2010: Як гэта было, або Хроніка найбольш значных падзей. 21.by

2010: Як гэта было, або Хроніка найбольш значных падзей

01.01.2011 00:00 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Традыцыйна 31 снежня «Наша Ніва» выстаўляла найлепшыя здымкі года. Перапрашаем, але зараз таго зрабіць не зможам. Пасля ператрусаў у Рэдакцыі нам спатрэбіцца пэўны час, каб аднавіць архівы. Тут выстаўленыя толькі асобныя фоты.

Падзеі 19 снежня былі квінтэсэнцыяй гэтага года. Журналісты «ННашай Нівы» склалі ў адзін сюжэт асноўныя падзеі вечара прэзідэнцкіх выбараў: ад збіцця Някляева, сустрэчы на Прывакзальнай плошчы з Рымашэўскім і да процістаяння на плошчы Незалежнасці:

Фотахроніка 19 снежня. Дэманстранты сабраліся на Кастрычніцкай плошчы. © photo.bymedia.net

Калона вырасла на шляху да плошчы Незалежнасці. © photo.bymedia.net

На Плошчу з"ехаліся прадстаўнікі розных гарадоў. © photo.bymedia.net

У якасці падставы для разгону будуць скарыстаны выбітыя дзверы Дома ўрада.
Журналісты будуць яшчэ аднаўляць храналогію падзей каля Дома ўрада. © photo.bymedia.net

Ад 2006 года ў Мінску не было такіх фэйс-ту-фэйсаў. © photo.bymedia.net

На Плошчу былі сцягнуты ўсе сілы спецназаў. © photo.bymedia.net

Нават пасля зачысткі знаходзіліся тыя, хто кідаў выклік. © photo.bymedia.net

А вось гэта самы сенсацыйны аўдыёзапіс года. «На ўмовах строгай канфідэнцыйнасці я атрымала запіс перамоваў па рацыі з пл. Незалежнасці падчас масавай мірнай акцыі пратэсту ў Мінску 19 снежня 2010 года, — піша блогерка zmagarka. На запісе чуваць дыялог. Тое, што на фоне гучаць кавалкі прамовы Рымашэўскага і абмеркаванні адпаведных дзеянняў супрацоўнікаў спецназу, дае падставы меркаваць, што запіс быў зроблены падчас першых правакацый ля дзвярэй Дома ўрада: за некалькі хвілінаў перад тым з’явіўся першы шэраг АМАПа.

На 5:40 хвіліне выразна чуваць, як адзін суразмоўца пытае: «Опять стёкла бить?». Другі адказвае: «Там уже нечего бить». «На ступеньках перед дверями стоят, да? Толпа?» — запытваецца першы. «Да, тут смешались уже и… сотрудники, и митингующие…» — адказвае другі.

А вось хроніка падзей, якія папярэднічалі 19 снежня.

Студзень

7 студзеня над галоўнай ёлкай Віцебска на плошчы Перамогі на вышыні 35 метраў залунаў бел-чырвона-белы сцяг. Яго ўзняў віцебскі актывіст Сяргей Каваленка. Навіна пра дзёрзкую акцыю абляцела ўсю краіну. Суд Кастрычніцкага раёна Віцебска ацаніў смелы ўчынак Сяргея ў 3 гады ўмоўна.

9 студзеня на 85-м годзе жыцця памёр пробашч касцёла Святой Ганны ў Мосары Юозас Булька. Па яго ініцыятыве ў Мосары стварылі антыалкагольны музей і Алею цвярознікаў. Айцец Юозас быў вядомы і тым, што яго падазравалі ў дапамозе савецкім уладам у вынішчэнні паваеннага падполля на тэрыторыі Літвы.

12 студзеня востраў Гаіці скалануў магутны землятрус. Загінула каля 223 тысяч чалавек, былі параненыя 311 тысяч. Апошні раз Гаіці перажывала падобную катастрофу каля 250 гадоў таму. Краіна дагэтуль не пераадолела наступствы трагедыі.

Люты

1 лютага Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 60 «Аб мерах па ўдасканаленні выкарыстання нацыянальнага сегмента сеткі інтэрнэт». Кантроль за рэгуляваннем нацыянальнага сегмента сусветнага сеціва перайшоў да Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі прэзідэнта.

Стартавала грамадзянская кампанія «Гавары праўду», яе лідарам стаў паэт Уладзімір Някляеў.

Беларусь наведаў легендарны канадскі хакеіст Уэйн Грэцкі. Ён мае беларускія карані.

Старшыня Грамадскай рады па маральнасці Мікалай Чаргінец па-свойму адрэагаваў на планы сусветнавядомага нямецкага гурту Rammstein. Ён запатрабаваў зладзіць папярэдні прагляд праграмы. Ініцыятыва выклікала скандал, пра які актыўна пісала нямецкая прэса.

Ва Украіне ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў перамог лідар Партыі рэгіёнаў Віктар Януковіч.

Сакавік

У Беларусь прыйшла вялікая вада. Каля Стоўбцаў утварылася невялікае мора.

Пачаўся працэс па справе Міколы Аўтуховіча. Упершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі да суда дайшла справа па артыкуле «Тэрарызм». Аўтуховіча і яго паплечнікаў абвінавацілі ў арганізацыі замаху на высокіх дзяржчыноўнікаў.

22 сакавіка памёр гісторык Кастусь Тарасаў.

Пры канцы сакавіка невядомы забойца трымаў у страху ўвесь Магілёў. На вуліцы Фаціна 23 сакавіка быў знойдзены раздзелены труп 35-гадовай магіляўчанкі, а 31 сакавіка знайшлі цела 40-гадовай жанчыны. Забойцам апынуўся 39-гадовы беспрацоўны Мікалай Цімашэнка. Ён патлумачыў, што забіў жанчын за абразы з іхняга боку. Яго прысудзілі да пажыццёвага зняволення.

29 сакавіка ў маскоўскім метро прагучалі выбухі. Загінулі чатыры дзясяткі чалавек, у тым ліку тэрарысткі-смяротніцы.

Красавік

7 красавіка ў Кіргізіі апазіцыя зрынула рэжым Курмамбека Бакіева. У сталіцы краіны пралілася кроў — ахвяры былі з абодвух бакоў. Бакіеў пакінуў краіну, каб потым з’явіцца ў Беларусі.

10 красавіка пад Смаленскам разбіўся самалёт прэзідэнта Польшчы, які накіроўваўся ў Катынь для ўшанавання памяці расстраляных афіцэраў Войска польскага. У авіякатастрофе загінулі ўсе 96 чалавек, якія знаходзіліся на борце Ту-154 (М), у тым ліку прэзідэнт Лех Качынскі і яго жонка Марыя.

У той самы дзень у Мінску каля пасольства Польшчы прайшла арганізаваная праз інтэрнэт грамадзянская акцыя памяці ахвяраў катастрофы.

25 красавіка ў Беларусі прайшлі выбары ў мясцовыя саветы. Яны пабілі рэкорд па колькасці выбаршчыкаў, што прагаласавалі датэрмінова.

Вывяржэнне вулкана Эяф’ятлаякудль у Ісландыі спаралізавала авіязносіны па ўсёй Еўропе.

Май

5 мая прадпрымальнік Мікола Аўтуховіч атрымаў 5 гадоў турмы за захоўванне 5 патронаў. Уладзімір Асіпенка быў асуджаны на 3 гады калоніі за захоўванне і перавозку зброі. Абвінавачванні ў падрыхтоўцы да забойства чыноўнікаў былі знятыя.

9 мая ў Мінску ў часе святочных мерапрыемстваў ледзь не сутыкнуліся вайсковыя самалёты. Пралёт групы бамбавікоў Су-24 адбываўся над густанаселенымі кварталамі. За парадам назіралі тысячы гледачоў.

18 мая ў офісах грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» па ўсёй краіне прайшлі ператрусы і затрыманні. Былі арыштаваныя Уладзімір Някляеў і шэраг яго паплечнікаў.

Чэрвень

4–6 чэрвеня ў Гродне прайшоў чарговы Фестываль нацыянальных культур. У часе фэсту адбыўся дэбют новага кіраўніка вобласці Сямёна Шапіры, які змяніў на гэтай пасадзе адыёзнага Уладзіміра Саўчанку.

Стартаваў Чэмпіянат свету па футболе, які гэтым разам прайшоў у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы.

У расійскім Прымор’і сілавікі разграмілі ўзброеную групу, якая абвясціла вайну міліцыі. Канфлікт прыцягнуў увагу сусветных СМІ.

Ліпень

Беларусь, Польшча і Літва адзначыла 600-годдзе Грунвальдскай бітвы. У Навагрудку свята адкрывалі міністр культуры Павел Латушка і старшыня Гродзенскага аблвыканкама Сямён Шапіра.

На 94-м годзе жыцця памёр былы генеральны сакратар кампартыі Чылі Луіс Карвалан.

На расійскім канале НТВ паказалі дакументальны фільм «Хросны бацька», поўны знішчальнай крытыкі прэзідэнта Лукашэнкі. Гэтак у расійскіх СМІ стартавала кампанія па дыскрэдытацыі Лукашэнкі і яго атачэння. Фільм меў працяг. Спецнумар «НН», прысвечаны фільму, не патрапіў у продаж «Белсаюздруку».

Жнівень

У Беларусі адзначаўся 100-гадовы юбілей паэткі Ларысы Геніюш.

На Еўропу абрушылася фенаменальная спёка. У Беларусі трывала трапічная спёка, Расія задыхалася ад смуроду пажараў.

30 жніўня невядомыя атакавалі кактэйлямі Молатава пасольства Расіі ў Мінску. Па ўсёй краіне пракацілася хваля затрыманняў сярод анархістаў.

Аляксандр Лукашэнка змяніў дату свайго дня нараджэння — замест звыклага 30 жніўня ў ягонай афіцыйнай біяграфіі з’явілася 31 жніўня.

У Чылі пад заваламі апынуліся 33 гарнякі. Сучасныя сродкі камунікацыі ператварылі выратавальную аперацыю ў сусветнае рэаліці-шоу.

Верасень

3 верасня на ўласным лецішчы быў знойдзены павешаным стваральнік апазіцыйнага сайта Charter’97 Алег Бябенін. Следства заявіла пра самагубства. Сябры і знаёмыя выказалі версію пра забойства.

У Польшчы ў жудаснай аварыі загінулі 5 беларусаў. Прыватныя прадпрымальнікі ехалі на двух мікраўатобусах, адзін з іх сутыкнуўся з фурай і зачапіў другі аўтобус.

Беларуская зборная па футболе сенсацыйна перамагла французаў у адборачным матчы да чэмпіянату Еўропы па футболе — 2012 на славутым «Стад дэ Франс». А жаночая зборная па баскетболе заняла 4-е месца на Чэмпіянаце свету ў Чэхіі, дзе разграміла зборную Расіі.

Кастрычнік

Касцёл Сымона і Алены ў Мінску адзначыў 100-гадовы юбілей.

Пачаўся збор подпісаў за кандыдатаў у прэзідэнты. Гэтая кампанія падарыла нечаканае свята дэмакратыі: пікеты пад нацыянальнымі і партыйнымі сцягамі з музыкай і песнямі на цэнтральных вуліцах беларускіх гарадоў.

У Беларусь прыязджала з візітам прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайце.

Памёр гісторык Павел Лойка, аўтар першых падручнікаў па гісторыі ад моманту атрымання краінай незалежнасці.

25 кастрычніка бяда прыйшла ў Пінск. У адным з цэхаў мэблевай фабрыкі «Пінскдрэў» прагрымеў выбух, загінулі 14 чалавек. Жалоба была абвешчаная толькі на тэрыторыі Брэсцкай вобласці.

Лістапад

На кінафестывалі «Лістапад» прэзентавалі «Масакру» Андрэя Кудзіненкі, першы бульба-хорар, як акрэсліў сваю працу сам рэжысёр.

Пайшоў з жыцця Міхась Савіцкі. Разам з ім адышла эпоха суровага сімвалізму.

У аўтакатастрофе загінуў акадэмік Іван Нікітчанка. Яго легкавік сутыкнуўся з ЗІЛам.

У Навагрудку на царкве Барыса і Глеба ўсталявалі купалы-цыбуліны. Разгарэўся скандал.

Цэнтрвыбаркам зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзідэнты 10 чалавек, усяго на высокую пасаду сёлета прэтэндавала 19 асобаў.

Сайт Wikileaks справакаваў скандал сусветнага маштабу, пачаўшы выкладаць у вольны доступ чвэрць мільёна сакрэтных дэпешаў пасольстваў ЗША за мяжой. Беларусі прысвечана не менш за тысячу дакументаў.

Снежань

У Мінску прайшоў 4-ы Усебеларускі сход, арганізаваны ўладамі. Праваабаронцы назвалі яго «рэкламай Лукашэнкі за дзяржаўны кошт». Дэлегаты сходу адных толькі падарункаў атрымалі больш чым на 500 мільёнаў даляраў.

На саміце ў Маскве Лукашэнка падпісаў дамову аб стварэнні Адзінай эканамічнай прасторы (АЭП) на ўмовах Расіі. Ён паабяцаў ратыфікаваць дамову да 1 студзеня 2011 г.

Масавыя сутыкненні футбольных фанатаў з АМАПам у Расіі з нагоды забойства заўзятара маскоўскага «Спартака».

У Лондане акцыя пратэсту студэнтаў супраць павышэння аплаты за вучобу ў 3 разы скончылася пагромамі. Напалі нават на аўто прынца.

19 снежня — у Беларусі адбыліся выбары прэзідэнта. А пасля адбыліся падзеі, занадта свежыя ў нашай памяці. Пад імі яшчэ не падведзена рыса, яны яшчэ не сталі гісторыяй, мы застаемся іх сутворцамі.

Ну, і нарэшце, адна з самых папулярных песень года, што была размешчана на сэрвісе Ю-Туб. Голас належыць вядомаму беларускаму спеваку.

А вось гімн

«Жыві, Беларусь!», варты таго, каб прагучаць з дынамікаў у навагоднюю ноч. Яго напісаў Уладзімір Някляеў.

Падзяліцца навіной: 
Сямён Печанко

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
19 снежня, Плошча і ўсё, што ёй папярэднічала.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика