Выпакутаваны “Лёс” Санкевіча
13.08.2013
—
Разное
|
Створанае на пустым месцы прадпрыемства вырабляе вокны і дзверы, экалагічна чыстыя пелеты і рапсавае масла Сяргей Санкевіч заўсёды імкнуўся да самастойнасці: і калі пасля заканчэння сельскагаспадарчага інстытута з чырвоным дыпломам працаваў галоўным аграномам калгаса, і калі кіраваў аддзелам райкама партыі. Таму, як толькі падзьмулі ветры эканамічнай свабоды, Сяргей Сямёнавіч адразу адправіўся ў “вольнае плаванне”, выбіраючы надзейную “гавань”. Працаваў фермерам, яго гаспадарка прызнавалася лепшай у Старадарожскім раёне. Потым займеў 16 аўтамашын, развозіў грузы нават па краінах Еўропы... Але спаўна арганізатарскія здольнасці прадпрымальніка раскрыліся, калі ён заняўся дрэваапрацоўкай. Сёння ва ўнітарным вытворчым прадпрыемстве “Лёс” са зрэзанай алешыны ці хвоі ў адыходы не ідзе амаль нічога. Той жа налічнік ці плінтус вырабляецца з сучком або без сучка. Кавалкі драўніны зрошчваюць у адно цэлае так, што атрымліваецца суцэльны маналіт. Дзвярныя каробкі, вагонка, дошкі для падлогі — усё надзейна і прыгожа. Апілкі, стружка? Яны сушацца, прасуюцца і ў форме гранул ідуць на паліва. Пелеты, якіх вырабляецца 6—8 тон за змену, экалагічна чыстыя, у паўтара раза больш выдзяляюць цяпла, чым драўняны вугаль, таму іх ахвотна купляюць і ў краінах Прыбалтыкі. За мінулы год толькі выручка ад экспарту ў пераліку на беларускія рублі перавысіла 10 мільярдаў рублёў. Але як добрая гаспадыня не складвае яйкі ў адзін кошык, так і Сяргей Санкевіч не стаў зацыклівацца толькі на дрэваапрацоўцы. Навакольныя гаспадаркі пачалі вырошчваць рапс, і прадпрымальнік наладзіў перапрацоўку яго і іншых маслічных культур. За суткі ў масла пераганяецца ў сярэднім сто тон насення рапсу, у агульнай вытворчасці цэх займае 55 працэнтаў. Летась выручка ад масла і жмыху склала больш за дзевяць мільярдаў рублёў. Аднак, як аказалася, і гэтага для Сяргея Санкевіча мала. Ён наладзіў вытворчасць і ўстаноўку энергазберагаючых дзвярэй і вокнаў з ПВХ. І зноў — на самым высокім узроўні, прэтэнзій ад шматлікіх заказчыкаў няма. Цікава, што ўсе вытворчыя памяшканні прадпрыемства пабудавала за ўласныя сродкі. “Лёс” стаў лёсавызначальным не толькі для яго арганізатара і кіраўніка, але і для васьмі дзясяткаў яго работнікаў — механізатараў, вадзіцеляў, станочнікаў. — За месяц зарабляю ў эквіваленце не менш як 500 долараў, што для Старых Дарог зусім нядрэнна, — гаворыць станочнік Уладзімір Астроўскі. — І ўмовы працы добрыя. А намеснік дырэктара Вольга Дарафейчык дапаўняе: сёння ў цэхах — пакоі адпачынку, душ. Тым часам будуецца бытавы комплекс, дзе акрамя ўсяго гэтага будзе і лазня, сталоўка... Магчымасці ёсць — з пачатку года прыбытак прадпрыемства склаў 900 мільёнаў рублёў, а ўсё што ні робіць Сяргей Санкевіч — у першую чаргу для людзей, сваіх землякоў. Не раз аказваў матэрыяльную дапамогу медыцынскім работнікам, дзецям-сіротам... Пры гэтым Сяргей Сямёнавіч ніколі не забывае пра далейшае развіццё прадпрыемства. Лічыць: трэба далей паглыбляць перапрацоўку драўніны. А яшчэ добра было б набыць лінію па вытворчасці агламерату. Гэтыя адыходы ад вырабу дываноў пасля перапрацоўкі, як паказвае вопыт заходніх краін, значна павышаюць якасць асфальтавага пакрыцця на дарогах, а значыць, справа выгадная, перспектыўная... — “Лёс” — не толькі добры прыклад для прадпрымальнікаў раёна, прадпрыемства прызнавалася і лепшым у вобласці, — гаворыць намеснік старшыні Старадарожскага райвыканкама, начальнік аддзела эканомікі Святлана Лапанік. — “Лёс” многага дасягнуў, але Сяргей Сямёнавіч пастаянна нешта шукае, знаходзіць, развіваецца на карысць свайго калектыву і ўсяго раёна. У мінулым годзе ў структуры экспарту тавараў 87,6 працэнта, або 15,8 мільёна долараў, прыпадала на долю малога і сярэдняга бізнесу, а ў экспарце паслуг прадпрыемствы прыватнай формы ўласнасці займаюць увогуле 99,4 працэнта... І тут, несумненна, вялікая заслуга дружнага калектыву “Лёсу”. Дарэчы, на пачатак сёлетняга года ў раёне паспяхова працавалі больш як 330 суб’ектаў малога і сярэдняга бізнесу, у параўнанні з годам папярэднім колькасць іх узрасла на 10 працэнтаў. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Створанае на пустым месцы прадпрыемства вырабляе вокны і дзверы, экалагічна чыстыя пелеты і рапсавае масла
|
|