Конкурс, канцэрт і этнадыскатэка. У Брэсце правялі свята роднай мовы “Жывыя вытокі”. 21.by

Конкурс, канцэрт і этнадыскатэка. У Брэсце правялі свята роднай мовы “Жывыя вытокі”

27.02.2019 11:44 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У абласным грамадска-культурным цэнтры адбылося традыцыйнае рэгіянальнае свята роднай мовы “Жывыя вытокі”.


Читать полностью в источнике с фото: http://virtualbrest.by/news63863.php

Конкурс, канцэрт і этнадыскатэка. У Брэсце правялі свята роднай мовы “Жывыя вытокі”

Автор фото: Алексей ГАНЧУК

У праграме штогадовага форуму было запланавана шмат мерапрыемстваў. Напачатку ў малой зале адбыўся абласны адборачны тур конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі. У конкурсе прымалі ўдзел маладыя вакалісты ва ўзросце 16–31 гадоў, якія маюць вопыт канцэртных выступленняў, з’яўляюцца лаурэатамі шматлікіх конкурсаў і фестываляў. 

Ацэньвала іх творчасць журы, у складзе якога дырэктар абласной філармоніі Таццяна Калтынаева, загадчык аддзела аматарскай творчасці цэнтра Марыя Аласюк, загадчык сектара навучальных устаноў i кадравай работы ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Наталля Більцэвіч, вядучы метадыст, гукарэжысёр студыі гуказапісу і метадыст по вакальна-харавому мастацтву цэнтра Іван Зуеў, Уладзіслаў Філіпаў і Марыя Шапялевіч. 

Яны праслухалі каля трыдцаці выступленняў маладых людзей, якія прыехалі з сямі раёнаў Брэстчыны. Брэст прадставілі Ксенія Пухнарэвіч, Кацярына Бабрыковіч, Кацярына Вабішчэвіч і Ангеліна Піпер. 

Прэстыжна і адказна 

Вучаніца 11 класа школы № 14 Кацярына Бабрыковіч падзялілася сваімі ўражаннямі з карэспандэнтам “БВ”: “Для мяне кожны конкурс цікавы, а асабліва такога ўзроўню: нячаста выпадае шанс прыняць удзел у абласным спаборніцтве, каб атрымаць магчымасць у будучым праспяваць у суправаджэнні рэспубліканскага аркестра. Тут можна паглядзець на іншых выканаўцаў, паказаць сябе. Я часта спяваю на мерапрыемствах, удзельнічаю ў гарадскіх, абласных і рэспубліканскіх конкурсах. Сёння выступаю з кампазіцыямі «Птушка адлятала» і «Жораўка». Вось ужо чатыры гады займаюся ў студыі Premium Voice у Ганны Васілюк”, — сказала дзяўчына і паглядзела на свайго настаўніка, якая ўважліва слухала размову.


Читать полностью в источнике с фото: http://virtualbrest.by/news63863.php

Конкурс, канцэрт і этнадыскатэка. У Брэсце правялі свята роднай мовы “Жывыя вытокі”


“У нашай студыі мы займаемся паглыбленым вывучэннем вакалу, пастаноўкай голасу, рыхтуем дзяўчат і юнакоў да канцэртных выступленняў. Практычна ўсе мае выхаванцы — лаўрэаты гарадскіх, абласных і рэспубліканскіх конкурсаў. Узровень цяперашніх выканаўцаў высокі, усе прайшлі пільны адбор. Тут сабралася таленавітая моладзь. Для іх такі конкурс прэстыжны і адказны, думаю, ім удвая прыемна прадстаўляць кампазіцыю на роднай мове», — падзялілася меркаваннем Ганна Васілюк.
 
“Я лічу, калі ты жывеш у Беларусі, павінен ведаць песні на мове нашых продкаў, умець выказваць свае думкі на беларускай мове. Шкада, што яна не так папулярна, як хацелася б. На мой погляд, у сілах нашага пакалення перадаць яе прыгажосць і багацце нашым нашчадкам”, — дадала Кацярына Бабрыковіч. 

Сапраўднае свята 

Навучэнка факультэта замежных моў пушкінскага ўниверсітэта Ксенія Пухнарэвіч спявае больш за дзесяць гадоў. “Цяпер займаюся ў студыі “Ступені” пад кіраўніцтвам выдатнага педагога Ларысы Борсук. Ніколі не губляю магчымасці паказаць сябе, гэта вельмі важна для творчага чалавека. Такія конкурсы для мяне сапраўднае свята. Сёння выканаю “Спытай у неба” баранавіцкага кампазітара Фёдара Жыляка. Я нарадзілася ў Баранавічах, таму мне ўдвая прыемна выконваць творы земляка. У другім выхадзе спяю песню гурту «Аура» «Чуеш мяне». Як будучы лінгвіст, адчуваю, як лёгка кладуцца на музыку беларускія словы. Крыўдна, што мала якасных беларускіх песень, трэба пераглядзець шмат матэрыялу, перш чым выбраць кампазіцыю.

