Голасам магутным загрымелі звоны
Па блакітным небе ў блеску сонца кос.
Палілісь ўрачыста радасныя тоны,
Бо Хрыстос памершы ў трэці дзень уваскрос.
Вецярок вясняны з радасці спявае.
Птушак пералівы ймкнуцца ў вышыню,
А вясна на ліры гімн Хрысту іграе,
Гожа прыбірае краскамі зямлю.
І ты, людскі родзе, ранамі Хрыстовымі
Збаўлены ад грэху, зрок ўзнясі увысь!
Ўдзячнаю малітваю добраму Ісусу
Сэрцам і душою горача малісь!
Голасам магутным грымяць сяння звоны
Па блакітным небе, ў блеску сонца кос,
Льюцца урачыста радасныя тоны,
Бо Хрыстос, наш Збаўца, ў трэці дзень ўваскрос!
Сяргей Новік-Пяюн.