Шаркоўшчыне – 510 год
29.06.2013
—
Новости Культуры
|
Мікалай БАГОВІЧ, старшыня Шаркоўшчынскага райвыканкама: «Няхай пануюць на нашай зямлі радасць, дабрыня, цеплыня людскіх сэрцаў!» У НЕВЯЛІКАЙ Шаркоўшчыны багатая гісторыя, карані якой — у далёкім XVI стагоддзі. Ніколі не будуць сцёртыя з летапісу нашага краю ваенныя дзеянні Лівонскай і Паўночнай войнаў, падзеі 1812 года, суровыя дні і ночы Вялікай Айчыннай вайны. Навечна застануцца ў памяці імёны воінаў Чырвонай Арміі, якія загінулі пры вызваленні Шаркоўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у ліпені 1944-га. У гэты святочны дзень хачу падзякаваць нашым ветэранам, якія абаранялі родную зямлю ад ворага, тым, хто ў мірны час сваёй працай памножыў яе славу. Галоўнае багацце Шаркоўшчыны — працалюбівыя жыхары: урачы, педагогі, будаўнікі, работнікі сельскай гаспадаркі, культуры, спартсмены. Шаркаўшчане паспяхова прадстаўляюць рэгіён на розных конкурсах, фестывалях, выставах, спартыўных спаборніцтвах, дэманструючы высокае прафесійнае майстэрства, працоўныя і творчыя здольнасці. Сваёй працай, талентам, энергіяй яны ўносяць каштоўны ўклад ва ўмацаванне матэрыяльнага і інтэлектуальнага патэнцыялу пасёлка, перадаючы эстафету нашаму маладому пакаленню. Сімвалічна, што ў дзень 510-годдзя Шаркоўшчыны мы святкуем і Дзень моладзі. У раёне жыве звыш 2800 юнакоў і дзяўчат ва ўзросце ад 14 да 31 года, з якіх 2100 — працоўная моладзь. Маладыя шаркаўшчане вызначаюцца мэтанакіраванасцю, руплівасцю, актыўнасцю і працалюбствам, ім пад сілу любыя вяршыні. Дарагія юнакі і дзяўчаты! Ад усяго сэрца хачу пажадаць светлых надзей і смелых планаў, верных сяброў і моцнага кахання. Хай усё тое добрае, што вы нясеце ў сваіх сэрцах сёння, стане магутным імпульсам у развіцці і працвітанні нашай радзімы заўтра. Наш раённы цэнтр нацэлены на будучыню: растуць жылыя дамы, прыводзяцца ў парадак дарогі і двары, з’яўляюцца новыя аб’екты сацыяльнай сферы, часцей гучыць дзіцячы смех, нараджаюцца новыя цудоўныя традыцыі. Гэта вынік складанага ўзаемадзеяння ўсіх узроўняў дзяржаўнай улады, няспыннай працы жыхароў гарадскога пасёлка. Паспяхова вырашаюцца пытанні паляпшэння сацыяльнага жыцця насельніцтва, створаны ўсе ўмовы для развіцця талентаў і здольнасцей юных жыхароў. І хоць Шаркоўшчыне ўжо 510 год, яна маладая, прыгожая, поўная сіл і гатовая да добрых змен. Мы з аптымізмам глядзім у будучыню, перад намі стаяць канкрэтныя планы, якія мы рэалізуем. Сумесна, разумеючы і дапамагаючы адзін аднаму, мы зможам зрабіць родную Шаркоўшчыну і ўвесь раён яшчэ больш прыгожым і сучасным. Мы заўсёды рады гасцям і дзелавым партнёрам. Упэўнены, што той, хто пабываў у нас хоць адзін раз, палюбіць наш край гэтак, як любім яго мы! Дарагія шаркаўшчане! Няхай гэта цудоўнае свята стане яркай, запамінальнай падзеяй у гісторыі нашага раёна. Жадаю вам добрага здароўя, дабрабыту, мірнага, стабільнага і стваральнага жыцця! Са святам цябе, Шаркоўшчына! Няхай пануюць на тваёй зямлі радасць, дабрыня, цеплыня людскіх сэрцаў! «Будзем разам, землякі» З віншавання дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мечыслава Морхата «30 чэрвеня 2013 года наш пасёлак будзе адзначаць свой чарговы юбілей — 510-годдзе. Якой яна была — Шаркоўшчына 1503 года? Адзін дом, 33 жыхары. Уладальнікамі Шаркоўшчыны былі Леў Сапега, граф Лапацінскі. Тут развіваўся гандаль, будаваліся храмы, закладваліся паркі. А ў 1767 годзе Шаркоўшчына атрымала Магдэбургскае права. Сёння ў нашым райцэнтры над ракой Дзвіной пражывае 6 тысяч 681 чалавек, а ўсяго ў раёне — 16 тысяч 764 жыхары. Шаркаўшчане — людзі працалюбівыя і старанныя, актыўныя і адказныя, бескарысныя і спагадлівыя, сціплыя і самакрытычныя, настойлівыя, смелыя і рашучыя, якія заўсёды імкнуцца да поспеху. Менавіта людзьмі Шаркоўшчына прыцягвае да сябе. Далёка за межамі пасёлка ведаюць Івана Сікору, Язэпа Драздовіча, Міхася Машару, літаратурнае аб’яднанне «Світанак» Віктара Крука. Сёння, азіраючыся на зусім блізкае мінулае, разумею, як шмат зроблена мясцовай уладай і вамі, паважаныя працаўнікі раёна. З пачуццём гонару і задавальнення прыгадваю, як нялёгка было ўзнавіць пагалоўе свіней на свінагадоўчым комплексе КУПСГП «Гарадзец», рэканструяваць і ўвесці ў эксплуатацыю комплекс па адкорме БРЖ у ААТ «Агратэхсэрвіс», рэканструяваць 10 малочна-таварных фермаў, пабудаваць 8 зернесушыльных комплексаў, запусціць 2 даільныя залы ў ААТ «Жвіранка», рэканструяваць мост праз Дзвіну, адчыніць новую бальніцу, даць жыццё 13 аграгарадкам. І ўсё гэта атрымалася дзякуючы сумеснай зладжанай працы, паразуменню, уменню заўсёды імкнуцца наперад. Дарагія землякі! Больш пяці стагоддзяў родзіць і пладаносіць наша зямля. Нават калі проста мімалётна азірнуцца на яе гісторыю, першае, што ўражвае, — лёсы людзей, вядомых і не зусім. Давайце будзем смела ісці ў будучыню, любіць сваю Радзіму, паважаць і прымнажаць традыцыі, радавацца кожнаму пражытаму дню». «Раз пасеяў, трэба і сабраць ураджай» Два галоўных агранома — як люстэрка працавітасці ўсіх вяскоўцаў раёна НА СВЯЦЕ горада самая прадстаўнічая дэлегацыя, ажно 16 чалавек, будзе з ААТ «Жвіранка». Гэта гаспадарка, нягледзячы на тое, што яравы клін зерневых складаў амаль 3 тысячы гектараў, не толькі адсеялася першай, але дапамагла яшчэ суседзям, і нават Браслаўскаму раёну. Старшыня райвыканкама Мікалай Баговіч асабліва адзначае галоўнага агранома «Жвіранкі» Анатоля Заляцілу. — Здарылася так, што дырэктар гэтай гаспадаркі якраз напярэдадні пасяўной трапіў у бальніцу, і ўсе работы ляглі на плечы агранома. Ён вытрымаў. Паказаў сябе з найлепшага боку. Малайчына! Сам Анатоль Заляціла больш сціплы ў ацэнках: — Гэта не я справіўся, — гаворыць ён. — Гэта людзі ўправіліся. А я толькі імкнуўся як найлепш арганізаваць работу, без лішняй мітусні. У 4 гадзіны раніцы аб’язджаў палі, вызначаў, дзе суха, ці «паспела» глеба і накіроўваў туды тэхніку. Энерганасычаныя трактары працавалі кругласутачна: то з плугамі ноччу, то днём з сеялкамі. Анатоль Заляціла называе механізатараў, якія паедуць з ім на свята: Андрэй Баравік, Барыс Фёдараў, Мікалай Калінка, Віктар Цімафееў, бацька і сын Алег і Аляксандр Андруковічы. Асобна вымаўляе прозвішча ветэрана Віктара Дулінскага, які ў свае 68 год на трактары «Кіравец» ні ў чым не ўступіў маладым. Нешта падобнае адбылося і ў ААТ «Даватарскі». Там на пасяўную не было галоўнага агранома. Вось тады і звярнулася дырэкцыя да Паўла Яфімава, які быў раней на гэтай пасадзе, але ўжо 2 гады знаходзіўся на заслужаным адпачынку. Ветэран не адмовіўся. — Пасяўная. Адразу ў «бой», — прыгадвае ён тыя напружаныя дні. — Закончылі мы трэцімі. Але я не імкнуўся вырвацца наперад любой цаной. На першым плане была якасць. Галоўнае ж, удалося ўкласціся ў аптымальныя тэрміны. Сёння ў гаспадарцы завяршаецца ўборка траў першага ўкосу. Нарыхтавана звыш 6 тысяч тон сенажу і амаль тысяча тон сена. Упершыню прымянілі прэс, які закатвае рулоны зялёнай масы ў плёнку, і тым самым захоўваюцца ўсе спажыўныя рэчы. Агрэгат гэты малады дырэктар ААТ «Даватарскі» Сяргей Струй прывёз прама з выставы «Белагра-2013». На пытанне, ці збіраецца галоўны аграном зноў на заслужаны адпачынак, Яфімаў адказаў: — Не. Раз пасеяў, то трэба і сабраць ураджай, і закласці аснову будучага. Вось такія яны, людзі Шаркоўшчыны! Ці расце на снезе пшаніца Заўсёды шанцавала гэтаму куточку на сумленных кіраўнікоў ШАРКОЎШЧЫНА — райцэнтр Віцебскай вобласці. Гарадскі пасёлак выцягнуўся з усходу на захад уздоўж ракі Дзісна. Прыгожа і свежа выглядае ён днём, а ноччу і зусім фантастычна. Доўгая стужка агнёў нагадвае ўзлётную паласу, якая імкнецца ўдалячынь і зліваецца ў небе з зоркамі. І ЎСЁ Ж Шаркоўшчына прываблівае найперш людзьмі. Можа, і часта мы ўжываем гэта слова — «праца», зацягалі яго. Але сапраўды, калі гаварыць аб працы, то роўных Шаркоўшчыне трэба пашукаць. Не толькі ў Беларусі, на ўвесь свет праславіўся садавод Іван Сікора. У юнацтве ён перапісваўся з самім Львом Талстым. А ў сталым узросце стварыў сапраўды райскі сад, вывеў сотні новых сартоў пладовых дрэў, якія «прапісаліся» ў Германіі, Францыі, Італіі, Польшчы і нават Амерыцы. Сікора не забыты на сваёй малой радзіме. У вёсцы Малыя Алашкі створаны яго музей, расце малады сад. У Шаркоўшчыне пісаў свае карціны і размалёўваў дываны вядомы мастак-вандроўнік Язэп Драздовіч, праслаўляў шаркоўшчынскі край у вершах паэт Міхась Машара. ЗЯМЛЯ. Яна ў Шаркоўшчыне асаблівая. Найбольш гліна. І калі ў некаторых раёнах завяршаюць сяўбу, тут толькі пачынаюць. Праблемы і з уборкай, калі зачасцяць дажджы. Але мясцовыя хлебаробы не спяць у шапку. Большы клін з восені займаюць азімыя, шмат сеюць пшаніцы. Быў час, калі яе з-за высокай наяўнасці клейкавіны прадавалі нават у Канаду. І як тут не прыгадаць аксакалаў калгаснага руху. Таго ж старшыню Пятра Чабатаронка з калгаса імя Даватара, Нікадзіма Протаса з калгаса імя Гагарына, Пятра