Цi трэба лiчыцца з кожным я?
Цi трэба лiчыцца з кожным я?
Трэба не толькi лiчыцца, даводзiцца i абараняцца Параiмся? "Смеццевая" праблема ў буйных гарадах больш не можа вырашацца толькi традыцыйным для нас спосабам, дзякуючы палiгонам цвёрдых бытавых адходаў. Трэба, што ўжо даўно зроблена ў многiх краiнах, будаваць смеццеперапрацоўчыя заводы. I такi праект, паводле iнфармацыi намеснiка старшынi Гродзенскага гарвыканкама Аляксандра Цыбульнiкава, ужо ў найблiжэйшы час рэальна ажыццявiць пры фiнансавай падтрымцы Сусветнага банка. Праўда, першая спроба грамадскага абмеркавання гэтага праекта аказалася няўдалай. Пажаданне, а дакладней, патрабаванне параiцца з грамадскасцю наконт выбару пляцоўкi для размяшчэння завода выказаў iнвестар — Сусветны банк. I не таму, што ў гэтым выпадку склалiся нейкiя выключныя абставiны, а, напэўна, у сувязi з агульнапрынятай практыкай пры будаўнiцтве падобных аб'ектаў. Людзi, як правiла, не супраць, але пры ўмове, каб аб'екты не знаходзiлiся паблiзу iх населеных пунктаў. I гэта трэба абавязкова ўлiчваць пры выбары аптымальнага варыянту. На сёння разглядаюцца два варыянты размяшчэння будучага завода. Якому ж аддаць перавагу? Гарадскiя ўлады запрасiлi ўсiх ахвотных у выканкам на грамадскае абмеркаванне праекта, аднак ... Мо, не хапiла iнфармацыi аб гэтым мерапрыемстве, альбо няма звычкi да такiх дыскусiй, грамадскiх аб'яднанняў, якiя б прадстаўлялi "голас народа", цi па iншых прычынах, але адгукнулiся толькi ... двое грамадзян. Таму абмеркаванне не адбылося. Пакуль цяжка спрагназаваць вынiк паўторнай спробы мясцовых уладаў параiцца з жыхарамi па пытаннях будаўнiцтва смеццеперапрацоўчага завода. Трэба спадзявацца, што пры належнай арганiзацыi такое абмеркаванне ўсё ж адбудзецца — зацiкаўленае, на агульную карысць, а не для таго, каб выканаць умову Сусветнага банка. А затым у сваiх жа iнтарэсах выкарыстаць гэты вопыт i надалей, без якiх-небудзь умоваў з боку iнвестараў цi iншых структур. А цяпер — пра iншае, таксама не прыватнае пытанне. Элементарна, але неабавязкова? Безумоўна, не ўсiх гэта цiкавiць, але многiя клiенты кабельнага тэлебачання, напэўна, звярнулi ўвагу, што з праграмнага пакета раптам знiк кругласутачны iнфармацыйны канал "Весткi". А замест яго гэту "нiшу" заняў канал "Тэхна". На якой жа падставе? Тэлефаную ў гродзенскi абласны тэхнагандлёвы цэнтр "Гарант" — не як журналiст, а як звычайны карыстальнiк паслугамi кабельнага тэлебачання. Мо, гэтая замена аднаго канала на iншы — з'ява часовая, па нейкiх тэхнiчных прычынах ? Не, адказвае жанчына, так ужо будзе пастаянна. Чыя гэта iнiцыятыва? Яна не ведае i раiць звярнуцца да iншага спецыялiста. Ён паведамiў, што рашэнне прымалася ў Мiнску Тэлекамунiкацыйным галiновым саюзам — па эканамiчных меркаваннях. Але чаму адпаведнай iнфармацыi няма нi ў праграмах телеперадач, нi на сайце "Гаранта"? Аўтар гэтых радкоў не мае нiчога супраць канала "Тэхна" — калi не "блiзнюка" ўжо даўно iснуючых на нашай тэлевiзiйнай прасторы каналаў, дык вельмi на iх падобнага. Не з'яўляюся i "фанатам" кругласутачнага iнфармацыйнага вяшчання з яго шматлiкiмi паўторамi. Пытанне ў iншым. У кожнага канала ёсць свае прыхiльнiкi i, да таго ж, за паслугi кабельнага тэлебачання яны плацяць грошы. I хаця, паводле iх дагавора з тым жа гродзенскiм "Гарантам", прадпрыемства "пакiдае за сабой права змяняць набор праграм", няўжо цяжка патлумачыць клiентам прычыну? Здавалася б, звычайная норма ва ўзаемаадносiнах памiж тым, хто паслугу робiць, i тым, хто ёй карыстаецца. Гэта ж, як казаў знакамiты сышчык, элементарна. Аднак чамусьцi лiчыцца неабавязковым. Зрэшты, кожнае "я" трэба не толькi ўлiчваць, даводзiцца ад яго i абараняцца. Не на таго нарваўся... У адным са шматпавярховiкаў абласнога цэнтра пражывае малады чалавек з даволi спецыфiчным характарам. Гэтым асаблiвасцям ужо неаднойчы давалася судовая ацэнка, ён чатыры разы прыцягваўся да крымiнальнай адказнасцi, аднак аб перавыхаваннi казаць не даводзiцца. А побач — суседзi па доме з зусiм iншымi, чым у Валерыя, поглядамi на ўзаемаадносiны памiж людзьмi i ўвогуле ў грамадстве. I што рабiць, калi гэта асоба са сваiмi нормамi паводзiнаў i крымiнальным жаргонам нахабна ўрываецца ў ваша жыццё? Аднойчы адзiн з суседзяў, больш чым удвая старэйшы за Валерыя, зрабiў яму заўвагу, што той вывеў на прагулку сабаку байцовай пароды без наморднiка i тут жа, ля ганка пад'езда, спусцiў з павадка. У адказ — жудасная лаянка, пагрозы парэзаць колы машыне... Уладзiмiр пачаў распытваць iншых суседзяў i высветлiлася, што яны гэтым хлопцам практычна запужаныя — адмоўчваюцца, не хочуць пра яго нiчога казаць. А праз паўгода пагрозы з боку Валерыя паўтарылiся, на гэты раз ужо ў выглядзе фiзiчнай расправы. Жыць, ведаючы, што па-суседстве знаходзiцца чалавек, якi адчувае сябе па-за законам i чалавечай мараллю, задумвае супраць цябе i тваiх блiзкiх подласць альбо злачынства? Уладзiмiр звярнуўся з заявай у райаддзел мiлiцыi. Участковы iнспектар склаў i перадаў у суд пратакол аб адмiнiстрацыйным правапарушэннi, Валерыя пакаралi штрафам у даход дзяржавы ў памеры пяцi базавых велiчынь. Пакаранне, дарэчы, магло быць i куды больш сур'ёзным (нават папраўчыя работы цi арышт), калi б яго прыцягнулi да адказнасцi не толькi за абразы i нецэнзурную лаянку, але i за пагрозы фiзiчнай расправы. Пасля судовага разбору прайшло ўжо некалькi месяцаў. Цяжка сказаць, цi пераасэнсаваў нешта Валерый у сваiх паводзiнах, аднак да суседзяў за гэты перыяд не чапляўся. Мусiць, недарэмна Уладзiмiр абараняў свае правы i чалавечую годнасць, даючы зразумець маладому суседу, што не схiлiць галаву перад агрэсiяй i хамствам. Барыс ПРАКОПЧЫК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Смеццевая" праблема ў буйных гарадах больш не можа вырашацца толькi традыцыйным для нас спосабам, дзякуючы палiгонам цвёрдых бытавых адхода
|
|