Вольга Няхай: У Германii, калi я выступаю ў школах, дзецi плачуць
Вольга Няхай: У Германii, калi я выступаю ў школах, дзецi плачуць
Лёс дорыць нам сустрэчы, якiя надоўга ўразаюцца ў памяць, прымушаюць задумацца i на многае паглядзець па-новаму: насупраць мяне жанчына — з густам падабраная вопратка, стыльная стрыжка, упрыгажэннi i какетлiвая ўсмешка, што найбольш здзiўляе — на дзявятым дзясятку стройная, як у дзяўчыны, постаць. Вольга Аляксандраўна Няхай — выкладчыца Мiнскага дзяржаўнага лiнгвiстычнага ўнiверсiтэта, кiраўнiк Беларускага грамадскага аб'яднання вязняў фашызму "Лёс". — У вайну, — успамiнае мая суразмоўца, — я была сувязной у партызанскiм атрадзе. Пераносiла дакументы, медыкаменты, неяк трапiла на засаду. Немец абшукаў мяне i нiчога не заўважыў, а паслугач-палiцай спробу вырашыў паўтарыць i абмацаў такi "кампрамат" — пад падкладкай вопраткi... Потым былi допыты — у абсалютна белым пакоi, жорсткiя пабоi i нямецкае "хопiць" — перад тым як страцiць прытомнасць. — Вы трапiлi ў канцлагер? — Так, ён знаходзiўся ў Генiксдорфе, што каля Берлiна. Паўтара года я, галодная, абарваная, працавала там на каменяломнях. — Што дапамагло вам выжыць? — Напэўна, сiла духу i беднае дзяцiнства. Я расла без бацькi, ела раз-два на дзень. Для мяне гэта было нармальна. А ў канцлагерах у першую чаргу гiнулi дзецi з заможных сем'яў. — Як жа вас вызвалiлi? — Прыйшлi рускiя. Але фашысты нават пры адыходзе тапiлi вязняў цэлымi баракамi i толькi адзiн, наш, не паспелi... "Паклапацiлiся" па-iншаму. Мы, звар'яцелыя ад голаду, рынулiся на кухню, сталi прыгаршчамi хапаць джэм... з бiтым шклом, якога каты туды накiдалi. Я толькi руку засунула, — адразу ж паласнула шклом, каля самай вены. — Пасля вайны вы атрымалi вышэйшую адукацыю. Чаму лiнгвiстычную? — Пасля таго як у партызанскiм атрадзе загiнуў муж, як сына забiлi ў канцлагеры, я стала страшнай заiкай. Але ж у канцлагеры былi i чэшкi, i полькi, пасля Варшаўскага паўстання, i сербкi, i немкi... Мне варта было тыдзень пабыць з дзяўчынкай, i я ўжо размаўляла на яе мове. Там я зразумела, што ў мяне ёсць здольнасцi. — Вы вывучалi i нямецкую. Пасля ўсяго перажытага ў вас не было агiды? — Не, не было. Я ж ведала немак. І хоць не вельмi сябравала з iмi, гэта былi самыя арганiзаваныя людзi. У iх не было слабых духам. Гэта былi жонкi камунiстаў, жонкi дэзерцiраў. I я тады, маладая, зразумела, што пакутуюць не толькi сербкi, полькi, беларускi, рускiя. Пакутуе нямецкi народ, я тады зразумела, што войны распальвае не ён, а яго правiцелi. — А як узнiкла iдэя стварыць аб'яднанне "Лёс"? — Гэта асобная тэма. Нават балючая. Пасля вайны камунiстычная партыя ў прынцыпе не прызнавала вязняў нацызму. Савецкi ўрад ставiўся да гэтага пакалення як да ваеннапалонных. А ваеннапалонныя, як вядома, былi пазбаўлены ўсiх правоў. — I вы вырашылi супрацьстаяць? — Ну, цi ж можа супрацьстаяць адзiн чалавек? Трэба было прыстасавацца да тых умоў, трэба было пачакаць. Пасля таго, як у Францыi, Швецыi, Данii — усюды, дзе ступала нага нямецкага салдата, была арганiзавана дапамога ахвярам нацызму, наша дзяржава ўжо не магла застацца ўбаку. Вязнямi прызналi дзяцей, а бацькоў — не, калi яны не былi ў Асвенцыме. А Бухенвальд, а Равенсбрук, а Нойхама? Усе гэтыя лагеры — што, не страшныя? I тады ў мяне ўзнiкла iдэя аб'яднаць вязняў незалежна ад таго, прызнаў iх урад цi не. Спачатку быў створаны фонд "Узаемадапамога i прымiрэнне". Ад яго я ездзiла i ў Лондан, i ў Вашынгтон, прысутнiчала на сходах: я была прадстаўнiком фонду, таму што сама з'яўлялася вязнем i магла расказаць пра гэта на англiйскай мове. Потым стала членам апякунскага савета, а ў 93-м заснавала "Лёс". I па радыё выступала, i па тэлебачаннi. — Колькi чалавек налiчваецца цяпер у вашых шэрагах? — Каля 2 тысяч. У тыдзень 2-3 памiраюць. — Як яны вас знаходзяць? — Тэлефануюць з усёй рэспублiкi. Я сама дзiўлюся, як працуе гэта бяздротавая сувязь. Праз знаёмых, яшчэ праз штосьцi. Таму, як толькi мы атрымлiваем гуманiтарную дапамогу, на сходзе размяркоўваем, колькi каму даць, дапамагаем у вырашэннi прыватных праблем, арганiзоўваем культурны адпачынак. — Па якiм прынцыпе выбiраеце адрасатаў? — Мы клапоцiмся пра вязняў канцлагераў i рэпрэсаваных, аказваем дапамогу ў першую чаргу арганiзацыям Вiцебскай вобласцi, таму што там вельмi шмат людзей было вывезена ў Германiю. Праз канцлагеры, проста этапам, таварнымi вагонамi. Вiцебская вобласць больш за ўсё пацярпела ў гады вайны. — Гуманiтарную дапамогу вы атрымлiваеце з Германii. Як вам удалося наладзiць гэтыя кантакты? — Я заводзiла знаёмствы, выконваючы заданнi фонду "Узаемадапамога i прымiрэнне". Такiм чынам, у мяне раскрылiся нейкiя дыпламатычныя здольнасцi. Я знаёмiлася з людзьмi з такiх жа арганiзацый у Германii. Там iснуе шмат розных праграм дапамогi вязням фашызму, чарнобыльскiм вёскам. Iх зацвярджае ўрад, i людзi, ужо трэцяе пакаленне немцаў — унукi ўдзельнiкаў вайны, добраахвотна прымаюць удзел. — Гэта можна разглядаць як акт пакаяння. Але цi могуць гэтыя сродкi i дзеяннi кампенсаваць урон? — Акт пакаяння — так. Але ўрон... Хто i што кампенсуе мне страту сына? У Германii гутару з моладдзю, дзеячамi розных дабрачынных арганiзацый. Калi я выступаю ў школах, дзеці плачуць. Вось i нядаўна я вярнулася з горада Букебурга. Там была прэзентацыя маёй кнiгi "Вяхi памяцi майго жыцця", перакладзенай на нямецкую мову. У школе наладзiлi лiтаратурнае чытанне, вучнi самi выбiралi ўрыўкi з кнiгi... Яны не толькi адчулi напiсанае, але i змаглi перадаць гэта. Дзецi ж вучаць гiсторыю па падручнiках, дзе падаюцца выключна факты, i за iмi часта не бачаць чалавека. У майго пакалення было сваё жыццё, свая будучыня, вайна разбурыла яе. Не дай Божа, каб гэта паўтарылася. Таццяна АНДРУШКА, г. Мiнск.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Лёс дорыць нам сустрэчы, якiя надоўга ўразаюцца ў памяць, прымушаюць задумацца i на многае паглядзець па-новаму: насупраць мяне жанчына — з густам пад
|
|