З кім ажэніцца Хуан Царэвіч?. 21.by

З кім ажэніцца Хуан Царэвіч?

02.02.2012 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

З кім ажэніцца Хуан Царэвіч?

Ну хто з нас не памятае пра “Пшанічны каласок”, “Зайкіну хатку” ці “Лісіцу-хітрыцу”? З беларускімі народнымі казкамі мы раслі і выхоўваліся. Але наўрад ці задумваліся, што не ўсе яны такія добрыя і бяскрыўдныя, што ёсць сярод іх і страшныя, і тыя, што прызначаны толькі для дарослых. Якія яны, беларускія народныя казкі, насамрэч, хто іх героі і чытачы, даведвалася карэспандэнт “НГ”.

Аказваецца, беларускія казкі цікавасць выклікаюць не толькі ў беларусаў.  І хоць уласна нашых сюжэтаў, якія не паўтараліся б у вуснай творчасці іншых народаў, не так шмат (каля пяцідзесяці), беларускія казкі перадрукоўваюць і перакладаюць і ў Польшчы, і ў Расіі, і нават у Германіі. Напрыклад, зборнік выбраных беларускіх казак на нямецкай мове “Belorussische Volksmarchen” перавыдаваўся ў Германіі больш за дзесяць разоў.  А колькі навукоўцаў займаліся іх вывучэннем: Еўдакім Раманаў, Міхась Федароўскі, Аляксандр Сержпутоўскі, Павел Шэйн... І кожны раз удавалася знайсці штосьці новае.— У народных казках прысутнічае  вялікая доля суб’ектыўнасці і імправізацыі, — гаворыць кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускай літаратуры і культуры БДПУ Вольга Вараб’ёва. — Чытаючы казку, мы павінны памятаць, што яна была запісана ад пэўнага чалавека ў пэўнай сітуацыі. Гэта як тэатральнае мастацтва. Кожны раз акцёр выконвае ролю па-іншаму. Тое ж датычыцца і апавядальнікаў казак. Таму нядзіўна, что мы сустракаем у зборніках казак так шмат падобных сюжэтаў. Але казкі гэтыя аказваюцца рознымі. Хтосьці прыбавіў крыху жаху, хтосьці — слоўцаў не зусім прыстойных. Адсюль, відаць, і ўзніклі варыянты казак для дзяцей і для  дарослых. З варыянтамі адной такой казкі, дзе стары залез на неба, мяне пазнаёміла Вольга Анатольеўна. Аказваецца, нашы продкі маглі час ад часу дазволіць сабе крыху і вольнасці, і грубасці. А яшчэ папалохаць адзін аднаго любілі. Давялося прачытаць казку “Сястра-бязручка”. І хоць канец у яе вельмі шчаслівы, тым не менш эпізоды, дзе брат адсякае сястрыцы рукі, ці ёй, бязрукай, прывязваюць да цела немаўля і выганяюць з хаты, выглядаюць, мякка кажучы, не вельмі прывабнымі.

 Нашы продкі любілі папалохаць  адзін аднаго. Начытаўшыся такіх казачак нанач, можна і не заснуць.

— Маіх студэнтаў таксама здзіўляе наяўнасць у беларускай народнай творчасці так  званых страшных казак: у дзяцінстве  з імі ніхто не знаёміць. А часамі яны нават скардзяцца, што не могуць заснуць, начытаўшыся такіх казачак  нанач, — усміхаецца Вольга Анатольеўна.Усе беларускія казкі дзеляцца на казкі пра жывёл, ці анімалістычныя, чарадзейныя казкі і сацыяльна-бытавыя, ці рэалістычныя, як іх часам называюць. Традыцыйна самымі старажытнымі лічацца казкі пра жывёл. Відаць, яны складаліся ў той час, калі чалавеку часта прыходзілася мець справу са звярамі, бараніцца ад іх і забіваць на ежу. Праўда, чалавек у такіх казках не выступае як істота мацнейшая. Ён адзін з элементаў гэтага свету, які гарманічна існуе разам з птушкамі і звярамі.Чарадзейныя казкі таксама з’яўляюцца досыць старажытнымі. Як правіла, іх героі пакараюць сілы прыроды, змагаюцца з сацыяльным злом, перамагаюць заваёўнікаў.  У такіх казках вельмі шмат фантастычных, звышнатуральных і  цудадзейных вобразаў і карцін.— Структура такіх казак вельмі падобная, — расказвае Вольга Анатольеўна. — Як правіла, пачынаецца казка са слоў “жылі-былі”. Напачатку ў герояў усё добра, але пазней з’яўляецца нейкая праблема: ці то прыходзіць час сыноў жаніць, ці то царэўна некуды знікае, ці то яшчэ што здараецца. Трэба ўстанавіць гармонію. З’яўляецца герой (Удовін сын, Пакаці-гарошак, Мядзвежае вушка ці хтосьці іншы), які павінен сваім розумам, хітрасцю, сілай забяспечыць гэту гармонію. Казкі сацыяльна-бытавыя больш познія. У іх разглядаюцца нейкія сацыяльныя супярэчлівасці. Вельмі часта героямі такіх казак з’яўляюцца папы і паны, ад якіх нямала цярпеў беларускі народ.  Многія з казак з’яўляюцца ўзорамі сатырычнай і гумарыстычнай творчасці народа, як, напрыклад, “Балбатлівая жонка”.— Беларускія народныя казкі — гэта тыя ж серыялы, — гаворыць фалькларыст Вольга Вараб’ёва. — Хтосьці змагаецца і хтосьці перамагае. І чым больш заблытаны сюжэт, тым цікавей слухаць такую казку. Вывучаючы чарадзейныя казкі, мне давялося сутыкнуцца  аж з сямісюжэтнымі казкамі! У канцы жанілі аж унукаў галоўных герояў. Ледзь не “Сто гадоў адзіноцтва” Гарсія Маркеса. Але трэба памятаць, што сачынялі казкі не толькі для забавы. Казка была прыкладам прыгожых адносін, добрых кіраўнікоў і правільных паводзін для нашых продкаў. У іх ёсць чаму павучыцца.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Беларускія народныя казкі ў нейкім сэнсе напамінаюць сучасныя серыялы.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика