Беларусь вырашыла прадаваць венесуэльскую нафту ЗША?. 21.by

Беларусь вырашыла прадаваць венесуэльскую нафту ЗША?

17.06.2010 08:52 — Новости Экономики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Еўрарадыё знайшло танкер, які мусіў ісці з Венесуэлы ў Адэсу, каля амерыканскага берага.

Да канца чэрвеня ў Адэсу планавалася даставіць 240 тысяч тон венесуэльскай нафты для Беларусі. Яе павінны былі прывезці 3 танкеры па 80 тысяч тон кожны. Пра гэта казаў міністр транспарту і сувязі Ўкраіны Канстанцін Яфіменка.

Аднак як даведалася Еўрарадыё, Адэскі марскі порт чакае толькі два танкеры з Венесуэлы.

Супрацоўнік нафтараёна Адэскага марскога порта: “Першы танкер цяпер недзе ў раёне Дарданэлаў, ён прыйдзе недзе 20 чэрвеня. А другі прыйдзе прыкладна 29 чэрвеня. Праўда дзе ён, мы пакуль не ведаем. Магчыма, ён яшчэ недзе ў раёне порта пагрузкі, то бок там дзе ён грузіцца”.

Дзе ж абяцаны трэці танкер з венесуэльскай нафтай? Па звестках незалежнага аналітыка Сяргея Чалага, ён цяпер знаходзіцца... у Мексіканскім заліве! Замест таго, каб рухацца на Адэсу, ён стаіць на рэйдзе каля амерыканскага ўзбярэжжа.

Сяргей Чалы: “Пасля таго, як танкер Amalthea выйшаў з Венесуэлы, ён замест таго, каб ісці на ўсход праз Атлантыку, павярнуў на поўнач і рушыў у бок амерыканскага ўзбярэжжа. Цяпер, 14-16 чэрвеня ён стаіць на рэйдзе каля Новага Арлеана. Каб было зразумела, скажу, што там на ўзбярэжжы сканцэнтравана некалькі нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў”.

Высветліць, дзе цяпер знаходзіцца танкер, і адсачыць яго маршрут кожны жадаючы можа праз інтэрнэт. Вось раён, дзе знаходзіцца Amalthea:


Па звестках міжнароднай судаходнай фірмы RS Platou, танкер Amalthea выйшаў з порта Курасао на Малых Анцільскіх астравах (80 км ад узбярэжжа Венесуэлы) 28 траўня. Месца яго прызначэння - Адэса, а зафрахтавала яго кампанія “Petróleos de Venezuela”, сумесна з якой створана СП “ПетралераБелаВенесалана”. Не пабываўшы на самім танкеры, можна толькі здагадвацца, які груз ён вязе.

Дакладна вядома, што цяпер “Амальтэя” замест Адэсы чакае сваёй чаргі на ўваход у адзін з партоў Мексіканскага заліва. На думку Сяргея Чалага, калі на танкеры нафта, то хутчэй за ўсё яе выгрузяць у порце Gulfport, каб прадаць амерыканскім кампаніям. Калі ж гэта сапраўды тая венесуэльская сыравіна, што прызначалася для Беларусі, то заробленыя грошы пусцяць на аплату беларускай пазыкі за газ, пра якую 15 чэрвеня заявіў прэзідэнт Расіі Дзмітрый Мядзведзеў.

Сяргей Чалы: “Відавочна, замест таго, каб везці гэтую нафту на перапрацоўку ў Мазыр, зрабілі як раней планавалася, каб прадаць яе ў Амерыку і адразу атрымаць грошы. А імі ўжо расплачвацца за расійскую нафту. Я падазраю, што гэтыя грошы таксама могуць пайсці на аплату расійскага газа”.

Падлічым. На танкеры прыкладна 80 тысяч тон венесуэльскай нафты. У адной тоне каля 7,6 барэляў. Барэль цяпер каштуе каля 75 долараў. Памнажаем гэтыя лічбы і атрымліваем каля 45 мільёнаў долараў. Тры-чатыры танкеры, якія замест доўгага шляху да Адэсы пройдуць праз Мексіканскі заліў і разгрузяцца ў ЗША - і ў Беларусі хопіць грошай на тое, каб пакрыць газавую пазыку.


Танкер Amalthea

Аднак ніякіх афіцыйных каментароў наконт таго, ці сапраўды танкер з венесуэльскай нафтай, прызначанай для Беларусі, накіраваўся замест Адэсы ў ЗША, Еўрарадыё атрымаць не ўдалося.

Наяўнасць больш мэтазгодных варыянтаў, чым транспарціроўка нафты з Венесуэлы, пацвярджаюць і ў Беларускай нафтавай кампаніі, праўда нічога канкрэтна наконт Амальтэі, не пацвярджаюць.

“Зразумела, што з Венесуэлы везці нафту ў Беларусь далекавата. Больш эканамічна мэтазгоднымі былі б розныя варыянты замяшчэнняў, - патлумачыла Еўрарадыё намеснік гендырэктара БНК па фінансавых і эканамічных пытаннях Ірына Татарнікава. - То бок гэта так званыя своп-здзелкі, якія шырока практыкуюцца ў свеце.

Калі ў кагосьці знайшоўся інтарэс і патрэба ў нафце, скажам у Амерыцы, а кампанія якая раней везла туды нафту здалёк і мае магчымасць паставіць нафту ў Беларусь аднекуль бліжэй, напрыклад з Расіі, Казахстана, Азербайджана, гэта можа быць супольная выгада”.

Такім чынам, нафта з "Амалтэі" можа прызначацца не на продаж, а на абмен з якой-небудзь кампаніяй, якая транспартыруе сыравіну ў ЗША з Каспійскага мора ці іншых радовішчаў. Ёсць і іншая версія знаходжання танкера ля амерыканскага берага. Цалкам магчыма, што там ён дазагружаецца нафтапрадуктамі, на якія Расія ўвяла экспартныя пошліны, і якія Беларусь больш не хоча набываць ва ўсходняй суседкі. Тады пасля дазагрузкі ён рушыць запланаваным курсам - у Адэсу.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Еўрарадыё знайшло танкер, які мусіў ісці з Венесуэлы ў Адэсу, каля амерыканскага берага.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Экономики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика