21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Крыж памяцi

26.08.2009 12:10 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Крыж памяцi

Ад вялiкай i шматлюднай вёскi Кульшычы ў Слаўгарадскiм раёне сёння засталося няшмат: дарожны паказальнiк, брацкая магiла i адна нежылая хата. Аднак сёлета ў пахаванай чарнобыльскай вёсцы з’явiўся новы памятны знак: праваслаўныя вернiкi ўсталявалi паклонны крыж на месцы, дзе калiсьцi стаяла царква.

 

Праз Чырвоны Усход на Кульшычы

Пакуль зямля i дрэвы не зазелянелi, прырода навокал мае ўсе адценнi бэжавага i карычневага. Хутка ўсё зменiцца, стане прыгажэйшым. Буйную зелянiну дапоўняць яркiя шматгадовыя кветкi, якiя здзiчэлi i разраслiся з былых сялянскiх палiсаднiкаў. А пакуль тут сцiпла, i цiшыня навокал.

Каля ўезду ў Кульшычы на ўзвышшы калiсьцi стаяў сухi дуб, проста на ствале якога ўмацавалi знак радыяцыйнай небяспекi. Цяпер дуб згарэў, i ад яго застаўся толькi высокi дуплiсты чорны пень у атачэннi пустазелля. Мясцовыя жыхары лiчаць яго за сiмвал чарнобыльскай катастрофы, якая змянiла лёсы тысяч людзей.

Падарожжа да вёскi, якой цяпер няма, запоўнена ўспамiнамi: тут збiралi малiну, там хадзiлi па баравiкi, а цяпер гэтыя месцы запаланiлi дзiкi, якiя палохаюць пешых людзей i аўтамабiлiстаў. Узгадваюць Ларыса Іванаўна Чачора i Васiль Фёдаравiч Нiкалаенка, жыхары вёскi Чырвоны Усход.

Гэтую савецкую назву, якую паселiшча атрымала ў 1960-х гадах па волi чыноўнiкаў, мала хто ўжывае. Тутэйшыя завуць яго, як у старажытнасцi — Шаламы. Менавiта сюды пасля вялiкага чарнобыльскага перасялення народаў трапiлi некалькi жыхароў Кульшычаў. Ад новага месца жыхарства да "сваёй вёскi" — усяго дзясятак кiламетраў, i мясцовыя перасяленцы нiбыта вартаўнiкi памяцi Кульшычаў.

Айцец Георгiй Сакалоў, настаяцель Свята-Пятра-Паўлаўскага храма ў Лясной, расказвае пра гiсторыю пахаванай вёскi: старажытнае месца, вялiкае сяло, да рэвалюцыi быў маёнтак (напрыканцы ХIХ стагоддзя Кульшычы належалi дваранам Ляснеўскiм) i стаяла царква. Пасля рэвалюцыi вёска стала цэнтрам сельсавета. Калi здарыўся чарнобыль, спачатку ў Кульшычах сталi асфальтаваць дарогi i будаваць вялiзны дом культуры, але потым высветлiлася, што жыць тут нельга. Людзей перасялiлi, а вёску зруйнавалi.

Слёзы анёла-ахоўнiка

Пра месца, дзе стаяла царква Нараджэння Багародзiцы, нагадваюць некалькi камянёў ад падмурка. Цяпер там выраслi дзядоўнiк у чалавечы рост i маладыя дрэўцы. Праз пажухлую траву прабiваюцца радасныя жоўтыя кветачкi падбелу.

Драўляны будынак царквы ў Кульшычах быў пахаваны, як i iншыя. Праўда, набажэнстваў паўстагоддзя тут не было — у былой царкве спявалi i танчылi. Пасля рэвалюцыi, напачатку 1930-х гадоў, скiнулi крыж i купал, адчынiлi клуб. Старыя людзi распавядалi, што аднаму з актыўных камсамольцаў, якi палез на царкву дзеля ўстанаўлення новага ладу жыцця, стала дрэнна. Нiбыта ён здурнеў i збег, а потым трапiў у псiхбальнiцу.

— Мяне мацi нiколi не пускала ў клуб у вялiкiя царкоўныя святы i пасты, — узгадвае Ларыса Iванаўна, якая вырасла ў Кульшычах. — Але я, маладая, усё адно бегала. Цяпер, можа, ад гэтага граху ногi i баляць?..

