Які венік выбраць у лазню?. 21.by

Які венік выбраць у лазню?

19.05.2011 08:47 — Новости Здоровья |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Які венік выбраць у лазню?

Звязда
Лазню цяжка ўявіць без духмянага веніка. Традыцыя выкарыстоўваць венік у парылцы мае глыбокія карані. Даўно было заўважана, што ўжыванне веніка падвойвае карысць ад парылкі. Невыпадкова знахары лічылі, што лазневае лячэнне немагчымая без добрага веніка. Яны ведалі, што ў кожнага веніка (бярозавага, дубовага або іглічнага) свае асаблівасці, кожны з іх мае сваю сілу, ужываецца пры розных хваробах. Акрамя традыцыйных венікаў з ліставых або іглічных дрэў, выкарыстоўваліся і крапіўны, і палыновы, і нават часночны венікі! Бо кожны з іх па-свойму выганяе хваробу, кожны валодае дзіўнымі гаючымі ўласцівасцямі. 

Дубовы венік

У адрозненне ад бярозавага, дубовы венік амаль не ўбірае пот і хутчэй не размякчае скуру, а ўшчыльняе, перашкаджаючы моцнаму потавыдзяленню. Затое дубовы венік незаменны для людзей з тоўстай скурай, са скурнымі захворваннямі. У дубовым лісці і кары шмат дубільных рэчываў, эфірных алеяў. Пад іх уздзеяннем скура набывае матавае адценне, становіцца эластычнай, пругкай, добра ачышчаецца. Вядомыя і бактэрыцыдныя ўласцівасці дубовага веніка. Акрамя таго, паранне з такім венікам аказвае моцнае супрацьзапаленчае дзеянне, добра дапамагае гіпертонікам (перашкаджае падвышэнню ціску), сардэчнікам, заспакойвае нервовую сістэму.

У народзе здаўна ўжывалі кару маладых галінак як моцны вяжучы сродак, які да ўсяго ўмацоўвае крывяносныя сасуды. Ванны з дубовай кары лічыліся правераным сродкам ад пацення ног, пры жаночых захворваннях, пры пролежнях. Па гэтых прычынах дубовы венік па папулярнасці не саступае бярозаваму. Да таго ж ён стварае ў парыльні адмысловы, непаўторны "лазневы" водар.

Дубовы венік значна больш трывалы, чым бярозавы. Лісты ў яго шчыльныя, шырокія, імі зручна нагнятаць да цела пар. Для аматараў моцнага пару такі венік — найлепшы. Нарыхтоўваць дубовы венік лепш за ўсё ў жніўні-верасні. Самы трывалы венік атрымліваецца з "зімовага" дуба (ён не скідае на зіму лісце).

Бярозавы венік

Адным з лепшых аматары парылкі па праве лічаць бярозавы венік. Ён аказвае вельмі мяккае, але глыбокае дзеянне, добра чысціць скуру, выводзіць шлакі з арганізма, аздараўлівае ныркі, узнімае настрой. Бярозавы венік незаменны для астматыкаў і былых курцоў. Пасля лазні з такім венікам расшыраюцца дробныя бронхі, адыходзіць макрота, паляпшаецца вентыляцыя лёгкіх. Венік з бярозы вельмі зручны для масажу. Ён трывалы, гнуткі. Акрамя таго, бярозавы ліст, нібы лейкапластыр, прыліпае да цела, добра ўбірае пот і выцягвае шлакі.

Гаючыя ўласцівасці бярозы вядомыя даўно. Бярозавым лістом чысцілі раны, лячылі рэўматызм, падагру, артрыты. У бярозавым лісці і пупышках утрымліваецца каштоўны вітамінавы комплекс, эфірныя алеі, дубільныя рэчывы. Устаноўлена, што паветра ў бярозавым лесе па чысціні не саступае паветру ў сучаснай хірургічнай аперацыйнай.

