Боскае святло. 21.by

Боскае святло

07.08.2012 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ігар Лучанок мог і не стаць кампазітарам. Калі ён рабіў першыя крокі, дзеці адказвалі за бацькоў і нават далёкіх продкаў. А ў яго дзед Лука, чалавек-волат, нястомны лесаруб, спяваў у царкоўным хоры, і мянушка ў яго была Поп. Казалі, вадзілася ў яго нават золата.

Маглі нядобразычліўцы данесці гэтыя факты ў адпаведныя органы, а там да рэлігіі ставіліся неадназначна. А пра каштоўнасці і казаць не варта.

Другая пагроза: бацька -- скрыпач, віртуоз, удзельнік перасоўнага тэатра Уладзіслава Галубка. Калектыў гэты быў вельмі папулярны, выступаў нават у Маскве. Артысты не хавалі нацыянальных прыхільнасцяў, ганарыліся сваёй Бацькаўшчынай, любілі яе. А правадыр усіх народаў не падзяляў іх пачуццяў. Калі пачаліся рэпрэсіі, не стала кіраўніка непаўторнага творчага калектыву. Такі лёс мог напаткаць і Міхася Лучанка, бацьку Ігара. Ды жонка датэрмінова загадала яму развітацца з трупай “басякоў”, як яна называла галубкоўцаў, і прымусіла мужа паступіць на рабфак.

Ды і Аляксандра Герасімаўна, маці Ігара, магла нашкодзіць сыну. Чым? Сваім паходжаннем. Якраз на 6 жніўня, калі нарадзіўся будучы славуты кампазітар, Анатоль Багатыроў, які закончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю і стаў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, абрушыўся на “тройчы прэзрэнных польскіх шпіёнаў, трацкісцка-бухарынскіх бандытаў і дыверсантаў, якія арудавалі ў рэспубліцы і прыклалі ўсе свае намаганні, каб разваліць музыкальны фронт Беларусі”. Цяжка сказаць, як бы Анатоль Васільевіч ахрысціў Ігара Лучанка, калі б даведаўся пра яго карані. Мінула 18 гадоў, як быў надрукаваны ў газеце “Звязда” опус тытулаванага музыканта. Ён у той час быў ужо рэктарам кансерваторыі, і вось у гэтую кансерваторыю паступіў юнак з Мар’інай Горкі, а пасля стаў і вучнем класа кампазіцыі, які вёў змагар з палітычнымі сляпцамі.

Сям'я Жукоў (другая справа - Аляксандра, будучая мама Ігара Лучанка). 1999 год.

Хата ў Мінску дзе нарадзіўся Ігар Лучанок.

Бацька і маці кампазітара.

Ігар Лучанок выхаванец мінскай музычнай школы пры кансерваторыі.

Але святло боскае вяло маладога чалавека па дарогах жыцця, людзі добрыя падтрымлівалі, сам не скараўся і дасягнуў урэшце ззяючых вышынь, дакрануўся да зорак. У яго творчасці не толькі мажорныя ноты гучаць, але і мінор, ён з тугой слухае 6-ю сімфонію Чайкоўскага.

З жонкай Аляксандрай.

У Беларускай дзяржаўнай філармоніі з настаўнікам Ціханам Мікалаевічам Хрэннікавым.

 

Успамінаецца сёлетняе восьмае ліпеня. Маладзечанскі амфітэатр. Тут падчас Нацыянальнага фестывалю песні і паэзіі прадстаўляўся арыгінальны музычна-тэатральны праект -- рок-опера “Курган”, створаная на аснове славутай паэмы Янкі Купалы. Музыку да яе напісаў Ігар Лучанок. Вось маэстра ўзнімаецца на сцэну, гаворыць усхвалявана і зычна:

-- Сёння, перш чым прыехаць да вас, мы наведалі магілу Янкі Купалы, што ў Мінску, пакланіліся яму. А потым накіраваліся ў Вязынку, у мясціны, дзе нарадзіўся будучы геній зямлі беларускай. Ён аўтар велічнай паэмы-легенды, што створана была ў 1910 годзе, але не забываецца і сёння, бо хвалюе і хвалюе кожнага, вяртае незабыўнае. Не, гэта не рыначная рок-опера, а гераічны і драматычны твор. І галоўнае ў ім -- бяручае за душу слова Янкі Купалы...

Загучала музыка, палілася песня. На экране літара за літарай, радок за радком сталі з’яўляцца першыя словы паэмы, напісаныя рукой паэта...

Мы потым гаварылі з Ігарам Міхайлавічам, што натхніла яго, каб у чарговы раз вярнуцца да купалаўскай паэмы. Ён тры разы шчыраваў над ёй. І кантата, якая была створана паўвека таму, ператварылася ў оперу.

-- Лейтматыў купалаўскай паэмы вечны, і мне хацелася, каб гэты твор ускалыхнуў людзей з новай сілай і яны задумаліся пра родныя карані, пра зямлю сваю любую, пра дзядоў і прадзедаў, адкуль мы прыйшлі і куды крочым. Курганы шмат аб чым кажуць. Вось і ў мяне ля ўзбярэжжа ракі скарацечнай дрэмле памятка год, што ў нябыт уцяклі...

Лучанок замаўчаў, ці то інтрыгуючы мяне, ці ўспамінаючы нешта. Ды і я не прыспешваў яго, ведаючы характар творчага чалавека. Нарэшце ён павярнуўся да мяне і спытаў:

-- Ты ведаеш свой радавод?

-- Дзеда з бабуляй, -- шчыра прызнаўся я.

-- Вось і я сёння шкадую, што мала гаварыў з матуляй пра яе продкаў, ды і з бацькам таксама. Хаця, перакананы, яны не хацелі, каб я ведаў пра гэта. І, барані Божа, каб тое пачулі чужыя вушы, асабліва высокага начальства. Моладзь прывучалі забыць мінулае, забыць паходжанне бацькоў і дзядоў, чым яны займаліся ў царскія часы. Было заганным, нават злачынным, калі селянін меў раней сваю зямлю. Чалавека, які паходзіў з дваран ці шляхты, ужо можна было адразу называць “ворагам народа”, польскім шпіёнам, кляйміць на кожным скрыжаванні. А бацькі мае, асабліва маці, не была гаротнай сялянкай, якая гнула спіну на памешчыка.

Не ведаю, добра гэта ці не, але радаводнае дрэва Аляксандры Герасімаўны Жук, маці Ігара Міхайлавіча, знойдзена не так і даўно. Яно стала адкрыццём для мяне і для ўсіх маіх блізкіх. Вынікае, Жукі -- старажытны дваранскі род, вядомы яшчэ з сярэднявечча. Ён меў нават свой герб. Першым зарэгістраваў яго Ян -- ваявода Сандамірскі. І адбылося гэта, як сведчаць летапісцы, у 1352 годзе.

-- Так што зараз, Ігар Міхайлавіч, вас можна называць дваранінам альбо шляхціцам.

-- Не трэба, у мяне ёсць больш высокія рэгаліі, якімі я даражу, напрыклад -- народны артыст СССР. Але калі казаць аб продках маёй маці, то сярод іх не было крывасмокаў, што бязлітасна эксплуатавалі сялян. Яны лічыліся землеўласнікамі. У спісе ўласнікаў зямлі па Мінскай губерні ў 1876 годзе значыцца дваранін са Слуцкага павета Людвіг Жук. У маёнтку Душава ён меў 81 дзесяціну зямлі. Гэта прапрадзед маёй маці. Але і ён, і ўсе яго нашчадкі да поту і мазалёў працавалі на зямлі. Зямля тады была на кошт золата. Яна давала чалавеку годнасць, давала сілу, каб упэўнена крочыць па жыцці, верыць у заўтрашні дзень.

Цяжка сказаць, што прагнала маіх продкаў са слуцкага маёнтка Душава, але і дзед маёй матулі Ігнат, і тата яе Герасім пачалі віць сваё гняздо пад Бабруйскам у Крывым Круку. У мяне захаваліся ўспаміны роднай цёткі Тамары Герасімаўны, яна пражыла больш за 90 гадоў і добра памятала той час, калі была разам з бацькам. Вось яе словы, чытай.

“Бацька наш з патомных землеўласнікаў. На раллі благаславёнай узнялося не адно пакаленне Жукоў. І на новым месцы, ля ракі пятлістай сонца ветла нам свяціла. Бярэзіна, дзе займелі свой кут дзед з бацькам, рабіла вялікі крук, і мы, атрымліваецца, жылі на паўвостраве. Райскія мясціны, прыгажосць неймаверная. Тата сад высадзіў. Агарод вялікі трымаў. Рыбу лавіў. З яўрэямі гандляваў. От і мелі з гэтага сабе на пражыццё. Наш бацька Герасім дзелавы быў чалавек, хаця і не вельмі адукаваны. Убіўся ў дружбу з ляснічым. Той даверыў яму перавозіць лес да ракі. Ён не грузчыкам быў, а як бы забеспячэнцам. Дык і сабе навазіў бярвення на хату. Як цяпер памятаю, дом у нас быў што звон. У падмурку -- дубы, а ўсе астатнія вянцы -- з гонкіх сосен. Шырокія вокны пазіралі на бярозавы гай, на рэчку і сад. Пяць пакояў было ў нашай хаце”.

Я вярнуў успаміны Тамары Герасімаўны Лучанку. Паклаўшы іх у папку, Ігар Міхайлавіч сказаў з сумам:

-- Бярэзіна як рабіла, так і робіць свой крук, а дзедавага гнязда няма, і ніхто больш там не пасяліўся, засталіся толькі адно ці два чэзлыя дрэўцы ад саду. Так і атрымліваецца: на ўзбярэжжы ракі скарацечнай дрэмле памятка год, што ў нябыт уцяклі. Гэта мой курган. Будзеш там, загляні.

Заглянуў. І не адзін, а з Яўгеніяй Маеўскай-Лучанок, паэткай і мастаком, з Галінай Крук, якая вывучае радавод слыннага кампазітара. Спачатку мы зайшлі на высокую гару, якая называецца Лукаўскай. З яе адкрываецца прыгожая панарама Бярэзіны, яе лугі і старыцы. Хочацца стаяць і стаяць, любавацца бясконца краявідамі, якія адлюстравала ў сваіх творах мастачка Яўгенія Пятроўна. Яна і парушыла наша любаванне хараством:

-- Гісторыю вам паведаю. У 1760 годзе прыехалі сюды Лучанкі з-пад Барысава. Адны пашыбавалі ў Мар’іну Горку, другія -- вось сюды, у Лукі, на гэтую гару, што пад-над Бярэзінай. Ніхто тут не гаспадарыў, і назвы ў яе не было. Заснавалі навасёлы хутар. З Лучанкамі пасябравалі спадары Луканскі з Кавалеўскім. Пазней троіца вырашыла пабудаваць тут вёсачку. Пабудавалі, а як назваць яе? Думалі-думалі і вырашылі ўзяць за аснову першыя літары сваіх прозвішчаў. Атрымалася -- Лука, а гара стала называцца Лукаўскай. Я сёння ўладарка яе, грошы плачу, арандую. Але ж, вы бачыце, сёння тут увесь Бабруйск адпачывае. І на здароўе! А што тычыцца першых жыхароў вёскі, то ўсіх іх звалі братамі, бо яны былі надта дружныя, дапамагалі адзін аднаму, усё разам рабілі. Дарэчы, Лучанкі, Кавалеўскія з Луканскімі пабудавалі тут у 1826 годзе царкву, запрасілі сюды калмыкаў, і яны без цвікоў зрабілі храм божы.

-- Вы, Яўгенія Пятроўна, уцякаеце летам з Бабруйска і жывяце тут, побач з гарой, у вёсцы Бярэзіна, дзе і дом ваш?

-- І вершы пішу.

-- І якія думкі нараджаюцца ў вас, Яўгенія Пятроўна, калі вы з вышыні глядзіце на бязмежную пойму Бярэзіны, на цуд прыгажосці. І на зруйнаваны дом далёкага, але родзіча Герасіма Жука?

-- Думаю, вось змог чалавек-гаспадар і дом збудаваць, і сад пасадзіць, і на агародзе добрыя ўраджаі вырошчваць. Прыйшлі бальшавікі, сагналі яго. І сёння там толькі трава-мурава расце. Ад такіх адносін, ад гэтай карціны і горыч з’яўляецца, і нявыказаны сум ад страчанага.

Пытаюся ў Галіны Іванаўны:

-- А хто была жонка ў Герасіма?

-- Ганна Храмянкова. Яна з вялікай сям’і. Жылі ўсе на хутары ля Дняпра. Бацька меў ладны кавалак зямлі, трымаў ветраны млын. Ці быў дваранінам -- не ведаю. А вось грошы ў яго вяліся.

Ігар у дзяцінстве і юнацтве часта ездзіў з бацькам у тыя мясціны пад Рагачоў. Там гаспадарыла цётка Насця. Як кажа, адпачываў, збіраў грыбы, ганяўся за парсюкамі, асвойваў сельскую гаспадарку. Потым Насця з’ехала ў Крым, і сляды яе згубіліся.

Згубіўся і знік след вялікай і дружнай сям’і. З прыходам да ўлады пралетарыяў усё рухнула ў сям’і Герасіма Жука. Абвалілася хата, двор і ўсё ў склепе, нажытае мазалямі, розумам. Яго, патомнага земляроба, бацьку семярых дзяцей, аб’яўляюць контрай і буржуем. І “буржуй” добраахвотна здае новым гаспадарам усё нажытае і едзе ці ўцякае ад пакарання ў Піцер да брата Максіма, а потым у Гомель да родзічаў, працуе вартаўніком і нечакана памірае. Прароцкія словы казаў Янка Купала: “Без зямлі, без свае хаты чалавек, што шалёны сабака, -- адна цана: ні яму прыстання, ні яму скарынкі хлеба, ні яму добрага слова...”

-- Так было раскідана сямейнае гняздо ў Крывым Круку на рацэ хуткаплыннай, -- кажа Галіна Іванаўна. -- Усе пайшлі сваёй дарогай, у кожнага свой лёс. І магільныя пліты іх ад Гомеля і Жытоміра, ад Мінска і Ленінграда, ад Пухавічаў і Хабараўска, ад Нямеччыны і Амерыкі... Нездарма ў творах Маэстра гучаць сумныя і трагічныя ноты. Яны і ў рок-оперы “Курган”, яны і ў песні “Знесеныя ветрам”. Кажуць, памяць -- гэта медная дошка, якая пакрыта літарамі, што могуць назаўсёды знікнуць, калі не аднаўляць іх разцом. У Маэстра свой, часам завостраны разец -- гэта ноты і талент. І мелодыі, што нараджаюцца ім, заўсёды трывожаць душу і сэрца, бо ў іх жыве мінулае і дзень сённяшні.


 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ігар Лучанок мог і не стаць кампазітарам. Калі ён рабіў першыя крокі, дзеці адказвалі за бацькоў і нават далёкіх продкаў. А ў яго дзед Лука, чалавек-волат, нястомны...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика