Сямнаццаць гадоў, як сямнаццаць імгненняў, або Маналог на зададзеную тэму
17.10.2019
—
Новости Культуры
|
Сямнаццаць гадоў, на працягу якіх ён узначальваў аддзел культуры Глускага райвыканкама, праляцелі хутка, як тыя сямнаццаць імгненняў, але здолелі ўмясціць у сябе многае — і з таго, што мы маем і чым карыстаемся сёння, і з таго, што, выканаўшы сваю ролю на пэўным этапе, адышло ў нябыт. З Уладзімірам Аляксандравічам Шулякоўскім мы сустрэліся напярэдадні Дня работнікаў культуры і папрасілі яго згадаць час работы ў гэтай сферы, чым вызначалася, як развівалася і выходзіла на новыя рэйкі культурна-асветніцкая работа ў Глускім раёне з 1990-х па 2000-я гады. Атрымаўся цікавы і грунтоўны маналог на зададзеную тэму. — Загадчыкам аддзела культуры райвыканкама я прыйшоў працаваць у 1995 годзе, — пачаў гаворку Уладзімір Шулякоўскі. — У той час у Глускім раёне было 26 клубных устаноў, 14 бібліятэк, 16 кінаўстановак і дзіцячая музычная школа. Ледзь не палова сельскіх клубаў, дакладней, 11 будынкаў, не ацяплялася, яны, як правіла, былі падключаны да калгасных качагарак, у 1990-я гады калгасам самім было цяжка выжываць, таму клубы яны паадключалі ад цяпла, у выніку сістэмы там паразмарожваліся. Таму адну са сваіх першых задач я бачыў у тым, каб наладзіць нармальную жыццядзейнасць устаноў, і пры падтрымцы раённага выканаўчага камітэта за два гады мы далі цяпло амаль ва ўсе клубы (за выключэннем Макавіцкага). Цяпер можна было ўжо і работу патрабаваць ад загадчыкаў. Але тут была іншая праблема. Калі ў бібліятэках сітуацыя з прафесійнай падрыхтоўкай кадраў была дарма, то ў клубах спецыяльную культасветніцкую адукацыю мелі толькі 36 працэнтаў работнікаў. Спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй у сферы культуры можна было на пальцах палічыць. Маральна і матэрыяльна састарэлым было абсталяванне ў клубах, там працавалі з бабіннымі магнітафонамі, а дзе і з прайгравальнікамі. Словам, патрэбна было і працаваць, і выжываць адначасова. Таму я вельмі ўдзячны Таісіі Кандрацьевай, Надзеі Бычкоўскай, Ірыне Янушэўскай, якія тады ўзначальвалі ключавыя напрамкі культурнай работы, за тое, што зразумелі задачу, якая стаяла перад усімі намі, і разам пачалі яе вырашаць. Тут зазначу, што мы, мабыць, першыя ў нашай вобласці пачалі практыкаваць і ўводзіць платныя культурныя паслугі — не толькі кіно і танцы, як раней, але і іншыя, і сталі паціху зарабляць свае грошы. У кінатэатры быў кафетэрый, нейкі час яго памяшканне мы здавалі ў арэнду, потым самі наладзілі там гандаль: прадавалі марожанае. У адным з памяшканняў РДК адкрылі мастацкі салон, куды мясцовыя мастакі прыносілі свае работы, арганізоўваліся выставы, людзі прыходзілі паглядзець карціны, а потым і купляць іх сталі. Думаю, менавіта тады і пайшла ў нас мода дарыць карціны з відамі Глуска. А яшчэ мы ў РДК прадавалі тканіну, трыкацін, яго і людзі добра бралі, і нашы клубныя ўстановы змаглі “пераапрануць” свае сцэны — няхай і не такая прыгажосць, як зараз, але ўсё ж нейкае абнаўленне было. Адкрылі мы пры раённым Доме культуры і сваю майстэрню, там абнаўлялі старыя, шылі новыя касцюмы для дарослых калектываў і дзяцей, бо рабіць гэта самім было дзешавей, чым заказваць у некага. Так мы сталі зарабляць свае грошы і паціху, паступова абнаўляць матэрыяльную базу культурных устаноў. Усе гэтыя камерцыйна-гаспадарчыя намаганні ішлі непарыўна і разам з актыўнай культурнай работай. На той час адзіным творчым калектывам са званнем народнага быў ансамбль “Крынічанька” пры раённым Доме культуры. Потым такое званне заслужыў і хор Завалочыцкага СДК. Памятаю, калі першы раз прыехаў і пабачыў яго рэпетыцыю, я быў літаральна ашаломлены: столькі ўдзельнікаў, і мужчыны, і жанчыны, старэйшыя, маладзейшыя, атмасфера шчырая, душэўная, і гэта не дзіўна, бо туды прыходзілі цэлымі сем’ямі. І спявалі яны выдатна, спевы бралі за душу. За наш завалочыцкі хор я дзякую найперш Таццяне Дубашынскай ну і ўсім яго тагачасным удзельнікам. У Хваставіцкі клуб прыйшла працаваць Раіса Сокал, стварыла там фальклорны ансамбль “Спадчына”, яго ўдзельніцы вельмі добра ведалі народную культуру, звычаі, абрады і сталі ўводзіць іх у свой рэпертуар. З адной са сваіх праграм яны нават ездзілі па запрашэнні ў падмаскоўны Чэхаў. Тут трэба сказаць дзякуй раённаму выканаўчаму камітэту, які прафінансаваў гэтую паездку, уражанняў ад яе ў калектыву было вельмі шмат. Ансамбль “Спадчына” таксама стаў народным, пазней такое званне атрымалі “Зносіны”, гэта аматарскае аб’яднанне стварылася спачатку пры бібліятэцы, а потым і пры РДК. Памятаецца мне, як на адзін з выніковых раённых сходаў запрасілі артыстаў са Старых Дарог, іх выступленне, асабліва танцы, так усім спадабалася, так усе былі прыемна ўражаны, што мы вырашылі заснаваць свой дзіцячы харэаграфічны калектыў. У музычнай школе адкрылася харэаграфічнае аддзяленне, там працавалі Сняжана Каржнёва і Людміла Дробава, узнік дзіцячы харэаграфічны ансамбль “Вясёлка”, з’явіўся клас па харэаграфіі — філіял школы мастацтваў у Заеліцы, потым у Катцы і Завалочыцах. Паступова “Вясёлка” станавілася неад’емнай часткай усіх раённых святаў і канцэртаў, а потым атрымала званне ўзорнага калектыву (тады дырэктарам школы мастацтваў была Таццяна Баглай і ўсяляк падтрымлівала яго). Гэта цяпер харэаграфічнае аддзяленне, мабыць, самае вялікае ў школе мастацтваў, а на пачатку яго стварэння набіралі па 15—20 чалавек… Важным і прыкметным накірункам у рабоце аддзела культуры стала развіццё народных рамёстваў. Народныя ўмельцы жылі ў асноўным па вёсках, і першапачаткова ахвотных вучыцца мы вазілі да іх. Потым вырашылі стварыць сваю школу рамёстваў. Для гэтага выбралі Заеліцу — там і дзяцей было шмат, і памяшканне патрэбнае мелася, майстрам па лозапляценні стаў працаваць Аляксей Меснік, праз нейкі час адкрыўся яшчэ адзін напрамак — па рабоце з бяростай і саломкай, навучанне вяла Соф’я Меснік (на жаль, не памятаю яе дзявочага прозвішча). Разам з гэтым мы сталі па вёсках шукаць і купляць прылады для ткацтва, набылі сапраўдны дзеючы станок, запрасілі майстрыху з Горнага Зінаіду Іванаўну, каб навучыла на ім працаваць. Ахвоту вучыцца выказала Наталля Грашчанка і дабілася поспеху ў навучанні — таму што аднеслася да гэтага вельмі добрасумленна, таму што душа ляжала да такога занятку. Потым мы ўвялі яшчэ адну штатную адзінку і запрасілі на работу Уладзіміра Станкевіча, ён займаўся бондарствам і стаў сапраўдным адмысловым майстрам, нават атрымаў званне народнага, народным майстрам быў таксама і Мікалай Фёдаравіч Ячмянькоў, чалавек у сталым узросце, але вельмі актыўны. Лічу патрэбным згадаць тут і яшчэ адно прозвішча — археолага Ірыны Ганецкай. У Глуску здаўна ведалі пра старажытны замак, хадзілі настойлівыя чуткі пра падземны ход, які нібыта праходзіў пад ракой. Каб прыадкрыць завесу гэтай таямніцы, мы звязаліся з Інстытутам гісторыі Акадэміі навук, да нас прыехала Ірына Уладзіміраўна, агледзела тое, што засталося ад замка, і ўзялася за яго даследаванне. Ужо пасля першага сезона яе работы мы правялі ў Глуску навуковую канферэнцыю, да нас прыехалі розныя навукоўцы, разгледзелі і абмеркавалі навуковыя работы па гісторыі Глушчыны, якія меліся на той час. Па матэрыялах гэтай канферэнцыі з’явілася кніга “Глуская зямля: дыялог з гісторыяй”. А Ірына Ганецкая працавала на глускім замчышчы потым яшчэ 12 сезонаў, з ёю прыязджалі студэнты, з вялікай ахвотай у раскопках прымалі ўдзел і мясцовыя дзеці. У выніку гэтай шматгадовай працы выйшла цікавая кніга “Глускі замак у святле археалагічных даследаванняў і пісьмовых крыніц”. Увогуле, я лічу: тое, што Ганецкая зрабіла для вывучэння гісторыі глускай зямлі, няхай сабе і невялікага, але вельмі значнага яе ўчастка, пераацаніць немагчыма. У пэўнай ступені з яе работай і вывучэннем глускага замка звязана ідэя стварэння герба Глуска, раённая ўлада гэтую прапанову аддзела культуры падтрымала, герб з выявай замка быў створаны і ўнесены ў геральдычную метрыку. Дарэчы, пра кнігі. У свой час з дапамогай аддзела культуры пабачыла свет першая кніга Навума Сандамірскага “Люди, время, жизнь”, зборнік вершаў глускіх паэтаў і некалькі іншых кніг. У размове пра культурнае жыццё Глушчыны тых гадоў нельга не сказаць колькі слоў пра фестывалі, якія праходзілі ў раёне. Гэта той жа “Палескі трохкутнік”, у ім бралі ўдзел творчыя калектывы трох суседніх раёнаў трох абласцей — Глускага Магілёўскай, Любанскага Мінскай і Акцябрскага Гомельскай, гэты фестываль праходзіў пачаргова ў кожным раёне і праіснаваў гадоў шэсць, двойчы суседзяў прымалі глушчане. Даўжэйшым было жыццё абласнога фестывалю сямейнай творчасці “Сузор’е талентаў”, ён праводзіўся раз у два гады, за час маёй работы прайшоў дзевяць разоў, пад канец яго ўжо можна было назваць міжнародным, бо да нас прыязджалі госці з Белгародскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Для ўсяго раёна фестывальныя дні былі вялікім святам. Так паступова развівалася, расла сфера культуры ў Глускім раёне, шырыліся яе напрамкі, накірункі дзейнасці. За пяць гадоў дзесьці ўдвая павысіўся адукацыйны ўзровень культработнікаў, заахвочваючы іх да гэтага, аддзел нават аплачваў іх завочную вучобу. Памятаю, у адзін год адразу чатыры работнікі пайшлі вучыцца, хоць і працавалі, і сем’і мелі, гэта Галіна Гембіцкая, Зоя Сіраж, Алена Грамыка, Галіна Графава — успамінаю іх з вялікай цеплынёй і ўдзячнасцю. І ўвогуле хачу сказаць, што ўсё зробленае і ўсё, чаго мы дабіліся і да чаго прыйшлі, — гэта заслуга людзей, якія працавалі тады, а некаторыя працуюць і зараз у сферы культуры. Ну як не згадаць Марыю Максімаўну Галамаку з Хваставіцкага СДК, Тамару Прохараўну Ляпко з Падлужжа, здавалася б, маленькі сельскі клуб, а платных паслуг яна давала часам больш за Дамы культуры, потым арганізавала клуб-музей, сабраўшы нямала рэчаў народнага побыту. Я з упэўненасцю магу сказаць, што мне ў маёй працы пашанцавала на людзей. Ні адзін кіраўнік нічога не даб’ецца, калі не будзе работнікаў, якія яго зразумеюць, падтрымаюць яго ідэі і задумкі. Са мной працавалі менавіта такія людзі, энтузіясты, улюбёныя ў сваю справу. Калі б не яны — нічога з таго, што было, не атрымалася б. Усім ім я сёння бязмерна ўдзячны. Мінулае прынята хваліць, маўляў, раней лепш было. Я так скажу: у нашай сферы, калі ёсць людзі, для якіх і з якімі мы працуем, то работа пойдзе добра. Цяпер матэрыяльныя ўмовы, у якіх працуюць культработнікі, непараўнальна лепшыя, чым былі ў другой палове 1990-х, калі я пачынаў, але сталі пусцець вёскі — з кім жа арганізоўваць самадзейнасць, ездзіць на конкурсы ды фестывалі? У кожны час свае ўмовы, абставіны, асаблівасці, цяжкасці. Мы са сваімі спраўляліся так, як я расказаў. Сёння іншыя запыты і магчымасці, і работа вядзецца ў адпаведнасці з імі. Карыстаючыся выпадкам, віншую культработнікаў раёна, і тых, хто на адпачынку, і тых, хто працуе зараз, з нашым прафесійным святам. Будзьце ўсе здаровыя і шчаслівыя. Запісала Таццяна ЛУКАШЭВІЧ Фота з архіва рэдакцыі Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сямнаццаць гадоў, на працягу якіх ён узначальваў аддзел культуры Глускага райвыканкама, праляцелі хутка, як тыя сямнаццаць імгненняў, але здолелі ўмясціць у сябе...
|
|