Год Караткевіча і Год Сваяка, альбо Сціслая спроба параўнання двух юбіляраў і іх юбілеяў. 21.by

Год Караткевіча і Год Сваяка, альбо Сціслая спроба параўнання двух юбіляраў і іх юбілеяў

10.01.2011 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

— Дык што ж тут параўноўваць? — скептычна ўсміхнецца іншы чытач. — Вунь ва Уладзіміра Караткевіча набралася твораў на 25 будучых тамоў, яго ўсё часцей у друку ўжо называюць не проста талентам, класікам, а геніем, яго шырока ведаюць калі не ва ўсім свеце, то ў Еўропе, юбілей яго дружна адзначыла ўся Беларусь. А ў Казіміра Сваяка выйшаў усяго адзін вершаваны зборнік “Мая ліра”, некалькі п’ес ды філасофскія разважанні-успаміны. І вядомы ён пераважна ў былым Віленскім краі — на сённяшняй Астравеччыне, Пастаўшчыне, Мядзельшчыне, а творы яго лічацца часцей за ўсё таленавітымі і толькі зрэдку — класічнымі.
Уладзімір КараткевічУсё гэта так. Але давайце падумаем: чаму з дзясяткаў круглых дат у гісторыі беларускай літаратуры, якія адзначаліся летась, Гадамі былі абвешчаны толькі дзве? І давайце не забываць: Сваяк жыў куды карацей, чым Караткевіч і ў неспрыяльны для творчасці час. У першай чвэрці ХХ стагоддзя на Віленшчыне яшчэ не было развітых беларускіх літаратурных ці грамадскіх структур, Сваяку і пра іх прыйшлося клапаціцца. Створаная ім арганізацыя “Сваякі” — гэта, па сутнасці, першая беларуская моладзевая партыя. Адчыняў ён беларускія школкі, ладзіў спектаклі. І, галоўнае, вёў вялікую і плённую асветніцкую работу. Караткевіч жа мог засяродзіцца толькі на творчай працы, бо пасля вучобы ў Маскве ўжо не хадзіў, як сам любіў падкрэсліваць, ні ў якія “дэпартаменты”, жыў з ганарараў. Трэба ўлічваць і тое, што ў часы ваяўнічага атэізму творчасць святара Сваяка проста замоўчвалася.
Згодзен, паміж абодвума Творцамі — вялікая розніца. Але гэта — як розніца паміж зоркай, якая толькі ўзыходзіла над небасхілам, і зоркай, што заззяла, як гаварылася на прысвечанай Уладзіміру Караткевічу Міжнароднай канферэнцыі ў Оршы, на небе ўслед за зоркамі Купалы, Коласа, Багдановіча (я б дадаў сюды яшчэ Гарэцкага), побач з Быкаўскай. Пакаленне Караткевіча працягнула тое, што было напрацавана пакаленнем Сваяка. І таму абвешчаны на захадзе Беларусі, у Астравецкім раёне, Год Казіміра Сваяка (Стаповіча) хораша ўспрымаўся побач з Годам Уладзіміра Караткевіча, кульмінацыя якога наступіла на ўсхо-дзе краіны, у Аршанскім раёне.
І была ІІІ Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Уладзімір Караткевіч: глабальны погляд”. Ехаў я на яе з уступным дакладам “Зямное і сусветнае ў творчасці Уладзіміра Караткевіча” не без трывогі: да гэтага часу мы гаварылі пра аўтара “Каласоў…” як пра пісьменніка нацыянальнага, затым ужо — агульнаславянскага, потым — еўрапейскага. А тут — “глабальны”, агульначалавечы… Аднак, праслухаўшы некалькі дакладаў, сам канчаткова пераканаўся, што Караткевіч — першы беларускі пісьменнік, які ўспрымаў зямлю, “прыўкраснае” тварэнне вышэйшых сіл як адзінае ўзаемазалежнае цэлае (“Чазенія”). Яму былі блізкія ўсе “мільярды двухногіх”. Больш таго, ён успрымаў “глоб” як частку сусвету, згадаем: “Моры, зоры і азёры, якія ў вечнасць забяру”. І гэты “касмізм” роднасны ўспрыманню Сваяком Сусвету як выніку разумнага тварэння.
А ў цэнтры ўсяго існага ў Караткевіча — “прыўкрасная” зямля беларуская, якой з нябесных вышыняў любуецца Саваоф (“Хрыстос прызямліўся ў Гародні”). Калі ж яна — тварэнне Бога, то Чалавек, што жыве на ёй, не мае права калечыць, нявечыць, знішчаць яе (“Чазенія”). Яго святы абавязак — сумленна працаваць на ёй, паважаць не толькі родных, сваіх, але і іншапляменнікаў, іншаверцаў, ведаць сваіх папярэднікаў, гісторыю народа.
І што цікава: такія ж гуманныя думкі ўзнікаюць і пры чытанні вершаў з “Маёй ліры” Казіміра Сваяка! Бо Караткевіч і Сваяк, па сутнасці, аднадумцы. Бадай, ніхто сёння не стане аспрэчваць, што іх патрыятычныя сцвярджэнні з’яўляюцца нацыятворчымі, яны спрыялі раней і цяпер спрыяюць фарміраванню беларускай дзяржавы.
Аднак вернемся да Года Караткевіча і Года Сваяка. Плён творцаў значны, шматгранны. Што да Сваяка, то юбілей найперш выявіўся ў выданні яго зборніка “Выбранае”, тэксталагічнае ўкладанне якога я лічу сапраўдным подзвігам вядомай мінскай даследчыцы і паэтэсы Ірыны Багдановіч. Другі важкі вынік — адкрыццё на радзіме аўтара “Маёй ліры”, у вёсцы Барані (раней Бараны) Дома-музея паэта. Адноўлены будынак стаў ужо культурным асяродкам. Да прыкладу, нядаўна там падводзіліся вынікі юбілейных конкурсаў на лепшы верш і малюнак, прайшла сустрэча з астравецкімі журналістамі.Летась на радзіме Казіміра Сваяка адкрыўся Дом-музей паэта
Вынікі Года Караткевіча, зразумела, куды больш маштабныя. Найперш гэта чатыры кнігі, а сярод іх — чатырохмоўнае выданне “Дзікага палявання караля Стаха”. Затым — помнік для Кіева, дзе прайшлі студэнцкія гады пісьменніка. Устаноўлены ён каля беларускага пасольства. А яшчэ — дзясяткі новых выяўленчых і музычных твораў, канцэрт у філармоніі, дзе выконваліся вершы Караткевіча ў арганічным спалучэнні са словамі Скарыны, музыкай Манюшкі і з так званага “Полацкага сшытка”. Сотні літаратурных вечароў, якія прайшлі не толькі ў абласных і раённых гарадах, але і ў аддаленых вёсках, дзе Караткевіч не быў і пра існаванне якіх не ведаў. І нават у беларускіх суполках замежжа! Прытым важна падкрэсліць: ініцыятывы іх правядзення праяўляліся як “зверху”, так і “знізу”. Значыць, юбілей быў сапраўды народным.
І ўсё ж найбольш кранальнымі былі прабыванні — для мяне не першыя і нават не дзясятыя — на радзімых землях пісьменнікаў. Як з Аршанскага, так і з Астравецкага свята вяртаўся я ў душэўным супакаенні. Гэта добра, калі на “зямлі пад белымі крыламі” ёсць такія юбіляры і такія юбілеі, што ядна-юць людзей — ад усходняй да заходняй мяжы краіны.

Адам Мальдзіс

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
— Дык што ж тут параўноўваць? — скептычна ўсміхнецца іншы чытач. — Вунь ва Уладзіміра Караткевіча набралася твораў на 25 будучых тамоў, яго ўсё часцей у друку ўжо...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика