ПРЫВАБНАЕ ПРЫЦЯЖЭННЕ “СПАДАРОЖНІКА”
19.07.2018
—
Разное
|
ЦЯПЕРАШНІМІ ліпеньскімі дзянёчкамі, калі на возеры Нарач у разгары “высокі сезон”, адміністрацыя кожнага санаторыя імкнецца па максімуме загрузіць свой нумарны фонд. Ад таго, наколькі паспяхова вырашаецца гэта задача, залежыць не толькі фінансавая ўстойлівасць той ці іншай здраўніцы, але і выкананне заданняў па аказанні паслуг. Як адзначалася на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта ў маі, іх экспарт з году ў год стабільна нарошчвае санаторый “Спадарожнік”. Падчас размовы з яго дырэктарам Уладзімірам Сяржантам высветлілася, што зараз загрузка нумароў у іх складае ажно 110 працэнтаў. Як такое можа быць? — На выдатны паказчык, — распавядае Уладзімір Францавіч, — выходзім дзякуючы аднамесным аднапакаёвым нумарам. У кожным з іх, апрача ўсяго неабходнага для камфортнага пражывання, ёсць двухспальны ложак, крэсла-ложак. Сапраўды, першапачаткова такі нумар разлічаны на аднаго чалавека. Аднак нярэдка здараецца, што яго браніруе невялікая сям’я: муж і жонка, бывае — з падлеткам. Ім гэта выгадна па грашах, бо на другое і трэцяе месцы ўстаноўлена адчувальная 20-працэнтная скідка. Відавочная карысць і для здраўніцы: па-першае, чым радзей адмаўляем людзям, тым лепш для яе іміджу, а па-другое, дадатковыя сумы грошай яшчэ нікому не былі лішнімі. Асабліва з улікам пастаяннага развіцця ўласнай інфраструктуры. І гэта не проста прыгожыя словы кіраўніка, які з аптымізмам пазірае ў дзень заўтрашні. У здраўніцы пастаянна пашыраецца пералік запатрабаваных у гасцей Нарачанскага краю працэдур. За апошнія месяцы іх “асартымент” папоўніўся сухім аквамасажам — пацыенту адпускаюць прыемную працэдуру з выкарыстаннем вады, але пры гэтым ён застаецца цалкам сухім. Прытым наведвальніку гарантуюцца незабыўнае ўражанне і поўнае расслабленне арганізма. У пераліку навінак таксама дэнсітаметрыя — сучасны метад вымярэння шчыльнасці касцявой тканкі, баратэрапія — лячэнне кіслароднага галадання арганізма, якое прыводзіць да заўчаснага старэння клетак, прагрэсіравання захворванняў і агульнага зніжэння імунітэту арганізма. Зусім не лішнія на тэрыторыі санаторыя нядаўна адкрытая аптэка, новы цудоўны басейн плошчай 275 квадратных метраў. Уладзімір Сяржант не па чутках знаёмы з работай вядомых ва ўсім свеце курортаў Еўропы, і таму добра разумее, што свет сёння змяняецца вельмі хутка. Кліентура патрабавальная, можна нават сказаць — капрызная, а выбар здраўніц вялікі. І калі спынішся ў сваім развіцці, то праз тры-чатыры гады будзеш нікому не патрэбны. — На мой погляд, — працягвае Уладзімір Францавіч, — у кожнага санаторыя свая спецыфіка. У тых жа Бадэн-Бадэне, Карлавых Варах акцэнт робяць на SPA-працэдуры. Нельга не ўлічваць таксама іх багатую гісторыю, якая налічвае не адно стагоддзе, цудоўную прыроду з мноствам гарачых крыніц, якія выкарыстоўваліся яшчэ старажытнымі рымлянамі. Пра многае сведчыць і той факт, што ў Карлавых Варах, якія знаходзяцца на захадзе Багеміі (Чэшская Рэспубліка), некалькі месяцаў у 1711 годзе адпачываў Петр I. У нас пакуль няма такой гісторыі, такой “раскручанасці”. Затое ёсць добрая медыцынская база, якую рэдка дзе сустрэнеш у еўрапейскіх здраўніцах. І калі да нас прыязджаюць тыя ж немцы, яны кажуць: “Мы і не здагадваліся, што ў вас так добра можна паправіць здароўе! Пастараемся сюды вярнуцца”. Вось адсюль і пачынаецца сапраўдны імідж санаторыя! Нямала добрых водгукаў пакідаюць і расіяне, якія зараз складаюць больш за палавіну адпачываючых — у межах 55 працэнтаў. Каб пераканацца ў праўдзівасці гэтых слоў, дастаткова пагартаць Кнігу водгукаў і прапаноў. Вось які запіс пакінула Наталля Балабіна з горада Рослаўля Смаленскай вобласці: “Упершыню адпачывала ў вашым санаторыі. Мяне прыемна здзівілі лячэбная база, вялізны выбар працэдур, ветлівы персанал і добрае харчаванне. Пры наведванні SPA-цэнтра вельмі парадавала ўмелай тэхнікай масажыстка Наталля Стаповіч. Добра, калі працуюць такія спецыялісты, прафесіяналы сваёй справы, якія аддаюць душу рабоце…” Кранаюць і радкі, пакінутыя Надзеяй Фраловай з Санкт-Пецярбурга: “Адпачывала з 11 па 23 чэрвеня з маці, якой 75 год. Хочам выказаць вялізную ўдзячнасць усім супрацоўнікам санаторыя. За ўсё жыццё, а мне 50 год, ніводнага разу так цудоўна не адпачывала. Ад’язджаем з добрым пазітыўным настроем, бо ўдалося значна паправіць здароўе. Асаблівая ўдзячнасць дзяўчатам са SPA-салона Марыне Сідаровіч, Марыне Куцкевіч, масажыстцы Жанне Савянковай, урачу Наталлі Паўлаўне і ўсім-усім за прафесіяналізм, чуласць, залатыя рукі і сэрца. Дзякуй вам і дай Бог вам здароўя!!!” — Наша стабільная і запатрабаваная ніша на рынку санаторных паслуг, — упэўнены Уладзімір Сяржант, — у моцнай лячэбнай базе і дыягностыцы захворванняў. Так, для гэтага патрабуецца самае сучаснай абсталяванне, якое сёння каштуе вялікіх грошай, і моцныя ўрачэбныя кадры, пажадана вузкай спецыялізацыі. Тым не менш, як кажуць, здароўе чалавека бясцэннае. І калі ўжо чалавек прыехаў да нас, ён мае права дакладна ведаць, што ў яго на самой справе баліць і як хваробу вылечыць. А там ён ужо няхай сам вырашае, дзе ад яе пазбаўляцца: у стацыянары альбо здраўніцы. Таму і робім цяпер стаўку на эфектыўнае медыцынскае абсталяванне. Напрыклад, у нас ёсць адзін апарат ультрагукавога даследавання. Зараз прапрацоўваецца пытанне з мэтай набыць і другі. І не таму, што нам гэтага проста захацелася. Такая жыццёвая неабходнасць! Раз ёсць у асяродку адпачываючых попыт — павінна быць з нашага боку і яго задавальненне. Думаю, з часам з’явіцца ў здраўніцы і МРТ, наконт куплі якога мы задумваліся раней. Затое “на выхадзе” будзем мець самае каштоўнае — дакладны дыягназ. А значыць, у нашых адпачываючых з’явіцца магчымасць пражыць больш і лепш. Абсталяванне абсталяваннем, аднак без талковых кадраў грош яму цана. Можна толькі пазайздросціць, што ў “Спадарожніку” за апошнія гады па- дабраўся зладжаны калектыў, які адмыслова вырашае пастаўленыя імклі- вым жыццём задачы. У адміністрацыі высока ацэньваюць работу перспектыўнага намесніка дырэктара па медыцынскай частцы Таццяны Леўчанкавай. На пасадзе яна нядаўна, да гэтага дзевяць год адпрацавала тэрапеўтам, затым урачом-дыягностам. Зарэкамендавала сябе ў здраўніцы як сумленны, прынпыповы і кваліфікаваны спецыяліст высокага ўзроўню, умее ладзіць з пацыентамі. Таму і даручылі Таццяне Іосіфаўне такі няпросты і, скажам прама, вельмі адказны ўчастак работы. Пастаянна ў клопатах і першы намеснік дырэктара Аляксандр Лукашэвіч, які адказвае за стабільнае функцыянаванне ўсёй гаспадарчай часткі санаторыя. Днямі Аляксандр Мікалаевіч адзначыў свой адметны юбілей — 60-годдзе з дня нараджэння. Многія з чытачоў нашай газеты памятаюць Аляксандра Мікалаевіча яшчэ загадчыкам вытворчасці ў тургасцініцы “Нарач”, калі дырэктарам там быў Андрэй Малько. У пераліку лепшых кадраў адміністрацыі нямала і іншых шчырых работнікаў. З гэтай кагорты — галоўны бухгалтар Таццяна Шуванава. Яна працуе тут з дня адкрыцця санаторыя і, што самае галоўнае, у Таццяны Леанідаўны дэбіт заўсёды сходзіцца з крэдытам. Шырокае поле дзейнасці і ў загадчыцы двух спальных карпусоў Таццяны Янкінай. Да іх трэба дадаць адзінаццаць катэджаў сярод разлапістых соснаў на беразе Нарачы. Дарэчы, яны таксама не пустуюць. У кожным — па тры аднапакаёвыя нумары.
Павел ЖУКАЎ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
ЦЯПЕРАШНІМІ ліпеньскімі дзянёчкамі, калі на возеры Нарач у разгары “высокі сезон”, адміністрацыя кожнага санаторыя імкнецца па максімуме загрузіць свой...
|
|