Крапіўны венік

Ён незаменны для лячэння рэўматызму, радыкуліту, артрыту, падагры. Здаўна крапіўны венік ужывалі пры любых болях у спіне, суставах, пры прастуднай "ламаце".

Каб не абпаліцца крапіўным венікам, яго некалькі разоў перакладаюць з гарачай вады ў халодную. І ў адной, і ў другой трымаюць па 3 хвіліны. Калі ж неабходна, каб крапіва ў лячэбных мэтах "кусалася" (а гэта асабліва патрэбна рэўматыкам), венік на 2-3 хвіліны апускаюць у кіпень. Парыцца з такім венікам можна толькі пасля таго, як скура добра прагрэлася ў парылцы. Аднак варта памятаць, што парыцца крапіўным венікам трэба вельмі лёгка, не трэба хвастаць сябе — эфект будзе нашмат лепшы. Скура паўнакроўных людзей ад такога веніка вельмі хутка набывае малінавы колер, хударлявыя людзі лёгка чырванеюць. Пякучыя крапіўныя галінкі можна звязваць з бярозавымі, тады венік набудзе дадатковы гаючы эфект і будзе добра хвастаць.

Пякучыя валасінкі крапівы ўтрымліваюць мурашыную кіслату. Яна паляпшае кровазварот, з'яўляецца выдатным антысептычным, ранагаючым сродкам, акрамя таго, валодае танізавальнымі, узбуджальнымі, агульнаўмацавальнымі ўласцівасцямі. Масаж крапіўным венікам карысны для лячэння і прафілактыкі атэрасклерозу, дапамагае пры хваробах нырак і печані. У гэтым выпадку карысна прыкладваць распараны крапіўны венік да хворых месцаў. Карысная крапіва і пры скурных захворваннях, вуграх, фурункулах. Для іх лячэння бяруць маладую крапіву, апускаюць ненадоўга ў цёплую ваду. Пры паранні з венікам адчуваецца лёгкае прыемнае паколванне, скура становіцца румянай, пругкай. Нарыхтоўваюць крапіўны венік у маі-ліпені, сушаць у цені.

Чорнапарэчкавы венік

Венік з парэчкавых галінак атрымліваецца духмяны і мяккі, стварае непаўторны водар у парылцы. Шматлікія аматары лазні ставяць яго на трэцяе месца пасля дубовага і бярозавага. Парэчкавы венік добры пры скурных захворваннях, пры прастудзе, захворваннях нырак, пры рэўматызме, болях у суставах. Дапамагае ён таксама пры хрыпаце, застарэлым кашлі, коклюшы. Парачыся з парэчкавым венікам, добра і на камяні паддаваць настоем парэчкі, а пасля лазні піць парэчкавую гарбату, дадаўшы іншыя лекавыя расліны. Лепш за ўсё выкарыстоўваць парэчкавы венік у складзе бярозавага — гэтыя дзве расліны вельмі добра спалучаюцца і дапаўняюць адно адну.

Ядлаўцовы венік

Ядлаўцовы венік, як і іглічны, — толькі для адчайных. Джаліць такі венік не горш за крапіўны, але ён да таго ж, яшчэ калючы. Пры няўмелым выкарыстанні ядлаўцовым венікам вельмі лёгка параніць скуру. Але ўсе гэтыя нязручнасці пакрываюцца карысцю, якую прыносіць масаж з такім венікам.

Па бактэрыцыдных уласцівасцях ядловец не мае сабе роўных. Нездарма хірургі яшчэ не так даўно стэрылізавалі ў ядлаўцовым алеі ніткі для зашывання ран. Ядлаўцовы венік — выдатны сродак для лячэння радыкуліту, паралічу, неўралгіі, рэўматызму, падагры. Супрацьзапаленчыя, бактэрыцыдныя, антысептычныя ўласцівасці ядлоўцу тлумачацца тым, што яго ігліцы ўтрымліваюць вялікую колькасць эфірнага алею. Выкарыстоўваючы такі венік, вы абароніцеся ад грыпу, прастудных захворванняў. Нават такое небяспечнае захворванне, як сухоты, адступае перад гэтым невысокім вечназялёным кустом. Ядлаўцовы венік — добры сродак пры алергіі самага рознага паходжання.

