Асцярожна: у вадзе цыркарыі
16.07.2011
—
Новости Здоровья
|
Як правіла, летам да некалькі соцень чалавек звяртаюцца ў медыцынскія ўстановы са скаргамі на чырвоныя пухіры, якія з'явіліся пасля купання ў вадаёме і свярбяць. Так праяўляе сябе паразітарнае захворванне цыркарыёз. Хвароба выклікаецца лічынкамі некаторых відаў глістоў (цыркарый) вадаплаўных птушак. Крыніцай іх могуць быць і малюскі. Праявы цыркарыёзу наступаюць на працягу першай паўгадзіны. Там, куды трапілі цыркарыі, скура чырванее, адчуваецца паколванне, сверб. Праз некалькі гадзін з'яўляецца высыпка, пухіры памерам з гарошыну, можа таксама ўзнікнуць слабасць, галавакружэнне, парушэнне сну, павышаецца тэмпература, часам бывае сухі кашаль. Праз 7—10 сутак клінічныя праявы аслабнуць, а пігментацыя на месцы высыпкі і лёгкі сверб застаюцца яшчэ 2—3 тыдні. Абвастрэнні ці ўскладненні могуць наступіць у сувязі з паўторнымі заражэннямі. Пры наяўнасці лёгачнага сіндрому захворванне працякае больш цяжка і патрабуе ўрачэбнага ўмяшання. Зона павышанай рызыкі — стаячыя вадаёмы, забруджаныя арганічнымі і бытавымі адходамі, з вялікай воднай расліннасцю, дзе водзяцца рачныя смаўжы і на паверхні якіх плаваюць птушкі. Неспрыяльным па гэтым захворванні з'яўляецца возера Нарач. Некалькі гадоў таму была прынята дзяржаўная праграма па экалагічным аздараўленні гэтага вадаёма. Дзякуючы яе выкананню і комплекснай барацьбе з цыркарыёзам на Нарачы колькасць пацярпелых ад алергіі пасля купання скарацілася ў разы.Аднак, як адзначае загадчыца аддзялення камунальнай гігіены Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ірына Жэўняк, гаварыць пра тое, што цыркарыёзу на Нарачы і ў іншых вадаёмах рэспублікі ўвогуле няма, нельга. Справа ў тым, што ад кожнага заражанага малюска на працягу яго жыцця на свет з'яўляюцца тысячы лічынак. А гэта вялікая верагоднасць таго, што купальшчык зможа сустрэцца ў вадзе з новымі носьбітамі цыркарый. Таму не варта грэбаваць пэўнымі мерамі перасцярогі. l Пры купанні, мыцці бялізны, гульнях у вадзе, рыбнай лоўлі трэба пазбягаць зарослых, мелкаводных участкаў. l Купацца трэба толькі на спецыяльна абсталяваных пляжах, рыбу лавіць больш бяспечна з берага, лодкі, моста. l Не варта рабіць заплывы ў месцах, дзе водзяцца рачныя смаўжы, і там, дзе адпачывальнікі падкормліваюць вадаплаўных птушак. l У вадзе трэба знаходзіцца не больш чым 5—10 хвілін. l Пасля купання ў падазроным вадаёме неабходна старанна выцерці скуру ручніком і хутка змяніць адзенне, якое прамокла. l Калі вы пахадзілі басанож па мелкаводдзі ці па мокрай траве ля рэчкі, варта інтэнсіўна выціраць ногі праз кожныя 2—3 хвіліны: цыркарыі пранікаюць у эпідэрміс на працягу 3—4 хвілін, і іх можна паспрабаваць выдаліць механічна. l Пры неабходнасці працяглага знаходжання ў вадзе (напрыклад, працы ў сажалкавых гаспадарках і інш.) абавязкова прымяняць ахоўнае адзенне і абутак. l Варта выкарыстоўваць рэпеленты (дыметылфталат, дыэтылталуамід і інш.) або прыгатаваныя на іх аснове крэмы і мазі. Гэтыя сродкі, нанесеныя на скуру, прыкладна на працягу 1,5—2 гадзін засцерагаюць ад лічынак цыркарый. Тым жа, каму не ўдалося пазбегнуць цыркарыёзнага дэрматыту, пазбавіцца ад свербу дапамогуць ментолавыя і дымедролавыя мазі, в'етнамскі бальзам, прамыванне содавым растворам. У цяжкіх выпадках трэба абавязкова звярнуцца да ўрача. Вольга ШАЎКО. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Як правіла, летам да некалькі соцень чалавек звяртаюцца ў медыцынскія ўстановы са скаргамі на чырвоныя пухіры, якія з'явіліся пасля купання ў вадаёме і свярбяць....
|
|