И кованный самолёт самолёт под силу! Изделия мастера Геннадия Карейши вызывают восхищение
05.12.2018
—
Разное
|
Па майстэрні праз зялёныя плафоны разлівалася вясёлкавае святло і рабіла ўтульным спецыфічны антураж, вылучаючы кожную дэталь і асабліва падкрэсліваючы срэбраную стужку на падлозе. Літаральна ўсе сцены тут завешаны “балгаркамі”, малаткамі, шчыпцамі, застаўлены металам, а яшчэ распісаны як узорамі каваных вырабаў, так і вершамі гаспадара. Генадзь Карэйша, як і каваль пазамінулага стагоддзя Паўлюк Багрым – паэт. Ён многа чытае, яшчэ больш прыкмячае, параўноўвае і да жыцця даўно ставіцца па-філасофску і з верай. Народную прымаўку “Бог дае дзень, дасць і ежу” неаднойчы адчуў на сабе. Не, манна з неба не падала, усё выключна сваім мазалём. А вось вуду Гасподзь пасылаў. Зажываўся ж гадоў пятнаццаць таму ў прамым сэнсе слова з нуля, нават майстэрня была адначасова і домам: на другім паверсе зрабіў маленькую кухню і жылы пакой. Былі дні, калі не заставалася грошай нават на хлеб: ён маліўся, паколькі шчыра верыць, і раніцай прыходзіў заказчык. Гэта паўтаралася неаднойчы. І самае галоўнае, у складаных сітуацыях сустракаліся людзі, якіх сёння называе сябрамі. Яму часта ішлі насустрач, давалі ў доўг інструмент, метал, машыны. Многім з іх ён абавязаны і па сённяшні дзень, гатовы выканаць заказ бясплатна, як і заўсёды гатовы танней зрабіць нешта для раёна. Гэта зараз яго ведае безліч людзей, часта звяртаюцца ці за дапамогай, ці за парадай, а тады родныя не верылі, што нешта атрымаецца з ідэі адкрыцця кузні. Ён жа – гарэў, хаваў ад сям’і чарговы набыты інструмент і вучыўся. Самая каштоўная для яго рэч вісіць сёння перад уваходам у майстэрню. Гэта казырок, як кажа Генадзь Міхайлавіч, нязграбны, але самы дарагі. Вучыцца і адкрывае для сябе новае пастаянна, падкрэсліваючы, што менавіта гэта найбольш цікава. – Хачу каменныя лавачкі зрабіць, з фантанчыкам, разгорнутай кнігай на ёй і мудрым выразам, які б прымушаў задумацца. Не ўтрымаўся вось, інструмент цікавы набыў – можна самому “шубу” на будынкі наносіць з рознага матэрыялу. Наогул, зрабіць можна ўсё, нават каваны самалёт – і ён паляціць, варта толькі задацца мэтай. Пацвярджэннем таму быў, праўда, не лятальны апарат і не вялізны слон, выраб якога абмяркоўвалі з адным прадпрымальнікам, а шліфавальны станок. Не атрымлівалася задуманае, але Генадзь не здаваўся, толькі затрымліваўся ў кузні тры дні запар да поўначы. Такі характар, даводзіць усё да канца. На станку, дарэчы, з куплёнага – толькі балванка і балты з гайкамі. Усё астатняе адліваў, выточваў, выразаў сам. Цяпер задума нават пафарбаваная. Шліфаваць жа пасля таго, як валы апрануцца ў наждачную паперу, можна будзе, што хочаш. І ніяк не скажаш, што гэтая рэч самаробная. Не адрозніш ад куплёных фразу і саджалку – прычапныя да набытага нядаўна трактара, якія змайстраваў сабе, каб не траціцца. Заказаў на металічныя вырабы зімой менш, таму мяркуе рамеснік стаць яшчэ і фермерам. Выбраў бяспройгрышныя культуры – часнок і кмін, падлічыў, што даходаў ад продажу хапіла б на гаспадарчыя патрэбы. Вось толькі пакуль не можа перааформіць падыходзячы ўчастак насупраць дома, каб усё было пад наглядам. Яшчэ адно ноў-хаў з’явілася ў двары. Вынайшаў самы танны від будаўнічага матэрыялу. Хлявок памерам 4,3 на 3 метры ён пабудаваў з сумесі пяску, драўлянага пілавання (стружкі), цэменту і некаторых дабавак усяго за 500 рублёў. І ўсім раіць, бо перавага не толькі ў эканамічнасці, а і ў цеплыні, паколькі аснова маналіту, якому не страшны ніякія грызуны, усё ж з дрэва. “Любы чалавек, які знаходзіцца не на гарантаваным акладзе, а вымушаны кожны дзень думаць пра заробак, пра тое, як пракарміць сям’ю – творца”, – перакананы Генадзь Міхайлавіч. Толькі вось сваё майстэрства ён даказвае пастаянна. Яго шэдэўр (інакш не назавеш каваныя лаўкі з драўлянымі ўстаўкамі, ліхтары, вароты) раз’ехаліся па ўсёй Беларусі. Ганарыцца многімі, напрыклад, агароджай, што ўпрыгожвае тэрыторыю санаторыя “Лясныя азёры”. І перш за ўсё, што гэта дома, што зэканоміў свайму прадпрыемству: “Гарантую, што пры доглядзе, падфарбоўцы, сто гадоў прастаіць, калі папярэдняя, даражэйшая, толькі пяцігодку. Я ведаю, колькі каштуюць падобныя каваныя рэчы ў Мінску, але для землякоў заўсёды раблю працэнтаў на 30 танней. Лічу сябе патрыётам Ушаччыны, па гэтай прычыне неаднаразова адхіляў прапановы работы за мяжой” . Сёння яму ўжо не патрэбна рэклама. Не абдзелены ўвагай нашага брата журналіста, ён даўно даказаў сабе і сям’і, што яго кузня – не дзівацтва. Больш таго, бацькава ўменне пераняў малодшы сын, які таксама зарэгістраваны рамеснікам і робіць мініяцюрныя каваныя рэчы, а Генадзь хваліцца, паказваючы яго “жывыя ружы” і дадае: “Нядаўна я натрапіў на паходжанне свайго прозвішча. Аказалася, што Карэйшы былі кавалямі. Так што невыпадкова абраў менавіта гэта рамяство. Памятаю, калі распачынаў, у мяне ў прамым сэнсе слова рукі часаліся. Адзін ксёндз пазней патлумачыў – маўляў, Бог талент даваў. Я ж раней мала што ўмеў, рубанак у руках ніколі не трымаў, хоць бацька быў майстрам. І няхай заўсёды даводзіцца думаць пра заўтра – яно не гарантавана, адраджаць старадаўнія промыслы, як і ўвогуле працаваць на сябе, стала прасцей. Зараз заканадаўствам рамеснікам дазволена рэкламаваць свой тавар праз інтэрнэт. Зняты і штучныя забароны: да нядаўняга часу, напрыклад, брамкі рабіць дазвалялася, а вароты не. І адзінае, чаго не хапае асабіста мне – гэта часу, каб рэалізаваць задумы, што нараджаюцца штодня”. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Па майстэрні праз зялёныя плафоны разлівалася вясёлкавае святло і рабіла ўтульным спецыфічны антураж, вылучаючы кожную дэталь і асабліва падкрэсліваючы...
|
|