Пяць «Пра…» Алеся Бадака. 21.by

Пяць «Пра…» Алеся Бадака

Размер текста:
A
A
A

Источник материала: Минский курьер

Вядомы беларускі пісьменнік, галоўны рэдактар часопіса «Нёман» — пра любімых аўтараў і пакуты творчасці 

Пра перавагi

Я з ліку тых, хто не толькі радуецца новым імёнам і творам, але і з задавальненнем перачытвае даўно вядомае. Люблю творчасць класікаў — Дастаеўскага, Льва Талстога, Буніна, Гарэцкага, Чорнага, Караткевіча, Быкава, Бёля, Павіча. Іх кнігі я перачытаў дзесяткі разоў. Гэта пісьменнікі розныя па стылю, але кожны па-свойму мне цікавы. Яшчэ вельмі люблю дзіцячую літаратуру, напрыклад, тую ж «Алісу ў краіне цудаў» Кэрала. Калі мне трэба настроіцца на творчы лад, бяру яе з кніжнай шафы, адкрываю на любой старонцы, чытаю некалькі хвілін — і мне гэтага дастаткова.

Пра творчасць

У мяне задумак намнога больш, чым таго, што рэалізавалася. Тлумачыцца гэта тым, што працую ў розных літаратурных жанрах. Калі пераходзіш, напрыклад, з паэзіі на прозу, то быццам з аднаго ў другі свет трапляеш. Таму ў мяне так не атрымліваецца: сёння — апавяданне, а заўтра — дзіцячы верш. Не вельмі гэта і проста. Аповесць «Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца» — дзесьці 40 старонак тэксту — я пісаў, напэўна, гадоў пяць. Іншы пісьменнік, мабыць, некалькі такіх аповесцяў стварыў бы. Але я не шкадую. Калі пішаш, знаходзішся ў такім дзіўным стане, з якога не хочацца выхо­дзіць. Ды і герояў сваіх цяжка пакідаць.

Усяго ў мяне выйшла каля 15 кніг. З іх паэтычных зборнікаў толькі тры — вядома ж, гэта мала. А зборніка прозы дагэтуль не маю, толькі збіраюся яго выдаць. Ці друкаваўся за мяжой? Так, мае вершаваныя і празаічныя творы змяшчаліся ў перыёдыцы і анталогіях у Сербіі, Чарнагорыі, Венгрыі, Расіі, Казахстане, Азербайджане.

Алесь Бадак нарадзіўся ў 1969 годзе. З першымі вершамі выступіў у друку ў 1979 годзе (газета «Піянер Беларусі»). Лаўрэат прэмій «Залаты апостраф» (2003) і «Залаты купідон» (2008).

 Пра песнi

Сёння мне бывае складана напісаць нават песню — самае банальнае, калі ўлічыць, як яны сёння ствараюцца. А ў мяне ёсць такія, якія я пісаў год — як ні смешна гэта гучыць. Напрыклад, з кампазітарам Аляксандрам Балотнікам, аўтарам знакамітай «Чаркі на пасашок», супрацоўнічаю два гады. І за гэты час у нас з’явілася столькі ж сумесных песень. Калі б пісаў, як гэта сёння модна, ні пра што, было б болей, але мне нецікава пісаць проста тэксты. Пік маёй творчасці як паэта-песенніка прыйшоўся на 90-я гады мінулага стагоддзя. Мае песні выконвалі Аляксандр Саладуха і Іна Афанасьева, Наталля Раманская і Якаў Навуменка, ансамблі «Сябры» і «Бяседа». Мяркую, нашым сучасным выканаўцам варта павучыцца, напрыклад, у Мулявіна або Вуячыча. Гэтыя спевакі ніколі б не ўзялі ў свой рэпертуар песню-аднадзенку.

Пра выдавецкую дзейнасць

Працую намеснікам дырэктара выдавецкага дома «Звязда». Пільна сачу за нашай літаратурнай перыёдыкай і гляджу, што з надрукаванага ў ёй можа перарасці ў асобную кнігу. Калі аўтар здольны, чаму б яго не падтрымаць? Памятаю, каб выдаць сваю кніжку, у 1980-х трэба было чакаць 2-3 гады. Сёння ўсе намнога прасцей — новае выданне можа ўбачыць свет і праз паўгода. Вядома, пры ўмове, што гэта цікава і таленавіта. У нас ёсць кніжкі, якія вытрымалі некалькі перавыданняў. Дарэчы, паэтычныя зборнікі ў нас выходзяць тыражом тысяча экзэмпляраў, кнігі сучаснай прозы — дзве тысячы. На сённяшні дзень гэта не так і мала.

Пра далейшы лёс літаратуры

Гляджу на яе будучыню з аптымiзмам. Зараз многія вядуць дыскусію — што будзе з кнігай праз некалькі дзесяцігоддзяў, ці не паглыне яе Інтэрнет? На мой погляд, Сусветная павуціна адназначна літаратуру не загубіць, чытаць людзі не перастануць. І яшчэ адна акалічнасць. Сёння 99 працэнтаў прафесійных аўтараў не хочуць адразу выкладаць свае творы ў Інтэрнет. Яны ўсё роўна жадаюць атрымаць спачатку папяровую версію і толькі потым думаюць аб электроннай.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вядомы беларускі пісьменнік, галоўны рэдактар часопіса «Нёман» — пра любімых аўтараў і пакуты творчасці  Пра перавагi Я з ліку тых, хто не толькі радуецца новым...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА

© 2004-2020 21.by
Яндекс.Метрика