Як дзве лазы вінаградныя…
16.12.2010
—
Новости Культуры
|
У жыцці спрадвеку вельмі цесна перапляталіся лёсы беларусаў і малдаван
Сёлета мне пашчасціла быць на сядзібе малдаваніна Васіля Міхайлавіча Семянюка ў вёсцы Баравікі на Дзяржыншчыне, калі там урачыста адзначалі Дзень незалежнасці Малдовы. Пасля той сустрэчы захацелася больш даведацца пра людзей Малдовы і нашы стасункі. Карані сяброўства ў нас вельмі даўнія. Як сведчыць гісторыя, яшчэ ў 1374 годзе сын наваградскага князя Карыята Юрый быў запрошаны на пасад гаспадара Малдовы. А ў 1399-м на берагах Ворсклы, левага прытока Дняпра, была значная бітва войскаў Вялікага Княства Літоўскага на чале з князем Вітаўтам і татарскай Залатой Арды. На баку нашых продкаў, іх называлі ліцвінамі, храбра змагаліся і малдаване. І ў 1410-м, на Грунвальдскай бітве нашы продкі былі поплеч. Польскі гісторык, дыпламат ХV стагоддзя Ян Длугаш сцвярджаў: на баку саюзных войскаў пад кіраўніцтвам князя Вітаўта і караля Польшчы Ягайлы ваявалі і малдаўскія сечкары — у атрадах нацыянальнага героя Чэхіі Яна Жыжкі. Найбольшага росквіту тагачасная Малдова дасягнула ў ХV стагоддзі, калі княствам кіраваў Стэфан Вялікі, Штэфан чэл Марэ. Тады ж, дарэчы, квітнела і Вялікае Княства Літоўскае. У Вялікую Айчынную вайну народам давялося сумесна змагацца з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Сёлета і ў Беларусі, і ў Малдове ўшаноўвалі салдатаў Перамогі. І неяк пасол Малдовы ў Беларусі Георгій Хіаарэ, прымаючы нас з Васілём Семянюком, у сяброўскай гутарцы расказаў аб тым, што яго бацька, Мікалай Георгіевіч, ураджэнец горада Вулканешты, не толькі ўдзельнічаў у вызваленні Беларусі ад фашыстаў, але і першае баявое хрышчэнне атрымаў на нашай зямлі. Пазней з вызваленчымі баямі Мікалай Хіаарэ прайшоў усю Беларусь, вызваляў Польшчу, дайшоў да Берліна. Тройчы быў паранены, яго гераізм і мужнасць адзначаны ўзнагародамі. Помняць у Беларусі і ўраджэнца Слабадзейскага раёна Малдовы Сяргея Іванавіча Балгарына. Наводчык станкавага кулямёта, яфрэйтар Балгарын вызначыўся ў баях за Віцебскую і Гродзенскую вобласці — за гэта яму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Жыццё вельмі цесна пераплятае лёсы беларусаў і малдаван. Напрыклад, жыве ў вёсцы Баравікі сціплая, працавітая жанчына Ала Аляксееўна Кананок. Яе бацькі былі родам з Брагінскага раёна Гомельшчыны, сама ж яна нарадзілася ў Малдове, у горадзе Каменка. Там бацька, Аляксей Амбросіевіч Ціханенка, праходзіў воінскую службу, там і застала іх вайна. З першых яе дзён старшы лейтэнант, а затым капітан Ціханенка ўдзельнічаў у жорсткіх баях, а пры фарсіраванні Днястра загінуў. Дзе пахаваны — невядома, але ў кнізе “Памяць. Брагінскі раён” яго імя ёсць у спісе загінулых воінаў. Даведаўся я і пра тое, што генерал-лейтэнант Віктар Пятровіч Тоўсты, ураджэнец Дзяржынскага раёна, удзельнічаў у баях пад Сталінградам, Ленінградам, вызваляў Малдову, Румынію, Югаславію. Зрэшты, прыкладаў такіх можна прывесці сотні. Мне ж успомнілася, што ў 60-я гады курс гісторыі на геафаку Белдзяржуніверсітэта выкладаў прафесар Дзмітрый Пятровіч Жмуроўскі. Ён родам з Магілёўшчыны, з Клімавіцкага раёна. Нам, студэнтам, расказваў, што быў на фронце з першых дзён вайны, удзельнічаў у Курскай бітве, Корсунь-Шаўчэнкаўскай і Яска-Кішынёўскай аперацыях. Асабліва ж вызначыўся наш зямляк-кулямётчык Жмуроўскі на малдаўскай зямлі. За фарсіраванне аднаго з прытокаў ракі Прут яму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Ураджэнец Пухавіцкага раёна Уладзімір Віктаравіч Вайцэховіч таксама прайшоў многія ваенныя дарогі, узнагароджаны ардэнамі і медалямі. Адваяваўшы, застаўся ў Малдавіі, скончыў Кішынёўскі сельгасінстытут, стаў доктарам навук, доўгі час працаваў выкладчыкам. Наш зямляк жыве ў Кішынёве, ён ганаровы грамадзянін Малдовы. У памяць пра воінаў-ветэранаў Уладзімір Віктаравіч у двары свайго дома стварыў клуб-музей “Гвардзеец”. На стэндах музея шмат фотаздымкаў ветэранаў вайны, тут збіраецца беларуская сябрына, гучаць беларускія песні і прыгожыя вершы. І цяпер, у мірныя часы, беларусаў і малдаван звязваюць моцныя сувязі. Мацнеюць культурныя, турыстычныя кантакты. Гаворачы вобразна, лёсы людзей Беларусі і Малдовы перапляліся цесна і плённа, быццам дзве жыватворныя вінаградныя лазы. Лявон Целеш Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У жыцці спрадвеку вельмі цесна перапляталіся лёсы беларусаў і малдаван
|
|