Добры дарадца для сяброў-суседзяў
10.01.2011
—
Новости Культуры
|
“Беларуска-латышскі і латышска-беларускі слоўнік” — адзін з найбольш значных мінулагодніх выдавецкіх праектаў Саюза беларусаў Латвіі
Гэта вельмі каштоўная для суседніх народаў кніга нарэшце пабачыла свет. Выдадзена тыражом у 500 экзэмпляраў. Кіравала праектам Алена Лазарава. Складала слоўнік Мірдза Абала — яе памяці прысвечана выданне. Як вядома, доктар філалогіі Мірдза Абала была шчырым сябрам Беларусі, больш за 40 гадоў працавала ў Інстытуце мовы і літаратуры Латвійскай акадэміі навук. Важнае месца ў яе даследаваннях займалі літаратурныя сувязі Латвіі і Беларусі. Сумесна з гісторыкам Д. Віксне ў 1977-м яна апублікавала манаграфію пра стасункі народаў Латвіі і Беларусі. А сумесна з беларускім літаратарам, а цяпер і старшынёй Таварыства беларуска-латышскай дружбы Сяргеем Панізьнікам у 1984-м стварыла Анталогію латышскай паэзіі, яна выйшла па-беларуску. Да таго ж Мірдза Абала перакладала творы беларускіх аўтараў, доўгія гады працавала над слоўнікам. Яна ўваходзіла ў Міжнародную асацыяцыю беларусістаў і ўзначальвала яе арганізацыю ў Латвіі. У 2001-м Мірдза Абала ўшанавана медалём Францыска Скарыны. Новы слоўнік будзе карысны усім, хто вывучае беларускую і латышскую мовы. У ім сабрана сорак тысяч слоў, якія адлюстроўваюць сучасны стан абедзвюх моў: традыцыйную тэрміналогію, грамадска-палітычную і навукова-папулярную лексіку, часткова —навукова-тэхнічную тэрміналогію. Ёсць і старыя словы, фалькларызмы і этнаграфізмы. Падрыхтоўка рукапісных матэрыялаў Мірдзы Абалы да друку, рэдагаванне слоўніка зрабілі навукоўцы з Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Колоса і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Галоўны рэдактар слоўніка — кандыдат філалагічных навук Іван Лучыц-Федарэц. “Выданне слоўніка для нашай грамадскай арганізацыі было справай не простай, але вельмі ганаровай, — сказала старшыня Саюза беларусаў Латвіі Валянціна Піскунова. — Цяпер ён стане добрым памагатым для тых, хто працуе на развіццё і ўмацаванне рознабаковых сувязяў паміж Латвіяй і Беларуссю. Нашу асаблівую падзяку за фінансавую падтрымку праекта адрасуем Рыжскай думе, кампаніям “Ільгюцыемс” і “Ліепаяс металургс”. Радуе, што там знайшліся людзі, зацікаўленыя ў паглыбленні даўніх кантактаў паміж народамі-суседзямі”. Валянцiна Грыбоўская, сябра таварыства “Мара”, г. Лiепая Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
“Беларуска-латышскі і латышска-беларускі слоўнік” — адзін з найбольш значных мінулагодніх выдавецкіх праектаў Саюза беларусаў Латвіі
|
|