“Мы, Чарнышовы, жэнімся адзін раз і назаўсёды”. 21.by

“Мы, Чарнышовы, жэнімся адзін раз і назаўсёды”

10.07.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

“Мы, Чарнышовы, жэнімся адзін раз і назаўсёды”

Напэўна, сямейныя пары, якія разам пражылі паўсотню гадоў, па праву могуць лічыць сябе шчаслівымі. Сярод такіх – Аляксандр Сяргеевіч і Вольга Георгіеўна Чарнышовы з Обалі.
Каханне і сёння жыве ў іх вачах, яно заўважнае ў кожным поглядзе, кожным жэсце. І часам тут не трэба лішніх слоў, дастаткова адной толькі ўсмешкі і погляду. Муж, як сапраўдны джэнтльмен, і сёння адкрывае жонцы дзверцы легкавушкі, а яна, як самая лепшая жонка ў свеце, старанна папраўляе мужу каўнер кашулі. І пры гэтым у вачах можна прачытаць разуменне і вялікую павагу. Напэўна, у гэтым і ёсць сапраўднае шчасце.
А пачыналася яно так. Юную беларуску з Гродзеншчыны пасля заканчэння гандлёва-эканамічнага каледжа па размеркаванні адправілі працаваць  у горад Горназаводск Пермскай вобласці, што на Урале. Тут Вольга і знайшла сваё шчасце. Прыгожы статны Аляксандр адразу спадабаўся дзяўчыне. Не гарэзлівы, вельмі працавіты. Сярод чатырох дзяцей у сям’і самы старэйшы, так што з юнацтва быў заклапочаны, як зарабляць грошы. У пятнаццаць гадоў пайшоў працаваць вучнем токара, потым, калі закончыў індустрыяльны тэхнікум, стаў тэхнікам-механікам на мясцовым цэментным заводзе. Да мясцовых дзяўчат прыглядаўся, але ніводную так і не ўпадабаў. А вось дзяўчына з Беларусі хутка заваявала ягонае сэрца. “Магчыма, не паверыце, але я выбіраў не толькі жонку, але і добрую маці для сваіх будучых дзяцей, – усміхаецца Аляксандр Сяргеевіч. –  Прыгожая, шчырая, стрыманая, пакладзістая,  не рубіць з пляча, не баіцца работы і жыццёвых цяжкасцей – такая мне падыходзіць, думаў я тады. І вельмі рады, што не памыліўся ў выбары”.
Калі Вольга і Аляксандр надумалі пажаніцца, ім было ўсяго па 19 гадоў. “Помню, я прыйшоў да бацькі і паведаміў пра сваё рашэнне стварыць сям’ю, – працягвае размову гаспадар. – Думаў, бацька будзе адгаворваць. А ён падняў вочы і сказаў: “Важна не калі жаніцца, а з кім і навошта. Калі тваё рашэнне абдуманае, то май на ўвазе: мы, Чарнышовы, жэнімся адзін раз і назаўсёды”.
Жыццё склалася такім чынам, што Чарнышовы крыху жылі на Гродзеншчыне, затым – у Маладзечне. Потым гаспадар сям’і паступіў у Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі ў Мінску. Вучыўся разам з тадышнім дырэктарам ОКЗ Анатолем Бабоўнікавым, які і перацягнуў у 1983 годзе Чарнышовых на Обальшчыну.  Муж і жонка адпрацавалі на заводзе 26 гадоў. Ён намеснікам дырэктара і два гады дырэктарам, а яна – эканамістам.
Зараз Чарнышовы на заслужаным адпачынку. За ўвесь час, што жылі і працавалі разам, дзелячы папалам радасці, выпрабаванні і штодзённыя клопаты, іх адносіны сталі яшчэ больш трывалымі. І сёння Чарнышовы ўдзячныя адзін аднаму за падтрымку і дапамогу, за новыя адкрыцці і магчымасць стаць лепшымі. Перш за ўсё для сваёй другой паловы, а яшчэ для сына і дачкі, для шасцярых унукаў.
Вольга Георгіеўна і сёння застаецца генератарам усіх ідэй і праектаў, ну, а Аляксандр Сяргеевіч – іх выканаўцам. Ён і з сякерай, і з пілой упраўляецца добра. Пабудаваў уласны дом, падворак аздобіў прыгожай альтанкай і лавачкамі. Лічыць сябе сапраўдным гаспадаром і здабытчыкам: паляванне і рыбалка – яго хобі. Ну, а Вольга Георгіеўна займаецца дамашнімі справамі. Як сцвярджаюць унукі, бабуліны абеды – самыя смачныя ў свеце.
Чарнышовы вырошчваюць гародніну, даглядаюць вінаграднік,  разам чытаюць кнігі і часопісы, ходзяць у царкву, любяць філасофстваваць і падарожнічаць. А яшчэ вечарамі часта спяваюць.
Дзеці і ўнукі ведаюць пра гэта захапленне сваіх бацькоў, таму падрыхтавалі на залатое вяселле  сапраўдны канцэрт ва ўласным выкананні. Спявалі і гралі на скрыпцы і саксафоне. Ну, а яшчэ была святочная рэгістрацыя ў загсе, шчырыя віншаванні, вершы, цёплыя пажаданні і воклічы “горка”. Дзеці выказалі пажаданне такой жа дружнай кампаніяй сустрэцца праз дзесяць гадоў – на брыльянтавым вяселлі. Няхай так і будзе.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №52 ад 10.07.2018 г.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
“Мы, Чарнышовы, жэнімся адзін раз і назаўсёды” Напэўна, сямейныя пары, якія разам пражылі паўсотню гадоў, па праву могуць лічыць сябе шчаслівымі. Сярод такіх –...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика