Родительский дом Ирина Новогродская превратила в усадьбу-музей этнографической направленности
29.01.2019
—
Разное
|
Аб чым шкадуеш, пакідаючы “Рыбакову хату” зімой? Аб тым, што не хапае часу, каб прайсціся на лыжах па пракладзенай гаспадыняй трасе. Каб надыхацца спакоем, адчуць сябе ў пазамінулым стагоддзі, зазірнуўшы ў склеп пана Забэлы. Каб спакойна пагутарыць за медавухай і скваркай, пачуць ад Ірыны Фёдараўны Навагродскай паданні пра Белуна, вясковых майстрых, мову вышыванак… І канечне, вершы: глыбокія, адшліфаваныя, пранікнёныя настолькі, што наварочваюцца слёзы. “Не магу без Ушаччыны. Вось гэты дом-музей я прысвячаю сваёй маці. Так і назвала “Матуліны рукі”, – гаворыць Ірына, паказваючы вонкавую сцяну хаціны. На ёй развешаны часткі кроснаў, воўначасалка… Адчыняе блізкую адрыну: там сярод рознага скарбу – скрыня, якая замяняла шафу, ложак і асабліва цанілася на вёсцы. А ў ёй кошыкі, іншыя пляцёнкі. “А вось гэтым водаправодам і зараз карыстаюся, – смяецца, здымаючы з цвіка каромысла. – У недалёкай Старынцэ, дзе не засталося ніводнага жыхара, адшукала калаўрот. Ніхто не жыве і ў Вялічкаўцах, і Зачысці… А мне хочацца, каб памяць пра землякоў захавалася, а іх рэчы расказвалі пра побыт нашых продкаў, таму мая сядзіба-музей адназначна этнаграфічная. І хоць зарэгістравана як “Рыбакова хата”, калі быў толькі адзін домік, то з усімі надворнымі прыбудовамі, альтанкамі ператвараецца ў “Маю малую радзіму”. Заходзім у невялікую хаціну з круглым сталом, двума ложкамі і канапай. На сценах “плюшанкі” і дыванкі, іконы ў ручніку-набожніку, побач класічны вясельны. У Ірыны хоць і музей, але і сядзіба, якая эксплуатуецца, таму практычна ўсе экспанаты яшчэ і служаць: налічнікі, накідкі, фіранкі… Усё, як было ў нашых бацькоў ці дзядоў. Людзі ведаюць яе захапленне і дораць старадаўнія рэчы. І экспазіцыя вышыванак атрымалася інтэрнацыянальнай. “Вось “дарожка” былой жыхаркі Белага чачэнкі Асаны Айкаўны Мельнікавай, налічнік маёй матулі, яго можна лічыць класічным, бо тут жаночы сімвал – ружы, маленькія кветачкі як працяг роду. А гэту вышыванку прывезла з Магілёўшчыны. Адтуль і яшчэ адзін падарунак ад сябра-краязнаўцы – саматканы зялёна-сіне-жоўты паясок – каляровая гама Віцебшчыны. Што б ні паказвала Ірына Фёдараўна, абавязкова прыгадае прымаўку, раскажа свой трапны верш ці гісторыю. У яе ўжо гатовая праграма пад любую катэгорыю наведвальнікаў: для дзяцей – квэсты-заданні, выставы цацак… Для дарослых – на вачах сатканы пояс-абярэг. І літаральна для ўсіх: пракладзеныя сцяжыны па маляўнічым перашыйку паміж азёрамі Бельскае і Трошча, каб пабыць у адзінстве з прыродай. А паколькі ўжо назапашана зашмат экспанатаў, то экспазіцыі будуць зменнымі. Ну куды расставіць два мяхі “савецкіх” цацак. А зараз, на Калядкі, яны арганічна размясціліся на вокнах: з інсталяцыяй нараджэння Хрыста, побач з ёлкай, проста на канапе. Пластыкавы Дзед Мароз і плюшавы мішка. Усё гэта ацаніла дзятва яе знаёмых, што гасцілі ў вёсцы і завіталі “на агеньчык”. У двары будзе выстава “Экспрэс у СССР”. Ну а ўжо зараз сустракае знаёмых у нацыянальным касцюме. “Кожнае наведванне да мяне абавязкова з праграмай пад канкрэтную публіку, падборам нацыянальных страў. Я гатую ўсе віды наліснікаў, аладак, клёцак, ведаю рэцэпты лекавай гарбаты, морсаў ды кісялёў. Разлічваю на супрацоўніцтва з культработнікамі і настаўнікамі ў рамках шостага дня: для знаёмства з побытам продкаў, той жа печчу з частаваннем блінамі. Працягваю пісаць паданні пра Белае і навакольныя вёскі. А таксама хачу сабраць і “Бессмяротны полк Бельскай воласці”. На жаль, пакуль курсірую паміж Клімавічамі і Ушачамі, адпачываючых няшмат. Аднак усё, што раблю па захаванні спадчыны малой радзімы – не толькі для турыстаў, напэўна, больш для нас, для мяне асабіста. Маю ў гэтым патрэбу. Тут зарыта мая пупавіна”. Ляжаў вялікі снег, і на гэты раз я не дайшла да возера (дарэчы, у Ірыны з’явілася ўжо і ўласная лодка). А вось алеі жаданняў не прамінула – павязала стужачку, адшукаўшы незанятую ліпіну, хоць такіх там зусім нямнога. Вольга Караленка. Маёй Ушаччыне… Намі шмат чаго парастрачана У жыцця суматосе пустой. Аблачынка, плыві на Ушаччыну І мяне пазаві за сабой. Раскажы, што мне добра жывецца, Што павагі хапае людской. Толькі сэрца чамусьці імкнецца Да зямліцы, ад веку святой, Што малою радзімай завецца. Там дзяцінства смяецца ў твар, Там так лёгка і светла на сэрцы, Бесклапотных там тысячы мар. Я не супраць гаёў клімавіцкіх, Што купаюцца ў харастве, Толькі сэрцу чамусьці больш блізкі Той куток, дзе матуля жыве, Дзе пануюць лугі і тоні, Дзе мясцінак шмат дарагіх… Назвы Белае і Кугоні Так пяшчотна наш лашчаць слых… Маеш што – беражы, не растрачвай, Каб пасля не прыйшлося прасіць… Аблачынка, плыві на Ушаччыну, Ад мяне паклон занясі. Нашы ўчынкі ўсе Богам пазначаны. І за кожны нам трэба плаціць. Аблачынка, плыві на Ушаччыну І падзяку маю занясі Да азёр, што бруяцца крыніцамі, Што нас пояць жывою вадой, Да бароў, што частуюць суніцамі, Да ракіт над Ушачкай-ракой. Усё наперад у жыцці не прадбачана. І не трэба. Цікавей так жыць. Аблачынка, плыві на Ушаччыну, Аб любові маёй раскажы!
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аб чым шкадуеш, пакідаючы “Рыбакову хату” зімой? Аб тым, што не хапае часу, каб прайсціся на лыжах па пракладзенай гаспадыняй трасе. Каб надыхацца спакоем, адчуць...
|
|