Ушачанка Снежана Гриневич на деле подтверждает, что и в декретном отпуске можно заниматься любимыми увлечениями и начинать своё дело
30.01.2019
—
Разное
|
Для многіх вобраз жанчыны ў дэкрэце – крыніца спачувальных думак кшталту “тры гады дамашняй турмы”. І ўяўляюць яе не інакш як у халаце, з чырвонымі ад недасыпанняў вачыма. На самой жа справе вакол шмат прыгожых і энергічных жанчын, што знаходзяцца ў дэкрэтным водпуску, атрымліваюць радасць ад мацярынства і знаходзяць час для цікавых ідэй, захапленняў і ўласных спраў. Як, напрыклад, ураджэнка гарпасёлка Сняжана Грыневіч. Кожны дзень у майстра па манікюры ёсць кліенты. Нягледзячы на яшчэ невялікі стаж работы ў сферы, яна ўжо заваявала давер многіх ушачанак. Бо нарошчванне пазногцяў, пакрыццё іх гель-лакам, манікюр ці педыкюр выконвае вельмі акуратна і з фантазіяй. “Прытрымліваюся прынцыпу: робіш дрэнна – не рабі наогул!” – зазначае Сняжана, знайшоўшы вольную хвілінку для размовы. Пачалося ж усё з таго, што падчас вучобы ў гандлёва-тэхналагічным каледжы ў дзяўчыны прачнуўся інтарэс да манікюрнай справы і яна нават хацела памяняць прафесійны накірунак. Аднак бацькі адгаварылі: маўляў, гэта выключна захапленне, трэба думаць пра больш сур’ёзную спецыяльнасць. Атрымаўшы вышэйшую эканамічную адукацыю ў Полацкім дзяржуніверсітэце, Сняжана працавала ў райспажыўтаварыстве, адтуль пайшла ў дэкрэтны водпуск. За гэты час інтарэс да манікюру не знік, ды яшчэ і вольны час з’явіўся – з паслухмянай дачушкай Мар’янай маладая маці лёгка спраўлялася. – Каб я не сумавала, муж да Новага года зрабіў мне падарунак: набор для заняткаў манікюрам і запісаў на курсы. Як я ўзрадавалася! Зараз ужо маю трэці разрад майстра па манікюры і педыкюры, акрамя гэтага тройчы ў Віцебску і Мінску была на павышэнні кваліфікацыі, а ў хуткім часе планую атрымаць чацвёрты разрад, – расказвае Сняжана. Спачатку трэніравалася на сабе, каб набіць руку, некалькі месяцаў рабіла бясплатна манікюр сяброўкам і знаёмым. А пазней “дарасла” і да ўласнай справы. Штуршком да гэтага стаў Указ Прэзідэнта №337, што пашырыў спіс відаў дзейнасці, якімі фізічныя асобы маюць права займацца без рэгістрацыі індывідуальнага прадпрымальніцтва. “Напісаў заяву, заплаціў адзіны падатак – і пачынай работу. З такой істотнай падтрымкай дзяржавы грэх не распачаць сваю справу! Вялікага прыбытку, канечне, не маю, бо працую толькі каля года. Шмат сродкаў ідзе на неабходныя матэрыялы. Але ж выдатна разумею, што не ўсё даецца адразу”, – упэўнена С.Грыневіч. Займаецца манікюрам яна на доме, але ў будучым марыць нават адкрыць свой салон прыгажосці. Ёсць у дзяўчыны і шмат іншых захапленняў, сярод якіх – фатаграфія. Цяга “злавіць кадр” у Сняжаны была даўно, але не мелася добрага апарата. Зрабіць крок насустрач мары зноў жа дапамог любімы муж Мікалай, які на адно са святаў падарыў фотаапарат. Зрэшты, ва ўсіх пачынаннях яе падтрымлівае не толькі спадарожнік жыцця, а і бацькі маладых. Гледзячы на работы дзяўчыны, нельга не прыйсці ў захапленне! Не ведаючы, можна сказаць, што працаваў прафесіянал з багатым стажам. “Ніякіх курсаў у гэтым выпадку не праходзіла, усяму вучылася сама. Як бы банальна ні гучала, але найперш грунтоўна вывучыла інструкцыю да фотаапарата. А ўжо потым шмат чаго па тэме знайшла ў інтэрнэце, а таксама падчас зносін з іншымі фатографамі – прафесіяналамі і аматарамі. Ну а трэніравалася на сваёй сям’і – асабліва ахвотна пазіравала дачушка. Увогуле, рабіць здымкі дзяцей – адно задавальненне! Вельмі люблю вясну і лета, калі вакол шмат фарбаў”, – зазначае Сняжана. Летась дзяўчына, плацячы адзіны падатак, нават прымала заказы на фотасесіі рознага кшталту – юбілейныя, вясельныя, дзіцячыя, сямейныя, хатніх гадаванцаў. Прычым, да яе звярталіся не толькі ўшачане, а і жыхары іншых гарадоў. Вельмі ўдала атрымлівалася не толькі фота, а і іх камп’ютарная апрацоўка. Зараз дзяўчына больш сканцэнтравана на манікюры, за фотаапарат бярэцца, каб зрабіць здымкі сваіх работ ці ўласныя сямейныя кадры. Развівацца, асвойваць новае і ісці насустрач сваім марам – такія планы ў Сняжаны. З яе жаданнем і мэтанакіраванасцю, несумненна, многае стане рэальнасцю. Вольга КАМАРКОВА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Для многіх вобраз жанчыны ў дэкрэце – крыніца спачувальных думак кшталту “тры гады дамашняй турмы”. І ўяўляюць яе не інакш як у халаце, з чырвонымі ад...
|
|