Беларускія джынсы — экспартная "фішка"
06.03.2012
—
Новости Экономики
|
Лён становіцца беларускім "брэндам" — такім жа, як бульба. Яго выява ўпрыгожвае дзяржаўны герб. Лён — традыцыйная нацыянальная сельскагаспадарчая культура. Да нашых дзён ад продкаў дайшлі сакрэты вырабу з ільну разнастайнай прыгожай прадукцыі, карыснага для здароўя адзення. Лён выкарыстоўваецца ў фармакалогіі і медыцыне. А льняны алей, як упэўніваюць дыетолагі, больш карысны, чым іншыя. Лён з Беларусі ўпэўнена скарае свет. Цікавы, дарэчы, факт: за ўсе гады дзейнасці аршанскага льнокамбіната — лідара льняной галіны краіны — тут вырабілі столькі тканіны, што ёю можна 87 разоў абкруціць зямны шар па экватары. Па ацэнках спецыялістаў, беларускі лён пры правільным падыходзе зможа літаральна азалаціць беларусаў. У беларускай ільняной індустрыі добрая перспектыва. І не далёкіх гадоў, а блізкая. Першы этап тэхнічнага пераўзбраення быў праведзены за кошт субсідый з рэспубліканскага бюджэту ў суме 53 мільярды рублёў: у 2007-2009 гадах на аршанскім ільнокамбінаце ўстанавілі і запусцілі больш за 120 станкоў. Пытанне развіцця прадпрыемстваў ільняной галіны, яе функцыянавання было разгледжана на пасяджэнні з удзелам Прэзідэнта краіны яшчэ вясной 2010-га. У выніку запланавалі ў 2010—2012 гадах правесці мадэрнізацыю камбіната з выхадам на тэхнічны ўзровень, які адпавядае лепшым сусветным вытворчасцям аналагічнага профілю. А цалкам на праектную магутнасць прадпрыемства выйдзе да 2015 года. Нагадаю, што на гэтым буйнейшым прадпрыемстве па вытворчасці і рэалізацыі льняных тканін і іншых вырабаў з ільну працуюць 30 працэнтаў ад усіх занятых у прамысловасці Оршы — каля 6 тысяч чалавек. І ў асноўным жанчыны. Як расказаў карэспандэнту "Звязды" дырэктар прадпрыемства Уладзімір Несцярэнка, летась прадукцыя камбіната пастаўлялася амаль у трыццаць краін свету, сярод якіх ЗША, Канада, Францыя, Германія, Італія і гэтак далей. Ужо ў снежні мінулага года сярэдняя зарплата тут склала тры мільёны рублёў, а да канца гэтага плануецца павысіць сярэдні заробак да 500 долараў у эквіваленце. А было ж, калі зарплата тут значна адставала ад сярэдняй па Віцебскай вобласці. Чысты прыбытак прадпрыемства на час нашай размовы склаў 73 мільярды рублёў. Камбінат мае шэсць фірменных крам у Беларусі, ёсць прадстаўніцтвы і за мяжой. Адкрылі нядаўна новыя — у Варшаве і Іванаве (Расія). Пэўныя прэферэнцыі гарантуе ўваходжанне камбіната ў склад свабоднай эканамічнай зоны "Віцебск". Дасягненню добрых эканамічных паказчыкаў паспрыяла і перадача гораду Палаца культуры, інтэрнатаў, аздараўленчага лагера і жыллёвага фонду. Праўда, падчас нашай размовы на складзе знаходзіліся рэшткі гатовай прадукцыі — аж з 2007 года. Каб рэалізаваць назапашанае, камбінату неабходна правесці яго пераацэнку і распачаць больш актыўнае супрацоўніцтва з гандлем. Сёння на Віцебшчыне засталіся ўсяго дзесяць ільнозаводаў — у два разы менш, чым было, і пакуль што яны не могуць поўнасцю забяспечыць аршанскі камбінат сыравінай. Ды і якасць гатовай прадукцыі, мякка кажучы, вымушае жадаць лепшага — бо ўсяго на некалькіх лініях можна якасна перапрацоўваць трасту ў ільняное валакно. У перыяд 2012—2013 гадоў заводы неабходна мадэрнізаваць, каб яны маглі вырабляць якаснае, кароткае і доўгае, ільновалакно. Па-ранейшаму разглядаецца пытанне стварэння "льнянога" холдынгу — "Віцебскі лён", у склад якога ўвойдзе і Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, дзе займаюцца распрацоўкай мадэляў адзення, вучаць на тэхнолагаў. Ёсць ідэя стварыць пры льняным камбінаце ўласную буйную фабрыку па пашыве модных вырабаў, якія вельмі запатрабаваныя. Напрыклад, падчас знакамітага міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" многія госці купляюць на памяць сувеніры з ільну. Прадаецца і "фішка" — ільняныя джынсы — у якіх не бывае спякотна пры самых высокіх тэмпературах. А каштуюць такія штаны ў разы менш, чым "традыцыйныя" джынсы. Вырабляюць з ільну і абутак. Такім чынам, дзякуючы нашаму льну можна і апрануцца, і абуцца ў натуральныя рэчы. Аляксандр ПУКШАНСКІ. Орша — Віцебск Р.S.: Сёння аршанскі льнокамбінат з'яўляецца галоўным экспарцёрам прадукцыі перапрацоўкі льновалакна, але акрамя яго, ёсць і іншыя прадпрыемствы, якія гэта робяць. Яны набываюць ільносыравіну ў адпаведных заводаў па нізкіх унутраных цэнах. А затым экспартуюць сваю прадукцыю за мяжу — але ўжо па цэнах сусветных. І маюць у выніку высокую рэнтабельнасць (у адрозненне ад тых жа льнозаводаў). Таму, лічаць у Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання, перапрацаваную сыравіну аршанскаму льнокамбінату па-ранейшаму неабходна пастаўляць з заводаў па ўнутраных закупачных цэнах, а вось усім іншым беларускім прадпрыемствам — па сусветных цэнах (зніжаных амаль на чвэрць). Гэта дазволіць ільнозаводам, якія перапрацоўваюць сыравіну, падняцца з каленяў і выйсці хоць бы на невялікую рэнтабельнасць. Што ж датычыцца стварэння "льнянога" холдынгу, то ідэю не падтрымаў канцэрн "Беллегпрам" (у склад якога ўваходзіць Аршанскі льнокамбінат). Спецыялісты палічылі, што немагчыма аб'ядноўваць у адну структуру камбінат і льнозаводы, якія працавалі са стратамі (прынамсі да мінулага года). Сёння сітуацыя пачала паляпшацца, таму ідэя стварэння холдынгу зноў становіцца актуальнай. У холдынг можна будзе аб'яднаць напачатку не ўсе заводы, а толькі тыя, якія працуюць найбольш эфектыўна... У любым выпадку, калі такі холдынг створыцца (у 2013 годзе), гэта дасць магчымасць размяркоўваць прыбытак у "льняной галіне" больш эфектыўна і справядліва: так, каб засталіся не ў крыўдзе не толькі вытворцы і прадаўцы гатовай прадукцыі, але і тыя, хто вырошчвае і перапрацоўвае беларускі лён. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Лён становіцца беларускім "брэндам" — такім жа, як бульба. Яго выява ўпрыгожвае дзяржаўны герб. Лён — традыцыйная нацыянальная сельскагаспадарчая культура....
|
|