Жанчына прызнаецца, што часта ў сне блукае ў гэтых мясцiнах: бачыць царкву, складзеную з гладкiх дубовых бярвенняў, агароджу навокал. Таму Ларыса Iванаўна горача падтрымала iдэю ўсталяваць на месцы царквы памятны крыж, якi б адзначыў святое месца.

— Там, дзе ёсць альбо была царква, ёсць нябачны анёл-ахоўнiк, — тлумачыць айцец Георгiй. — I калi царква ў занядбаннi, то, гавораць, ён плача. Таму на асвечаным месцы, нават калi царквы ўжо няма, сапраўды трэба ўсталяваць крыж. Такая традыцыя iснавала з даўнiх часоў, а цяпер яна вяртаецца.

Тым больш, расказаў слаўгарадскi святар, што з Кульшычамi звязана яшчэ адна цiкавая гiсторыя, якая адбылася ранняй восенню 1990 года. Селянiн Васiль Iваноў разам з напарнiкам пасвiў кароў. Удзень iмжыў дождж, i пастухi схавалiся пад дрэвам. Неўзабаве Васiль заўважыў, што з кустоў непадалёк iдзе рассеянае святло. Сябар нiчога не бачыў, але мужчына вырашыў праверыць.

Пастух знайшоў абраз, якi быў прыстаўлены да дрэва. Высветлiлася, што гэта абраз Пачаеўскай Божай Мацi, мясцовага народнага пiсьма на дошцы. Ён захаваў знойдзены абраз, потым з iм перасялiўся на Глушчыну.

Гэту гiсторыю сястра мiласэрнасцi пачула ад Васiля, якi трапiў на лячэнне ў Мiнск з траўмай. Абраз быў прывезены ў сталiцу, дзе цяпер захоўваецца ў адной з праваслаўных цэркваў.

Богаўгодная справа для вёскi-сiраты

Васiль Фёдаравiч — чалавек набожны. I хоць мужчына — не кульшыцкi перасяленец, але менавiта ён усталяваў крыж на месцы царквы ў пахаванай вёсцы.

— Я зрабiў гэта па блаславенню, з любоўю, па-суседску, — гаворыць Нiкалаенка. — Гэта богаўгодная справа, i мой удзел у ёй быў для мяне, вернiка, выратавальны.

Мужчына гаворыць, што дрэва для крыжа ўзятае без шкоды для лесу. Узiмку, на калядны пост, Васiль Фёдаравiч адшукаў непадалёк ад Кульшычаў сухую сасну, i проста ў лесе зрабiў вялiкi крыж з трох частак. Сам прывёз яго на веласiпедзе i ўсталяваў.

— Крыж зроблены па старадаўняй тэхналогii, без жалезных цвiкоў, на драўляных шыпах, — расказвае ён. — Гэта Бог маiмi рукамi зрабiў гэты крыж.

Яго асвяцiў айцец Георгiй напярэдаднi сёлетняга свята Нараджэння Хрыстова. На крыжы — вышываныя ручнiкi, абраз i невялiкi медны крыж. Яго зрабiў Васiль Фёдаравiч з кавалка металу, якi знайшоў у iншай, але таксама адселенай i пахаванай вёсцы. Усе сiмвалы i знакi разам, а на душы — спакой.

Нiкалаенка называе Кульшычы "вёскай-сiратой": людзi тут не жывуць, ад хат засталiся мёртвыя пагоркi.

— Вёскi няма, а памяць людзей ёсць, — гаворыць айцец Георгiй. — Iснуе яшчэ паказальнiк на Кульшычы, але рэальна вёска не iснуе. Трэба, каб у людзей, якiя перажываюць за лёс родных мясцiнаў, быў свой памятны знак.

Свет цесны, i каранi людзей пераплятаюцца незвычайным чынам. Айцец Георгiй даведаўся, што яго бабуля яшчэ да рэвалюцыi хрысцiлася ў кульшыцкай царкве. А дваюрадны дзед Ларысы Iванаўны, беларускi акадэмiк i вядомы этнограф Iсаак Абрамавiч Сербаў, прыязджаў у Кульшычы i настойлiва раiў брату прадаць майстэрню, дзе часалi воўну, "iначай раскулачаць". Дзед скарыстаўся парадай, але гэта не дапамагло: яго забралi, i памёр ён у Архангельску.

I не трэба нiякага сваяцтва, каб здагадацца, што калiсьцi ў Кульшычах жыў святар, якi любiў даваць дзецям беларускiх сялян бiблейскiя iмёны. Таму сярод тутэйшых старых так шмат было Майсеевiчаў, Абрамавiчаў i Iсакавiчаў.

Той чорны дзень

Побач з крыжам брацкая магiла: на сцiплым помнiку — некалькi дзясяткаў прозвiшчаў савецкiх салдатаў, якiя загiнулi за свабоду i незалежнасць у час Вялiкай Айчыннай вайны. Стос памiнальных свечак. Месца чыстае i добраўпарадкаванае: нядаўна там прайшоў суботнiк.

Праз некалькi дзён кульшыцкiя людзi збяруцца ў роднай вёсцы, каб наведаць магiлы продкаў. Усе яны будуць узгадваць дзень 26 красавiка 1986 года.

— Мы былi даяркамi на ферме, i нам днi тры нiчога не казалi, — расказвае Марыя Пятроўна Паўлючкова. — Потым прыехалi з канторы i сказалi не выганяць кароў, бо катастрофа. А калi iшлi з фермы, то хмары вiселi, нiбыта чорныя касмылi. Гавораць, яны плылi на Маскву, таму iх пасадзiлi ў лесе. У тым месцы пасля дровы нiхто не браў. А што датычыцца здароўя, то чорт яе, радыяцыю, ведае. Можа, балiць усё ад старасцi? Мне больш за 80 гадоў, а я ўсё пры сваёй памяцi. Жывём, i ўсё будзе добра.

— Гэта была субота перад Вербнай нядзеляй, — гаворыць айцец Георгiй. — Я тады быў у армii, а мацi мне распавядала, што дзень быў цёплы, але стаяў туман ранiцай. I як потым узгадвалi, туман быў незвычайны — нейкi жаўтаваты. Праўда, iншыя казалi, што гэта быў нейкi пылок.

— Так, былi жоўтыя лужыны i разводы на зямлi, — пацвярджае Ларыса Iванаўна. — Я працавала загадчыцай крамы, i часу не было даглядаць малога сына. Таму ўвесь той дзень ён прасядзеў каля хаты ў пяску. Можа, гэта пясок яго ўратаваў ад радыяцыi, таму што, у адрозненне ад усiх iншых кульшыцкiх дзяцей, мой Вiця абсалютна не атрымаў дозы апраменьвання. Цяпер яму 26 гадоў, i ён дапамагаў ставiць памятны крыж. А на наступны дзень пасля аварыi я спала i ўсё не магла прачнуцца.

— I я памятаю гэты пагодны дзень: сонца i паўднёвы ветрык, якi потым нагнаў хмаркi, — расказвае Васiль Фёдаравiч. — Так, з намi здарылася бяда. Але самая вялiкая радыяцыя — гэта наша злосць. I яна большы вораг за чарнобыль.

Кульшычы адрадзiлiся ў Заелiцы

У пачатку 1990-х гадоў пацярпелую вёску вырашылi перасялiць у чыстую мясцовасць амаль у поўным складзе. Пераязджалi ў Заелiцу Глускага раёна — за дзве сотнi кiламетраў: усёй гаспадаркай, цэлымi вулiцамi, i нават суседзяў не мянялi. Калгас "Рэвалюцыя" на новым месцы атрымаў памятны назоў "Слаўгарадскi".

Людзi ехалi за сваiм старшынёй — Яўгенам Мiкалаевiчам Дзем’янковым. Менавiта пад яго кiраўнiцтвам калгас i яго працаўнiкi сталi заможнымi: па заробку на другiм месцы ў вобласцi пасля кiраўскага "Рассвета", у кожнай другой сям’i быў аўтамабiль. Сёння "Слаўгарадскi" ўзначальвае не перасяленец, але ў Заелiцы ўжо даўно не дзеляцца на сваiх i чужых.

— Цяпер мы тут усе перажанiлiся i параднiлiся, змяшалiся i ўлiлiся, — запэўнiвае старшыня Слаўкавiцкага сельсавета Глускага раёна Мiкалай Мiкалаевiч Куратаў.

Дарэчы, сам Мiкалай Мiкалаевiч — з сям’i перасяленцаў. Калi бацькi пераязджалi з Кульшычаў, ён вучыўся ў iнстытуце, а потым прыехаў дадому — але ў новую вёску.

— У маiм сямейным архiве ёсць фотаздымкi роднай Кульшыцкай школы: вось яна яшчэ стаiць, потым пачалi разбiраць, а тут пасля школы застаўся толькi гарбок зямлi, — сказаў старшыня сельсавета.

У 2004-м годзе вёска Кульшычы была рэабiлiтавана. Паводле iнфармацыi 5-гадовай даўнiны, узровень забруджання радыяцыяй наблiжаўся да 20 кюры. Дасюль сярод вяскоўцаў лiчаць, што прычынай высялення стала ваяўнiчая актыўнасць жыхароў суседняй вёскi Кулiкоўка, дзе ўзровень забруджання перавышаў 40 кюры. Яе жыхары пiсалi скаргi ў Маскву, i нават Мiхаiл Гарбачоў прыязджаў — Ларыса Iванаўна бачыла яго картэж з акна сваёй хаты ў Кульшычах, а разам з кулiкоўцамi выселiлi i ўсю акругу.

Да лепшага быў той пераезд цi да горшага? Перасяленцы не любяць разважаць на гэту тэму. Яны свой выбар зрабiлi: паехалi ад радыяцыi, бо клапацiлiся пра дзяцей i будучыню.

Забыццё i ўваскрашэнне Кульшычаў

Каля крыжа айцец Георгiй i вернiкi зацягнулi велiкоднае песнапенне: "Хрыстос уваскрэсе з мёртвых..."

— У дзень, калi здарыўся Чарнобыль, у праваслаўных цэрквах будуць памiнаць людзей, якiя памерлi ад радыяцыйнай навалы, — сказаў айцец Георгiй. — А таксама молiмся, каб Гасподзь умацаваў жывых, якiм патрабуецца падтрымка. Вось так: i жывым, i мёртвым...

Паводле iнфармацыi Васькавiцкага сельсавета Слаўгарадскага раёна, у Кульшычах сёння прапiсаны 1 чалавек, якi, аднак, не жыве ў пакiнутай вёсцы. Хата, якая належыць Марыi Пятроўне i яе мужу, стаiць непадалёк ад мiлiцэйскага паста. Там iх лецiшча i пчальнiк, адкуль самы смачны мёд (радыяцыя на пчолаў уплыву не мае, запэўнiваюць Паўлючковы) адпраўляецца ў сталiцу. Жыць адны ва ўсёй вёсцы старыя не хочуць, таму набылi дом у Шаламах. З нагоды Вялiкадня бабуля прыехала да крыжа пакачаць яечка i памалiцца.

— Наша хата ў Кульшычах будзе стаяць, але людзi туды не вернуцца, — гаворыць Марыя Пятроўна. — Кульшычы не ажывiць. Старыя памерлi, а маладыя не паедуць, бо ў iх ёсць новыя радзiма.

Сёння дарожны знак Кульшычы можна сфатаграфаваць з двух бакоў: пейзаж навокал адзiн i той жа, толькi назва вёскi можа быць альбо перакрэслена, альбо не. Узнiкла спрэчка: якi фотаздымак будзе найбольш правiльным. Меркаваннi падзялiлiся.

— Родная вёска маёй мацi таксама адселена, але яна з вялiкай упэўненасцю заўсёды гаворыць, што людзi вернуцца ў абжытыя мясцiны, — лiчыць айцец Георгiй. — У мацi ёсць вялiкая ўнутраная ўпэўненасць, што людзi вернуцца туды, дзе жылi столькi пакаленняў. Абавязкова павiнны вярнуцца.

Кульшыцкiя людзi разляцелiся цяпер па ўсёй Беларусi. Дзясятак сем’яў атрымалi дамы ў вёсцы Заходы Шклоўскага раёна i добра там уладкавалiся.

— Мы на Слаўгарадчыну не ездзiм, там няма чаго рабiць, — рашуча сказала Таццяна Пятроўна Парфенава. — Кульшычы зарылi.

— Я недзе чытала, што праз 20 гадоў людзi пра радыяцыю забудуцца i, вiдаць, гэта праўда, — паведамiла Ларыса Iванаўна, якая вярнулася з Мiнска i жыве ў Шаламах. — Не буду хлусiць, я сама ўжо забываюся на Кульшычы. Хаця цяпер многiя людзi хочуць вярнуцца, нiбыта i не было тых 23 гадоў пасля Чарнобыльскай аварыi.

— Гэта з намi здарылася, i зусiм забыцца на гэту бяду нельга, — падсумоўвае айцец Георгiй. — Нам трэба з гэтым жыць. Як жыць, як пераадольваць — гэтаму трэба вучыцца. Памятаць трэба, але i жыць далей.

Iлона Iванова.

Слаўгарадскi раён.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пакуль зямля i дрэвы не зазелянелi, прырода навокал мае ўсе адценнi бэжавага i карычневага. Хутка ўсё зменiцца, стане прыгажэйшым. Буйную зелянiну дап
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика