Рэпарцёр атрымаў заданне... ...наведацца на бураломныя лесасекi
Рэпарцёр атрымаў заданне... ...наведацца на бураломныя лесасекi
Пра ўраганныя вятры, якiя пранеслiся над Чачэрскiм раёнам у першай дэкадзе чэрвеня i нарабiлi шмат бяды, наша газета расказвала па гарачых слядах 9 чэрвеня. У прыватнасцi, былi ў тым матэрыяле прыведзены словы старшынi райвыканкама пра тое, што бура павалiла каля 120 гектараў лесу. Вядома ж, падлiкi тады былi папярэднiя, а сёння яны ўжо ўдакладненыя, бо папрацавалi адпаведныя камiсii, i названа новая лiчба: у Чачэрскiм спецлясгасе павалены—паламаны—пашкоджаны лясныя насаджэннi на плошчы 300 гектараў з запасам пашкоджанай драўнiны 76 тысяч кубаметраў. Такога ў раёне даўно не было. Разгул стыхii не ўтаймуеш, аднак вынiкi яе разбуральнай сiлы неабходна лiквiдаваць, што i робiцца цяпер. Таму чарговае заданне карэспандэнту. Едзем на месца з прадстаўнiкамi Мiнiстэрства лясной гаспадаркi i Гомельскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб'яднання. ...53-i квартал спецлясгаса. З болем i шкадаваннем глядзiш на тое, што тут наварочалi "душагубы"-вятры. На ўчастку шырынёй ад 300 да 500 метраў стаяць "iнвалiды" — рэшткi соснаў. Слупы адны ад iх засталiся рознай вышынi. Рэдка дзе цудам уцалелае дрэва. А на зямлi вывернутыя з каранямi i пакручаныя ў розных месцах ствалы i вольхi, i хвоi, i бярозы, i асiны. Уражанне такое, быццам дзень i ноч тут грымелi гарматныя баi, з неба падалi бомбы, а зямлю прасавалi танкi. Суцэльныя завалы, буралом. — Такая цi падобная сiтуацыя, — тлумачаць дырэктар спецлясгаса Васiль Мамекiн i генеральны дырэктар абласнога лесагаспадарчага аб'яднання Мiхаiл Супрун, — у чатырох ляснiцтвах. Сутнасць у тым, што на працягу ўсяго некалькiх хвiлiн вецер з шалёнай сiлай i хуткасцю iмчаў па вось гэтым 12-кiламетровым тунэлi i знiшчаў усё, што траплялася на яго шляху. У тым лiку i пасевы на палях, якiя перамяжоўваюцца з лясамi. Запас пашкоджанай драўнiны ў названым вышэй квартале — 11020 кубаметраў. У абласным лесагаспадарчым аб'яднаннi падкрэслiваюць: калi б шкода была нанесена стыхiяй толькi тут, вынiкi яе ўдалося б лiквiдаваць хутка. Дык не: ураганныя вятры прайшлiся таксама 7 i 12 чэрвеня па тэрыторыях Веткаўскага спецлясгаса, Гомельскага i Рэчыцкага лясгасаў. У Веткаўскiм, напрыклад, яны абрынулiся на плошчу 185 гектараў з запасам пашкоджанай драўнiны 18,6 тысячы кубаметраў. Лясныя ж масiвы ва ўсiх чатырох структурах аб'яднання пацярпелi ад разгулу стыхii на плошчы 570 гектараў з запасам драўнiны 98 тысяч кубаметраў. — Гэтыя бураломы нельга пакiдаць без распрацоўкi, — падводзiць вынiкi Мiхаiл Пятровiч, — бо драўнiна будзе страчваць свае якасцi. Частка яе згодна з адпаведнымi даследаваннямi будзе выкарыстана як дзелавая, а частка пойдзе на дровы ў рамках абласной праграмы па выкарыстаннi мясцовых вiдаў палiва. Мы распрацавалi план дзеянняў па лiквiдацыi вынiкаў ураганаў, i згодна з iм ужо праведзена пэўная работа, якая працягваецца. Што i вiдаць было ў тым жа 53 квартале (ён знаходзiцца недалёка ад вёскi Матнявiчы) i ў квартале № 120 (за вёскай Атор). На той дзень, калi мы былi на аб'ектах, працавала 163 чалавекi з розных лясгасаў вобласцi, якiя аказваюць дапамогу Чачэрскаму спецлясгасу (на яго, вядома ж, прыпаў асноўны цяжар работы). Кожнай задзейнiчанай арганiзацыi дадзены канкрэтныя заданнi, i мы бачылi, напрыклад, што працавалi брыгады з Рэчыцкага, Рагачоўскага, Калiнкавiцкага, Акцябрскага, Васiлевiцкага i iншых лясгасаў, Гомельскага леспрамгаса i г.д. Петрыкаўскi лясгас накiраваў сюды незаменную тэхнiку, якая называецца харвестар. Гэта машына-агрэгат на калёсным ходзе, якая валiць дрэва, зразае галлё, раскрыжоўвае па памерах i складвае ў штабелi нарыхтаваную драўнiну. Бачылi мы ў рабоце i харвестар Баранавiцкага лясгаса, на якiм пачаргова працавалi Вiктар Длухоўскi i Аляксей Квiта. А ў гутарцы з вадзiцелем МАЗа Васiлём Парфененкам i машынiстам аўтапагрузчыка Паўлам Алексiевiчам выявiлася, што яны працуюць тут ужо некалькi дзён. Дарэчы, пра тэхнiку. Тут i тралёвачныя трактары, якiя выцягваюць у вызначаныя месцы хлысты, i МАЗы, i тыя ж харвестары. Апошнiя замяняюць цэлыя брыгады i да таго ж выкарыстоўваюцца там, дзе найбольшае радыяцыйнае забруджванне. Наогул цяжкадаступных месцаў для распрацоўкi бураломаў у спецлясгасе няма. Як паведамiў нам генеральны дырэктар лесагаспадарчага аб'яднання Мiхаiл Супрун, для распрацоўкi ў вобласцi бураломаў у найблiжэйшы час неабходна задзейнiчаць 230 чалавек, 50 трактароў, 6 лесавозаў, больш за 40 адзiнак iншай тэхнiкi, 66 бензапiл. Затраты на лiквiдацыю вынiкаў урагану ў Чачэрскiм спецлясгасе складуць 1742 мiльёны рублёў, а па Веткаўскiм — 536 мiльёнаў. Гэтыя два спецлясгасы, да таго ж, нясуць вялiкiя выдаткi па ахове i абароне лясоў у зонах адсялення i адчужэння. Цяжкае фiнансавае становiшча i недахоп уласных фiнансавых сродкаў не дазваляюць гэтым прадпрыемствам цалкам прафiнансаваць затраты на распрацоўку бураломаў. Таму лесагаспадарчае аб'яднанне звярнулася да старшынi Гомельскага аблвыканкама Аляксандра Якабсона з просьбай даць загад адпаведным службам прапрацаваць пытанне аб рэалiзацыi палiўнай драўнiны з месцаў яе складзiравання арганiзацыям ЖКГ, гаррайпалiўзбытам i iншым спажыўцам i падтрымаць просьбу аб выдзяленнi грошай двум гэтым спецлясгасам з абласнога фонду фiнансавання расходаў, звязаных са стыхiйнымi бедствамi, аварыямi i катастрофамi. Дарэчы, на той дзень, калi мы наведалiся на бураломныя лесасекi, было нарыхтавана ўжо 6300 кубаметраў драўнiны на плошчы 24,5 гектара i рэалiзавана 2700 кубаметраў яе. Мы, у прыватнасцi, былi сведкамi таго, як у квартале нумар 120 мабiльная высякальная машына МР-40 з аўтаномным рухавiком з палiўных дроў вырабляла трэскi, якiя адпраўлялiся ў Жлобiн для патрэб спажыўцоў. Пастаўлена задача кожны дзень нарыхтоўваць не менш за тысячу кубаметраў драўнiны i закончыць работы на бураломных лесасеках да 15 верасня.Каментарый намеснiка мiнiстра лясной гаспадаркi Юрыя Назарава: — На жаль, апошнiм часам моцныя вятры наносяць нашай галiне вялiкую шкоду. Летась, напрыклад, стыхiя разгулялася ў Бярэзiнскiм лясгасе, i трэба было прыкласцi шмат намаганняў, каб прыбраць завалы. Сёлета ж ураганамi пашкоджана ўжо каля аднаго мiльёна кубаметраў драўнiны ў лясах рэспублiкi, прычым 750—800 тысяч кубаметраў iх здабываецца на плошчах суцэльных санiтарных высечак, як гэта мае месца ў Чачэрскiм раёне. Гомельскаму лесагаспадарчаму аб'яднанню робiць гонар тое, што яго кiраўнiкi аператыўна распрацавалi план дзеянняў, знайшлi паразуменне з абласным выканаўчым камiтэтам, арганiзацыямi жыллёва-камунальнай гаспадаркi, iншымi ўстановамi. У вынiку i работы пачалiся раней, чым гэта было ў Бярэзiнскiм лясгасе, i тэхнiку хутчэй перагналi сюды, i шляхi для рэалiзацыi драўнiны ў вобласцi знаходзяць сваiмi сiламi. Дарэчы, летась засталося каля ста тысяч кубаметраў дроў, якiя яшчэ не знайшлi попыту. А гэта — замарожванне абаротных грошай. Вельмi дапамагае нам дзяржава ў набыццi харвестараў, адзiн ён замяняе 20—30 вальшчыкаў лесу. Мы выдзелiлi iх Чачэрскаму i Веткаўскiм спецлясгасам. Пра побыт усiх, хто заняты на бураломных лесасеках, паклапацiлiся. На парадку дня — пытанне з тэхнiкай бяспекi, бо летась на падобных работах загiнулi два чалавекi. Уладзiмiр ПЕРНIКАЎ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пра ўраганныя вятры, якiя пранеслiся над Чачэрскiм раёнам у першай дэкадзе чэрвеня i нарабiлi шмат бяды, наша газета расказвала па гарачых слядах 9 чэ
|
|