Па заканчэнні выступленняў да маладых выканаўцаў звярнулася Таццяна Калтынаева, яна падзякавала спевакам за ўдалы выбар рэпертуару і выдатнае выкананне музычных кампазіцый. Некаторыя ўдзельнікі творчага спаборніцтва ўзнагароджаны граматамі за майстэрства i актыўны ўдзел у абласным туры конкурсу. 

Журы выбрала трох фіналістаў, якія прадставяць наш рэгіён на нацыянальным узроўні. У тройку лідэраў увайшлі брэстчанка Кацярына Бабрыковіч, Святлана Новікава з Камянетчыны і Раман Даніловіч з Лунінецкага раёна. 

Залаты голас 

Затым на першым паверсе адбылася прэзентацыя зборніка Анастасіі Якавец ”Байкі баю — усіх забаўляю”. У пачатку мерапрыемства народны фальклорны гурт “Лабчанка” выканаў нумары “Взыйшоў місяць” і “У полі крынічэнька”. Вядучая сустрэчы, загадчык аддзела традыцыйнай культуры Цэнтра Ларыса Быцко, расказала пра жыццё і творчасць пісьменніцы. 

Анастасія Якавец нарадзілася і жыве ў сяле Лобча Лунінецкага раёна. Песнямі і традыцыямі малой радзімы яна захаплялася заўсёды. Яна была завадатарам мясцовых вячорак, а ў 1984 годзе стала кіраўніком фальклорнага гурту “Лабчанка”, які праз сем гадоў атрымаў званне народнага калектыва. Голасам Настассі Якавец захапляюцца не толькі фалькларысты, але і аматары народнай творчасці. Яе называюць залатым голасам Палесся, які, дарэчы, жанчына атрымала ад сваёй. Бацька Настассі лічыўся гаваруном і гумарыстам. Жанчына ўвабрала ў сябе любоў да народнай песні і да трапнага слова. Упершыню яна адчула жаданне паказаць свае пачуцці праз паэтычнае слова пасля Чарнобыльскай трагедыі. Менавіта тады ўбачыў свет яе першы твор “Байка пра Чарнобыль”. 

Цудоўныя лекі 

Анастасія Іванаўна напісала больш за сто баек. Галоўныя героі яе твораў — яна сама ды яе муж Іван, а таксама аднавяскоўцы. Байка “Чаму Лобчу совамі завуць” лічыцца яе візітнай карткай. Удзельніца народнага фальклорнага гурту “Лабчанка” Настасся Слушнік прачытала гэтую цікавую байку. 

Усе творы аўтаркі напісаны ў асноўным на яе роднай “лобэцкай”мове, і таму пры складанні зборніка з’явіліся праблемы, звязаныя з правільным запісам дыялекту, якія дапамог вырашыць вядомы берасцейскі дыялектолаг, старшыня берасцейскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Мікалай Аляхновіч. Ён падзяліўся з прысутнымі сваімі пачуццямі і ўраджаннямі, якія адчуваў пры падрыхтоўцы зборніка. 

Зборнік Анастасіі Якавец складаецца з трох частак: баек, казак ды калыханак. У ім аўтарка прадстае перад намі як сапраўдны філосаф: яе творы насычаны глыбокім сэнсам і жыццёвай мудрасцю, іх можна назваць лекамі для душы. На свяце прагучалі казкі “Золотэе яечко” у выкананні Аксаны Антановіч і “Зурка”, якую прачытала Вікторыя Слесар. 

Асобную частку зборніка “Байкі баю — усіх забаўляю” складаюць калыханкі, якія таксама прагучалі на сустрэчы. 

Напрыканцы выступіла дырэктар грамадска-культурнага цэнтра Святлана Каржук, якая ў свой час падтрымала ідэю стварэння зборніка, яна падзякавала Анастасіі Якавец за плённую творчасць і ўручыла граматы “Лабчанцы”. 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
  У абласным грамадска-культурным цэнтры адбылося традыцыйнае рэгіянальнае свята роднай мовы “Жывыя вытокі”. Автор фото: Алексей ГАНЧУК У праграме...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика