Малочны градус
Малочны градус
Ёсць праблема!
На гарачы тэлефон пазванiў наш чытач Мiхаiл Мядзведскi з вёскi Кучын Быхаўскага раёна. I падзялiўся праблемай, якая ўзнiкла пры здачы малака з асабiстага падворку. Сiтуацыя такая: па трох вёсках ездзiць малаказборшчык i прымае ў насельнiцтва малако. А потым прыязджае машына з малаказавода i забiрае малако ў малаказборшчыка. Але цяпер пачалi патрабаваць, каб тэмпература малака не перавышала 10 градусаў па Цэльсiю. Вяскоўцы малако i ў лядоўню кладуць, i ў бiтоны бутэлькi з лёдам кiдаюць, але ўсё адно, пакуль малаказборшчык праедзе па некалькiх вёсках, малако паспявае нагрэцца на сонцы. Мiхаiл Iванавiч i папрасiў даць рады: як быць у такой сiтуацыi, як улiчыць iнтарэсы i завода, i вяскоўцаў? — Я ўдзельнiк вайны, мне 83 гады, аднак нейкую гаспадарку маю — вось карову сваю трымаю. Унукаў шмат, iм дапамога патрэбна. А цяпер малаказавод выстаўляе такiя патрабаваннi, якiя ў летнi час выканаць цяжка. Каб разабрацца ў сiтуацыi, мы спачатку звярнулiся на ААТ "Быхаўмалако", якое займаецца прыёмам малака. Таццяна Сакурава, начальнiк лабараторыi расказала, што яны маюць права прымаць малако толькi ў адпаведнасцi з патрабаваннямi СТБ-1598 — яго тэмпература не павiнна быць больш за 10 градусаў. Раней, калi не прад'яўлялiся строгiя патрабаваннi да якасцi прадукцыi (у тым лiку i Расiяй), то на зборнае малако ад насельнiцтва таксама не звярталi шмат увагi. Ну а цяпер усё толькi па стандартах. Дарэчы, у Быхаўскiм раёне збiралася нарада з удзелам старшынь сельскiх Саветаў, прадстаўнiкоў завода i мясцовых калгасаў. Аднак i там не змаглi вырашыць праблему з ахалоджаннем малака — пытанне ўпiраецца ў фiнансы. У Чарнаборскiм сельскiм Савеце, куды адносiцца вёска Кучын, сказалi, што малаказборшчыкi, якiх цяпер чатыры, падпарадкоўваюцца з нядаўняга часу СВК "Быхаўскi". А ў самога сельскага Савета няма нi адпаведнай базы, нi магчымасцi закупiць халадзiльнiкi. У СВК "Быхаўскi" таксама сказалi, што выдзелiць цi закупiць якiя-небудзь тэрмасы-бiтоны цi халадзiльнiкi для малака ад насельнiцтва ў iх няма фiнансавых магчымасцяў, ледзь-ледзь змаглi забяспечыць ахалоджванне малака ад калгасных кароў. У прынцыпе, пазiцыя СВК зразумелая — ад здадзенага людзьмi малака прыбытак атрымлiваюць самi вяскоўцы, калгас жа тут нi пры чым. У Iнстытуце мяса-малочнай прамысловасцi, якi займаўся распрацоўкай СТБ-1598, патлумачылi, што патрабаваннi па тэмпературы iснавалi заўсёды, нават у савецкiх ДАСТах. Але цi прыслухоўвалiся да iх — гэта ўжо iншае пытанне. Ахалоджваць жа малако — проста неабходна, каб яно не губляла ўсе свае якасцi дый проста не псавалася. Па праўдзе сказаць, мы не ведаем, што i параiць вяскоўцам. Патрабаваннi СТБ мяняць нiхто не будзе, гэта зразумела. Значыць, трэба думаць, як iх выконваць. Цi самiм неяк скiдвацца i закупляць халадзільнікі (для сябе цi якiя-небудзь аўтаномныя для малаказборшчыка), цi дамаўляцца пра гэта з малаказаводам або СВК. Яшчэ ўдалося даведацца, што нiбыта на малаказаводы, якiя будуць займацца пастаўкамi малака ў РФ i за мяжу, наогул не будуць прымаць зборнае малако. Яго будуць перапрацоўваць на спецыяльна вызначаных малаказаводах, што не займаюцца экспартам. Але пакуль гэта толькi планы, якiя могуць i не ажыццявiцца. Можна паспрабаваць змянiць графiк прыезду машыны ад малаказавода — каб яна прыязджала раней, калi яшчэ не такая спёка. Але гэтыя планы ўзгодненыя з усiмi старшынямi сельскiх Саветаў, i да ўсiх вяскоўцаў прыехаць у адзiн i той жа час проста немагчыма — чыёсьцi малако ўсё адно паспее нагрэцца. Паколькi ўсе спецыялiсты адзначалi, што аналагiчная сiтуацыя склалася не толькi ў Быхаўскiм раёне, але па ўсёй краiне, то, магчыма, на праблему збору малака з асабiстых падворкаў трэба звярнуць увагу Мiнiстэрству сельскай гаспадаркi. Разгледзець яе комплексна i знайсцi выйсце, каб улiчвалiся iнтарэсы i магчымасцi ўсiх бакоў — вяскоўцаў, малаказаводаў i калгасаў. Ну а пакуль параiць Мiхаiлу Iванавiчу i тым, хто апынуўся ў такой сiтуацыi, можам толькi адно — спадзявацца на свае сiлы, самiм ахалоджваць малако (хаця б i абкладваннем лёдам) i шукаць выйсце разам з эканамiчнымi партнёрамi — малаказаводам i мясцовай уладай. А, магчыма, недзе ёсць цiкавы вопыт? Пiшыце ў "Звязду". Павел БЕРАСНЕЎ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На гарачы тэлефон пазванiў наш чытач Мiхаiл Мядзведскi з вёскi Кучын Быхаўскага раёна. I падзялiўся праблемай, якая ўзнiкла пры здачы малака з асабiст |
|