рэалiзацыi генеральнага плана забудовы на тым участку, дзе стаiць завод, пакуль не гаворыцца. А цяпер, калi крызiс уносiць многiя карэктывы ў тым лiку ў планы будаўнiцтва, магчыма, у "Вертэкса" ёсць некалькi гадоў. Але ж рана цi позна пытанне зноў паўстане...

* * *

Пахадзiўшы па цэхах, пагаварыўшы з рабочымi, у свядомасцi выплыла, здаецца, недзе прачытанае: нiякiя яны не "людзi з абмежаванымi магчымасцямi". Яны нармальныя людзi, якiм мы абмежавалi магчымасцi. I мы, грамадства, адказныя за свае паводзiны. Хацелася б, каб памяталi пра гэта тыя, хто будзе прымаць канчатковае рашэнне па будынку не зусiм звычайнага завода.

Святлана ЯСКЕВIЧ.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Завод, дзе большасць працаўнiкоў — iнвалiды, каторы раз сутыкаецца з праблемамi памяшкання Прыватнае брэсцкае прадпрыемства "Вертэкс-Брэст"
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика