13 самых правакацыйных беларускіх відэакліпаў. 21.by

13 самых правакацыйных беларускіх відэакліпаў

24.02.2010 18:33 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Музычны інтэрнэт-партал "Тузін Гітоў" на просьбу інфармацыйнага парталу udf.by cклаў рэйтынг самых скандальных відэакліпаў за гісторыю беларускай сучаснай музыкі. У топ увайшоў чортаў тузін самых дзёрзкіх, правакацыйных ды трэшавых кліпаў, якія не маюць аніякіх шанцаў з’явіцца ў тэлеэфіры альбо падпадалі пад цэнзуру ды мелі розгалас з ідэйных ці маральных прычынаў.

13. Ambassador21 — Rock'N'Roll (Invasion, 2010)

Былыя вядучыя радыё "Бі-Эй" Аляксей і Натальля Пратасавы дэманстратыўна сышлі з этэру з словамі "FM мусіць памерці" ды заснавалі праект Ambassador21, дзе ў стылістыцы хэві-электронікі крытыкуюць нэгатыўныя праявы сучаснай цывілізацыі. Іх новы кліп Rock'N'Roll — увасабленьне правакацыі. Экс-дыджэі цягам чатырох хвілінаў махаюць у кадры кулакамі, пісталетамі, шпрыцамі, глытаюць пігулкі, круцяць сярэднімі пальцамі рук ды засмоктваюць вуснамі адно аднаго. Натальля гістэрычна крычыць: "И когда все те, кто тебя посчитали, напишут слова: „Запретить рок-н-рол!“, скажи им громко как только ты можешь: Fuck you!"

12. Бонда — Ура (рэж. Віталь Шувагін, 1988)

"Шэрых помнікаў мундзіры ў пазалоце не пастрашаць мне душы", — пяюць музыкі ды паляць ненавісную савецкую прэсу. Гітарыст Іван Маркаў кідае ў вакно сваю гітару, а вакаліст Ігар Варашкевіч прыгае з вакна, а пры канцы музыкі ўшчэнт разьбіваюць бюсьцік правадыра. Нягледзячы на палітыку перабудовы, першы беларускі кліп яшчэ доўга ляжаў на палічках архіваў БТ, затое гэтая праца запачаткавала у Беларусі жанр музычна-палітычнага відэа.

11. Динамиты — Стриптизёры (рэж. Матвей Сабураў, 2005)

Каманда з танцораў ды былых спартоўцаў на чале зь пяціразовым чэмпіёнам Беларусі па культурызму перарабілі даўні гіт групы "Земляне" ў гімн стрыптызёраў ды знялі ўзорнае трэш-відэа, дзе прадэманстралі свае працоўныя касьцюмы ды ўласнае бачаньне канцэпцыі па спалучэньні спартовых уменняў ды вульгарнага гумару. Потым лідэр "Дынамітаў" Мікалай скажа, што мэта яго калектыву давесьці да людзей слушнае разуменьне элемэнтаў стрыптызу і назаве сцэнічную дзейнасьць "хутчэй не стрыптызам, але сьцёбам з стрыптызу".

10. N.R.M. — Чыстая-сьветлая (рэж. Анатоль Вечар, 2001)

Галоўныя на той час рок-змагары краіны і аўтары гімнаў вулічных акцыяў канца 90-х у кліпе на песьню "Чыстая-сьветлая" паўсталі раптам у жаночым абліччы. Удзельнікі гурта па сюжэце працуюць на заводзе, а ўвечары чапляюць на сябе парыкі, апранаюць сукенкі ды ярка фарбуюць вусны. На задуму музыкаў, тое была наўмысная правакацыя прыхільнікаў — каб не падумалі, што песьня "Чыстая-сьветлая" сапраўды напісаная на тэму каханьня. На задуму рэжысёраў, "энэрэмаўцы" меліся сымбалізаваць простых рабацяг, што маюць чыстую і светлую душу.

9. Сяргей Міхалок і Сьвятлана Зелянкоўская — Зорачкі (Openspace.Ru, 2009)

Лідэр "Ляпісаў" ды акторка Купалаўскага зьняліся для відэапраекту буйнейшага расейскага культурніцкага інтэрнэт-парталу Openspace.Ru "Проверка звука". Паводле задумы, выканаўца сам абірае песьню для відэўвасабленьня, але мусіць выканаць зададзеныя аўтарамі праекту ўмовы для здымак кліпа. Міхалок вырашаў сьпець "Зорачкі", што якраз прызналі галоўным беларускім гітом году. Умовы былі такія: засьпяваць яе ля вогнішча з гітараю. Усё астатняе дадумаў сам лідэр "ляпісаў", у тым ліку і танцы аголенай акторкі Зелянкоўскай, якую ён ласкава кліча ў кліпе "Зелька". Гэтае відэа застаецца самым папулярным з усіх кліпаў праекту.

8. Ляля Бежецкая — Шкатулка Ляли Бежецкой (рэж. Дзьмітры Пантэлейка, 2005)

Менская перакладчыца і стрыптызэрка заявіла, што вынайшла ўласны стыль танца і каб тое засьведчыць зьняла эпатажнае відэа, дзе ўласна і дэманструе свае творчыя канцэпцыі, напяваючы такія немудрагелістыя словы: "Это я — звезда бурлеска, я красавица, я дива". Пасьля здымкаў сьпявачка сапраўды назвалася "першай расейскай танцоркай бурлеску" ды выправілася скараць Маскву. Расейская сталіца яе прыняла — тамака Ляля зрабіла цэлую праграму пад назвай "Вояж дэ Винтаж" і абяцае падрыхтаваць другую, якая будзе "поўнай нечаканасьцю для глямурнай публікі".

7. Віктар Шалкевіч — Таварыш Сапега (StopLukaFilm, 2000)

Адно з самых палітычна-іранічных беларускіх музычных відэа было зьнятае для фільму "Незвычайны канцэрт". Песьня пра "таварыша Сапегу" зьявілася пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка адказаў неяк на пытаньне, датычнае ініцыятываў недзяржаўнага фонда, што быў названы ў гонар дзеяча Вялікага княства Літоўскага Льва Сапегі. Прэзыдэнт зазначыў, што не прыйшоў час яшчэ разглядаць ініцыятывы таварыша Сапегі, ён павінен яшчэ пачакаць. Камічны эфэкт у відэа дасягаецца ня толькі пры дапамозе бардаўскай іранічнасьці, але і дзякуючы выкарыстаньню афіцыйнай хронікі, што кажа сама за сябе. Як, напрыклад, кадр, дзе герой кліпа заходзіць разам зь Філарэтам у царкву і на воклічы вернікаў: "Хрыстос уваскрос!" адказвае: "Спасибо!"

6. Крама & Палац & Сябры — Гомельскі вальс (рэж. Ягор Хрусталёў, 1996)

Відэа на песьню першых беларускіх рок-каралей было задуманае да 10-годзьзя Чарнобыльскай катастрофы. Акром "Крамы" да выкананьня далучыліся заснавальнікі стылю фольк-мадэрн — гурт "Палац" ды "Сябры" ў асобе тады яшчэ не народнага, але заслужанага артыста Беларусі Анатоля Ярмоленкі. Выйшла кранальнае музычнае ўшанаваньне да 26 красавіка, якое аднак палічылі "занадта сумным". Пасля прэм’еры, кліп больш на тэлеэкранах не паказваўся, а "Краму" доўга яшчэ ня клікалі на тэлебачаньне. "Гэта наш лёс, гэта наш шлях i наш праклён", — відаць, што такія словы зь песьні здаліся надта крамольнымі тэлевізійным ідэолягам — акцыя апазіцыі "Чарнобыльскі шлях" тады збірала ля 50 000 чалавек.

5. Разьбітае сэрца пацана — Wall-e (рэж. Макс Сіры, 2009)

Музыкі з фрык-праекту, што сьпяваюць вясёлыя песьні на трасянцы, вырашылі цалкам агаліцца для свайго кліпа. "Все дзевушкі із мяса к нам прыйдут на порцію любві", — выводзіць гадаванец ўнівэрсітэту культуры ды актор "Свабоднага тэатру" Дзяніс Тарасенка, матляючы чэлесам, а дзьве дзяўчыны ў правакацыйных строях у гэты час мыюць бязрукага гукарэжысёра Андрэя Жукава. Кліп зьявіўся на Youtube, але празь некалькі гадзінаў быў выдалены адміністрацыяй відэасэрвіса праз "парушэньні ўмоваў карыстання". "Ды няма там аніякага порна", — адрэагаваў Дзяніс і распаўсюдзіў відэа па іншых магчымых інтэрнэт-каналах.

4. Вася Шугалей — Я тебя пру (рэж. браты Шугалеі, 2001)

Паводле сюжэту кліпа, картэж з машынаў з чырвонымі нумарамі спыняецца на палянцы. З аўто выбягае нібы высокапастаўлены чыноўнік і пачынае дурэць, што дзіцё, разам з сваімі ахоўнікамі, напяваючы такія во радкі: "И в холод, и в дождь, и в жару, под шорох листвы на ветру — я тебя пру". Прэзэнтацыю свайго відэа Шугалей плянаваў зрабіць на расейскім МТV, але тэлеканал адмовіўся ад паказу непаліткарэктнага кліпа. Пазьней, калі Васі ўжо ня будзе ў жывых, гэтую песьню ў свой "карпаратыўны" рэпэртуар возьме расейскі сьпявак Грыгоры Лепс. Васіль наогул быў вялікім майстрам тэлеэпатажу — у ня менш скандальным кліпе "С днём рождения меня" ён выступае ў вобразе прэзыдэнта з навагоднім зваротам, трымаючы ногі ў тазіку, а ў час тэледэбюту ў перадачы "Крок" музыка выдаваў сябе за вар’ята-аматара паэзіі Ўладзімера Някляева, ставячы ў тупік маладога тэлевядучага Ягора Хрусталёва.

3. Rockerjoker — Америка (рэж. Макс Сіры, Міхей Насарогаў, 2009)

Дуэт, куды ўваходзяць маргінальны паэт і авангардны режысэр вырашыў увасобіць у відэа кавэр на вядомы гіт "Гуд бай, Америка". У кадры цынічна і брутальна зьдзекуюцца з галавы менскага музыкі ды актора Ільлі Чарапко-Самахвалава, на ілбе якога напісана USA. Пэўна самае бяскрыўднае, што робяць з гэтай галавой, дык гэта вучаць яе "на гамбургер растягивать рот". Стваральнікі відэа папрасілі не шукаць тут ані палітычных, ані сацыяльных, ані маральных матываў. Ды зазначылі, што ўсяго толькі пераварылі ды выплюнулі той навакольны сьвет, якім яны харчуюцца штодня.

2.Ляпіс Трубяцкой — Манифест (рэж. Матвей Сабураў, 2008)

Зьнятае відэа на загалоўны гіт з наступнага альбома "Ляпісаў" — "Манифест" наогул ня трапіла на тэлеэкраны. Паводле яго сюжэту, Міхалок разьязджае па глухіх вёсках, дзе выступае з прамовамі перад сваім электаратам, у ролі якога зьняўся статак з трох сотняў кароў ды яшчэ зайцы, бабры, дзікі ды іншыя жывёлы. Пры канцы адбываецца шабаш, на якім Міхалок пераўвасабляецца ў чорта. Прэм’ера відэа была ўжо анансаваная, але так і не адбылася. "Ляпісы" паведамілі, што кліп пакладзены на паліцу "праз пратэсты джайнісцкай грамады Беларусі, што ўгледзіла ў „Маніфэсьце“ зьдзек з жывёлаў наогул і „сьвятых“ кароваў ў прыватнасьці". Затое кадр з кліпа Міхалка-чорта стаў вокладкай альбому гурта.

1.Ляпіс Трубяцкой — Капитал (рэж. Аляксей Церахаў, 2007)

"Капітал" — самае тытуляванае беларускае відэа, ацэненае на арт-фэстах па ўсім сьвеце, на беларускім ТВ не паказваюць. Лідэр "Ляпісаў" паўстае ў роліку ў вобразе шасьцігаловага Шывы, вакол якога разгортваюцца апакаліптычныя краявіды ды пэрыядычна выскокваюць некаторыя палітычныя лідэры, такія як Хусэйн, Чавэс, Кім Ір Сэн. У гэтым жа асацыятыўным шэрагу зьяўляецца кіраўнік беларускай дзяржавы. Сам Міхалок пракамэнтаваў забарону кліпа ў сваім стылі: "Кожны кантакт з уладамі — гэта полавы акт, прычым індывід выступае ў якасьці пацярпелага, а дзяржава ў якасьці гвалтаўніка. Таму мы пазьбягаем падобных кантактаў, каб не падчапіць якой сьвінкі".


Відэа можна паглядзець ТУТ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Музычны інтэрнэт-партал "Тузін Гітоў" на просьбу інфармацыйнага парталу udf.by cклаў рэйтынг самых скандальных відэакліпаў за гісторыю беларускай сучаснай музыкі
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика