Аляксандр Лукашэнка: У нас вялікая цiкавасць да далейшага развiцця дыялога па лiнii Беларусь — Еўра
Аляксандр Лукашэнка: У нас вялікая цiкавасць да далейшага развiцця дыялога па лiнii Беларусь — Еўрасаюз
У нашай краiны ёсць вялiкая цiкавасць да далейшага развiцця дыялога па лiнii Беларусь — Еўрасаюз. Разам з тым, прынцыповая пазiцыя дзяржавы застаецца нязменнай: Беларусь даражыць сваiмi галоўнымi партнёрамi — Расiяй i Еўрасаюзам i не мае намеру адмаўляцца ад супрацоўнiцтва з адным, каб дагадзiць другому. Такую пазiцыю Беларусi выказаў Прэзiдэнт Аляксандр Лукашэнка, знаходзячыся 26-28 красавiка з вiзiтам у Італьянскай Рэспублiцы i Дзяржаве Ватыкан. Беларусь i Ватыкан задаволены развiццём двухбаковага супрацоўнiцтва i зацiкаўлены ў актывiзацыi ўзаемадзеяння ў розных сферах. Гэта было пацверджана 27 красавiка ў Ватыкане ў ходзе гутаркi Прэзiдэнта Беларусi з духоўным кiраўнiцтвам Рымска-каталiцкай царквы. У першай палавiне дня Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з Папам Рымскiм Бенедзiктам ХVI, пазней адбылiся перагаворы кiраўнiка беларускай дзяржавы з Дзяржсакратаром Яго Святасцi Папы Кардыналам Тарчызiо Бертоне. Размова Прэзiдэнта i Пантыфiка праходзiла ў Папскай бiблiятэцы Апостальскага палаца — афiцыйнай рэзiдэнцыi Папы Рымскага ў Ватыкане. У парадным палацы Святога Дамаза Апостальскага палаца Ватыкана кiраўнiка беларускай дзяржавы сустрэў Прэфект Святога Прастола i ганаровая варта роты швейцарскiх гвардзейцаў. Да Папскай бiблiятэкi Прэзiдэнт з членамi афiцыйнай дэлегацыi прайшоў праз анфiладу адзiнаццацi залаў. Каля ўвахода ў бiблiятэку ў Малой троннай зале Прэзiдэнта сустрэў Папа Рымскi. Кiраўнiк беларускай дзяржавы i Пантыфiк абмянялiся кароткiмi прывiтаннямi, пасля чаго прадоўжылi гутарку ў Папскай бiблiятэцы. Аляксандр Лукашэнка, вiтаючы Папу Рымскага Бенедзiкта ХVI, адзначыў, што вельмi рады гэтай сустрэчы. "Наша сустрэча зацягнулася, але нарэшце мы сустрэлiся", — сказаў ён. Гутарка Прэзiдэнта i Пантыфiка доўжылася крыху больш, чым было запланавана пратаколам. У ходзе яе была закранута i тэма далейшага развiцця супрацоўнiцтва памiж Рэспублiкай Беларусь i Рымска-каталiцкай царквой. Пасля завяршэння сустрэчы Аляксандр Лукашэнка i Бенедзiкт ХVI абмянялiся падарункамi. Папа ўручыў памятны медаль з нагоды сустрэчы, у сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка падарыў абраз беларускага майстра. Малодшы сын кiраўнiка беларускай дзяржавы, якi прысутнiчаў на сустрэчы, таксама паднёс Пантыфiку свой падарунак — сярэбраную сувенiрную манету "Крыж Ефрасiннi Полацкай" i свой буквар. Прысутныя на гэтай сустрэчы адзначылi, што дапушчальная пратаколам прысутнасць на аўдыенцыi ў Папы Рымскага дзiцяцi прыўнесла дадатковы пазiтыў i асаблiвую цеплыню ў гутарку i спадабалася Пантыфiку. Развiтваючыся з Папам Рымскiм, Аляксандр Лукашэнка прапанаваў сустрэцца ў наступны раз з Бенедзiктам ХVI у Беларусi. "Калi Вы знойдзеце час, мы сустрэнемся на беларускай зямлi, калi на тое будзе воля Божая", — сказаў кiраўнiк беларускай дзяржавы. Затым Аляксандр Лукашэнка ў Апостальскiм палацы сустрэўся з Дзяржсакратаром Яго Святасцi Папы Бенедзiкта ХVI Кардыналам Тарчызiо Бертоне. Бакi выказалi ўзаемную зацiкаўленасць у актывiзацыi супрацоўнiцтва ў такiх сферах, як навука, культура, архiўная i бiблiятэчная справа, а таксама абмеркавалi падрабязнасцi падпiсання Беларуссю i Ватыканам пагаднення аб супрацоўнiцтве. Тарчызiо Бертоне выказаў задавальненне развiццём двухбаковых кантактаў памiж Беларуссю i Ватыканам i падзякаваў Прэзiдэнту за садзейнiчанне дзейнасцi Рымска-каталiцкай царквы ў Беларусi. У вынiку праведзеных сустрэч былi абмеркаваны як перспектывы паглыблення супрацоўнiцтва памiж Беларуссю i Ватыканам, так i пытаннi, якiя датычацца мiжканфесiянальнага i мiжкультурнага дыялога, тэмы мiжнароднага характару, звязаныя з захаваннем мiру i развiццём прагрэсу чалавецтва, некаторыя ўнутраныя пытаннi краiны, тэмы, якiя датычацца дзейнасцi каталiцкай царквы ў Беларусi. У гэты ж дзень позна вечарам адбылася рабочая вячэра кiраўнiка беларускай дзяржавы Аляксандра Лукашэнкi з прэм’ер-мiнiстрам Iталii Сiльвiо Берлусконi. Гутарка доўжылася звыш трох гадзiн — значна даўжэй, чым было запланавана, i мела вельмi канструктыўны характар. Аляксандр Лукашэнка i Сiльвiо Берлусконi адзначылi блiзкасць пазiцый у вырашэннi пытанняў, звязаных з пераадоленнем наступстваў сусветнага фiнансава-эканамiчнага крызiсу, важнасцi адказнай ролi ўрада ў рэагаваннi не толькi на крызiс, але i ў падтрыманнi правiльнага эканамiчнага i сацыяльнага асяроддзя ў дзяржаве. Вялiкая ўвага была ўдзелена таксама магчымасцям развiцця гандлёва-эканамiчных сувязяў. З iтальянскага боку была выказана шчырая цiкавасць да магчымасцяў iнвеставання ў Беларусь. Гэта тэма была iнiцыявана Сiльвiо Берлусконi, i ў падчас сустрэчы быў перададзены цэлы пакет iнвестпрапаноў iтальянскаму ўраду. Абмяркоўвалася мiжнародная тэматыка, у тым лiку i ўдзел Беларусi ў iнiцыятыве "Усходняе партнёрства". "У нашай краiны ёсць вялiкая цiкавасць да далейшага развiцця дыялога па лiнii Беларусь — Еўрасаюз, — сказаў Прэзiдэнт. — Мы настойваем на спрашчэннi вiзавага рэжыму i змяншэннi кошту вiзаў для беларусаў, прапануем выгаднае супрацоўнiцтва ў галiне iнвестыцый, перспектыўныя праекты ў прамысловасцi, энергетыцы i банкаўскай сферы, iмкнёмся паўней i з выгадай для ўсiх выкарыстоўваць свой транзiтны патэнцыял. Ёсць немалая цiкавасць да супрацоўнiцтва ў гуманiтарнай i навуковай сферах. У Беларусi ўважлiва вывучаецца вопыт еўрапейскай заканатворчай дзейнасцi". Аляксандр Лукашэнка i Сiльвiо Берлусконi дамовiлiся, што ў блiжэйшай перспектыве можа адбыцца вiзiт у адказ кiраўнiка iтальянскага ўрада ў Мiнск. Да гэтага часу будзе прапрацавана пытанне, каб папярэдне адбылася паездка ў Беларусь групы буйных iтальянскiх прадпрымальнiкаў. Iталiя ў 2008 годзе замацавалася ў дзясятцы асноўных гандлёвых партнёраў Беларусi, заняўшы сярод краiн па-за СНД восьмае месца па аб’ёме тавараабароту i дзясятае — па аб’ёме экспарту. Тавараабарот у 2008 годзе склаў $1,2 млрд, павялiчыўшыся на 45 працэнтаў у