Рубніковіча, якімі ганарыўся не толькі раён, але і рэспубліка. Пётр Чабатаронак яшчэ напачатку года выконваў план продажу зерня дзяржаве. Вядома ж, на снезе пшаніца не расла. Проста яе хапала ў засеках гаспадаркі не на адзін год. Лёс паслаў старшыні жорсткае выпрабаванне: у аўтамабільнай катастрофе Пётр Чабатаронак зламаў пазваночнік. Прагноз урачоў быў адназначны — інвалідная каляска. Але мужны чалавек, дзякуючы неймавернай волі, не толькі ўстаў на ногі, але і доўга потым кіраваў гаспадаркай. Шмат у свой час гаварылі і пісалі пра камунізм, але так усё і правалілася. І толькі Нікадзім Протас у сваім калгасе імя Гагарына Шаркоўшчынскага раёна здзейсніў яго на справе. Ён выдаваў калгаснікам бясплатна пшанічную муку вышэйшага гатунку, цукар, дровы, камбікорм. Задарма апрацоўваў агароды. Поўная каса была ў гаспадарскага старшыні грошай. У тым ліку — і за экспарт зерня. ШАНЦУЕ Шаркоўшчыне, іначай і не скажаш, на кіраўнікоў. Узяць былога першага сакратара райкома партыі Мечыслава Сезенеўскага. Гэта з яго «пачаліся» дамы сацыяльных паслуг у аддаленых занядбаных вёсачках, куды наведваліся і ўрачы, і бытавікі, і іншыя службы. Дамы гэтыя потым пачалі прыжывацца ў вобласці і рэспубліцы. Праўда, цяпер ужо не чутно, а ў Шаркоўшчыне месцамі яны яшчэ ёсць. Леанід Клакоўскі, які прыняў эстафету ў якасці ўжо старшыні райвыканкама, пайшоў далей. У кожнай гаспадарцы ён увёў намесніка старшыні па сацыяльных пытаннях. І надзённыя справы, якія турбавалі людзей, вырашаліся на месцы і хутка. На жаль, Леанід Клакоўскі трагічна загінуў яшчэ маладым. Яркі след у гісторыі раёна пакінуў Мечыслаў Морхат, пры якім будаваліся ўсе аграгарадкі, мост ў гарадскім пасёлку праз Дзісну, цэнтральная бальніца. І нездарма ўдзячныя землякі выбралі яго дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі. Не так даўно раён узначаліў Мікалай Баговіч, які да гэтага быў намеснікам старшыні. Ён цудоўна вытрымаў першыя экзамены: узведзена сучасная малочна-таварная ферма «Пашкі», на адным дыханні праведзена вельмі складаная вясенняя пасяўная, паспяхова заканчваецца нарыхтоўка кармоў. На палях раёна спее багаты ўраджай. А будзе хлеб — будзе і песня! «Люблю цябе, мой горад» ДВА ДНІ будзе святкаваць Шаркоўшчына. Галоўныя мерапрыемствы пройдуць у нядзелю, 30 чэрвеня. Пачнуцца яны са святочнага шэсця і ўрачыстага адкрыцця свята «Люблю цябе, мой горад» і закончацца ноччу фейерверкам. У праграме — ушанаванне працаўнікоў вёскі, канцэрты беларускага таварыства «Ялінка» (Эстонія), эстраднай групы «Праект» Верхнядзвінскага раёна, самадзейных артыстаў «Іграй, гармонік», эстрадна-цыркавое выступленне «Шаркоўшчына маладзёжная», дыскатэка. Будуць таксама «Дзіцячы кірмаш», «Горад майстроў», выстава падворкаў сельскіх Саветаў «Беларускі смак» і шмат чаго іншага. А пачнецца свята ў суботу з адкрыцця пленэра юных мастакоў і юбілейнага вечара мясцовага паэта і празаіка Міледзія Кукуця з удзелам вядомых беларускіх пісьменнікаў. Бальніца еўрапейскага ўзроўню САМАЙ прыкметнай падзеяй апошняга часу стала ў Шаркоўшчыне адкрыццё новай бальніцы, якой адразу прыпісалі еўрапейскі ўзровень, бо падобнай няма ў райцэнтрах вобласці, а мо і рэспублікі. Знешне пабудова прываблівае арыгінальнай архітэктурай: з калонамі, вострымі шпілямі вежаў — яна нагадвае хутчэй замак. Нездарма адзін сталічны журналіст у захапленні ўсклікнуў: «Я б хацеў тут паправіць здароўе!» І ён меў рацыю. У бальніцы ёсць аддзяленні, аснашчаныя самым сучасным абсталяваннем, якое яшчэ рэдкасць нават у абласных цэнтрах. — Я самы шчаслівы чалавек! — заявіў галоўны ўрач бальніцы Станіслаў Стома, прымаючы сімвалічны ключ ад кіраўніка вобласці. — Да гэтага цэнтральная бальніца размяшчалася ажно ў 13 пасляваенных невялікіх будынках. Але шчаслівы не адзін Станіслаў Стома. Бальніца — гэта падарунак дзяржавы ўсім 16 тысячам 764 жыхарам раёна. Дарэчы, сюды едуць цяпер лячыцца з суседніх раёнаў і краін Балтыі. «На сёмым небе» ТАК здарылася, што юбілей Шаркоўшчыны супаў з юбілеем мясцовага літаратара, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Міледзія КУКУЦЯ. Да гэтай даты аўтар выдаў кнігу «На сёмым небе», у аповясцях якой расказвае пра людзей вёскі, зямлі, пра тых, з кім жыве побач. Гэта — трэцяя кніга шаркоўшчынскага аўтара. Раней выйшлі з друку «Адзін дзень і ўсё жыццё», «Чысціня душы». Ён піша таксама байкі, якія гучалі на радыё і тэлебачанні. Цікава, што Міледзій Кукуця не мае гуманітарнай прафесіі. Ён закончыў Гарадоцкі тэхнікум і Горацкую сельгасакадэмію. Доўгі час працаваў інспектарам дзяржтэхнагляду, а цяпер — галоўны спецыяліст па ахове працы райсельгасхарчу Шаркоўшчынскага райвыканкама. На вечар, які ладзяць у гонар земляка, прыедуць вядомыя літаратары краіны Віктар Шніп, Алесь Жыгуноў, Навум Гальпяровіч, Віктар Праўдзін, Тамара Гусачэнка і іншыя. Спартыўны падарунак дзецям НАПЯРЭДАДНІ свята, у пятніцу, у юных грамадзян Шаркоўшчыны адбылася знамянальная падзея: адкрылася спартыўная пляцоўка для гульні ў міні-футбол круглагадзічнага выкарыстання, са штучным пакрыццём. Такі падарунак зрабіла сумеснае таварыства з абмежаванай адказнасцю «НТС» сумесна з асацыяцыяй «Беларуская федэрацыя футбола» па праекту «Родная сторона — детям». Гэты праект разлічаны на 5 год. Па ўсёй Беларусі будзе пабудавана 118 міні-палёў. Яны ўжо з’явіліся ў аграгарадку Лясны, Жыткавічах, Барысаве, Мастах, Гомелі. У адкрыцці спартыўнай пляцоўкі прынялі ўдзел старшыня Шаркоўшчынскага райвыканкама Мікалай Баговіч, намеснік старшыні асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола» Алег Чыкун, начальнік аддзела камунікацый і брэндзінгу СТАА «НТС» Дзмітрый Цыган. Рэпартажы да 510-годдзя Шаркоўшчыны падрыхтаваў Уладзімір САУЛІЧ, «БН» Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мікалай БАГОВІЧ, старшыня Шаркоўшчынскага райвыканкама:«Няхай пануюць на нашай зямлі радасць, дабрыня, цеплыня людскіх сэрцаў!»У НЕВЯЛІКАЙ Шаркоўшчыны...
|
|