Нарыхтоўваць ядлаўцовыя галінкі можна на працягу ўсяго года. Зразаць ядловец трэба вельмі акуратна, ён расце павольна, яго зараснікі дрэнна аднаўляюцца.

Кляновы венік

Як і бярозавы, венік з клёну добра паглынае пот, ён здольны адцягваць на сябе таксіны, шлакі, шматлікія шкодныя рэчывы, якія трапілі ў скуру і ў арганізм чалавека з загазаванай атмасферы. Акрамя гэтых карысных уласцівасцяў, масаж з кляновым венікам аказвае абязбольвальнае, супрацьзапаленчае дзеянне. Кляновы ліст добра абеззаражвае любое памяшканне, ён даволі моцны антысептык. У народзе даўно заўважаны раназажыўляльныя ўласцівасці клёну: калі здробненыя ў кашку лісты клёну прыкласці да свежай раны, яна зажыве хутка і без рубцоў. Раны, якія доўга не загойваюцца, таксама зацягваюцца ад гаючага дзеяння кляновіка. І гэта невыпадкова: у лісці, пупышках і маладых пабегах клёну ўтрымліваюцца моцнадзейныя біялагічна актыўныя рэчывы — алкалоіды; шмат у клёне дубільных рэчываў, аскарбінавай кіслаты.

Для веніка трэба падбіраць маладыя гнуткія галінкі, але з досыць буйным лісцем. Такі венік аб'ядноўвае ў сабе ўласцівасці бярозавага і дубовага: ён, з аднаго боку, гнуткі і хвосткі, а з іншага — добра наганяе пар.

Эўкаліптавы венік

У апошні час гэты венік досыць шырока выкарыстоўваецца ў парыльні. Тлумачыцца гэта тым, што ліст эўкаліпта валодае найкаштоўнейшымі гаючымі ўласцівасцямі: ён здымае боль, добра дапамагае пры радыкуліце, неўралгіі, расцяжэннях, ударах, цягліцавых запаленнях (міязітах), балючых адчуваннях у суставах, пры тугарухомасці суставаў. У народнай медыцыне эўкаліпт ужываецца для лячэння раку скуры, сухот, пры апёках, абмаражэнні, хваробах вачэй; сучасныя даследаванні паказалі, што эфірны алей эўкаліпта зніжае рызыку анкалагічных захворванняў, стымулюе імунітэт. Дубільныя рэчывы, якія змяшчаюцца ў эўкаліптавым лісці, дапамагаюць пры сур'ёзных скурных захворваннях.

Інгаляцыі з эўкаліптам — распаўсюджаны сродак у сучаснай фітатэрапіі. У парыльні можна рабіць не толькі масаж, але і інгаляцыю з эўкаліптавым венікам. Для гэтага трэба намачыць венік у настоі эўкаліпта, прыціснуць да твару і дыхаць праз нос. Такая працэдура дапамагае пры хваробах бронхаў, гартані, запаленчых працэсах у трахеях, застарэлым кашлі, катары. Калі пад рукой не аказалася эўкаліптавага веніка, намачыце ў эўкаліптавым настоі любой іншы.

Нарыхтоўваць галінкі для эўкаліптавага веніка можна ў жніўні-верасні. Найбольшую сілу эўкаліптавы ліст набірае да лістапада.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Лазню цяжка ўявіць без духмянага веніка. Традыцыя выкарыстоўваць венік у парылцы мае глыбокія карані. Даўно было заўважана, што ўжыванне веніка падвойвае карысць...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Здоровья)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика