Сустрэць Стары Новы год і адсвяткаваць Калядкі быхаўчане спяшаліся пасля працоўнага дня на плошчу Герояў, дзе каля ёлкі-прыгажуні праходзіла масавае гулянне. Вясёлая і гучная музыка стварала добры настрой. Сюды прыходзілі сем’ямі, разам з дзецьмі і не шкадавалі. Бо працаўнікі культуры тэатралізавана паказалі цікавы беларускі абрад —народнае зімовае свята — Калядкі.
Удзельнікі свята і непасрэдныя гледачы назіралі як Каляду святкавалі нашы продкі. У сялянскай хаце, прыгожа прыбранай ручнікамі і дыванамі, на стол засцілаюць белы абрус — сімвал святочнага вечара. Гаспадар с гаспадыняй ветліва заклікаюць гасцей, пры гэтым на стол кладуць сена і ставяць на яго чыгунок са смачнай куццёй, а побач — салёныя грыбочкі — для доўгага і шчаслівага жыцця, смажаныя каўбасы, свежаніну — для ўрадлівасці і дабрабыту, рыс — для багацця, а квашаную капусту — да грошай.
На плошчы Герояў усе больш і больш збіраецца быхаўчан розных узростаў — цікава, што ж будзе праходзіць далей на імправізаванай сцэне? А тым часам, як гаспадары садзяцца за святочную вячэру, да іх зайшла суседка, яе ветліва запрашаюць да стала. Жанчына дастае свае пачастункі — бліны, бульбачку і квас. Пры гэтым, галоўныя дзеючыя асобы прыгаворваюць: «Каб хлеб і булкі радзіліся, людзі ў хаце вадзіліся».
Артысты ўзгадалі шмат народных прыкмет на калядныя святкі, звязанных з добрым ураджаем і дастаткам. Згодна з народнымі звычаямі сустрэча Новага года абавязкова суправаджалася шчадраваннем. Гэтыя добрыя традыцыі захаваліся і зараз — калядоўшчыкі, дзе галоўнай дзеючай асобай з’яўляецца «каза», а таксама іншыя чароўныя істоты, ходзяць па вуліцах, ад двара да двара і стукаюць ў хаты. Пры гэтым кожны гаспадар павінен запрасіць калядоўшчыкаў да сябе ў хату. Інакш, верылі сяляне, на будучы год шчасця і дабрабыту не будзе. У народзе казалі: «Каляда прыйдзе — добры год будзе», «Калядоўшчыкі ў хату шчасце нясуць».
Вось і на масавым гулянні калядны гурт «Ішла Каляда, ды зайшла на двор…» ішоў талакою.Калядоўшчыкі вялі казу, спявалі, танцавалі, гралі на музычных інструментах, ладзілі імправізаваныя сцэны. Гаспадары раздавалі шчадраванцам свае пачастункі.
А цікавыя дзействы разгортваліся далей. Работнікі культуры пастараліся «на славу», падарыўшы землякам шчодры вечар. Пад вясёлую музыку праводзіліся шматлікія забавы і гульні, удзельнікамі якіх сталі не толькі дзеці, але і дарослыя. Прыбраныя цыгане запрасілі дзяўчат і жанчын выйсці варажыць. А тыя падкідвалі ўгару чаравікі, каб даведацца, хто першым выйдзе замуж, загадвалі жаданні.
Калядоўшчыкі напрыканцы пажадалі ўсім быхаўчанам багацця, здароўя, сямейнага ладу: «Хай шчасце вашу хату не мінае, каханне хай не пакідае! Каб багатыя былі, каб дзеткі здаровыя раслі!» Артысты ўсе разам спяваюць народную песню «Шчодры вечар, багаты вечар!”
Але на гэтым свята яшчэ не заканчаецца. Да ўвешанай гірляндамі навагодняй ёлкі выйшлі галоўныя персанажы — Дзед Мароз і Снягурка. Яны запрасілі быхаўчан у дружны навагодні карагод, пад традыцыйную святочную песню «В лесу родилась елочка». Развітваючыся, Дзед Мароз і Снягурка з найлепшымі пажаданнямі пачаставалі дзяцей цукеркамі.
Але і пасля гэтага быхаўчане не спяшаліся разыходзіцца, працягвала гучаць музыка, дзеці падыходзілі да століка і ўдзельнічалі ў бяспройгрышнай латарэі, з задавальненнем атрымлівалі прызы. Ды і гандлёвая палатка спажыўтаварыства карысталася попытам, дарэчы былі свежыя беляшы, піражкі і іншая смачная выпечка.
Ліка КАРАЛЁВА.