параўнаннi з 2007 годам, пры гэтым экспарт вырас на 73,8 працэнта да $320,5 млн, без улiку нафтапрадуктаў павялiчыўшыся на 21,4 працэнта (да $217,9 млн.). Па вынiках студзеня-лютага 2009 года экспарт тавараў склаў $18,54 млн (46,9 працэнта ад аб’ёму паставак за аналагiчны перыяд 2008 года). Галоўная прычына — рэзкае скарачэнне Iталiяй закупак беларускiх металаў i металапрадукцыi, якiя складаюць аснову экспарту Беларусi ў гэту краiну (66 працэнтаў паставак без улiку нафтапрадуктаў). Тым не менш па шэрагу пазiцый забяспечаны рост. Пазiтыўныя тэндэнцыi дасягнуты ў гандлi паслугамi. У Беларусi зарэгiстравана 81 прадпрыемства з iтальянскiмi iнвестыцыямi, у тым лiку 48 сумесных i 33 замежныя. Аб’ём iх статутных фондаў склаў $10 млн. З 2002 па 2007 год з Iталii паступiла $100,1 млн iнвестыцый, у тым лiку $7,3 млн прамых. У 2008 годзе iтальянскiя iнвестыцыi ў Беларусь дасягнулi $4,7 млн, пры гэтым аб’ём прамых — $3,3 млн. У аўторак, 28 красавiка, Прэзiдэнт Беларусi сустрэўся з Князем i Вялiкiм Магiстрам Суверэннага Мальтыйскага ордэна фра Мэцью Фестынгам. Сустрэча праходзiла на вiле Мальтыйскага Прыярата — рэзiдэнцыi Суверэннага Ваеннага Мальтыйскага ордэна. Маючы статус экстэрытарыяльнасцi, Ордэн мае зямельныя ўладаннi ў Iталii, Аўстрыi i Чэхii. Мальтыйскi ордэн падтрымлiвае дыпламатычныя адносiны са 100 дзяржавамi. У 2004 годзе ён адкрыў сваё пасольства i ў Беларусi — першай дзяржаве сярод краiн СНД. З сярэдзiны 90-х гадоў мiнулага стагоддзя Мальтыйскi ордэн актыўна займаецца дабрачыннай дзейнасцю ў Беларусi, аказваючы гуманiтарную дапамогу розным медыцынскiм установам краiны, а з 2002 года супрацоўнiчае з Беларуссю i яшчэ па адным напрамку — арганiзацыi стажыровак беларускiх урачоў ва ўнiверсiтэцкiх клiнiках Бельгii. Цяпер на стадыi ўзгаднення знаходзiцца пытанне садзейнiчання дзiцячым дамам сямейнага тыпу Мiнскай вобласцi, якiя маглi б быць пад патранатам Мальтыйскага ордэна. Звяртаючыся да фра Мэцью Фестынга, Аляксандр Лукашэнка ад iмя беларускага народа падзякаваў Мальтыйскаму ордэну за шматгранную гуманiтарную мiсiю, iстотную падтрымку па мiнiмiзацыi наступстваў аварыi на Чарнобыльскай АЭС, аздараўленнi дзяцей, перааснашчэннi медыцынскiх устаноў, падрыхтоўцы медыцынскiх кадраў. Аляксандр Лукашэнка i Вялiкi Магiстр выказалi намер вызначыць i iншыя перспектыўныя сферы супрацоўнiцтва. Як падкрэслiў Прэзiдэнт, новыя формы i напрамкi ўзаемадзеяння Беларусi з Мальтыйскiм ордэнам дадуць магчымасць яшчэ больш умацаваць сувязi рэспублiкi з краiнамi Захаду ў палiтычнай, гандлёва-эканамiчнай i iнвестыцыйнай сферах. "Нашы сувязi з Мальтыйскiм ордэнам уносяць iстотны ўклад у развiццё i ўмацаванне мiжканфесiянальнага мiру i згоды ў нашай краiне, — сказаў беларускi лiдар. — Гэтыя сувязi дэманструюць паважлiвыя адносiны да свабоды веравызнання, умацоўваюць пазiцыi беларускай дзяржавы на мiжнароднай арэне". Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што адносiны памiж Беларуссю i Мальтыйскiм ордэнам будуць развiвацца на аснове ўзаемапавагi, прыхiльнасцi да агульных хрысцiянскiх каштоўнасцяў. Прэзiдэнт таксама дадаў, што Беларусь i Мальтыйскi ордэн маюць даўнiя гiстарычныя сувязi: першае аддзяленне Ордэна было заснавана ў Беларусi ў канцы ХIV стагоддзя. 30 красавiка спаўняецца 13 гадоў з дня ўстанаўлення дыпламатычных адносiнаў памiж Беларуссю i Мальтыйскiм ордэнам, якi вёў актыўную дабрачынную дзейнасць у нашай краiне. У прысутнасцi кiраўнiка дзяржавы i Вялiкага Магiстра былi падпiсаны два дакументы: Пагадненне памiж Мiнiстэрствам сувязi i iнфарматызацыi Беларусi i Паштовай адмiнiстрацыяй Мальтыйскага ордэна аб абмене паштовымi адпраўленнямi, а таксама Мемарандум памiж Мiнскiм аблвыканкамам i пасольствам Мальтыйскага ордэна ў Беларусi аб супрацоўнiцтве ў гуманiтарнай сферы, уключаючы гуманiтарную дапамогу. Як адзначыў Прэзiдэнт, падпiсанне гэтых дакументаў з’яўляецца першым крокам па фармiраваннi дагаворна-прававой базы двухбаковых адносiнаў. Затым прайшло афiцыйнае снеданне ў гонар Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад iмя Князя i Вялiкага Магiстра Суверэннага Мальтыйскага ордэна фра Мэцью Фестынга, на якiм таксама прысутнiчаў Дзяржсакратар Яго Святасцi Папы Бенедзiкта ХVI Кардынал Тарчызiо Бертоне. Перад вылетам у Мiнск Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з беларускiмi i iтальянскiмi журналiстамi i падвёў вынiкi вiзiту. Кiраўнiк беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка выказаў гатоўнасць правесцi ў Беларусi сустрэчу Папы Рымскага Бенедзiкта ХVI i Патрыярха Маскоўскага i ўсяе Русi Кiрыла. Аб гэтым iшла размова ў час сустрэчы Прэзiдэнта з Пантыфiкам. "Я сказаў на сустрэчы, што сёння ёсць унiкальны шанц зблiзiць пазiцыi, каб Папа Рымскi i Патрыярх маглi сустрэцца i абмеркаваць агульныя праблемы. Калi такая сустрэча адбудзецца, то няхай яна будзе ў Беларусi, таму што гэта не толькi цэнтр Еўропы, але i краiна, дзе суiснуюць дзве канфесii — праваслаўе i каталiцызм", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле слоў кiраўнiка дзяржавы, Папа Рымскi ведае аб гэтай iдэi. "Я бачыў яго зацiкаўленасць, — адзначыў Прэзiдэнт, — i ён мне сказаў: Гасподзь, магчыма, адкрые гэтыя дзверы, i мы ў хуткiм часе сустрэнемся". Аляксандр Лукашэнка дадаў, што i Папа Рымскi, i Дзяржсакратар Яго Святасцi Кардынал Тарчызiо Бертоне поўнасцю ведаюць сiтуацыю i гатовы садзейнiчаць правядзенню гэтай сустрэчы. У той жа час Прэзiдэнт падкрэслiў, што ён не схiльны лiчыць вiзiт у Ватыкан "прарывам у нейкiм напрамку". "У гэтым выпадку мы не мыслiм ваеннымi катэгорыямi. Мы ажыццяўляем тое, што было запланавана даўно: яшчэ былы Папа мяне двойчы запрашаў прыехаць у Ватыкан. Я з вялiкiм шкадаваннем успамiнаю той шанц, якi ўпусцiў", — сказаў кiраўнiк дзяржавы. Успамiнаючы гутарку з Бенедзiктам ХVI, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што былi абмеркаваны пытаннi ўзаемаадносiнаў праваслаўнай i каталiцкай цэркваў, а таксама становiшча Беларусi ў свеце. "Час прайшоў iмгненна. Папа — цудоўны, добры i прыстойны чалавек, з iм вельмi прыемна размаўляць", — дадаў Прэзiдэнт. Ён расказаў таксама Бенедзiкту ХVI аб сваёй сустрэчы з Патрыярхам Кiрылам, на што кiраўнiк Рымска-каталiцкай царквы заўважыў, што гэта яго добры сябар. Гаворачы пра размову з прэм’ер-мiнiстрам Iталii, Аляксандр Лукашэнка не выключыў, што Сiльвiо Берлусконi можа наведаць Беларусь ужо гэтай восенню. "Сiльвiо Берлусконi сказаў, што гатоў у блiжэйшы час наведаць Беларусь i прадоўжыць пачатую размову. Думаю, гэта адбудзецца ўжо восенню, але мы загадзя аб гэтым дамовiмся", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Паводле слоў Прэзiдэнта, на сустрэчы з кiраўнiком iтальянскага ўрада былi абмеркаваны многiя праблемныя пытаннi, у тым лiку ўплыў сусветнага фiнансава-эканамiчнага крызiсу на эканомiкi краiн, эканамiчныя праблемы ў цэлым, iнвестыцыйнае супрацоўнiцтва, а таксама сiтуацыя ў сувязi з расiйска-грузiнскiм канфлiктам. Аляксандр Лукашэнка падзякаваў iтальянскаму боку за тую пазiцыю, якую ён займае адносна Беларусi. "Яны для сябе адкрываюць новую Беларусь", — дадаў ён. Закранаючы пытанне аб тым, хто прадставiць Беларусь на майскiм самiце ў Празе, Прэзiдэнт сказаў, што гэта будзе вызначана ў блiжэйшы час. Пры гэтым ён папрасiў не надаваць асаблiвага значэння гэтаму пытанню. Паводле слоў Прэзiдэнта, "калi некаму нязручна, што там будзе Лукашэнка, значыць яго там не будзе". У той жа час кiраўнiк беларускай дзяржавы дадаў, што Сiльвiо Берлусконi спадзяецца на сустрэчу з iм у Празе: "Учора, развiтваючыся, Берлусконi сказаў: "Я вельмi спадзяюся ўбачыць Вас у Празе — як i многiя iншыя кiраўнiкi. Вы не думайце, што ў нас такiя адносiны да Беларусi, як гэта часта гучыць у СМI. Мы — дасведчаныя людзi i крыху больш ведаем i разумеем, што адбываецца ў Беларусi". Адказваючы на пытанне iтальянскiх журналiстаў, што Аляксандр Лукашэнка параiў бы Сiльвiо Берлусконi, Прэзiдэнт адзначыў, што прэм’ер-мiнiстр Iталii не мае патрэбы нi ў чыiх парадах. "Гэта патрыярх у знешняй палiтыцы ў Еўропе i ва ўсiм свеце. Яму не патрэбны парады, i я не збiраюся яму нiчога раiць. Наадварот, я сам спытаў ў яго парад па некаторых пытаннях". Iтальянскiя журналiсты пацiкавiлiся ў Прэзiдэнта, як у Беларусi маюць намер вырашаць праблемы, звязаныя з усынаўленнем беларускiх дзяцей iтальянскiмi грамадзянамi. Аляксандр Лукашэнка падкрэслiў, што не бачыць нiякiх праблем у гэтым пытаннi. Паводле яго слоў, гэта тэма абмяркоўвалася i на сустрэчы з прэм’ер-мiнiстрам Iталii Сiльвiо Берлусконi. "Яго здзiвiла: якiя праблемы могуць быць у гэтым пытаннi. Мы проста ўнутры Беларусi зрабiлi больш жорсткiм заканадаўства па ўсынаўленнi", — адзначыў кiраўнiк беларускай дзяржавы. "Мы хочам, каб кожнае ўсыноўленае дзiця адчувала сябе нармальным грамадзянiнам. Мы вызначылi адказнага за гэты працэс — мiнiстра адукацыi. У нас тры дзясяткi дзяцей, якiя гатовы да ўсынаўлення, i ёсць сем’i ў Iталii, гатовыя iх прыняць", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама дадаў, што "Тарчызiо Бертоне гарантаваў аўтарытэтам усёй каталiцкай царквы, што дзецi будуць жыць у дастойных умовах". Прэзiдэнт падкрэслiў, што дзяржава вельмi ўважлiва i пiльна сочыць за тым, у якiх умовах знаходзяцца ўсыноўленыя дзецi не толькi ў Iталii, але i ў iншых дзяржавах, паколькi вядомы сумныя выпадкi, калi i беларускiя, i расiйскiя дзецi траплялi не ў лепшае асяроддзе. "Мы хацелi б поўнай яснасцi i адкрытасцi, i пасольства будзе кантраляваць становiшча гэтых дзяцей". Аляксандр Лукашэнка дадаў, што беларусы будуць рады, калi дастойныя iтальянскiя сем’i захочуць усынаўляць дзяцей i прымаць iх на аздараўленне. "Праблем сёння з усынаўленнем няма". На працягу ўсяго часу пасля аварыi на Чарнобыльскай АЭС Iталiя пастаянна прымае на аздараўленне беларускiх дзяцей. Так, у 2007 годзе ў гэтай краiне прайшлi аздараўленне 21,5 тыс. беларускiх дзяцей, у 2008 годзе — 19,7 тыс. Па гэтых паказчыках Iталiя займае першае месца сярод замежных краiн — партнёраў Беларусi. Акрамя таго, iтальянскiя дабрачынныя арганiзацыi ажыццяўляюць праекты па дастаўцы ў Беларусь грузаў з гуманiтарнай дапамогай i медыкаментамi, рамонту i мадэрнiзацыi школ-iнтэрнатаў, дзiцячых дамоў i сацыяльных устаноў, будаўнiцтву новых палiклiнiк i iх аснашчэннi медыцынскiм абсталяваннем, прафесiйным навучаннi дзяцей-сiрот прыярытэтным для нашай краiны спецыяльнасцям, дзяцей з асаблiвасцямi псiхiчнага развiцця. Толькi ў 2008 годзе з Iталii ў Беларусь паступiла гуманiтарнай дапамогi на агульную суму амаль $2,7 млн. Цiкавiла журналiстаў i магчымасць прызнання Беларуссю незалежнасцi Абхазii i Паўднёвай Асецii. Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, гэта пытанне сёння абмяркоўваецца дэпутатамi беларускага парламента, аднак сярод iх няма поўнага адзiнства думак. І ўрад, i Мiнiстэрства замежных спраў цяпер плённа працуюць з дэпутацкiм корпусам, каб дасягнуць у гэтым пытаннi большага адзiнства. Адказваючы на пытанне iтальянскiх журналiстаў, якiя рэформы раяць правесцi ў Беларусi лiдары заходнееўрапейскiх краiн, Аляксандр Лукашэнка падкрэслiў: "Мы ведаем без усялякiх просьбаў, што рабiць i ў якiм напрамку рэфармаваць наша грамадскае, палiтычнае i эканамiчнае жыццё". Закранаючы праведзеную сустрэчу з Вялiкiм Магiстрам Мэцью Фестынгам, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на ёй увага была ўдзелена сумесным праграмам Беларусi з Мальтыйскiм ордэнам у гуманiтарным плане. Прэзiдэнт падзякаваў за каласальную дапамогу па пераадоленнi наступстваў аварыi на Чарнобыльскай АЭС, падтрымку на мiжнароднай арэне. Паводле яго слоў, краiны дамовiлiся выпрацаваць шэраг напрамкаў супрацоўнiцтва — ад гуманiтарнага да iнвестыцый i бiзнэсу. Дзелячыся асабiстымi ўражаннямi аб вiзiце, Аляксандр Лукашэнка сказаў, што едзе з Iталii з добрым настроем i надзеяй яшчэ не адзiн раз сюды вярнуцца. Ён таксама дадаў, што ў Беларусi гатовы прыняць грамадзян Iталii, журналiстаў, каб, убачыўшы нашу краiну, яны "нарэшце сумленна i адкрыта расказалi, чым жыве Беларусь".
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У нашай краiны ёсць вялiкая цiкавасць да далейшага развiцця дыялога па лiнii Беларусь — Еўрасаюз. Разам з тым, прынцыповая пазiцыя дзяржавы застаецца
|
|